машына для зразання і пагрузкі ў транспарт бацвіння коранеклубняплодаў. Магчыма таксама здрабненне бацвіння і збіранне масы ў бункер ці прычэп. Бацвіннеўборачныя машыны бываюць самаходныя і напаўнавясныя, працуюць у комплексе з коранеўборачнымі і бульбаўборачнымі машынамі.
У асн. зоне буракасеяння краін СНД выкарыстоўваюць 6-радковыя (у арашальнай зоне 4-радковыя) бацвіннеўборачныя машыны прадукцыйнасцю 1,3—1,6 га/гадз, якія агрэгатуюцца з колавымі і гусенічнымі трактарамі. У пераўвільготненай зоне буракасеяння выкарыстоўваюцца 6-радковыя самаходныя бацвіннеўборачныя машыны замежных фірмаў (прадукцыйнасць да 1,1 га/гадз). Для ўборкі бацвіння бульбы, кармавых караняплодаў і траў выкарыстоўваюць бацвіннеўборачныя машыны з спец. бункерам для збору здробненай масы (прадукцыйнасць 0,8—1,2 га/гадз, агрэгатуецца з колавымі трактарамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я МАШЫ́НА ПЯХО́ТЫ (БМП),
браніраваная машына мотастралковых войскаў (мотапяхоты) для перамяшчэння асабовага складу і вядзення бою. З’явілася ў 1960-я г. Сучасная БМП — гусенічная (радзей колавая) машына высокай праходнасці, звычайна плаваючая, выкарыстоўваецца для дэсантавання. Аснашчана фільтравентыляцыйнай устаноўкай, прыладамі начнога бачання і інш. Узбраенне: 20—30-ммаўтам. пушка, 1—2 кулямёты, часам процітанк. кіроўныя рэактыўныя снарады. Умяшчае 2—3 чал. экіпажу і 6—9 чал. стралкоў, якія могуць весці агонь праз амбразуры. Скорасць руху: гусенічных 65—75, колавых да 100, па вадзе 6—10 км/гадз. Ёсць на ўзбраенні армій многіх краін: напрыклад, у ФРГ — гусенічная «Мардэр», у ЗША — плаваючая гусенічная М-2 «Брэдлі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА́ТАРЫ (Alligatoridae),
сямейства паўзуноў атр. кракадзілаў. Уключае ўласна алігатараў (Alligator) і кайманаў. Жывуць пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы ў прэсных вадаёмах; выключэнне — кітайскі алігатар (A. sinensis), жыве ў р. Янцзы.
Уласна алігатараў 2 віды: місісіпскі алігатар (A. mississippiensis) даўж. да 5,8 м, водзіцца ў балотах Фларыды (ЗША) і кітайскі алігатар да 2,5 м. Маюць добра развіты мозг, 4-камернае сэрца, перапонку паміж пальцамі пярэдніх ног. Морда шырокая і кароткая. Драпежнікі. Маладыя кормяцца насякомымі і ракападобнымі, дарослыя — рыбай, жабамі, птушкамі, млекакормячымі. У выніку інтэнсіўнага промыслу на скуру і мяса алігатараў іх колькасць вельмі скарацілася. У шэрагу краін створаны буйныя гадавальнікі для штучнага развядзення алігатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́ЗМ,
ідэйна-паліт. плынь і грамадскі рух прадстаўнікоў грамадства, паліт. сіл розных светапоглядаў і ідэалогій, а таксама палітыка дэмакр. урадаў, накіраваная супраць фашызму. Узнік у Еўропе на пач. 1920-х г., каб процідзейнічаць уплыву фаш. арг-цый і партый на паліт. жыццё і дзярж. ўладу. Значнага размаху дасягнуў з устанаўленнем у 1930-я г. адкрытых фашысцкіх дыктатур у Германіі, Італіі, Іспаніі, актывізацыяй фаш. сіл у шэрагу інш.еўрап.краін. У 2-ю сусв. вайну антыфашызм з’явіўся асновай антыгітлераўскай кааліцыі, вызв. барацьбы народаў свету супраць дзяржаў «восі» (Германія, Італія, Японія). Пасля вайны антыфашызм садзейнічаў пераадоленню рэшткаў фашызму ў грамадскім жыцці, нац. аднаўленню і адраджэнню. Захоўвае значэнне як сродак процідзеяння неафашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РКБУНД (ням. Werkbund вытворчы саюз),
аб’яднанне архітэктараў, майстроў дэкар. мастацтва і прамыславікоў у шэрагу краін. Ням. веркбунд засн. ў 1907 у Мюнхене з мэтай рэарганізацыі буд-ва і маст. рамёстваў на сучаснай прамысл. аснове. Яго заснавальнікі — Г.Мутэзіус, Х.К. ван дэ Велдэ; у рабоце бралі ўдзел П.Берэнс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ, Ле Карбюзье і інш. На ўзор ням. веркбунда створаны веркбунды ў Аўстрыі (1910), Швейцарыі (1913) і інш. Ствараючы ўзоры для прамысл. вытв-сці (хатняе начынне, мэбля, тканіны, афармленне аўтамабіляў і г.д.), чл. веркбунда імкнуліся надаць ім зручныя, функцыянальна апраўданыя формы. Буйныя міжнар. выстаўкі спрыялі станаўленню дызайну, паказвалі перавагу архітэктуры еўрап.функцыяналізму. У 1933 веркбунд у Германіі скасаваны фашыстамі, у 1947 адноўлены ў Дзюсельдорфе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.М.Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.С.Пушкін і А.С.Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л.бел.) народаў, друкаваліся працы З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, К.Ф.Калайдовіча, М.П.Пагодзіна, І.М.Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНЫ СТАТУ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны нарматыўны акт, які вызначае задачы вет. службы, асновы арганізацыі вет. мерапрыемстваў. З’яўляецца часткай Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай справе». Зацверджаны ў 1995.
Змяшчае асн. палажэнні па кіраванні вет. справай і арганізацыі вет. абслугоўвання жывёлагадоўлі, рэгламентуе правы і абавязкі службаў і спецыялістаў. У статуце выкладзены вет.-сан. правілы для жывёлагадоўчых фермаў, каранцінныя і інш. абавязковыя меры па ліквідацыі заразных хвароб жывёлы і птушкі, спец. патрабаванні, якія дзейнічаюць пры нарыхтоўках, перагоне, перавозках і забоі жывёлы, і правілы вет.-сан. нагляду за прадуктамі і сыравінай жывёльнага паходжання, меры аховы тэрыторыі рэспублікі ад заносу заразных хвароб жывёлы з замежных краін, парадак імпарту і экспарту жывёлы і прадуктаў жывёлагадоўлі. Гл. таксама Ветэрынарна-санітарны нагляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-асветная ўстанова ў 1855—65, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасці на тэр. Беларусі і Літвы. Створана па ініцыятыве Я.П.Тышкевіча пры Віленскім музеі старажытнасцей. У склад камісіі ўваходзілі Я.П.Тышкевіч (старшыня), М.І.Балінскі (віцэ-старшыня), А.К.Кіркор, І.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.С.Плятар, У.Сыракомля, К.П.Тышкевіч і інш. Збірала матэрыялы па гісторыі краю, вывучала матэр. і духоўную культуру паводле «Праграмы дзеянняў», складзенай Я.П.Тышкевічам. Камісія выпускала «Записки Виленской археологической комиссии», краязн. працы, праводзіла абмен навук. інфармацыяй, кнігамі, наладжвала сустрэчы з навук. арг-цыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і інш.краін. Пасля паўстання 1863—64 паводле загаду ген.-губернатара М.М.Мураўёва яна закрыта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ТРА́НСПАРТУ,
навука, якая вывучае тэр. структуру транспарту, заканамернасці і спецыфічныя асаблівасці яго размяшчэння, ступень трансп. забяспечанасці тэрыторый. Падзяляецца на агульную, галіновую і рэгіянальную геаграфію транспарту. Агульная даследуе гіст. заканамернасці развіцця трансп. сістэм краін і раёнаў, уплыў на транспарт прыродных умоў (рэльеф, клімат, гідраграфія і інш.) і ландшафтных комплексаў, месца транспарту ў эканоміцы, трансп.-эканам. сувязі і грузапатокі, трансп. пункты і вузлы, геагр. праблемы пасаж. транспарту. Галіновая выяўляе спецыфіку тэр. арганізацыі кожнага віду транспарту (аўтамаб., чыг., рачнога, марскога, авіяц., трубаправоднага і інш.). Рэгіянальная вывучае арганізацыю сістэм узаемадзейных відаў транспарту на вызначанай тэр. (кантынент, краіна, адм.-тэр. адзінка і інш.). Выкарыстоўвае метады прасторавага аналізу, матэм. праграмаванне, а таксама параўнальны, картаграфічны і гіст.-геаграфічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫХА́Д (араб.літар. намаганне),
адно з асн. паняццяў у ісламе і адзін з гал.рэліг. абавязкаў мусульман-мужчын. У сярэдневякоўі азначала ўзбр. змаганне з нявернымі (немусульманамі) у імя пашырэння (захавання) мусульм. ўплыву ў свеце («свяшчэнная вайна», або газават ці фатх). Пазней Дж. стаў разглядацца як духоўнае ўдасканаленне ісламскіх вернікаў праз іх пэўныя намаганні (пераадоленне чалавечых слабасцей і шкодных звычак, пакаранне злачынцаў і парушальнікаў маральных нормаў). У гісторыі мусульм.краін ідэя Дж. выкарыстоўвалася для ўзмацнення рэліг. пачуццяў вернікаў (нярэдка ў форме фанатызму) і згуртавання насельніцтва ў час унутр. і знешніх войнаў, у т. л. нац,вызв. паўстанняў. Часам лозунгам Дж. імкнуцца абгрунтаваць свае дзеянні тэрарысты-мусульмане.