рускі акцёр-трагік; прадстаўнік класіцызму. З 1820 у пецярбургскіх Вял. т-ры, з 1832 вядучы трагік Александрынскага т-ра. Выканаў ролі Дзмітрыя Данскога («Дзмітрый Данской» У.Озерава), Сіда («Сід» П.Карнеля), Іпаліта («Федра» Ж.Расіна) і інш. Творчасці характэрны прыўзнятая героіка, манум. параднасць, эфектнасць, грацыёзнасць і прыгажосць рухаў, напеўная дэкламацыя. Пад уплывам класіцыстычнай эстэтыкі імкнуўся да вылучэння гал. рысы характару герояў (Атэла, Гамлет у аднайм. п’есах У.Шэкспіра і інш.). Першы выканаўца роляў Чацкага («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1831), Дон Гуана, Барона («Каменны госць», 1847, і «Скупы рыцар», 1852, А.Пушкіна), Арбеніна («Маскарад» М.Лермантава, 1852). Пераклаў і перарабіў для пастаноўкі на рус. сцэне больш за 40 п’ес («Кін» А.Дзюма-бацькі, «Кароль Лір» і «Карыялан» Шэкспіра і інш.). У 1845—46 гастраліраваў у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЧА ((Carpaccio) Віторэ) (каля 1460—65, г. Венецыя, Італія — каля 1526),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння; прадстаўніквенецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Дж.Беліні і Антанела да Месіны. Ствараў пераважна шматфігурныя кампазіцыі (цыкл «Гісторыя св. Урсулы», 1490—96). Рэліг. сюжэты трактаваў як рэальныя сцэны сучаснага яму жыцця, імкнуўся да стварэння цэльнай маляўнічай карціны свету («Св. Іеранім і леў у кляштары», «Пахаванне св. Іераніма», «Бітва св. Георгія з драконам», «Трызненне св. Аўгусціна», «Трыумф св. Георгія», усе каля 1501—07). Творам уласцівы яркая каляровая гама, канкрэтнасць прасторы і дакладнасць форм, фантазія і свабода эксперыменту («Дамы на балконе», «Рыцар у пейзажы» і «Прынясенне ў храм», абедзве 1510, і інш.), што падрыхтавала жывапісныя адкрыцці венецыянскіх мастакоў 16 ст.
Літ.:
Смирнова И. Витторе Карпаччо: [Альбом]. М., 1982;
Lauts J. Carpaccio, paintings and drawings. New York, 1962.
І.М.Каранеўская.
В.Карпача. Гісторыя св. Урсулы: развітанне Урсулы і Эрэя з бацькамі. Фрагмент. 1495.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛДЭР ((Calder) Александэр) (22.7. 1898, г. Філадэльфія, ЗША — 11.11. 1976),
амерыканскі скульптар, жывапісец і графік; адзін з стваральнікаў кінетычнага мастацтва. Найбуйнейшы прадстаўнікамер.мадэрнізму ў скульптуры. Скончыў Лігу вывучаючых мастацтва ў Нью-Йорку (1926). У 1926—33 у Парыжы, дзе зблізіўся з Ж.Міро і П.Мондрыянам, затым у ЗША, пасля 1945 у Парыжы і ЗША. Сярод твораў: «Стальная рыба» (1934), «Пастка для амараў і хвост рыбіны» (1939), «Чырвоныя гонгі» (каля 1950), кампазіцыя акустычнай столі актавай залы ун-та ў г. Каракас (Венесуэла, 1952), «Грэбень пеўня» (1960), «Тры аркі» (1963), «Чырвонае сонца» (1968, Алімп. стадыён у г. Мехіка). Аўтар дэкар.-вытанчаных падвесных рухомых канструкцый з жалеза, алюмінію і дроту («мабіляў»; «Чырвоная піраміда» і інш.), нерухомых метал. канструкцый («стабіляў»), партрэтных галоў з дроту. Працаваў як графік і жывапісец. Яго творы ўпрыгожваюць «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку і будынак ЮНЕСКА у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МАЎ (Ісідар Еўсцігнеевіч) (25.5. 1882, в. Старышчава, Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 27.11.1937),
рэвалюцыянер, дзярж. і парт. дзеяч. З 1902 чл.РСДРП. З 1915 у к-це Усерас. земскага саюза на Зах. фронце, удзельнічаў у рабоце бальшавіцкай групы ў Мінску; стварыў і ўзначаліў бальшавіцкую арг-цыю ў г. Лунінец. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адзін з арганізатараў, нам. старшыні, у ліп.—жн. 1917 старшыня выканкома Мінскага Савета. Удзельнік падрыхтоўкі 1-га з’езда салдацкіх дэпутатаў Зах. фронту. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 старшыня выканкома Іванава-Вазнясенскага Савета. З 1919 на парт. рабоце ў Туркестане, на Украіне і ў Сярэдняй Азіі. З 1924 нам. старшыні Массавета, чл. прэзідыума ВСНГ, старшыня праўлення Цэнтрасаюза. З 1930 нам. наркома знешняга і ўнутр. гандлю СССР, гандлёвы прадстаўнікСССР у Германіі, з 1932 нарком лёгкай прам-сці СССР. Беспадстаўна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў пра Лют. рэвалюцыю 1917 у Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫВО́ (Marivaux) П’ер Карле дэ Шамблен дэ
(Carlet de Chamblain de; 4.2.1688, Парыж — 12.2.1763),
французскі пісьменнік, драматург; прадстаўнік ранняга Асветніцтва. Чл.Франц. акадэміі (з 1742). Аўтар галантна-авантурных («Фармазон...», 1712; «Дзіўныя дзеянні сімпатыі», 1713—14), парадыйна-сатыр. («Тэлемак навыварат», 1717) раманаў, бурлескнай паэмы «Іліяда навыварат» (1716). Лепшыя яго творы — рэаліст. раманы «Жыццё Мар’яны» (1731—41), «Удачлівы селянін» (1734—35). Як драматург сфарміраваўся пад уплывам тэатра Мальера і трагедый Ж.Расіна, італьян.нар. камедыі дэль артэ. Камедыі «Сюрпрыз кахання» (1723), «Востраў нявольнікаў» (1725), «Гульня кахання і выпадку» (1730), «Перамога кахання» (1732), «Ілжывыя прызнанні» (1738) і інш. вызначаюцца лёгкасцю і лірызмам, вобразнасцю і вытанчанасцю мовы. Паўплываў на далейшае развіццё франц. драматургіі. Яго п’есу «Гульня кахання і выпадку» (1945) паставіў Брэсцкі абл.драм.т-р.
Тв.:
Рус пер. — Комедии. М., 1961;
Жизнь Марианны. М., 1968;
Удачливый крестьянин, или Мемуары г-на***. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГА́РСКАЯ ШКО́ЛА,
адна з сакратаўскіх школ стараж.-грэч. філасофіі 4 ст. да н.э. Заснаваў Эўклід — вучань Сакрата. У М.ш. ўваходзілі мегарац Стылпон, Эўбулід, Дыядор Крон і інш. У тэарэт. плане прадстаўнікі М.ш. зрабілі спробу аб’яднаць у адзінае цэлае вучэнні Сакрата, элеятаў і сафістаў. Пры разглядзе быцця Эўклід абсалютызаваў агульнае і супрацьпастаўляў яго адзінкаваму, свет уяўляў як адзінае, вечнае, нерухомае, саматоеснае. Лічылася, што ў гэтым адзіным арганічна спалучаны розум, дабро, бог; толькі адзінае існае. Адзінкавага ж не існуе. З дапамогай сафізмаў прадстаўнік М.ш. Дыядор Крон адмаўляў катэгорыю магчымасці, бо лічыў магчымым толькі сапраўднае, а тое, што несапраўднае, тое і немагчымае. Таму, на яго думку, не існуе нерэалізаваных магчымасцей. Ідэі М.ш. ў далейшым зрабілі ўплыў на стоікаў (Зянона) і скептыкаў (Пірона і Тымона). Разважанні пра розныя формы лагічных імплікацый, а таксама многія сафізмы дайшлі да нашых часоў і выкарыстоўваюцца пры вывучэнні класічнай логікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІД ((Mead) Джордж Герберт) (27.2.1863, г. Саўт-Хадлі, ЗША — 26.4.1931),
амерыканскі філосаф, сацыёлаг і сац. псіхолаг; прадстаўнікпрагматызму і натуралізму. Скончыў Гарвардскі ун-т, вывучаў філасофію і псіхалогію ў Германіі. З 1894 праф. Чыкагскага ун-та. Стварыў тэорыю «сімвалічнага інтэракцыянізму», асн. ідэі якой выкладзены ў кн. «Розум, я і грамадства» (выд. 1934). Распрацаваў канцэпцыю «міжіндывідуальнага ўзаемадзеяння». Паводле М., паводзіны чалавека і станаўленне яго сац. якасцей абумоўлены структурай асобы, яго роляй і ўспрыманнем установак «абагульненага іншага» — усёй супольнасці. Дзейнасць індывіда ўяўляў сабе як сукупнасць сац. роляў, што выяўляюцца пры дапамозе сродкаў-сімвалаў (жэст, мова), міжасобасныя адносіны — як працэс «пераманьвання роляў», капіравання дзеянняў інш.сац. партнёраў, у выніку чаго адбываецца перадача канкрэтнай сацыяльна значнай інфармацыі ад аднаго чалавека да другога, пазнанне індывідам мноства роляў, значэнняў і каштоўнасцей, якімі валодаюць інш. людзі. Ідэі М. атрымалі пашырэнне ў педагогіцы, псіхалогіі, сац. этыцы, сац. фенаменалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст.ПрадстаўнікГродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св. Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.
Літ.:
Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦІ́НСКІ ((Miciński) Тадэвуш) (9.11.1873, г. Лодзь, Польшча — люты? 1918),
польскі пісьменнік; прадстаўнік«Маладой Польшчы». Вывучаў гісторыю ў Кракаве, філасофію ў Лейпцыгу і Берліне. У 1915—18 у Маскве, Петраградзе, на Беларусі. Аўтар зб. вершаў «У цемры зорак» (1902), адметнага арыгінальнасцю паэт. канструкцый, наватарскім спалучэннем сімвалізму з экспрэсіянізмам і сюррэалізмам. У драме «Князь Пацёмкін» (1906) і трагедыі з гісторыі Візантыі 10 ст. «У цемры залатога палаца, ці Васіліса Феафанія» (1909) рэв. узрушэнням проціпастаўляе духоўнае містычнае адраджэнне людзей. У цэнтры рамана «Ксёндз Фауст» (1913) спалучэнне фантастыкі, акультызму, містыкі і еўрап. і польск. рэчаіснасці пач. 20 ст. Аўтар аповесцей, апавяданняў (зб. «Чарнобыльскія дубы», 1911), паэт. трактата «Прывід Валенрода» (1914), публіцыст. твораў. Паўплываў на розныя паэт. школы польск. паэзіі 1-й пал. 20 ст.
Тв.:
Poezje. Kraków, 1980;
Utwory dramatyczne. T. 2—4. Kraków, 1979—84.
Літ.:
Богомолова Н.А. О лирике Тадеуша Мициньского // Studia Polonica. M., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́РМА [Pontormo; сапр.Каручы (Carucci) Якопа; 25.5.1494, Панторме, каля г. Эмпалі, Італія — пахаваны 2.1.1557],
італьянскі жывапісец; прадстаўнікфларэнційскай школы жывапісу. Вучыўся ў М.Альберцінелі і П’ера ды Казіма (1507—12). Зазнаў уплывы Андрэа дэль Сарта, Мікеланджэла і А.Дзюрэра. Раннія работы створаны ў духу Высокага Адраджэння (фрэска «Сустрэча Марыі з Елізаветай» у царкве Сантысіма-Анунцыята ў Фларэнцыі, 1515), з 1520-х г. працаваў у рэчышчы маньерызму. Творы вызначаюцца высокім кампазіцыйным майстэрствам (алегарычныя фрэскі на віле Медычы ў Поджа-а-Каяна, 1520), унутр. напружанасцю і светлавой насычанасцю каларыту (цыкл фрэсак у Чэртозе ды Валь д’Эма, 1522—24; партрэт юнака, каля 1525—26; «Палажэнне ў труну» ў капэле Капоні царквы Санта-Фелічыта ў Фларэнцыі, 1526—28; партрэт жанчыны, каля 1543—45). Эскізам і графічным работам уласцівы выразнасць контуру, гнуткасць і рухавасць ліній («Тры грацыі», каля 1535—36, і інш.).