вадзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да вады, утвораны з вады. Вадзяная пара. Вадзяны струмень. □ Вясна .. у некалькі дзён змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні. Колас.

2. Які расце, жыве ў вадзе. Вадзяное зелле. Вадзяны павук. □ Вада ў канаве была чорная і па тым, як калышацца на яе паверхні лісце нейкіх вадзяных траў, Андрэй Міхайлавіч пазнаў, што канава мае ўласную плынь. Самуйлёнак.

3. Які прыводзіцца ў рух вадою. Вадзяное кола. Вадзяная турбіна. □ Неўзабаве бліснула пакручастая стужка рачулкі, а потым паказаўся і вадзяны млынок. С. Александровіч.

4. у знач. наз. вадзяны́, ‑ога, м. Уст. Тое, што і вадзянік. У багне, пад лазой, Вадзяны канае, З горкаю слязой Топіцца ў канаве. Пушча.

•••

Вадзяная блыха гл. блыха.

Вадзяное ацяпленне гл. ацяпленне (у 2 знач.).

Вадзяны гадзіннік гл. гадзіннік.

Вадзяныя знакі гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́ць, пару, пораш, пора; незак., каго-што.

1. Калоць, тыкаць чым‑н. вострым. — Капешка саломы на гумне стаяла, дык.. [немцы] шомпаламі яе поруць, партызан шукаюць. Сіняўскі. Каця прыкладам пачала пароць снег, выкапала нейкі каменьчык. Карпюк. // Разбураць, спорваць, зрываць. Пеця расказваў мне, як некалі пароў ён гнёзды на ліпах у былым панскім маёнтку. Мыслівец.

2. Разразаць ніткі, якімі што‑н. зашыта; распорваць, расшываць. Пароць старую адзежыну.

3. Разм. Бадаць. Каровы поруць адна адну.

4. Колючы, тыкаючы чым‑н., прымушаць вылезці адкуль‑н.; выпорваць. Да Толі з Алесем прыходзілі яшчэ Валодзя і Сцёпка, і разам яны паролі тых трусоў з малінніку тычкамі. Брыль. // Выганяць, праганяць. [Антось:] — Калі б мелі свой кавалачак зямлі, то.. — ніхто не пароў бы, з месца не гнаў бы. С. Александровіч.

•••

Глупства пароць — гаварыць, рабіць абы-што.

Пароць гарачку — рабіць што‑н. неабдумана, паспешліва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. Лецячы, прыбыць куды‑н., з’явіцца дзе‑н. Птушкі прыляцелі. Самалёт прыляцеў. □ Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Гляджу на бярозу я кожнае ранне — А мо прыляцелі шпакі? Панчанка. Снарад упаў каля дарогі неспадзявана — прыляцеў аднекуль, і ніхто нават не пачуў. Чыгрынаў. // Данесціся (пра гукі, шум і пад.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. // перан. Хутка дайсці, распаўсюдзіцца. Шырокім шляхам прыляцела ў вёску чутка аб рэвалюцыі. Краўчанка.

2. Разм. Хутка прыбегчы, прыехаць. — Мабыць, прачуў, што млын твой апошнія дні дажывае, вось і прыляцеў ні свет ні зара? Асіпенка. У той жа дзень .. [Дзямід Сыч] раніцой першы прыляцеў на ферму. Паслядовіч. З самага ранку прыляцеў на матацыкле старшыня сельсавета Павел Туравец. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Разм. Есці вадкую страву, прысмоктваючы. [Дзеці], завіхаючыся, сёрбалі, і гэта... [Ганну] цешыла, — раней ёй заўсёды прыходзілася ўгаворваць сына есці, расказваць яму казкі. Гурскі. Уладзік клаў лыжку і хацеў вылазіць з-за стала, але бацька кідаў такі выразны позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку... С. Александровіч.

2. Піць, прысмоктваючы. Віцька, нагінаючыся над сталом, сёрбаў са сподачка чай, раз-пораз шморгаючы кірпатым носам. Асіпенка. Мараканцы ў кафэ гучна сёрбаюць мятны чай і прыцмокваюць з вялікім задавальненнем. В. Вольскі.

3. Піць невялікімі глыткамі час ад часу. Хросны не піў, а патроху сёрбаў з конаўкі саматужную гарэліцу. Асіпенка.

4. Утвараць у час яды характэрныя гукі сёрбання. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі. Тацянка ўмее трымаць кубачак і не сёрбае так, як Марынка. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

султа́н 1, ‑а, м.

У некаторых мусульманскіх краінах Усходу — спадчынны тытул манархаў. // Асоба, якая носіць гэты тытул. Потым, у дванаццатым стагоддзі, султан Абд-эль Мумін, першы султан з дынастыі Альмахадаў, заснаваў у гэтай мясцовасці ўмацаваны вайсковы лагер. В. Вольскі.

[Тур. sultan ад араб.]

султа́н 2, ‑а, м.

1. Упрыгожанне з пёраў ці конскіх валасоў на галаўных уборах, пераважна ў ваенных, а таксама на галовах коней пры ўрачыстых цырымоніях. [Станіслаў Юрага] быў апрануты ў сіні шынель з бліскучымі эпалетамі, на галаве ківер з султанам. С. Александровіч. // перан. Слуп, струмень пары, дыму і пад., які ўзнімаецца ўгору. Пералятаючы лінію фронту, [Сцяпанаў] зірнуў налева. Прыкмеціў над нямецкімі акопамі бурыя султаны разрываў снарадаў. Алешка. Полымя набрала сілу зноў, і дым чорнымі грывастымі султанамі ўзнімаўся высока ўгору і толькі там расплываўся. Савіцкі.

2. Суквецце многіх злакаў у выглядзе мяцёлкі. Султаны кукурузы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упле́сці, упляту, упляцеш, упляце; упляцём, уплецяце, уплятуць; пр. уплёў, упляла, ‑ло; заг. упляці; зак., каго-што.

1. Заплятаючы, уставіць, увіць што‑н. у што‑н. Уплесці стужкі ў косы. □ Юля яшчэ раз паўтарыла сама сабе слова ў слова, што павінна яна перадаць камандзіру атрада.. Больш падрабязны план, кудою будуць наступаць карнікі і колькі іх, дзядзька Падабед напісаў на паперку і хацеў уплесці ў косы. Сачанка. / у перан. ужыв. Дзе-нідзе сярод лістоты ўжо восень упляла першыя залатыя каснікі. Даніленка. // перан. Уключыць, уставіць што‑н. у што‑н. Уплесці ў рыфму слова — Няма страшнейшых мук. А. Александровіч.

2. перан. Разм. Уцягнуць, умяшаць у якую‑н. непрыемную справу.

3. Зрасходаваць, патраціць на пляценне чаго‑н. Усе лыкі ўплёў на лапці.

4. Разм. З’есці хутка, з апетытам. Згаладалыя, мы як бач уплялі ўсё сваё снеданне. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усё-такі і (разм.) усё-ткі, злучн. і часціца.

1. злучн. супраціўны (звычайна ў спалучэнні са злучн. «а», «але», «і»). Тым не менш, аднак, нягледзячы на што‑н. Ад гульні падлога наша не гудзе, А ўсё-такі слава на ўвесь край ідзе. Бялевіч. [Сцяпан:] — Эх, колькі я сваімі нагамі папамераў зямлі! І ўсё-такі люблю сваю работу. Скрыган. Нямала я пражыў, а ўсё-ткі Такой не бачыў я паводкі. А. Александровіч.

2. часціца. Ужываецца пры выказванні пярэчання, проціпастаўлення папярэдняму або ўзмацняе значэнне таго, што выказана. [Шарадода:] «Трэба будзе ўсё-такі купіць яму [Аліку] матор». Кулакоўскі. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды, адчуваў сябе нават шчаслівым: як-ніяк усё-ткі едзе, набліжаецца! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яць, ‑я, м.

Назва літары «ѣ» у царкоўнаславянскім і дарэвалюцыйным рускім алфавіце, што абазначала гук, які пазней у беларускай мове супаў з «е». Шыльды з цьмянымі залачонымі надпісамі, часамі яшчэ з цвёрдымі знакамі і яцямі, старанна абвяшчалі, што за аднымі дзвярыма знаходзіцца майстэрня гадзіннікаў, за другімі — бакалея. Скрыган. Думаеце, сапраўдная грамата такая лёгкая. Не, ты спачатку папацей, патлумі сабе галаву, каб у яе ўвайшло, дзе трэба «яць» паставіць, дзе «фіту». Навуменка.

•••

На яць хто-што — вельмі добры, выдатны па сваіх якасцях. [Васіда:] — Вось, прашу! Дакуменцікі на яць! Лепш, чым сапраўдныя... С. Александровіч.

На яць (рабіць, зрабіць што‑н.) — вельмі добра, беззаганна, як патрабуецца. — Ну як жа, хлопцы, рэйд? Усё ў парадку, Міхась? — апошнім запытаннем звяртаецца.. [дзядзька Мірон] да свайго брыгадзіра. — На яць! А то што ж бы мы за гаспадары з табою былі? Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́гал, ‑гла, м.

1. Месца, дзе сутыкаюцца два бакі аднаго прадмета; рог. Вугал стала, дома. □ Хлопец сядзіць на прызбе Максімавай хаты, каля вугла, сочыць за паплаўком і час ад часу азіраецца. Брыль. // Рог на перакрыжаванні дзвюх вуліц. Шырокі двор на вуглу.. вуліцы ажывае. Чорны.

2. Тое, што і кут (у 1 знач.). У вуглу ад вуліцы стаяў меншы столік, на якім у беспарадку валяліся.. цацкі. Даніленка.

3. Тое, што і кут (у 3 знач.); прытулак. Вось хата, цёплы родны вугал, А на стале пахучы хлеб. Хведаровіч.

4. Спец. Частка плоскасці паміж дзвюма прамымі лініямі, якія выходзяць з аднаго пункта. Прамы, востры, тупы вугал. Вяршыня вугла.

•••

Нямецкі вугал — гладкі, без выступаў вугал (хаты). Калісьці.. [хата] мела даволі самавіты выгляд: складзена на нямецкі вугал, чатыры акны з аканіцамі. С. Александровіч.

Згладзіць вострыя вуглы гл. згладзіць.

З-за вугла (напасці, ударыць і пад.) — спадцішка, без папярэджання, вераломна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вучы́ць, вучу, вучыш, вучыць; незак.

1. каго. Перадаваць каму‑н. веды, навыкі, звычкі. Вучыць дзяцей чытаць і пісаць. Вучыць сына плаваць. Вучыць гаспадарыць. □ Саўка вучыць Фільку закідваць блешню. Жычка. // без дап. Быць настаўнікам, працаваць у школе.

2. што. Вывучаць, засвойваць, запамінаць. Вучыць урок. Вучыць верш на памяць. □ [Дзядзька Антось:] — Нясі, Косцік, кнігу, будзем вучыць літары. С. Александровіч.

3. каго. Навучаць, настаўляць; выхоўваць. Вучыць шанаваць старэйшых. □ — Не чапайся ты з імі, няхай іх, — вучыла Зося свайго хлопца. Брыль. [Вінке:] — Вучы ты дзяцей так, каб яны ўжо з маленства ненавідзелі вайну і тых, хто яе жадае. Шамякін. // Разм. Караць, біць. [Кароль:] — Знаць, табе не змагла маці розуму даць, Мала бацька вучыў пугаўём. Танк.

4. каго. Даваць адукацыю, магчымасць набыць прафесію. Вучыць сыноў у інстытуце.

5. з дадан. сказам. Абгрунтоўваць, развіваць якую‑н. тэорыю, думку, погляд і пад. Марксізм-ленінізм вучыць, што свядомасць чалавека ёсць прадукт яго грамадскага жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)