1. Рабіць сухім (што‑н. сырое, вільготнае, мокрае), трымаючы на паветры або ў цёплым месцы. Сушыць бялізну. □ Палажы сушыць валёнкі — Сам адпачывай.Астрэйка.Волька сядзела на печы — сушыла галаву пасля жыцця.Васілевіч.// і без дап. Рабіць празмерна сухім, пазбаўляючы неабходнай вільгаці. Сонца паліла няшчадпа, сушыла апошнія жнівеньскія травы.Шамякін.[Ліда] сама і не чула б, здаецца, таго, што ад рання сушыла смага.Брыль./убезас.ужыв.А ў той год вельмі сушыла. Зямля, як жывая, енчыла, прасіла піць.Хомчанка.Ад смагі баляць патрэсканыя губы. Сушыць у роце.Сяргейчык.// Рабіць асушэнне, адводзячы ваду. А старыя і чуць не хацелі: — Не, не можна балота сушыць!..Багун.// Выдаляць (ваду, вільгаць); асушаць. А як паднялося вышэй .. [сонца] і пачало сушыць расу на траве, тады павуціна доўгімі бліскучымі ніткамі пачала паўзці ў паветры.Нікановіч.
2. Нарыхтоўваць у запас, выдаляючы вільгаць з раслін, пладоў і пад.; высушваць, засушваць. Сушыць грыбы. □ Збіраў .. [Лявон] таксама розныя расліны і ягады, сушыў іх, потым даваў людзям ад розных хвароб.Кулакоўскі.Мяса .. [марскія людзі] не прывыклі запасіць надоўга, напрыклад, сушыць.Маўр.
3.перан.Разм. Падрываць здароўе, даводзячы да худзізны, знясілення. Гарачка сушыла сілы, як спякотлівы летні дзень высушвае расу.Асіпенка.Абхадзіў я за плугам палетак, Хоць яшчэ быў зусім малалетак. Працаваў аж да сёмага поту, Заядала, сушыла работа.Хведаровіч.// Мучыць, мардаваць. Твар [дзяўчынкі] быў учарнелы і завостраны. Вялікі неспакой сушыў яго.Чорны.
4.перан. Рабіць сухім, чэрствым, нячулым. У глыбокім маўчанні з прыроднаю сілай Зліваюцца душы, Збліжае нас час да [вячэрняга] схілу — А сэрцаў не сушыць!Буйло.
•••
Сушыць вёслы — трымаць вёслы над вадой, кінуўшы веславаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВІТАМІ́НЫ (ад лац. vita жыццё),
група нізкамалекулярных арган. злучэнняў рознай хім. прыроды, неабходных для нармальнай жыццядзейнасці арганізма. Выконваюць у арганізме найважнейшыя біяхім. і фізіял. функцыі абмену рэчываў; уваходзяць у састаў субклетачных структур і падтрымліваюць іх нармальную будову і функцыянаванне. Сінтэзуюцца пераважна раслінамі (гл.Вітамінаносныя расліны), грыбамі і бактэрыямі. Чалавек і жывёлы атрымліваюць вітаміны ў асн. з расліннай ежай або з прадуктамі жывёльнага паходжання. У жвачных жывёл вітаміны групы B утвараюцца мікрафлорай кішэчніка. Некаторыя вітаміны ўтвараюцца ў арганізмах чалавека і жывёл самастойна (напр., PP), але ў недастатковай колькасці, або з іх папярэднікаў — т.зв.правітамінаў. Праз сценкі страўнікава-кішачнага тракту чалавека і жывёл вітаміны паступаюць у кроў, разносяцца па ўсім арганізме і ўтвараюць шматлікія вытворныя (напр., эфірныя, амідныя, нуклеатыдныя), якія звычайна спалучаюцца са спецыфічнымі бялкамі і ўтвараюць многія ферменты (больш за 200). Многія праяўляюць сваё спецыфічнае біял. ўздзеянне пасля ператварэння ў метабалічна актыўныя формы або ўваходзяць у састаў каферментаў і адпаведных ферментаў. Нястача вітамінаў (гл.Вітамінная недастатковасць) прыгнечвае асобныя рэакцыі абмену рэчываў, аслабляе некаторыя фізіял. функцыі. Калі вітамінаў намнога больш, чым патрэбна арганізму, узнікаюць гіпервітамінозы, калі менш або яны адсутнічаюць — гіпа- і авітамінозы. Выкарыстанне арганізмам вітамінаў памяншаецца пры наяўнасці ў ежы і кармах антывітамінаў — антаганістаў, якія перашкаджаюць вітамінам праяўляць іх біял. актыўнасць. Тэрмін «вітаміны» прапанаваў польскі біяхімік К.Функ (1912).
Вядома больш за 20 розных вітамінаў, якія маюць назвы, што характарызуюць іх хім. састаў ці фізіял. дзейнасць, таксама літарныя і лічбава-літарныя абазначэнні (напр., рэцінол — A1, тыямін — B1, рыбафлавін — B2, пантатэнавая кіслата — B3, пірыдаксін — B6, цыянкабаламін — B12, аротавая кіслата — B13, пангамавая кіслата — B15, фоліевая кіслата — Bc, аскарбінавая кіслата — C, эргакальцыферол — D2, халекальцыферол — D3, такаферолы — E, філахінон — K1, фарнахінон — K2, вікасол — K3, біяцін — H, біяфлаваноіды — P, нікацінавая кіслата, або нікацінамід — PP, ліпоевая кіслата, мезаіназіт). Часам яны маюць групавыя назвы, а асобныя прадстаўнікі гэтых груп (напр., A1 і A2, D2 і D3і г.д.) называюцца вітамерамі. Па растваральнай здольнасці вітаміны падзяляюцца на тлушча- і водарастваральныя. Да тлушчарастваральных належаць вітаміны групы A, D, E, K, Q, якія звычайна дэпануюцца ў тканках. Большасць водарастваральных вітамінаў у выглядзе фосфарных эфіраў выконваюць ролю каферментаў або ўваходзяць у састаў больш складаных каферментаў. Да гэтай групы належаць вітаміны групы B — B1, B2, B3, B5, B6, B12, H, PP, U; ліпоевая, фоліевая і аскарбінавая к-ты. Вельмі багатыя вітамінамі дрожджы, лісцевая агародніна, ягады.
Вітаміны атрымліваюць хім. і мікрабіял. сінтэзам, таксама з прыродных крыніц (гл.Вітамінная прамысловасць). Выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі для прафілактыкі і лячэння гіпа- і авітамінозаў, інш.хвароб, карэкцыі абменных працэсаў у арганізме (вітамінатэрапія), вітамінізацыі прадуктаў харчавання і кармоў (гл.Вітамінныя кармы) і інш. Вітаміны вывучае Вітаміналогія.
Літ.:
Березовский В.М. Химия витаминов. 2 изд. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСІЯНЕ́РСТВА (ад лац. missio пасылка, даручэнне),
форма дзейнасці рэліг. арг-цый па распаўсюджванні свайго веравучэння і культу сярод іншаверцаў. Характэрна для ўсіх сусв. рэлігій, найб. пашырана ў хрысціянстве. Дзейнасць першых місіянераў у Зах. Еўропе звязана з пашырэннем хрысціянства як пануючай ідэалогіі феад. грамадства. Місіянерская дзейнасць каталіцкай царквы ў 10—13 ст. спалучалася з жорсткімі крыжовымі паходамі, прымусовым хрышчэннем мясц. насельніцтва. Намаганні правасл. місіянераў садзейнічалі распаўсюджванню хрысціянства сярод малалікіх народаў Расіі на Поўначы, Урале, у Сібіры, а таксама ў Амерыцы (Аляска, Каліфорнія), Кітаі, Японіі і інш. У 15—16 ст. М. стала часткай дзейнасці ордэнаў францысканцаў, бенедыкцінцаў, дамініканцаў, езуітаў. Місіянеры пракладвалі шлях заваёўнікам — салдатам і купцам еўрап. краін, іх дзейнасць суправаджалася знішчэннем помнікаў нац. культуры як язычніцкіх, іншаверных. У 18—19 ст. ствараліся пратэстанцкія місіянерскія т-вы — Нідэрландскае (1792), Лонданскае (1795), Англійскае (1797), Берлінскае (1824), якія кіравалі дзейнасцю евангелічных місій. М. адыграла значную ролю ў барацьбе за перадзел свету. Асаблівая актыўнасць у гэтым належала Ватыкану і створанай пры ім кангрэгацыі прапаганды веры. Пасля 1-й сусв. вайны ў энцыкліках рым. пап намечана новая тактыка Ватыкана, якая прадугледжвала падрыхтоўку каталіцкага духавенства і місіянераў з мясц. насельніцтва з мэтай прыстасавання прапаганды да мясц. звычаяў і нораваў. Разам з тым М. садзейнічала пашырэнню сан.-гігіенічных ведаў, лячэнню хвароб і барацьбе з эпідэміямі, вывучэнню еўрап. моў і авалоданню дасягненнямі еўрап. культуры (стварэнне і дзейнасць місіянерскіх школ, дзіцячых дамоў, бальніц, бібліятэк і г.д.).
На тэр.Вял.кн. Літоўскага місіянерскую дзейнасць шырока праводзілі каталіцкія манахі т. зв. жабрацкіх ордэнаў (гл.Ордэны манаскія), езуіты. Місіянерскія пляцоўкі знаходзіліся ў Вільні (засн. 1695, з 1803 дзейнічала школа, дзе навучалі чытанню, пісьму, арыфметыцы, лац. і рус. мовам, катэхізісу, маральным навукам), у Асвеі (1788), Лыскаве (1751, з 1757 дзейнічала павятовая 6-класная школа, шпіталь), Оршы (1752), Сямяцічах (1719), Смілавічах (1747), Смолінску (1808, парафія і школка), Тыкоціне (1751). Дзейнічалі таксама семінарыі ў Магілёве (1783), Мінску (1804), Беластоку, Краславе, рэзідэнцыя ў Ігумене. У 1921—39 актыўную місіянерскую дзейнасць у Зах. Беларусі вяла каталіцкая царква, а таксама баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі.
У канцы 20 ст. формы і метады М. змяніліся. Ордэн езуітаў у 1965 распрацаваў сучасныя прынцыпы М., у іх ліку навучанне або абуджэнне веры як адказ на пытанні людзей, выкарыстанне нац. мовы, рэалістычнае ўспрыняцце сучаснай цывілізацыі, дыялогі і кантакты, аб’яднанне місіянерскай і пастырскай дзейнасці і інш. У аснову дзейнасці пратэстанцкай царквы пакладзена евангелізацыя — распаўсюджванне і ўкараненне ў сістэму мясц.культ.-гіст. традыцый і веравызнання асн. палажэнняў хрысц. веравучэння, яго абрадавай практыкі і адпаведнага светапогляду. У краінах і рэгіёнах, дзе маюць месца секулярызацыйныя тэндэнцыі або атэістычныя настроі, пастаўлена мэта рэевангелізацыі, пераўтварэння традыц. канфесій і плыняў у састаўную частку абвешчанага місіянерамі вучэння. З істотнымі грашовымі ўліваннямі з-за мяжы звязана М. ў Беларусі, дзе выкарыстоўваюцца такія яго формы, як аказанне гуманіт. дапамогі, выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі, арэнда залаў, стадыёнаў для агітацыйнай работы, арг-цыя паездак за мяжу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),
надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.
Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с. — т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).
Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл.Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.
Літ.:
Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;
Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;
Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сардэ́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сэрца 1 (у 1 знач.). Сардэчная мышца. Сардэчная дзейнасць.// Звязаны з хваробамі сэрца (у 1 знач.). Сардэчная недастатковасць. □ [Ксёндз:] — У мяне быў сардэчны прыпадак...Чарнышэвіч.У гэты ж дзень у Лукер’і Назараўны здарыўся сардэчны прыступ, і яе забралі ў бальніцу.Марціновіч.// Прызначаны для лячэння хвароб сэрца (у 1 знач.). Сардэчныя сродкі.
2. Які мае адносіны да сэрца 1 (у 2 знач.); звязаны з пачуццямі, настроем, перажываннямі чалавека. Стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчныя болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце.Колас.З узрушаным сардэчным трапятаннем Яго [салаўя] ўсе слухалі наўкол.Корбан.// Звязаны з сяброўскімі адносінамі, агульнымі інтарэсамі двух або некалькіх чалавек; блізкі. Сардэчныя адносіны. Сардэчная прывязанасць. □ Сардэчным другам ён [Аляксейчык] мне быў.Бялевіч.
3. Спагадлівы, добры, чулы (пра чалавека, яго характар). Казалі: — От быў чалавек — душа, Сардэчны і прынцыповы...Прануза.[Навум:] — Мае родныя — прыемныя людзі, сардэчныя. Яны любяць цябе.Мікуліч.Такі ўжо характар у хлопца — сардэчны і просты.Брыль.// Поўны спагадлівасць добразычлівасці, дабраты. Сардэчная сустрэча. □ З кійком старая да яе [жанчыны] кульгае, сардэчным словам і яе вітае.Дубоўка.
4. Які ідзе ад сэрца, шчыры. Сардэчная падзяка. □ Маладзечна, Маладзечна, Мой паклон табе сардэчны.Русак.Аднаму хацелася выказаць .. [Дзюмону] сардэчнае спачуванне, другому — даць параду.Шамякін.// Які кранае за сэрца, поўны шчырага пачуцця. Твой голас сардэчны а мілы, як струны Пявучае ліры, спакойны, задумны.Купала.Ведала [Надзя] таксама, калі заспяваць ім, лясным салдатам, сардэчную песню.Васілевіч.
5. Звязаны з каханнем; любоўны. Сардэчная драма. Сардэчныя справы. □ Нэлі пашкадавала ўжо, што па восені адкрыла Вользе свае сардэчныя тайны.Савіцкі.Мы стаялі [ўдваіх], і тугая каса Ненарокам кранула мой твар, І тады я адважыўся і расказаў Пра сардэчны, як кажуць, пажар.Панчанка.
6. Каханы, любы. [Крочак:] — Дык гэта ваш сардэчны друг?.. Прашу даць тлумачэнне: Што значыць ваша засмучэнні? Каго ж кахаеце з нас двух?Колас.
7.узнач.наз.сардэ́чны, ‑ага, м.; сардэ́чная, ‑ай, ж. Родны, мілы (пры ўпамінанні пра каго‑н. з адценнем ласкі, жалю, спачування). — Жаць трэба, жаць, сардэчныя, Жаць грамадой адзінаю.Куляшоў.
•••
Сардэчная сарочкагл. сарочка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,
рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс.чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л.Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс.чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш.усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл.Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл.Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл.Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл.Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).
Літ.:
Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;
Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;
Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс.км². Нас. 10 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).
Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.
Насельніцтва. Асн.ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.
Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс.н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц.Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр.дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн.т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, 2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр.ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн.прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3 т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс.км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн.гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн.чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНКБССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АНБССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, В.Ю.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, А.І.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, М.М.Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял.Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн. руб; у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв.навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд.навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд.навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.
У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад.навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыі бел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыі філас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр.дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш.хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.
Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыі АН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.Р.Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.А.Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.А.Барысевіч і праф. Б.С.Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.І.Фёдараў, 1980, і інш.). Многія навук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.
Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
В.К.Шчэрбін.
Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і, разам з Паўночнай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 18,28 млн.км², без астравоў 18,1 млн.км². Паўн. пункт — мыс Гальінас 12°25′паўн. ш., паўд. — мыс Фроўард 53°54′паўд. ш. (мыс Горн на в-ве Горн — 55°59 паўд. ш.), усх. — мыс Кабу-Бранку 34°46 зах. д., зах. — мыс Парыньяс 81°20′зах. д. Працягласць з Пн на Пд 7150 км, з У на З да 5150 км. На Пн Панамскім перашыйкам злучана з Паўн. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пд — Магеланавым пралівам. Берагі пераважна прамыя, на ПдЗ значна парэзаны фіёрдамі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу: на З — Гуаякіль, на Пн — Венесуэльскі і возера-лагуна Маракайба, на ПдУ — Ла-Плата. Да П.А. адносяць архіпелагі Вогненная Зямля і Чылійскі, а-вы Галапагас, Фалклендскія (Мальвінскія) і інш.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 580 м. На З — горная сістэма Андаўвыш. да 6960 м (г. Аканкагуа), складаецца з горных ланцугоў і высокіх плато паміж імі. На УБразільскае пласкагор’е і Гвіянскае пласкагор’е. Паміж Андамі і пласкагор’ямі Амазонская нізіна, раўніны і нізіны Гран-Чака, Лаплацкая нізіна і нізіна Арынока; паверхня іх раўнінная, рачныя даліны ўрэзаны слаба. На Пд плато Патагоніі.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах вылучаюцца 2 асн. структуры: геасінклінальная на 3, платформавая на У. Фарміраванне Андаў пачалося ў познім палеазоі — мезазоі. Гораўтварэнне не закончылася (бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні). На У платформавыя структуры: Паўд.-Амерыканская і Патагонская платформы. Стараж. архейскі фундамент выходзіць на паверхню ў Гвіянскім, Зах.-Бразільскім і Усх.-Бразільскім шчытах. За межамі шчытоў тэр. платформ перакрыты пераважна кантынентальнымі адкладамі. Паміж платформавай і геасінклінальнай абласцямі — тэктанічныя ўпадзіны Арынока, Гран-Чака, Ла-Плата; паміж Андамі, Гвіянскім і Зах.-Бразільскім шчытамі — Амазонская ўпадзіна. Упадзіны запоўнены марскімі адкладамі і прадуктамі разбурэння гор. Платформы пачалі фарміравацца ў дакембрыі, у кембрыі злучыліся ў адзін масіў. У трыясе ў бас.р. Парана ўтварыліся разломы і адбыліся вывяржэнні базальтавых лаў.
Карысныя выкапні. П.А. багата карыснымі выкапнямі. Радовішчы нафты і прыроднага газу ў міжгорных і перадгорных прагінах, у прагінах платформ. Найб. запасы ў Венесуэле, Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, ёсць у Эквадоры, Перу, Чылі, Балівіі. Каменны вугаль у Бразіліі, Калумбіі, Венесуэле, Чылі. Вял. запасы медных (Чылі, Перу), жал. (Бразілія, Перу, Венесуэла), марганцавых, тытанавых і хромавых (Бразілія), ванадыевых (Венесуэла, Бразілія, Чылі), вальфрамавых (Балівія, Перу), залатых (Бразілія, Аргенціна, Чылі, Перу), малібдэнавых (Чылі), нікелевых (Бразілія, Калумбія, Венесуэла), алавяных (Бразілія, Балівія), сурмяных (Балівія), уранавых (Бразілія, Аргенціна, Перу), плацінавых (Калумбія), свінцовых і цынкавых (Перу, Бразілія), сярэбраных (Перу, Балівія) руд; баксітаў (Бразілія, Венесуэла, Сурынам). Ёсць рэдкаметальныя руды (берыліевыя, літыевыя, ніобіевыя, танталавыя, цырконавыя), горнахім. сыравіна (барый, борныя руды, калійныя солі, самародная сера, натрыевая салетра. флюарыт, фасфарыты і інш.), алмазы, каштоўныя і вырабныя камяні і інш.
Клімат П.А. абумоўлены размяшчэннем яе пераважна ў экватарыяльным і паўд. трапічным паясах. Характэрна вял. і амаль раўнамернае (акрамя крайняга Пд) паступленне сонечнага цяпла. Сезонныя кліматычныя адрозненні залежаць ад сонечнай радыяцыі, агульнай цыркуляцыі атмасферы, цэнтраў высокага ціску атмасферы. Пераважае экватарыяльная і мусонна-пасатная цыркуляцыя паветра з Атлантычнага ак. На З Амазонскай нізіны вільготны экватарыяльны гарачы клімат без сухога перыяду, на У Амазонскай нізіны — субэкватарыяльны, на Пд — субтрапічны і ўмераны клімат. У паўн. раўніннай частцы т-ра паветра ўвесь год каля 20—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год у бас. рэк Арынока і Амазонка. У студз. на Бразільскім пласкагор’і 20—28 °C, у ліп. 12—25 °C, на Лаплацкай нізіне адпаведна 20—24 і 8—16 °C, у Патагоніі 12—23 і 3 °C. Ападкаў на Бразільскім пласкагор’і ад 500 мм на ПнУ да 2000 мм у большай частцы і да 3000 мм на ПдУ, на Лаплацкай нізіне ад 500 мм да 1000 мм, у Патагоніі каля 250 мм. Снегавая лінія ў гарах экватарыяльнай зоны на выш. каля 5 тыс.м, на Пд на выш. каля 1000—1200 м. Максімум ападкаў — да 10 000 мм у гарах на З Калумбіі, да 7000 мм на Пд Чылі; на ўзбярэжжах Перу і Паўн. Чылі (у пустыні Атакама) менш за 100 мм за год.
Унутраныя воды. Па велічыні гадавога сцёку П.А. займае 2-е месца ў свеце — каля 20% сцёку рэк Зямлі (каля 7900 км³/год), па сярэднім слоі сцёку (440 мм) на 1-м месцы ў свеце. Больш за 90% тэр. мацерыка адносіцца да бас. Атлантычнага ак.Найб. рэкі: Амазонка (самая мнагаводная і вял. па пл. басейна ў свеце), Арынока, Парана з Парагваем, Сан-Франсіску, Магдалена. Пераважае дажджавое жыўленне рэк, на Пд Патагоніі снегавое, у Андах месцамі ледавіковае. У экватарыяльных раёнах летнія дажджавыя паводкі і памяншэнне расходаў зімой. Пастаянна паўнаводныя рэкі на З Амазонскай нізіны і на Пд Бразільскага пласкагор’я. Максімум сцёку рэк позняй вясной і летам у Патагоніі і Сярэднім Чылі. На Пн Чылі ў пустыні Атакама сцёк толькі перыядамі. Буйныя азёры Маракайба (на Пн), Тытыкака (на выш. 3812 м) і інш. У Андах ледавікі (больш за 20 тыс.км²), найб. на Пд і на Вогненнай Зямлі.
Глебы і расліннасць. На раўнінах П.А. шыротная занальнасць глеб і расліннасці. У бас.р. Амазонка і на Гвіянскім пласкагор’і вільготныя лясы (гілея) на чырвона-жоўтых латэрытах. Шмат балот. Расліннасць багатая і разнастайная: пальмы, дрэвападобныя папараці, гевея, сейба, фікусы, архідэі. На Пн і Пд ад экватарыяльнай зоны ўмерана вільготныя вечназялёныя лясы і саванны розных тыпаў (льянасы ў бас.р. Арынока, кампас і каатынга на Бразільскім пласкагор’і) на чырвоных, карычнева-чырвоных, чырвона-бурых латэрытных тыпах глеб. Расліннасць у каатынзе — засухаўстойлівыя бутэлечныя і калючыя дрэвы, лісцевыя і сцябловыя сукуленты, у кампасе менш засухаўстойлівыя нізкарослыя дрэвы, кусты і злакі, у льянасах — акацыі, мімозы, кактусы, травы. На Пд Бразільскага пласкагор’я лясы з бразільскай араўкарыі, лісцевых дрэў, кустоў. У бас.р. Парана і на Лаплацкай нізіне на Пн трапічныя лясы і рэдкалессі (кебрача, альгараба і інш.), глебы карычнева-чырвоныя, шэра-карычневыя, шэразёмы, на Пд пампа — злакавае разнатраўе на чарназёмах. У Патагоніі расліннасць паўпустынная, куставая, на бурых, пераважна друзавых, глебах. У Андах выяўляецца верт. пояснасць: у паўд. Андах лясы з паўд. буку, араўкарый, на ўсх. схілах пераважна лясная, на З, Паўн. Чылі і Перу, а таксама ва ўнутр. раёнах — пустынная і паўпустынная расліннасць. П.А. — радзіма бульбы, тытуню, батату, маніёку, гевеі, арахісу і інш.
Жывёльны свет. П.А. ўваходзіць у Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Жывёльны свет багаты і своеасаблівы. Для большай ч. мацерыка характэрны браняносцы, тапіры, пекары, ягуар, грывасты воўк, малпы, яноты, скунсы, дзікабразы; з птушак — туканы, папугаі, калібры, гаацын, кондар; у рэках — ламанціны, рачныя дэльфіны, каля 2 тыс. відаў рыб. Мноства насякомых і павукоў. У саваннах і рэдкалессях алені, грызуны, страус нанду, на Пд у пампе, стэпах і паўпустынях пума, пампасны алень, грызуны. У пустынных высакагор’ях — гуанака і вікунья, рэліктавы мядзведзь-акулярнік. Шмат эндэмікаў: шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, апосумы.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 350 млн.чал. (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 19,1 чал. на 1 км². Найбольшая (больш за 100 чал. на 1 км²) у міжгорных далінах Андаў, у сярэдняй ч. Чылі, найб. асвоеных раёнах Аргенціны і Бразіліі. Найменшая шчыльн. (каля 1 чал. на 1 км²) у асобных раёнах бас.р. Амазонка, самых высакагорных раёнах Андаў, на Пд Патагоніі, на Фалклендскіх а-вах і інш. У краінах П.А. пераважае гарадское насельніцтва, найбольш у Уругваі (91%), Аргенціне (88%), Венесуэле (86%), Чылі (84%), Бразіліі (79%). Карэнныя жыхары П.А. — індзейцы. З канца 15 ст. П.А. пачалі заваёўваць і каланізаваць іспанцы і партугальцы, яны прывозілі як рабоў афр. неграў. У выніку каланізацыі, распаўсюджаныя цяжкіх хвароб мноства абарыгенаў загінула, шмат плямён вымерлі. Сярод сучасных індзейскіх народаў найбольшыя кечуа (14,9 млн.), аймара (2,2 млн.), араўканы (0,9 млн.). Паводле расавага складу насельніцтва П.А. мангалоіды (індзейцы), еўрапеоіды, негроіды, метысы (ад змяшання еўрапейцаў з мясц.нас.), мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання), самба (змешаны індзейска-негроідны антрапал. тып). Ёсць нядаўнія эмігранты — іспанцы, партугальцы, італьянцы, немцы, яўрэі, палякі, рускія, украінцы, японцы. У Аргенціне жывуць беларусы (каля 5 тыс.) і іх нашчадкі; ёсць звесткі пра групы беларусаў і іх нашчадкаў у Парагваі, Уругваі, на Пд Бразіліі. У П.А. пашыраны раманскія мовы — ісп. (большасць краін), партуг. (Бразілія), франц. (Гвіяна Французская). Англ. (Гаяна і Фалклендскія а-вы) і галандская (Сурынам) мовы адносяцца да германскай групы. У Парагваі гавораць на мовах ісп. і гуарані. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя; выхадцы з Азіі вызнаюць іслам, будызм, сінтаізм і інш., некат. індзейскія плямёны прытрымліваюцца сваіх традыц. вераванняў. Гл. таксама Народы Амерыкі.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка размешчана 12 дзяржаў: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаяна, Калумбія, Парагвай, Перу, Сурынам, Уругвай, Чылі, Эквадор. Гвіяна Французская — уладанне Францыі, Фалклендскія а-вы належаць Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна). Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
Да арт.Паўднёвая Амерыка. Ландшафт цэнтральнай часткі Эквадора.Пласкагор’е Альтыплана ў Балівіі.На беразе Амазонкі.Перадгор’і Андаў у Аргенціне.Узбярэжжа Ціхага акіяна ў Чылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,
узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.
Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш.Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.М.Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст.Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн.узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.—ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.
Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.
16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.Р.Доўбар-Мусніцкага (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял.бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют.СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач.сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за 2/3тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр.ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л.партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».
1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым ў Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-тваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл.Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.—вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.
У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах.абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах.абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.Х.Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр.БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у т. л. з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р.Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.
Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.
Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал.паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв.«Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр.ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.
У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач.чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс.чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн.кав. корпус К.М.Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.—ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.
Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.Ф.Шубін, Я.Ф.Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл.Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел.сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн.чал.нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс.чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.С.Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах.ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах.ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр.БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс.чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл.Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст.Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс.км² з насельніцтвам за 4 млн.чал. (гл.Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.
Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн. — вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.Ф.Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.
У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн.чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн.чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд.руб. золатам, прамысл.вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;
Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг.Мн., 1980;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.А.Селіванаў, М.С.Сташкевіч.
Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Агляд першага Беларускага камуністычнага атрада. Петраград. 1919.Да арт.Грамадзянсхая вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. М.І.Калінін прымае парад на станцыі Гомель. 1919.Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Аўстра-нямецкія войскі на плошчы Свабоды ў Мінску. 21.2.1918.Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Атрад камсамольцаў перад адпраўкай на Заходні фронт. Петраград. 1920.