ВАЛАВЫ́ АБАРО́Т прамысловага прадпрыемства,

сумарны кошт усіх відаў прадукцыі, вырабленай за справаздачны перыяд. Акрамя валавой прадукцыі ўключае ўнутрызаводскі абарот — вырабы і паўфабрыкаты, выкарыстаныя на вытворчасць гатовай прадукцыі ўнутры прадпрыемства. Афіц. статыстыкай не ўлічваецца. Выкарыстоўваецца на прадпрыемствах для ацэнкі вытв. дзейнасці, а найчасцей пры значных зменах унутр. структуры прадпрыемства — падзеле яго на некалькі самастойных ці аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў у адно.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЛІ́Я (ад а... + грэч. chylos сок),

адсутнасць салянай кіслаты і ферментаў у страўнікавым соку (ахілія страўнікавая) ці ферментаў у панкрэатычным соку (ахілія панкрэатычная). Абумоўлена прыгнечаннем дзейнасці залоз страўніка або недастатковасцю знешняй сакрэцыі падстраўнікавай залозы ў выніку іх першаснага пашкоджання або ўскоснага (пры інш. хваробах) парушэння функцый. Лечаць прэпаратамі падстраўнікавай залозы, ужываннем страўнікавага соку ў час яды, ліквідуюць першапрычыны ахіліі.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЗАМА́С»,

літаратурны гурток у Пецярбургу ў 1815—18. Удзельнікі В.​Жукоўскі, К.​Бацюшкаў, П.​Вяземскі, В.​Пушкін, А.​Пушкін, А.​Тургенеў і інш. «Арзамасцы» былі прыхільнікамі моўнай рэформы М.​Карамзіна (выступалі за набліжэнне паэт. мовы да народнай), імкнуліся да стварэння новых маст. формаў у л-ры, адмаўлялі састарэлыя каноны класіцызму. Выступалі з крытыкай дзейнасці прыхільнікаў «Гуртка аматараў рускага слова».

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ПРАДПРЫЕ́МСТВАЎ МЯСНО́Й І МАЛО́ЧНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ (Белдзіпрамясамалпрам) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1972 як Мінскі філіял Ленінградскага ін-та па праектаванні прадпрыемстваў мясной і малочнай прам-сці. З 1986 — Белдзіпрамясамалпрам. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне новых і рэканструкцыя дзеючых прадпрыемстваў мясной і малочнай прам-сці, распрацоўка схем развіцця прадпрыемстваў галіны і інш.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІШЭГРА́ДСКАЯ ГРУ́ПА»,

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Цэнтр. Еўропы. Утворана ў 1990 па ініцыятыве прэзідэнта Чэхаславакіі В.Гавела. Аформілася ў выніку падпісання 15.2.1991 у г. Вішэград (Венгрыя) кіраўнікамі Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі «Дэкларацыі аб супрацоўніцтве ў імкненні да еўрапейскай інтэграцыі». Уваходзяць 4 дзяржавы: Польшча, Венгрыя, Чэхія і Славакія (да 1993 адзіная Чэхаславакія). Мэта: каардынацыя паліт. і эканам. дзейнасці краін-удзельніц.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ КПСС»,

навукова-палітычны часопіс, орган Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Выдаваўся ў 1957—91 у Маскве на рус. мове. Да 1963 выходзіў 6 разоў на год, пасля штомесяц. Друкаваў успаміны пра У.​І.​Леніна і яго паплечнікаў, асвятляў пытанні гісторыі КПСС і міжнар. камуніст. руху, кіруючай дзейнасці партыі, парт. будаўніцтва і інш.

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУ́ГА,

падзел дзярж. тэрыторыі па адм. ці паліт. прыкметах. 1) Адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30 і 1935—38.

2) Спец. адм.-тэр. адзінка галіновага кіравання (ваен. акруга, навучальная акруга, пагранічная акруга, судовая акруга і інш.).

3) У Зах. Беларусі — раён дзейнасці падп. акруговых к-таў КПЗБ і КСМЗБ.

4) Часовыя тэр. ўтварэнні для правядзення выбарчых кампаній.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІЎРО́З,

інвазійная хвароба коней, аслоў, мулаў, зебраў, якая выклікае парушэнне дзейнасці стрававальнага тракту, пашкоджанне скуры каля кораня хваста (зачос хваста). Узбуджальнік — вастрыца конская, што паразітуе пераважна ў абадочнай кішцы тоўстага кішэчніка. Яйцы развіваюцца ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца праз кармы, ваду, пры аблізванні навакольных прадметаў, забруджаных яйцамі вастрыц. Хварэюць часцей маладыя і старыя коні ў стойлавы перыяд.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУЛІ́Я (ад а... + грэч. bulē воля),

паталагічнае парушэнне псіхічнай рэгуляцыі дзеянняў, слабаволле, нерашучасць. Выяўляецца ў адсутнасці імкнення да дзейнасці, у няздольнасці прыняць рашэнне і ажыццявіць дзеянне, хоць неабходнасць яго ўсведамляецца. Назіраецца пры меланхоліі, іпахондрыі, неўрастэніі, можа быць выклікана таксама барацьбой уяўленняў і пачуццяў, перакананнем у марнасці ўсякага дзеяння. Абулію трэба адрозніваць ад слабаволля як рысы характару (гл. Воля).

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЦЫПЛІ́НА (ад лац. disciplina навучанне, выхаванне),

1) абавязковы парадак паводзін грамадзян, членаў пэўнага калектыву, дзейнасці арг-цый, які адпавядае нормам права і маралі або патрабаванням той ці інш. арг-цыі. У грамадстве існуюць агульнаабавязковыя Д. (дзяржаўная) і спец. Д. (ваен., дагаворная, фін., працоўная дысцыпліна і інш.). Д. канкрэтызуецца адпаведнымі дзярж. актамі, статутамі, правіламі.

2) Галіна навук. ведаў, вучэбны прадмет.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)