ТЭЛЕБА́ЧАННЕ (ад тэле...+ бачанне),

перадача на адлегласць відарысаў рухомых і нерухомых аб’ектаў з дапамогай эл. сігналаў, якія распаўсюджваюцца па каналах сувязі; галіна навукі, тэхнікі і культуры, звязаная з перадачай на адлегласць бачнай інфармацыі. Аб’ядноўвае сістэмы тэлевізійнага вяшчання і сістэмы прыкладнога прызначэння (гл. Падводнае тэлебачанне, Прыкладное тэлебачанне). Сістэмы Т. бываюць чорна-белыя (манахромныя) і каляровыя (гл. Каляровае тэлебачанне), мона- і стэрэаскапічныя (гл. Стэрэаскапічнае тэлебачанне), з мона- і стэрэафанічным гукавым суправаджэннем, аналагавыя і лічбавыя (гл. Лічбавае тэлебачанне), наземныя, кабельныя і спадарожнікавыя. Для абмену тэлепраграмамі створаны сістэмы Еўрабачання і Інтэрбачання.

Ідэя перадачы аптычнага відарыса аб’екта ўзнікла ў канцы 19 ст. Зыходны відарыс падзяляецца на асобныя элементы, прасторавае размеркаванне якіх з дапамогай тэлевізійнай разгорткі (мех. ці электроннай) пераўтвараецца ў часавае, а светлавыя сігналы — у электрычныя (відэасігнал). Паслядоўную перадачу элементаў відарыса мех. спосабам на практыцы ажыццяўлялася з дапамогай дыска з адтулінамі, размешчанымі па спіралі (дыск Ніпкава). Б.Л.Розінг прапанаваў выкарыстоўваць электронна-прамянёвую трубку для ўзнаўлення відарыса і ў 1911 ажыццявіў тэлевізійную перадачу у лабараторных умовах. Паводле электроннай схемы Т. аналіз відарыса праводзіцца ў тэлевізійных перадавальных камерах, у апаратнай тэлевізійнага цэнтра з відэасігналу фарміруецца поўны тэлевізійны сігнал (ці лічбавы сігнал) і перадаецца на тэлевізійны цэнтр. Прыняты тэлевізарам радыёсігнал пераўтвараецца на экране (кінескопа, праекцыйным. плазменным, вадкакрышталічным і інш.) у аптычны відарыс. які з-за інерцыйнасці зроку ўспрымаецца гледачом злітным (неперарывістым). Практычнае ўкараненне Т. пачалося ў 1925 з чорна-белых перадач у Вялікабрытаніі і ЗША, у СССР — з 1931 па мех. і з 1938 па электроннай схеме.

На Беларусі тэлевізійнае вяшчанне развіваецца з 1955 (першая перадача 1956). Уключае больш за 80 перадавальных станцый (1994), прыёмныя станцыі спадарожнікавай сувязі, сетку радыёрэлейных ліній і вядзецца на 98% тэрыторыі. З 1991 развіваюцца таксама недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі Т.

Літ.:

Телевизионная техника // Бытовая радиоэлектронная техника: Энцикл. справ. Мн., 1995.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 16, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАГУКАВА́Я АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка матэрыялаў, вырабаў або рэчываў уздзеяннем ультрагуку (звычайна з частатой 15—50 кГц). Выконваецца з дапамогай электраакустычных (пераважна магнітастрыкцыйных і п’езаэл.) выпраменьвальнікаў (гл. Электраакустычныя пераўтваральнікі), апаратаў у выглядзе свісткоў і сірэн.

У.а. цвёрдых матэрыялаў уключае ультрагукавую зварку металаў, пластмас і сінт. тканін; абразіўна-імпульсную апрацоўку крохкіх матэрыялаў; У.а. металаў ціскам (штампоўка, валачэнне, прасаванне, коўка і інш.); размерную апрацоўку дэталей на ультрагукавых станках; луджэнне і пайку металаў; рэзанне металаў, керамікі, шкла і інш.; ачыстку дэталей і матэрыялаў, зняцце задзірын і інш. У.а. выкарыстоўваюць таксама для дыспергавання цвёрдых парашкападобных матэрыялаў, эмульгавання вадкасцей, якія не змешваюцца, атрымання аэразоляў, полімерызацыі (або дэструкцыі) высокамалекулярных злучэнняў, дэгазацыі расплаваў металаў і інш. вадкасцей, для экстрагавання, хемасорбцыі, дыфузіі, разбурэння біял. аб’ектаў (напр., мікраарганізмаў). У.а. падвяргаюць сыпкія, порыстыя і інш. матэрыялы пры іх сушцы, розныя газы пры ачыстцы ад цвёрдых часцінак і аэразоляў. У.а. часта выкарыстоўваецца ў спалучэнні з інш. відамі апрацоўкі для паскарэння або актывізацыі многіх тэхнал. працэсаў (хім. або электрахім. траўлення і асаджэння матэрыялаў, насычэння порыста-капілярных матэрыялаў і інш.). Гл. таксама Электрахімічная апрацоўка.

Літ.:

Вероман В.Ю., Аренков А.Б. Ультразвуковая обработка материалов Л., 1971;

Ультразвуковая технология. М., 1974;

Попилов Л.Я. Электрофизическая и электрохимическая обработка материалов: Справ. 2 изд. М., 1982;

Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Прокатка и волочение с ультразвуком. Мн., 1970;

Іх жа. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;

Клубович В.В., Тявловский М.Д., Ланин В.Л. Ультразвуковая пайка в радио- и приборостроении. Мн., 1985;

Прохоренко П.П., Пугачев С.И., Семенова Н.Т. Ультразвуковая металлизация материалов. Мн., 1987.

У.​У.​Клубовіч, А.​В.​Сцепаненка.

Ультрагукавая апрацоўка: а — схема атрымання адтулін (1 — дэталь. у якой робіцца адтуліна; 2 — інструмент; 3 — зерні абразіву; 4 — хвалявод; 5 — пераўтваральнік; 6 — процівага); б — схема ультрагукавога паяльніка (1 — наканечнік; 2 — магнітастрыкцыйны выпрамяняльнік; 3 — абмотка. злучаная з ультрагукавым генератарам; 4 — абмотка для награвання наканечніка; 5 — прыпой; 6 — месца пайкі).

т. 16, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ МАДЭ́ЛІ,

мадэлі эканам. аб’ектаў, працэсаў, пры апісанні якіх выкарыстоўваецца матэматычнае мадэліраванне.

Гістарычна першая такая мадэль — эканам. табліца Ф.Кенэ з абгрунтаваннем працэсаў стварэння, узнаўлення і пераразмеркавання грамадскага даходу (1758). Першую агульную мадэль эканомікі для знаходжання максімальна магчымага тэмпу эканам. росту і адпаведных гэтаму росту прапорцый і цэн сканструяваў Дж.Нейман (1937). У СССР вопыт Э.-м.м. выкарыстоўваўся для планавання і прагназіравання ўсіх звёнаў і ўзроўняў эканомікі.

Адрозніваюць дэскрыптыўныя і аптымізацыйныя Э.-м.м. Дэскрыптыўныя растлумачваюць пэўныя эканам. з’явы і працэсы, напр., мадэлі эканам. росту, канкурэнтнай эканам. раўнавагі. Да іх адносяць і прагнозныя мадэлі для розных частак эканомікі, якія грунтуюцца на матэм. статыстыцы, у прыватнасці карэляцыйны аналіз. Аптымізацыйныя, аптымальныя мадэлі — сістэмы ўраўненняў, роўнасцей і няроўнасцей, якія акрамя абмежаванняў (умоў) уключаюць і асобага роду ўраўненне (функцыянал, або крытэрый аптымальнасці). З дапамогай такога крытэрыя знаходзяць найлепшае рашэнне па якім-н. паказчыку, напр., мінімум затрат на матэрыялы пры зададзеным аб’ёме прадукцыі, або максімум прадукцыі (ці прыбытку) пры зададзеных абмежаваннях па рэсурсах і г.д. Аптымізацыйныя мадэлі звычайна адносяць да тыпу мадэлей лінейнага праграмавання. Э.-м.м., у якіх апісваецца момантавы стан аб’екта, наз. статыстычнымі, а тыя, што паказваюць развіццё аб’екта — дынамічнымі. Вылучаюць таксама аналітычныя мадэлі (у выглядзе формул функцыянальнай залежнасці розных паказчыкаў), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у форме табліц), сеткавыя (у форме сеткавых графікаў). Прынята падзяляць Э.-м.м. на 2 групы: мадэлі, якія адлюстроўваюць пераважна вытв. аспекты эканомікі і мадэлі, якія адлюстроўваюць сац. аспекты эканомікі.

Літ.:

Немчиков В.С. Экономико-математические методы и модели. 2 изд. М., 1963;

Канторович Л.В., Горстко А.Б. Оптимальные решения в экономике. М., 1972;

Иванилов Ю.П., Лотов А.В. Математические модели в экономике. М., 1979;

Вилкас Э.И., Майминас Е.З. Решения: теория, информация, моделирования. М., 1981.

М.​І.​Холад.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бо́мба

(іт. bomba)

1) адзін з асноўных відаў авіяцыйных боепрыпасаў, забяспечаны выбуховым рэчывам, запальным саставам, ядзерным або тэрмаядзерным зарадам;

2) марскі боепрыпас для знішчэння падводных лодак, якарных і донных мінаў, іншых падводных аб’ектаў;

3) устарэлая назва артылерыйскага асколачна-фугаснага снарада масай больш за 16 кг;

4) асколачны снарад для стральбы з бамбамётаў у першую сусветную вайну;

5) саматужны снарад, зроблены для дыверсійных і тэрарыстычных мэт.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ФІЗІЧНАЯ ОПТЫКА

Найбольшае развіццё на Беларусі атрымалі такія раздзелы фізічнай оптыкі, як крышталяоптыка, распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях, галаграфія.

Крышталяоптыка развіваецца з 1950-х г. у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі і БДУ. На аснове каварыянтнага бескаардынатнага метаду Ф.​І.​Фёдаравым створана тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль у празрыстых і паглынальных крышталях, прадказаны бакавы зрух светлавога пучка пры поўным адбіцці (зрух Фёдарава). Ф.​І.​Фёдаравым разам з супрацоўнікамі пабудавана паслядоўная тэорыя аптычна актыўных асяроддзяў (Б.​В.​Бокуць, А.​М.​Сердзюкоў); дадзена класіфікацыя паглынальных крышталёў, даследаваны паверхні рэфракцыі і абсорбцыі, пабудавана тэорыя аптычных хваляводаў (А.​М.​Ганчарэнка); абагульнены закон адбіцця і пераламлення незвычайных прамянёў у крышталях (В.​В.​Філіпаў); распрацаваны аператарны метад апісання аптычных палёў у складаных асяроддзях (Л.​М.​Баркоўскі), тэорыя хваль у магнітных крышталях (Л.​М.​Тамільчык), малекулярная тэорыя поўнага адбіцця святла і выяўлена сувязь кагерэнтнасці з энтрапіяй выпрамянення (Б.​А.​Соцкі); выяўлены новы тып неаднародных хваль у крышталях (М.​С.​Пятроў). Распрацаваны палярызацыйна-аптычны метад даследавання цячэння вязкіх асяроддзяў пры дэфармацыі (Б.​Б.​Бойка), асновы электрааптычнага кіравання светлавымі пучкамі (М.​А.​Гусак і інш.). Даследавана структура лазернага выпрамянення ў розных асяроддзях (А.​П.​Хапалюк). Тэорыя распаўсюджвання эл.-магн. хваль абагульнена на пругкія хвалі ў крышталях (Ф.​І.​Фёдараў); вызначаны асаблівыя напрамкі распаўсюджвання папярочных хваль у крышталях і акустычныя восі, асаблівасці канічнай рэфракцыі, на аснове чаго дадзена класіфікацыя крышталёў паводле акустычных уласцівасцей (Ф.​І.​Фёдараў, А.​Р.​Хаткевіч). Адкрыты адзін з тыпаў сінхранізму, эфектыўны для пераўтварэння частаты светлавых хваль у нелінейных крышталях (Б.​В.​Бокуць, А.​Р.​Хаткевіч). Прапанаваны вектарны сінхранізм аптымальнага пераўтварэння пучкоў святла, распрацаваны і рэалізаваны высокаэфектыўныя метады і ўстройствы нелінейнага аптычнага і акустааптычнага пераўтварэння частаты лазернага выпрамянення (М.​С.​Казак і інш.). Адкрыта магчымасць бездыфракцыйнага распаўсюджвання і факусіроўкі святла ў гіратропных крышталях (А.​М.​Ганчарэнка і інш.). Даследаваны асаблівасці распаўсюджвання і пераўтварэння частаты беселевых пучкоў (У.​М.​Белы, М.​С.​Казак і інш.).

Распаўсюджванне святла ў дысперсных асяроддзях. Даследаванні ў гэтым кірунку пачаты ў 1950-я г. працамі Б.​І.​Сцяпанава разам з А.​П.​Прышывалкам і Ю.​І.​Чакалінскай па спектраскапіі дысперсных асяроддзяў і распрацоўкамі М.​А.​Барысевіча разам з вучнямі па стварэнні дысперсійных святлафільтраў. З 1959 пад кіраўніцтвам А.​П.​Іванова вядуцца даследаванні распаўсюджвання святла ў розных рассейвальных аб’ектах: атмасферы, водных асяроддзях, фатаграфічных матэрыялах, люмінесцыруючых экранах, біялагічных тканках і інш. Развіта тэорыя і распрацаваны метады лабараторнага мадэліравання прыродных працэсаў, павышэння далёкасці і якасці бачання ў замутненай атмасферы і акіянскіх водах, апрацоўкі спадарожнікавых спектральных відарысаў наземных аб’ектаў, вызначэння мікраструктурных характарыстык асяроддзяў і аб’ектаў, лазернага зандзіравання атмасферы і гідрасферы. У Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі створана серыя празрыстамераў, пры дапамозе якіх выкананы даследаванні забруджанасці вод шэрагу акваторый мораў і акіянаў, а таксама азёр Беларусі; у рамках праграм Дзяржкамгідрамета СССР была арганізавана сетка лідарных лазерных станцый кантролю за забруджанасцю паветра ў розных рэгіёнах СССР; у наш час у каардынацыі з Еўрапейскай лідарнай сеткай вядзецца лазерны маніторынг аэразолю ў атмасферы. Створаныя ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі і НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ спектрометры выкарыстоўваліся на сав. касмічных апаратах. Рэспубліканскі навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя праводзіць рэгіянальны маніторынг і картаграфаванне для вырашэння праблем экалогіі і рэсурснага аналізу. Вырашаны шэраг важных задач па тэорыі ўзнікнення і распаўсюджвання інфрачырвонага выпрамянення ў ракетных струменях (Ін-т фізікі Нац. АН Беларусі) і радыяцыйнага цеплаабмену (Ін-т цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі). Навук. вынікі бел. вучоных у галіне рассеяння і пераносу выпрамянення прыведзены ў больш як 20 манаграфіях і адзначаны 2 Дзярж. прэміямі СССР (М.​А.​Барысевіч, В.​Р.​Верашчагін; Б.​І.​Бяляеў, Л.​І.​Кісялеўскі, А.​А.​Каляда, В.​В.​Равінскі, А.​Ф.​Чарняўскі) і Дзярж. прэміяй Беларусі (А.​П.​Іваноў, А.​А.​Кавалёў, У.​Я.​Плюта, А.​П.​Чайкоўскі).

Галаграфія. Даследаванні на Беларусі вядуцца з канца 1960-х г. У Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі закладзены асновы дынамічнай галаграфіі і оптыкі фазавага спалучэння. Адкрыта з’ява абарачэння хвалевага фронту лазернага выпрамянення пры чатыроххвалевых узаемадзеяннях (Я.​В.​Івакін, А.​С.​Рубанаў, Б.​І.​Сцяпанаў); вывучаны ўласцівасці дынамічных галаграм у рэзанансных асяроддзях і на іх аснове распрацаваны метады пераўтварэння прасторава-часавай структуры лазерных пучкоў; развіты метады выкарыстання дынамічнай галаграфіі ў адаптыўнай оптыцы, сістэмах апрацоўкі інфармацыі, лазернай тэхніцы, спектраскапіі (П.​А.​Апанасевіч, А.​А.​Афанасьеў, Я.​В.​Івакін, У.​В.​Кабанаў, А.​М.​Лазарук, І.​П.​Пятровіч, А.​С.​Рубанаў, А.​Л.​Тоўсцік, А.​В.​Чалей). За цыкл работ у гэтым кірунку П.​А.​Апанасевічу, Я.​В.​Івакіну, А.​С.​Рубанаву, Б.​І.​Сцяпанаву прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1982. Распрацаваныя метады святлоіндуцыраваных дынамічных рашотак (Я.​В.​Івакін, А.​С.​Рубанаў) выкарыстоўваюцца для вымярэння фіз. уласцівасцей матэрыялаў. У галіне статыстычнай галаграфіі распрацаваны метады даследавання дэфармацый і вібрацый розных аб’ектаў і рэльефу паверхняў, створаны сістэмы аптычнай памяці і кадзіравання інфармацыі (А.​А.​Кавалёў, У.​А.​Піліповіч, Л.​В.​Танін, Б.​М.​Цюшкевіч; Ін-т электронікі Нац. АН Беларусі), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (М.​А.​Вількоцкі, А.​С.​Ключнікаў, П.​Дз.​Кухарчык; НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ). Наладжана серыйная вытворчасць мастацкіх і ідэнтыфікавальных адбівальных галаграм (Л.​В.​Танін). У наш час даследаванні і распрацоўкі вядуцца ў ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, БДУ, навукова-вытворчай фірме «Галаграфічная індустрыя».

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Гончаренко А.М., Карпенко В.А. Основы теории оптических волноводов Мн., 1983;

Барковский Л.М., Фурс А.Н. Операторные методы описания оптических полей в сложных средах. Мн., 2003;

Бельский А.М., Корнейчук Т.М., Хапалюк А.П. Пространственная структура лазерного излучения. Мн., 1982;

Белый В.Н., Казак Н.С., Хило Н.А. Преобразование частоты бесселевых световых пучков нелинейными кристаллами // Квантовая электроника. 2000. Т. 30, №9;

Борисевич Н.А., Верещагин В.Г., Валидов Н.А. Инфракрасные фильтры. Мн., 1971;

Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Яго ж. Физические основы гидрооптики. Мн., 1975;

Иванов А.П., Предко К.Г. Оптика люминесцентного экрана. Мн., 1984;

Пришивалко А.П., Бабенко В.А., Кузьмин В.Н. Рассеяние и поглощение света неоднородными и анизотропными частицами. Мн., 1984;

Степанов Б.И., Ивакин Е.В., Рубанов А.С. О регистрации плоских и объемных динамических голограмм в просветляющих веществах // Докл. АН СССР. 1971. Т. 196, №3;

Рубанов А.С. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;

Толстик А.Л. Многоволновые взаимодействия в растворах сложных органических соединений. Мн., 2002.

П.​А.​Апанасевіч, А.​П.​Іваноў, А.​Р.​Хаткевіч.

т. 18, кн. 2, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁФІЗІКА І ЭЛЕКТРОНІКА

На Беларусі гэтыя навукі развіваюцца з часу адкрыцця ў 1922 у БДУ фіз.-матэм. аддзялення. Выкананы работы ў галіне ўзмацнення і дэтэктыравання эл.-магн. ваганняў дэцыметровага дыяпазону (І.​Р.​Некрашэвіч, Я.​Е.​Сіроцін, Я.​В.​Сняткоў). Праведзены даследаванні па актуальных праблемах статыст. радыёфізікі, квантавай радыёфізікі, гідраакустыкі, вакуумнай і цвердацельнай электронікі (Л.​В.​Валадзько, У.​В.​Ізох, А.​Н.​Сеўчанка). Распрацаваны галаграфічныя метады ў радыё- і інфрачырв. дыяпазонах хваль (П.​Дз.​Кухарчык). Створаны сістэмы маніторынгу атмасферы і касм. аб’ектаў (М.​І.​Дзямчук, І.​А.​Малевіч). Развіты матэм. метады рашэння задач дыфракцыі на некалькіх целах (Я.​А.​Іваноў), метады тэарэм складання і тэорыя ўсярэдненых гранічных умоў у краявых задачах электрадынамікі (В.​Ц.​Ерафеенка), метады разліку калейдаскапічных структур (А.​С.​Рудніцкі).

У НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ распрацаваны метады і апаратура вылучэння і пераўтварэння інфармацыі ў хуткацякучым фіз. эксперыменце (У.​У.​Апанасовіч, П.​Дз.​Кухарчык, А.​Ф.​Чарняўскі), метады высокадакладнай дыстанцыйнай дыягностыкі стану прыродных і штучных аб’ектаў (Б.​І.​Бяляеў, Л.​І.​Кісялеўскі). Вядуцца работы па стварэнні звышмагутных чаранкоўскіх генератараў сантыметровага дыяпазону (В.​К.​Ганчароў, А.​Ф.​Чарняўскі).

У НДІ ядзерных праблем БДУ створаны новы тып шырокадыяпазонных лазераў на свабодных электронах з аб’ёмнай размеркаванай зваротнай сувяззю (У.​Р.​Барышэўскі, К.​Г.​Батракоў, І.​Д.​Феранчук), развіта строгая тэорыя электрадынамічных сістэм са стратамі (Р.​Я.​Сляпян), створаны асновы нелінейнай электрадынамікі кіральных карбонавых нанатрубак (С.​А.​Максіменка, Р.​Я.​Сляпян).

У Інстытуце электронікі Нацыянальнай АН Беларусі праведзены фундаментальныя даследаванні фотарэфрактыўных і вадкіх крышталёў для аптычных сістэм апрацоўкі інфармацыі (А.​А.​Кавалёў, У.​А.​Піліповіч); распрацаваны метады і сродкі для высокаскарасной апрацоўкі вял. масіваў інфармацыі з выкарыстаннем шматканальных фотаэл. пераўтваральнікаў (А.​К.​Есман, У.​А.​Піліповіч), фотапрыёмнікі для валаконна-аптычных ліній сувязі ў дыяпазоне даўжынь хваль 1300—1550 нм з хуткадзеяннем 2 ГГц (Ю.​С.​Емяльяненка, С.​А.​Малышаў), вымяральны тэрмапераўтваральнік (А.​М.​Гавядзінаў, І.​Л.​Грыгарышын).

У Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай АН Беларусі выкананы даследаванні ў галіне фізікі тонкіх плёнак з мэтай выкарыстання іх у вырабах мікраэлектронікі (Л.​І.​Гурскі, В.​П.​Севярдэнка).

У Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацаваны тэорыя і метады канструявання ЗВЧ устройстваў на палоскавых хваляводах (С.​І.​Кавалёў), цвердацельных генератараў і памнажальнікаў (В.​У.​Мураўёў, В.​Я.​Савельеў), вакуумных генератараў ЗВЧ са знешняй дадатковай зваротнай сувяззю (М.​І.​Мінаеў). Развіта рэлятывісцкая нелінейная самаўзгодненая тэорыя ўзбуджэння адвольна-нерэгулярных электрадынамічных сістэм магутнымі электроннымі патокамі, праведзена аптымізацыя магутных электронных прылад ЗВЧ, а таксама прадказаны і даследаваны шэраг эфектаў і механізм выпрамянення рэлятывісцкіх электронных патокаў, якія даюць магчымасць стварыць новыя тыпы прылад з унікальнымі характарыстыкамі (А.​А.​Кураеў). Распрацаваны прынцыпы пабудовы ўзмацняльных устройстваў з вял. дынамічным дыяпазонам (Б.​М.​Багдановіч). Даследавана нелінейнае дынамічнае пераўтварэнне выпадковых працэсаў; на гэтай аснове распрацавана тэорыя прыёму сігналаў на фоне перашкод з выкарыстаннем нелінейнай фільтрацыі (В.​А.​Чардынцаў). Прапанаваны і абгрунтаваны прынцыпы пабудовы разнесеных радыёлакацыйных сістэм (В.​Я.​Авяр’янаў). Распрацаваны строгія метады рашэння задач дыфракцыі ў некаардынатных абласцях (А.​В.​Машынскі), высокаэфектыўныя нізкатэмпературныя тэхнал. працэсы мікраэлектронікі (А.​П.​Дастанка); новыя функцыянальныя элементы радыёфіз. устройстваў на аб’ёмных і паверхневых акустычных хвалях (В.​М.​Дашанкоў, М.​М.​Чыркін); валаконна-аптычныя сістэмы сувязі з характарыстыкамі, лепшымі, чым у замежных аналагаў (Я.​В.​Алішаў).

Літ.:

Высокочастотные методы и системы цифровой обработки информации. Мн., 1996;

Демчук М.И., Иванов М.А. Статистический одноквантовый метод в оптико-физическом эксперименте. Мн., 1981;

Пилипович В.А., Есман А.К., Поседько В.С. Многоэлементные фотоприемники в преобразователях перемещений. Мн., 1991;

Пилипович В.А., Есман А.К., Визнер А.А. Фотоэлектрические преобразователи в системах оптической обработки информации. Мн., 1990;

Богданович Б.М. Радиоприемные устройства с большим динамическим диапазоном. М., 1984;

Аверьянов В.Я. Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978;

Ковалев И.С. Теория и расчет полосковых волноводов. Мн., 1967;

Яго ж. Основы теории и расчета устройств СВЧ. Мн., 1972;

Минаев М.И. Генераторы СВЧ с внешней дополнительной обратной связью. Мн., 1984;

Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ: методы анализа и оптимизации параметров. М., 1986;

Аксенчик А.В., Кураев А.А. Мощные приборы СВЧ с дискретным взаимодействием. Мн., 2003;

Иванов Е.А. Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;

Аполлонский С.М., Ерофеенко В.Т. Эквивалентные граничные условия в электродинамике. СПб., 1999;

Ильинский А.С., Слепян Г.Я. Колебания и волны в электродинамических системах с потерями. М., 1983.

А.​А.​Кураеў.

т. 18, кн. 2, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІ́МІЯ (ад геа... + хімія),

навука аб хім. саставе Зямлі, пашырэнні, размеркаванні і міграцыі хім. элементаў і іх ізатопаў у геасферах; частка касмахіміі. Даследуе колькасць і размеркаванне хім. элементаў і іх ізатопаў у мінералах, горных пародах, рудах, прыродных водах і газах, жывых арганізмах, зямной кары, мантыі і Зямлі цалкам, касм. аб’ектах, а таксама геахімічныя працэсы.

Падзяляецца на агульную геахімію, бія-, гідра-, газа- (атма-), літа-, радыегеахімію, геахімію ландшафтаў, глеб, магматычных, асадкавых, гідратэрмальных, гіперагенных працэсаў, асобных хім. элементаў, ізатопаў, арганічную, рэгіянальную, аналітычную, геахімію тэхнагенезу і інш. Цесна звязана з мінералогіяй, крышталяхіміяй, петралогіяй, геалогіяй карысных выкапняў, тэктонікай, геафізікай і інш. Геахім. даследаванні шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, рашэнні практычных задач сельскай гаспадаркі і рацыянальнага прыродакарыстання, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Звесткі пра хім. склад прыродных аб’ектаў назапашваліся да канца 19 ст. дзякуючы працам Л.​Элі дэ Бамона (Францыя), Г.​Бішафа (Германія), Р.​Бойля (Вялікабрытанія), І.​Я.​Берцэліуса (Швецыя) і інш. Ролю геахім. працэсаў у геалогіі падкрэслівалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.​І.​Мендзялееў, В.​М.​Севяргін, А.​Гумбальт. Тэрмін «геахімія» ўвёў у 1838 ням. вучоны К.​Ф.​Шонбайн. У 1889 амер. вучоны Ф.​Кларк вылічыў сярэднія колькасці элементаў у зямной кары, якія атрымалі назву кларкі. Як навука геахімія аформілася ў 1-й пал. 20 ст. Яе заснавальнікі: У.І.Вярнадскі, В.М.Гольдшміт, А.Я.Ферсман. Вял. ўклад у развіццё геахіміі зрабілі А.​П.​Вінаградаў, А.​А.​Саўкаў, В.​У.​Кавальскі (Расія), К.​Ранкама, Т.​Сахама (Японія) і інш.

На Беларусі геахім. даследаванні арганізаваны ў 1953 К.​І.​Лукашовым у БДУ, з 1957 у АН Беларусі. Сучасныя цэнтры даследаванняў — Ін-т геал. навук Нац. АН (К.І. і В.​К.​Лукашовы, У.​А.​Кузняцоў, В.​М.​Шчарбіна, А.С. і А.​А.​Махначы, Г.​В.​Багамолаў, А.​В.​Кудзельскі, А.​М.​Пап, І.​В.​Найдзянкоў), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (Т.​Н.​Кулакоўская, С.​Н.​Іваноў), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (В.​Б.​Кадацкі і інш.), БДУ (І.​С.​Лупіновіч, Я.​П.​Пятраеў) і інш. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінер.-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́ЛУБКА,

часовая форма для ўкладкі бетоннай сумесі і арматуры пры вырабе бетонных і жалезабетонных маналітных канструкцый. Робіцца з дрэва, металу, фанеры, жалезабетону, пластмасаў і інш. матэрыялаў. Бывае разборна-перастаўная, аб’ёмна-блочная, слізгальнарухомая і інш. Выбар тыпу апалубкі вызначаецца характарам канструкцый (збудаванняў), геам. памерамі, тэхналогіяй выканання работ, кліматычнымі ўмовамі.

Найб. пашырана разборна-перастаўная апалубка — дробнашчытавая (са шчытоў масай да 70 кг), буйнашчытавая (да 500 кг) і блочная (са шчытоў, злучаных у прасторавыя блокі, часам з рабочай арматурай). Выкарыстоўваецца пры заліўцы фундаментаў, сцен, вырабе пакрыццяў і перакрыццяў, калон, бэлек і інш. Пры адмоўнай т-ры шчыты ўцяпляюць ці падаграваюць. Аб’ёмна-блочная апалубка — прасторавая канструкцыя са стальных шчытоў, каркаса, мацаванняў і прыстасаванняў для адрыву шчытоў ад бетону. Мантаж і дэмантаж блок-формаў вядуць падымальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для бетанавання канструкцый, якія стаяць асобна. Слізгальна-рухомая апалубка ствараецца пры буд-ве высокіх аб’ектаў (элеватараў, рэзервуараў, вежаў і інш.). Робіцца са шчытоў, якія падымаюцца з дапамогай дамкратаў па паверхні збудаванняў, што бетануюцца. Ёсць таксама пад’ёмна-перастаўная апалубка — са шчытоў, крапежных і пад’ёмных прыстасаванняў (для буд-ва вежаў, градзірняў і інш. высокіх збудаванняў); гарызантальна перасоўная — са шчытоў і каркаса на цялежках ці палазах (для узвядзення скляпенняў-абалонак, калектараў, падпорных сценак і інш.); няздымная — пліты, абалонкі, метал. сеткі і інш., якія пасля бетанавання канструкцыі (напр., плаціны) застаюцца ў ёй як састаўная частка; горная апалубка — перасоўная, створкавая, секцыйная і інш., выкарыстоўваецца для мацавання горных выпрацовак; стацыянарная металічная апалубка — пры вырабе жалезабетонных канструкцый на з-дзе ці палігоне. Найб. эфектыўная апалубка шматразовага выкарыстання (інвентарная), збіраецца з уніфікаваных элементаў і ўзбуйненых блокаў. Каб паверхня канструкцыі была гладкая, апалубку змазваюць ці пакрываюць пастай. Работы, звязаныя з вырабам, устаноўкай і разборкай апалубкі, наз. апалубнымі работамі.

Апалубка: а — разборна-перастаўная; б — гарызантальна перасоўная (1 — шчыт; 2 — падтрымнае прыстасаванне; 3 — цялежка; 4 — каток).
Слізгальная апалубка (фрагмент): 1 — дамкратны стрыжань; 2 — гідраўлічны дамкрат; 3 — дамкратная рама; 4 — рабочы насціл; 5 — каркас рабочага насцілу; 6 — шчыт апалубкі; 7 — унутраныя падвесныя рыштаванні; 8 — вонкавыя падвесныя рыштаванні; 9 — казырок па вонкавым перыметры апалубкі.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМІТА́ЦЫЯ (ад лац. imitatio перайманне),

1) падробка чаго-н. пад што-н. (каштоўных парод дрэва, камянёў, мармуру і інш.); рэч, выкананая з матэрыялу-заменніка.

2) Перайманне, прыпадабненне каму-н., чаму-н., дакладнае ўзнаўленне. Выкарыстоўваецца ў тэатры, кіно, цырку і інш. для стварэння ілюзіі рэальнасці: І. гукаў, рухаў і стану персанажаў, прыродных з’яў (вецер, навальніца, пажар) якога-н. асяроддзя (гл. Дэкарацыя), прадметаў, якімі карыстаюцца ў спектаклях замест сапраўдных (гл. Бутафорыя).

3) У выяўленчым мастацтве — перадача аб’ектаў прыроды; таму некат. яго віды (жывапіс, скульптура) наз. імітацыйнымі мастацтвамі. І. таксама называюць наследаванне творам, выкананым інш. майстрамі. У эпоху Адраджэння эцюды і наследаванне рабоце майстра («studio»), перадача прыроды («ingenio») былі асновай навучання жывапісу. У шырокім сэнсе І. — копія, падробка подпісу, паціны, кракелюру і інш. на творах мастацтва.

4) У музыцы — пачарговае правядзенне ў розных галасах адной і той жа меладычнай пабудовы. Голас, які першы выкладае гэту пабудову, наз. пачатковым або прапостай (італьян. proposta прапанова), тыя, што яе паўтараюць, — імітуючымі або рыспостамі (італьян. risposta адказ). Колькасць галасоў, што імітуюць асн. мелодыю, можа быць рознай (звычайна ад 2 да 5). І. магчыма ў любы інтэрвал зверху або знізу, бывае дакладная і недакладная. Трапляюцца І. з асобымі тэматычнымі суадносінамі прапосты і рыспосты — правядзенні пач. меладычнай пабудовы ў абярненні, памяншэнні, павелічэнні, у ракаходным руху і інш.

І. — адзін з найстараж. элементаў шматгалосся; вядома ў фальклоры многіх народаў свету. Як прыём фактурнага выкладання была пашырана ў еўрап. прафес. музыцы 13 ст. Высокага развіцця дасягнула ў нідэрл. майстроў 15—16 ст. У 17—1-й пал. 18 ст. — аснова т. зв. імітацыйных форм — канона, рычэркара і найвышэйшай з іх — фугі. На Беларусі ўзоры І. трапляюцца ў кантах. Як адзін са спосабаў распрацоўкі тэматычнага матэрыялу вядомы ў творах бел. кампазітараў М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, Дз.​Смольскага, Я.​Цікоцкага і інш.

Літ.:

Турышаў А. Аб некаторых поліфанічных прыёмах у творах беларускіх кампазітараў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.

А.​А.​Друкт (музыка).

т. 7, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАВАРО́Т ВАДЫ́ на Зямлі, бесперапынны замкнёны працэс цыркуляцыі вады ў атмасферы, гідрасферы і зямной кары; частка кругавароту рэчываў на Зямлі. Разам з цеплаабаротам і агульнай цыркуляцыяй атмасферы — адзін з асн. кліматаўтваральных фактараў. Адбываецца пад уплывам сонечнай радыяцыі і дзеяннем сілы цяжару. Складваецца з выпарэння вады з паверхні водных аб’ектаў, глебы, расліннага покрыва, пераносу яе паветр. плынямі з месца выпарэння, кандэнсацыі пары і выпадзення атм. ападкаў, перамяшчэння вады па схілах і рэчышчах часовых вадацёкаў (паверхневы сцёк), а пасля інфільтрацыі — у тоўшчы глеб і грунтоў (падземны сцёк). Асн. маса вады выпараецца з паверхні Сусв. акіяна і на яго ж выпадае, а частка пераносіцца паветр. плынямі на сушу. К.в. бывае малы (толькі над акіянамі — акіянічны ці толькі над мацерыком — мацерыковы) і вялікі (уключае акіян і сушу). Колькаснае выяўленне К.в. — водны баланс Зямлі. Некаторыя элементы К.в. могуць мяняцца пад уплывам дзейнасці чалавека. Напр., утварэнне вадасховішчаў і арашэнне павялічвае выпарэнне, асушэнне балот і азёр памяншае яго, адбор падземных вод на водакарыстанне павялічвае паверхневы сцёк і гэтым паскарае К.в.; забруджванне атмасферы паскарае раставанне снегу вясной, наяўнасць ядраў кандэнсацыі садзейнічае выпадзенню ападкаў, каналізацыя рэк паскарае сцёк. Аказваюць уплыў штучнае папаўненне запасаў падземных вод, эрозія глеб і проціэразійныя мерапрыемствы, інтэнсіфікацыя с.-г. дзейнасці і інш.

Тэр. Беларусі ахоплена працэсамі вялікага К.в., якія ўвасабляюцца ў выпарэнні вады ў трапічных і субтрапічных шыротах Атлантычнага ак., зах. пераносе вільгаці на мацярык, кандэнсацыі і выпадзенні ападкаў і наступных этапах цыклічнага руху вады. Адначасова адбываюцца працэсы малога К.в. — частку ападкаў складае вільгаць, перанесеная з акіяна і тая, што ўжо выпадала ў Зах. Еўропе. Магчымы працэсы ўнутрырэгіянальнага выпарэння ападкаў на З Беларусі, пераносу іх у выглядзе вадзяной пары і выпадзення на У рэспублікі. На тэр. Беларусі выпадае прыкладна 146 км³ ападкаў, каля 112 км³ выпараецца, 34 км³ прыпадае на рачны сцёк.

Схема кругавароту вады на Зямлі: 1 — выпарэнне з паверхні акіяна; 2 — выпадзенне ападкаў на паверхню акіяна; 3 — выпадзенне ападкаў на паверхню сушы; 4 — выпарэнне з паверхні сушы; 5 — паверхневы і падземны сцёк у рэкі; 6 — рачны сцёк у акіян; 7 — падземны сцёк у акіян або бяссцёкавую вобласць.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)