БОЛЬ,

непрыемнае, цяжкае, іншы раз пакутлівае адчуванне пры моцных або разбуральных мех., хім., тэрмічных, паталагічных і інш. уздзеяннях на арганізм чалавека і жывёл. У працэсе эвалюцыі арган. свету боль ператварыўся ў сігнал небяспекі, стаў важным біял. фактарам, які забяспечвае захаванне жыцця. Прыносіць цяжкія пакуты, пазбаўленне спакою і працаздольнасці, можа стаць прычынай болевага шоку.

Успрыманне пашкоджвальных уздзеянняў спец. болевымі (у некаторых выпадках і інш.) рэцэптарамі перадаецца па нервах да задніх рагоў спіннога мозга, адтуль па спінна-таламічным шляху да зрокавых бугроў галаўнога мозга, дзе фарміруецца першае пачуццё болю — таламічны боль. Спецыфічныя адзнакі, лакалізацыя болю звязаны з дзейнасцю кары паўшар’я вял. мозга. Эмацыянальная выразнасць, перажыванні пачуцця болю абумоўлены дзейнасцю лобных аддзелаў мозга. Лакальны коркавы цэнтр болю не выяўлены. Анат. ўтварэнні, што ўспрымаюць, праводзяць і фарміруюць пачуццё болю, наз. нацыцэптыўнай сістэмай. Анат. структуры і фізіял. механізмы, што садзейнічаюць зніжэнню або знікненню пачуцця болю, наз. антынацыцэптыўнай сістэмай. Да іх належаць жэлацінозная субстанцыя, якая знаходзіцца каля асновы задняга рога спіннога мозга, куды паступаюць болевыя імпульсы. Для аблягчэння і зняцця болю існуе вял. выбар фармакалагічных сродкаў; выкарыстоўваюцца фізіятэрапеўт. і хірург. метады лячэння (гл. Болепатольныя сродкі, Абязбольванне, Наркоз). На адчувальнасць болю ўплывае псіхічны стан чалавека, тып вышэйшай нерв. дзейнасці, асаблівасці выхавання, культура і інш.

Паняцце болю ўжываецца і ў пераносным сэнсе, калі гавораць пра «душэўны» боль», як асобны псіхічны стан, выкліканы знешнімі і ўнутр. прычынамі і звязаны з цяжкімі адчуваннямі.

Літ.:

Кассиль Г.Н. Наука о боли. 2 изд. М., 1975;

Мелзак Р. Загадка боли: Пер. с англ. М., 1981;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Поясничные боли. 2 изд. Мн., 1989.

Г.​Г.​Шанько.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РНЯЕ НАВУЧА́ННЕ,

адна з формаў навучання моладзі і дарослых без адрыву ад вытв-сці; састаўная частка сістэмы непарыўнай адукацыі; дае магчымасць працоўным набываць агульную сярэднюю, спец. сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Прадугледжвае правядзенне выкладчыкам рэгулярных заняткаў з навуч. групамі пастаяннага складу ў зручны для навучэнцаў нерабочы час, часцей вечарам (адсюль назва тэрміна). Першыя вячэрнія агульнаадук. пач. школы ўзніклі ў 18 ст. ў Зах. Еўропе. У 20 ст. ў сувязі з пашырэннем усеагульнага школьнага навучання вячэрняе навучанне стала выкарыстоўвацца пераважна ў прафесійнай, у т. л. вышэйшай адукацыі, павышэнні кваліфікацыі, у розных відах дадатковай адукацыі (нар. ун-ты, розныя курсы і інш.). Развіццё вячэрняга навучання на Беларусі пачалося з арг-цыі нядзельных школ (19 — пач. 20 ст.), у якіх вучыліся непісьменныя і малапісьменныя дарослыя. У 1920—30-я г. вячэрняе навучанне дапамагло ліквідаваць непісьменнасць сярод насельніцтва. Ствараліся вячэрнія школы граматы для дарослых і падлеткаў, школы для дарослых, рабочыя ф-ты і інш. У 1958 устаноўлены адзіны тып вячэрняй школы — вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная школа. Для атрымання сярэдняй спец. адукацыі без адрыву ад вытв-сці на Беларусі існуюць вячэрнія аддзяленні і філіялы тэхнікумаў, каледжаў і інш. Для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй праз вячэрняе навучанне ў большасці ВНУ Беларусі працуюць вячэрнія аддзяленні. Змест навучання і асн. віды заняткаў у вышэйшай і сярэдняй спец. школе адзіныя для дзённай і вячэрняй формаў навучання. У 1995/96 навуч. г. на Беларусі ў вячэрніх агульнаадук. школах займалася 20,9 тыс. чал., на вячэрніх аддзяленнях сярэдніх спец. навуч. устаноў — 1,4 тыс. навучэнцаў, на вячэрніх аддзяленнях ВНУ — 2 тыс. студэнтаў.

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАФО́НІЯ (ад гама... + грэч. phōnē гук, голас),

від шматгалосся, які вызначаецца падзелам галасоў на галоўны (мелодыя) і другарадныя (суправаджэнне). У гэтым прынцыповае адрозненне гамафоніі ад поліфаніі, дзе галасы раўназначныя. Сутнасць гамафоніі ў вылучэнні аднаго голасу як носьбіта асн. зместу муз. вобраза. Нязначная індывідуалізацыя галасоў суправаджэння спрыяе іх аб’яднанню часцей за ўсё як элементаў адзінага акордавага комплексу. Змена акордаў і акордавых комплексаў — спецыфічны фактар развіцця ў гамафонных формах, якое выяўляе ладава-гарманічныя функцыі асн. голасу і суправаджэння. Лінеарнае, інтанацыйнае, рытмічнае ўзбагачэнне галасоў суправаджэння прыводзіць да поліфанізацыі муз. фактуры, аднак вызначальнай прыкметай гамафоніі застаецца канцэнтрацыя муз. думкі ў адным голасе. Прынцыпы гамафоніі выкарыстоўваюць у розных жанрах і формах. У выніку разнастайных варыянтаў рытмічных суадносін паміж галасамі ўтвараюцца тыпы гамафоннай фактуры: акордавы, тып разгорнутай мелодыі з акордавым ці фігурацыйным суправаджэннем; поліфанізаваная гамафонія (спалучае энергію меладычных ліній з багаццем гамафоннай акордыкі і дынамізмам функцыянальных змен).

У Стараж. Грэцыі гамафонія абазначала выкананне мелодыі ва унісон ці ў актаву. У еўрап. прафес. музыцы яе станаўленне ў сучасным сэнсе звязана з эпохай Адраджэння (на Беларусі крышталізацыя гамафонных сродкаў выразна прасочваецца ў стылістыцы канта) У 17—18 ст. гамафонія — асн. муз. склад у оперы, араторыі, кантаце, інстр жанрах Творчасць венскіх класікаў (В.​А.​Моцарта, І.​Гайдна, Л.​Бетховена) сканцэнтравала найб. значныя і каштоўныя рысы гамафоніі. У 20 ст. побач з развіццём гамафоніі павялічылася цікавасць кампазітараў да поліфаніі.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Холопова В.Н. Фактура. М., 1979;

Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́Ў (Іван Аляксандравіч) (18.6.1812, г. Сімбірск, цяпер г. Ульянаўск, Расія — 27.9.1891),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Служыў у Мін-ве фінансаў, быў цэнзарам Пецярбургскага цэнзурнага к-та (1855—60), гал. рэдактарам газ. «Северная почта» (1862—63) і інш. У ранніх аповесцях «Ліхая болесць» (1838) і «Шчаслівая памылка» (1839) адчуваецца ўплыў пушкінскай і гогалеўскай прозы. У аснове першага рамана «Звычайная гісторыя» (1847) сутыкненне марнай летуценнасці правінцыяльнага дваранства з практыцызмам бурж. дзелавітасці, якая і перамагае. У 1852—54 прыняў удзел у экспедыцыі на ваен. фрэгаце «Палада» ў якасці сакратара адмірала Я.​В.​Пуцяціна. Яго пуцявыя нататкі, напісаныя з трапнай назіральнасцю, дасціпным гумарам і яскравай мовай, склалі цыкл нарысаў «Фрэгат «Палада» (1858). У рамане «Абломаў» (1859) Ганчароў вывеў вельмі характэрны тып рас. дваранства, жыццё якога няўмольна паглынаецца прыгонніцкім укладам, што падпарадкоўвае не толькі грамадскія адносіны, але і лёс асобнага чалавека. «Абломаўшчына» стала абагульняльным паняццем для такіх з’яў жыцця, як бяздзейнасць, марнатраўства, разлад паміж словам і справай. Своеасаблівую трылогію рус. жыцця 1840—60-х г. завяршае раман «Абрыў» (1869), прысвечаны лёсу новага пакалення, што шукае свайго шляху ў жыцці. У творах Ганчарова глыбінныя фундаментальныя працэсы — разбурэнне патрыярхальнага ўкладу і непазбежная замена яго новым стылем жыцця, новымі адносінамі — перадаюцца праз сутыкненне характараў герояў, кожны з якіх з’яўляецца носьбітам сваёй праўды. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Мільён пакут» (1872), «Лепш позна, чым ніколі» (1879) і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены раманы Ганчарова «Абломаў» (1939) і «Звычайная гісторыя» (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1977—80.

Літ.:

Недзвецкий В.А. И.​А.​Гончаров — романист и художник. М., 1992.

Н.​В.​Галаўко.

І.А.Ганчароў.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКРЫНІ́КСЫ (псеўд. паводле першых літар прозвішчаў і імя),

творчы калектыў рас. графікаў і жывапісцаў; Купрыянаў Міхаіл Васілевіч (21.10.1903, в. Цецюшы, Татарстан — 11.11.1991), Крылоў Парфірый Мікітавіч (22.8.1902, в. Шчалкунова Тульскай вобл., Расія — 15.5.1990), Сакалоў Мікалай Аляксандравіч (н. 21.7.1903, Масква). Нар. мастакі СССР (1958). Правадз. члены АМ СССР (1947). Героі Сац. Працы (Крылоў з 1972, Купрыянаў і Сакалоў з 1973). Вучыліся ў маск. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (паміж 1921—29). Працавалі разам з 1924. Выпрацавалі новы тып карыкатуры, які вызначаўся вострай надзённасцю, вынішчальна-з’едлівым вырашэннем тэмы, шаржыраванай характарыстыкай персанажаў (серыі «Транспарт», 1933—34; «Пра дрэнь», 1959—60). Вял. папулярнасць мелі карыкатуры, плакаты і «Вокны ТАСС», створаныя ў час Вял. Айч. вайны: «Бязлітасна разгромім і знішчым ворага!», «Клешчы ў клешчы» (абодва 1941), «Згубіла я пярсцёнак... (а ў пярсцёнку — 22 дывізіі)» (1943) і інш. Працавалі ў кніжнай графіцы: ілюстрацыі да твораў І.​Ільфа і Я.​Пятрова («12 крэслаў», 1933, 1967; «Залатое цялё», 1971), М.​Салтыкова-Шчадрына («Паны Галаўлёвы», 1939, і інш.), А.​Чэхава («Дама з сабачкам», «Чалавек у футарале», 1940—46, і інш.), М.​Горкага («Жыццё Кліма Самгіна», 1933; «Фама Гардзееў», 1948—49; «Маці», 1950), М.​Сервантэса («Дон Кіхот», 1949—52) і інш. Сярод жывапісных твораў: серыя «Старыя гаспадары» (1936—37), «Уцёкі фашыстаў з Ноўгарада» (1944—46), «Канец» (1947—48), «Абвінавачванне (Ваенныя злачынцы і іх абаронцы на Нюрнбергскім працэсе)» (1967) і інш. Індывідуальна працавалі як партрэтысты і пейзажысты. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1949, 1950, 1951. Ленінская прэмія 1965.

Літ.:

Соколова Н.И. Кукрыниксы. М., 1962.

Кукрыніксы. Уцёкі фабрыканта. З серыі «Старыя гаспадары». 1936—37.
Кукрыніксы. Бязлітасна разгромім і знішчым ворага! 1941.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МУС (ад ням. Lehmhaus),

старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 16 — 1-й пал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.

Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в. Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).

Ю.​А.​Якімовіч.

Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.

т. 9, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),

выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізмтып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл. Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІС ВАН ДЭР РО́Э ((Mies van der Rohe) Людвіг) (27.3.1886, г. Ахен, Германія — 17.8.1969),

нямецкі архітэктар; адзін з лідэраў функцыяналізму. Прафес. адукацыі не атрымаў. З 1905 працаваў у Берліне, у т. л. ў майстэрні П.Берэнса. У 1930—33 дырэктар «Баўгауза» ў г. Дэсаў. З 1937 у ЗША. У 1938—58 выкладаў у Ілінойскім тэхнал. ін-це ў Чыкага. Пабудовы 1910-х г. у духу неакласіцызму (дом Перльса ў Берліне, 1911). У 1920-я г. выступіў з серыяй эксперым. праектаў, у якіх падкрэсленая выразнасць навясных канструкцый спалучаецца з экспрэсіўнай формай аб’ёмаў, стварыў тып жылога дома са стальным каркасам і зменнай унутр. планіроўкай. На творчасць пач. 1930-х г. паўплывала гал. група «Стыль»; работы сталі больш выразнымі па кампазіцыі, у іх інтэр’ерах сцены-шырмы падзялялі ўнутр. прастору на асобныя, звязаныя паміж сабой зоны (павільён Германіі на Сусв. выстаўцы ў г. Барселона, 1929; дом Тугендхата ў г. Брно, 1930). У 1940—50-я г. прапанаваў ідэю дасканалай «універсальнай формы» — адзінай унутр. прасторы, якая дае максімум магчымасцей для разнастайнага выкарыстання інтэр’ера (будынак арх. ф-та Ілінойскага тэхнал. ін-та, 1952—56); да элементарных геам. форм прыведзены аб’ёмы вышынных будынкаў: жылыя дамы на Лейк Шор Драйв (1950—51) і на Комануэлс Праменад (1957) у Чыкага, канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку (1956—58), Дамініян-сентэр у г. Таронта (1967). Арыгінальным вырашэннем адметны будынак Нац. галерэі ў Берліне (1968). Яго творчасць паўплывала на архітэктараў ЗША і Зах. Еўропы.

Літ.:

Мачульский Г.К. Мис ван дер Роэ. М., 1969.

Л.Міс ван дэр Роэ. Будынак Нацыянальная галерэі ў Берліне. 1968.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМЕ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА электрычная машына, якая ператварае энергію мех. ў эл. пераменнага току (генератар), эл. энергію пераменнага току ў мех. (рухавік) або ў эл. энергію інш. напружання ці частаты (пераўтваральнік). Бываюць сінхронныя (найчасцей выкарыстоўваюцца як генератары; гл. Сінхронная машына) і асінхронныя (калектарныя машыны і бескалектарныя, найчасцей выкарыстоўваюцца як рухавікі; гл. Асінхронная машына); адна- і мнагафазныя. Сінхронныя і асінхронныя П.т.м. абарачальныя: могуць працаваць у рэжыме генератара і рухавіка. З’яўляюцца таксама састаўной ч. электрамашынных каскадаў (гл. ў арт. Каскад) і выкарыстоўваюцца як мікраэлектрамашыны.

Генератары пераменнага току (ГПТ) падзяляюцца на асінхронныя генератары (мелі абмежаванае выкарыстанне, пераважна ў аўтаномных сістэмах электрасілкавання) і сінхронныя генератары (да 1970-х т. амаль цалкам замянілі асінхронныя). Магутныя ГПТ устанаўліваюць на электрастанцыях (гідрагенератары, турбагенератары), невял. магутнасці — у сістэмах аўтаномнага энергазабеспячэння (на дызельных электрастанцыях, газатурбінных электрастанцыях), у пераўтваральніках электрычных. Рухавікі пераменнага току (РПТ) — падзяляюцца на асінхронныя электрарухавікі (найб. пашыраны 3-фазныя з каротказамкнутым ротарам) і сінхронныя электрарухавікі (выкарыстоўваюцца ў электрапрыводах і для кампенсацыі рэактыўнай Магутнасці ў эл. сетках). Разнавіднасць РПТ — лінейны электрарухавік, які ператварае эл. энергію ў механічную без вярчальных частак (па незамкнёнай лініі). Спец. тып П.т.м. — мікрамашыны магутнасцю ад долей вата да соцень ват. Гэта мікрарухавікі, тахагенератары, паваротныя трансфарматары, сельсіны і інш. (бываюць і пастаяннага току). Частата вярчэння ротара да 300 тыс. аб/мін. Выкарыстоўваюцца ў механізмах прывода і кіравання лятальных апаратаў, суднаў, электра- і радыёпрыладах і інш.

У.​М.​Сацута.

Прынцыповая схема пераменнага току машыны: A, B — кольцы з накладзенымі на іх шчоткамі, да якіх падключаецца вонкавы ланцуг; N, S — нерухомыя полюсы пастаяннага магніта; abcd — віток правадніка, укладзены на ферамагнітны асяродак.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баразна́ (адносна семантыкі гл. Яшкін.). Рус. борозда́ (дыял. зах. борозна́), укр. борозна́ (дыял. зах. борозда́), польск. brózda, чэш. brázda, в.-луж. brózda, н.-луж. brozda, ст.-слав. бразда, балг. бразда́ (дыял. бразна́, брезна́, гл. БЕР, 1, 73), серб.-харв. бра́зда, славен. brázda. Прасл. borzda (суф. ‑zda, параўн. Слаўскі, 1, 45); тып *borzna другасны, вытворны ад *borzda (гл. Рудніцкі, 175). Аснова *bor‑ тая ж, што і ў *bor‑na (гл. барана́). Параўноўваюць з ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё, зубец, край’, ірл. barr ’верхавіна’, ст.-в.-ням. burst ’шчаціна’ (гл. Бернекер, 75; Фасмер, 1, 196); далей з лац. forāre і г. д. Корань *bor‑ (і.-е. *bhor‑) у спецыяльным тэрміналагічным значэнні ’рабіць барозны і да т. п.’ толькі ў слав. мовах і ў грэч. (Машынскі, Pierw., 74). Параўн. грэч. φαρᾶν ’араць’, φάρος ’саха’. Няпэўнымі з’яўляюцца версіі: Махэк₂, 65 (роднаснасць з літ. bir̃žis, лат. birze ’баразна і г. д.’; слав. borz‑ (< *bhorg̑‑) пад уплывам gręda зрабілася *borzda); Голуб-Копечны, 76 (*borzda < *bord‑da, роднаснае з ст.-в.-ням. bart ’край’); Атупшчыкоў, ЭИРЯ, IV, 87–96 (< *borg̑(i)da, да лац. frangere ’ламаць, разбіваць’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)