«ВІ́ЦЫ», Саюз сельскай моладзі Польскай Рэспублікі,

сялянская рэфармісцкая дэмакр. арг-цыя моладзі Польшчы і Зах. Беларусі ў 1928—48. Засн. групай дзеячаў Цэнтр. саюза сельскай моладзі. У Гал. ўправу «Віцаў» ўваходзілі З.​Заленскі, Л.​Лютык, І.​Нецька і інш. У 1929 аб’ядноўваў 22 тыс., у 1938 каля 100 тыс. членаў. Меў моцны ўплыў у каап. руху. З 1931 заняў антыўрадавую пазіцыю. Мясц. арг-цыі «Віцаў» супрацоўнічалі з камсамольскімі арг-цыямі, удзельнічалі ў адзінафрантавых антыфаш. выступленнях 1936—37. У 1948 «Віцы» разам з інш. левымі арг-цыямі моладзі аб’яднаўся ў Саюз польскай моладзі.

У.​А.​Палуян.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТАВЫЯ КНІ́ГІ,

спецыяльныя кнігі ў судах ВКЛ і Польшчы ў 14—18 ст. У ВКЛ афіцыйна ўведзены Статутам ВКЛ 1529. Да сярэдзіны 16 ст. ўсе запісы рабіліся ў адной кнізе паводле часу паступлення спраў у суд. Паводле Статута ВКЛ 1566 зацверджаны земскі і гродскі суды з асобнымі актавымі кнігамі, якія падзяляліся на паточныя (запісваліся скаргі істцоў, пярэчанні адказчыкаў, данясенні судовых чыноўнікаў), запісавыя (запісваліся акты натарыяльнага характару і афіц. дакументы — прывілеі вял. князёў, пастановы соймаў і соймікаў) і дэкрэтавыя (запісваліся судовыя пастановы, працэсуальныя дзеянні суда і бакоў). Трыбуналы, каптуровыя і інш. суды ВКЛ вялі ўласныя актавыя кнігі.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́ЗКА (Іасафат Пятровіч) (1826, Лепельскі р-н Віцебскай вобл. — 30.3.1890),

выдавец, журналіст, удзельнік рэв.-вызв. руху 1860-х г. Скончыў Мінскую гімназію, Пецярбургскі ун-т са ступенню кандыдата права (1849). Працаваў у Мін-ве фінансаў. У Пецярбургу заснаваў друкарню, выдаваў газ. «Słowo» («Слова», 1859, на польск. мове, забаронена ўрадам), перавыдаў зб. стараж. законаў Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны Валюміна легум і інш. З студэнцкіх гадоў прымыкаў да гуртка З.​Серакоўскага, падтрымліваў сувязі з М.​Г.​Чарнышэўскім, з рэв. т-вам «Зямля і воля». У 1863 гал. прадстаўнік варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Пецярбургу. 14.11.1864 арыштаваны і прыгавораны да 20 гадоў катаргі.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́ЛІЦА,

1) тое, што ваколіца.

2) Тып сельскага паселішча ў Польшчы, Літве, на Украіне і Беларусі ў 16 — пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, што не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай (гл. Ваколічная шляхта). На Беларусі найб. пашырана на З. У 2-й пал. 16 ст. ў Гродзенскім пав. існавала 37 аколіц. У канцы, 18 ст. ў Мінскай губ. было 70 аколіц, у сярэдзіне 19 ст. — 149. Складалася з 3—70 двароў. Забудова была бессістэмная. Назвы пераважна па прозвішчах тых радоў, якія іх засялялі (Абуховічы, Кулікі, Эйсманты).

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Зігмунт Іосіфавіч) (па сцэне Антон Забель; 25.6.1892, Масква — 20.3.1988),

бел. акцёр. У 1909—10 удзельнік Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1911 адзін з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Выконваў камедыйныя і характарныя ролі: Пранцішак («Модны шляхцюк» К.​Каганца), Бондар («У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі), Скакунец («Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага) і інш. З 1919 жыў у Польшчы. Аўтар успамінаў пра Буйніцкага і бел. тэатр «Няходжанымі сцежкамі» (1971).

Літ.:

Няфёд У.І. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959. С. 98—101;

Сабалеўскі А.В. [Уступ да артыкула «Няходжанымі сцежкамі»] // Полымя. 1971. № 4.

У.​І.​Няфёд.

З.І.Абрамовіч.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Марыян Станіслаў) (25.3.1871, г. Цвер — 7.1.1925),

удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру «Дзядзька Антон», за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню «Праца». У рэвалюцыю 1905—07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас. рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.

Літ.:

Скалабан В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» // Полымя. 1988. № 2.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭНГЕ́ЙМ (Леан Тэадоравіч) (падпольны псеўданім Ота Немчыц; 1861, Рыга — 1911?),

дзеяч рэвалюцыйнага руху на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Нова-Александрыйскім інстытуце сельскай гаспадаркі (горад Пулавы, Польшча), у 1883 выключаны. Выехаў у Пецярбург, потым у Варшаву, дзе ўступіў у партыю «Пралетарыят», браў удзел у стварэнні яе падпольнай друкарні. Падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі Гродна і Віцебска. У 1883 выехаў на радзіму, аказваў фінансавую і іншую дапамогу беларускім і польскім рэвалюцыянерам. 14.11.1884 арыштаваны ў сваім маёнтку Марыянполь (Віцебская губерня), у ліпені 1885 зняволены на 8 месяцаў у турму. Пасля жыў у Віцебскай губерні пад наглядам паліцыі.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЭНЭ́УМ»

(«Athenaeum»),

часопіс на польск. мове, які ў 1841—51 выдаваў у Вільні пісьменнік Ю.​Крашэўскі. Асвятляў праблемы гісторыі, культуры, грамадска-паліт. жыцця пераважна зямель ВКЛ — Беларусі, Літвы, а таксама Украіны і Польшчы. Найб. грамадскі рэзананс меў у 1842—48, калі змяшчаў матэрыялы супраць феад. парадкаў, за вызваленне сялян ад прыгону і інш. У часопісе дамінавала гіст. тэматыка: арт. Крашэўскага, Я.​Тышкевіча, У.​Сыракомлі, В.​Краеўскага і інш., гіст. дакументы, а таксама краязнаўчыя, этнагр. і фалькл. матэрыялы, маст. творы пераважна мясц. пісьменнікаў (Крашэўскага, Е.​Фялінскай, Сыракомлі Р.​Падбярэскага, Т.​Лады-Заблоцкага, Плуга і інш.), пераклады іншамоўных твораў.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,

газета, неафіцыйны орган т.зв. арганізацыі «беларускіх беспартыйных актывістаў», створанай рэдактарам газеты Я.​Міткевічам. Выдавалася з 22.4 да 2.8.1922 у Гродне на бел. мове. Выходзіла неперыядычна. Арыентавалася на чытачоў-сялян. Праводзіла лінію згодніцтва з уладамі Польшчы, агітавала за супрацоўніцтва з тагачасным паліт. рэжымам. Выступала з нападкамі на «беларускіх дзеячаў», увогуле інтэлігенцыю, якая, на думку рэдакцыі, імкнецца да ўлады, страціла сувязь з вёскай. Выказвалася за адкрыццё бел. прыватных школ, чытальняў, курсаў бел. мовы для дарослых і інш. Інфармавала пра падзеі ў Зах. Беларусі і за мяжой. Існавала за кошт ахвяраванняў. Перастала выходзіць з-за недахопу сродкаў.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕН-ГУРЫЁН (Давід) (16.10.1886, г. Плоньск, Польшча — 1.12.1973),

дзяржаўны дзеяч Ізраіля. Прымкнуў да Сіянісцкага сацыялістычнага руху ў Польшчы. У 1906 эмігрыраваў у Палесціну, дзе быў абраны ў ЦК сіянісцкага рабочага руху Паалей Цыён. У 1916—18 засн. у ЗША арг-цыі Хехалуц і Яўрэйскі легіён. З 1920 чл. Галоўнай рады Сусв. сіянісцкай арг-цыі. У 1921—35 кіраўнік арг-цыі Хістадрут. У 1930—63 лідэр партыі Мапаі. У 1935—48 старшыня прэзідыума Яўр. Агенцтва. У 1948—53, 1955—63 прэм’ер-міністр, міністр абароны Ізраіля. Аўтар публікацый па пытаннях узнікнення дзяржавы Ізраіль і яе адносін з араб. краінамі.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)