светлавая лакацыя структуры і саставу асяроддзя на аснове імпульсных лазераў. Характарызуецца высокай прасторавай і часавай раздзяляльнай здольнасцю, экспрэснасцю, бескантактнасцю, магчымасцю атрымання звестак з вял. прасторы.
Заснавана на рассеянні імпульснага лазернага выпрамянення ў паветры ці вадзе і залежнасці ўласцівасцей рассеянага святла ад саставу і інш. характарыстык рассейвальнага асяроддзя (гл.Рассеянне святла). Пры Л.з. вымяраюць інтэнсіўнасць і спектральны састаў рассеянага святла, яго дэпалярызацыю і доплераўскі зрух частаты (гл.Доплера эфект), спазняльнасць адносна моманту, у які лазерны імпульс накіроўваецца ў асяроддзе. Гэта дае магчымасць вызначыць у атмасферы канцэнтрацыю розных газаў і аэразолей, сярэдні памер часцінак, іх дысперснасць і форму, іншы раз і хім. састаў, т-ру паветра, скорасць ветру; для вады — канцэнтрацыю арган. і неарган. завісі, стан воднай паверхні, яе т-ру і інш.; па часе запазнення вызначаюць адлегласць да месца, з якога прыйшло рассеянае святло. Прылады для Л.з. наз.лідарамі. Л.з. дае магчымасць кантраляваць забруджванне атмасферы, «азонныя дзіры» і інш.
На Беларусі работы па Л.з. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Ін-це фізікі Нац.АН (у 1966 тут праведзена першае ў СССР Л.з. атмасферы і вады).
Літ.:
Лазерный контроль атмосферы: Пер. с англ.М., 1979;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.А. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985;
Иванов В.И., Малевич И.Л., Чайковский А.П. Многофункциональные лидарные системы. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНСЕРЭ́) расійскія мастакі; бацька і сын.
Яўген Аляксандравіч (24.8.1848, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 4.4.1886), скульптар. У 1867 і 1876 вывучаў маст. ліццё ў Парыжы. Майстар дробнай, пераважна жанравай скульптуры, анімаліст. Сярод твораў: «Тройка» (1868), «Сакалінае паляванне» (1872), «Запарожац пасля бітвы» (1873), «Кіргізскі касяк адпачывае» (1880), «Арабская конная гульня» (1884), «Святаслаў» (1886). Яўген Яўгенавіч (4.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 13.9.1946), графік і жывапісец. Акад. жывапісу (з 1912). Засл. дз. маст. Грузіі (1933). Нар. мастак Расіі (1945). Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у Пецярбургу (1892—95), у акадэміях Каларосі і Жуліяна ў Парыжы (1895—98). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Выкладаў у Тбіліскай АМ (1922—34), Маскоўскім арх. ін-це, Усерасійскай АМ у Ленінградзе (1934—38). Зазнаў уплывы А.Бенуа і К.Сомава. Творчасць вызначаецца імкненнем да жыццёвай пераканаўчасці, канкрэтнасці ў перадачы гіст. эпохі, цікаўнасцю да нар. жыцця. Выконваў сатыр. малюнкі для часопісаў «Жупел», «Адская почта», «Зритель» (1905—08), ілюстраваў творы Л.Талстога, М.Лермантава і інш. Аўтар станковых работ «Нікольсхі рынак у Пецярбургу» (1901), «Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле» (1905), «Караблі часоў Пятра I» (1911), серыі «Трафеі рускай зброі» (1942), манум. размалёвак у будынках Казанскага вакзала (1933—34, 1945—46) і гасцініцы «Масква» (1937) у Маскве. Афармляў спектаклі ў Малым т-ры ў Маскве. Дзярж прэмія СССР 1943.
Літ.:
Подобедова О.И. Е.Е.Лансере. М., 1961.
Я.Я.Лансерэ. Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле. 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТГА́ЛЕ (Latgale),
Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс.н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяпер г.Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.
2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх. часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.
Літ.:
Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;
Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;
Данько Л.Ф. История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎШУ́К (Сцяпан Сцяпанавіч) (н. 28.7.1944, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н., праф. (1998). Скончыў БДУ (1967). Настаўнічаў. З 1973 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (з 1998 нам. дырэктара). Даследуе заканамернасці развіцця бел. драматургіі 19—20 ст., яе вытокі, перыядызацыю, своеасаблівасць творчых пошукаў, жанравыя асаблівасці, навукова-эстэт. панараму развіцця, прыроду драм. канфлікту і яго эстэт. асаблівасці ў драме, камедыі і трагедыі: кнігі «Сучасная беларуская драматургія», «З думай пра сучасніка» (абедзве 1977), «Першы народны артыст БССР» (1982), «Высокія арбіты грамадзянскасці», «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х г.)» (абедзве 1984), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989). Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове), «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82), «На парозе 90-х» (1993), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 2—4, 1994—95), «Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» у 4 т. (т. 1, 1999) і інш. Складальнік выданняў «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), збораў твораў У.Галубка (1983), А.Макаёнка (т. 1—5, 1987—90), К.Крапівы (у 6 т., т. 1—2, 1997), фотаальбома «Кандрат Крапіва» (1989), зб. «Цудоўная дудка» (1997) і інш.
Тв.:
Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВІТА́Н (Ісак Ільіч) (30.8.1860, г. Кібартай, Літва — 4.8.1900),
расійскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—85) у А.Саўрасава і В.Паленава, з 1898 выкладаў у гэтым вучылішчы. З 1884 экспанент, з 1891 чл.Т-ва перасоўных выставак (гл.Перасоўнікі). З 1897 чл.маст. аб’яднання і «Мюнхенскі Сецэсіён». Зазнаў уплыў мастакоў барбізонскай школы. Жыў пераважна ў Маскве. Працаваў у Крыме, на Волзе, у Фінляндыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі. Майстар камернага, лірычнага пейзажа, т. зв. пейзажа настрою. Імкнуўся да раскрыцця найтанчэйшых станаў прыроды, цэласнасці эмацыянальнага вобраза. У 1880-я г. ствараў кампазіцыі з дакладна пабудаванымі прасторавымі планамі, звязанымі ўраўнаважаным колеравым ладам («Вечар. Залаты Плёс», «Пасля дажджу», абодва 1889). Пазней перадача канкрэтных ландшафтаў змянілася ўвасабленнем тыловых рыс, характару рус. прыроды («Вячэрні звон», «Каля віру», абодва 1892). Святлонасычанасць, празрыстасць чыстых колераў, унутр. дынаміка некаторых работ блізікія да стылістыкі імпрэсіянізму («Бярозавы гай», 1885—89; «Сакавік», 1895). У вял. кампазіцыях гэтыя якасці з’яўляюцца сродкам дасягнення мажорнай звонкасці колеру, якая спалучаецца з устойлівай вызначанасцю форм («Свежы вецер. Волга», 1891—95; «Залатая восень», 1895). Творчасць 1890-х г. развівалася ў рэчышчы агульных стылістычных пошукаў рус. мастацтва; вызначалася імкненнем да абагульненасці пісьма, плоскасна-дэкар., вострасілуэтнага вырашэння кампазіцыі, некаторай драматызацыі пейзажнага матыву («Над вечным спакоем», 1894; «Змярканне Стагі», 1899; «Летні вечар», 1900). Скончыў жыццё самагубствам.
Літ.:
И.И.Левитан: Письма. Документы. Воспоминания. М., 1956;
Федоров-Давыдов А.А. И.И.Левитан: Жизнь и творчество. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СІНГ ((Lessing) Готхальд Эфраім) (22.1.1729, г. Каменц, Германія — 15.2.1781),
нямецкі пісьменнік і тэарэтык мастацтва, філосаф; адзін з заснавальнікаў ням. класічнай літаратуры. Магістр вольных навук (1751). Чл.-кар. Берлінскай АН (з 1760). Вучыўся ў Лейпцыгскім (1746—48) і Вітэнбергскім (1748) ун-тах. Адзін з арганізатараў Гамбургскага нац. тэатра (1767—68). Дэбютаваў п’есамі «Малады вучоны» (1747), «Вальнадумец» (1749), а таксама анакрэантычнымі вершамі (зб. «Дробязі», 1751). У «Пісьмах пра найноўшую літаратуру» (1759—65) выступіў за нац. самавызначэнне л-ры, у трактаце «Лаакоан, ці Пра межы жывапісу і паэзіі» (1766) выклаў прынцыпы рэаліст. мастацтва, у кн. «Гамбургская драматургія» (т. 1—2, 1767—68) залажыў тэарэт. асновы драмы. У барацьбе з класіцызмам стварыў першую ў ням. л-ры «мяшчанскую» драму «Міс Сара Сампсан» (1755) і камедыю з нац. характарамі «Міна фон Барнхельм» (1767), у якой рысы камізму пераплятаюцца з чуллівасцю і сцвярджэннем высокага грамадз. бюргерскага ідэалу. Вяршыня драматургіі Л. — трагедыя «Эмілія Галоці» (1772), адзначаная глыбокім псіхалагізмам і вастрынёй сац. канфліктаў, пафасам тыранаборства, абароны годнасці і свабоды асобы. У філас. драме «Натан Мудры» (1779) выступіў супраць рэліг. фанатызму, за роўнасць людзей усіх канфесій. У філасофіі Л. — адзін з пачынальнікаў матэрыяліст. традыцыі. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Папковіч.
Тв.:
Рус.пер. — Драмы. Басни в прозе. М., 1972;
Избранное. М., 1980.
Літ.:
Стадников Г.В. Лессинг: Лит. критика и худож. творчество. М.; Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
раздзел мовазнаўства, які вывучае тэрытарыяльнае распаўсюджанне моўных з’яў. Вылучылася з дыялекталогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цесна звязана з арэальнай лінгвістыкай. Вытокі бел. Л.г. ў працах па ўсх.-слав. дыялекталогіі — «Нарыс рускай дыялекталогіі» А.І.Сабалеўскага (1892) і інш. Упершыню абгрунтаваў падзел бел. гаворак на 2 гал. часткі — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. — і вызначыў іх тэр. межы Я.Ф.Карскі («Агляд гукаў і форм беларускай мовы», 1885). Вял. значэнне ў станаўленні Л.г. мелі працы П.А.Бузука, які шырока карыстаўся метадамі арэальнай лінгвістыкі («Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», 1928, і інш.), праводзіў рэканструкцыю стараж. форм на аснове сучаснага распаўсюджання моўных з’яў. Якасна новы этап у развіцці Л.г. звязаны з інтэнсіўнай працай над складаннем дыялекталагічных атласаўбел., рус. і ўкр. моў, значнае месца сярод іх належыць «Дыялекталагічнаму атласу беларускай мовы». У ім акрэсліваюцца арэалы моўных з’яў, уласцівых агульнанац. бел. мове, а таксама дыялектных рыс, агульных для бел., рус. і ўкр. моў. Комплекс пытанняў, звязаных з групоўкай бел. гаворак, праблемамі гіст. дыялекталогіі і моўных кантактаў, асвятляецца ў працы (на базе атласа) «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968, карты ізаглос 1969). Слоўнікаваму складу гаворак Беларусі прысвечаны спец. «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97).
Літ.:
Эдельман Д.И. Основные вопросы лингвистической географии. М., 1968;
Ареальные исследования в языкознании и этнографии: (Язык и этнос). Л., 1983;
Крывіцкі А.А. Што такое лінгвагеаграфія. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКІЯ ДЫВІ́ЗІІ,
вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—20. Першая Л.-б. д. фарміравалася на тэр. Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губ. з добраахвотнікаў палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Складалася з 3 стралк. брыгад і палка ўланаў. Дывізія і палкі мелі толькі свае геагр. назвы без агульнай нумарацыі. Дзейнічала на бел.-літ. фронце польскіх войск. У лютым 1919 заняла Беласток, у крас. правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліп.—жн. дзейнічала супраць войск 16-й арміі Зах. фронту, наступала на Мір і Стоўбцы, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Л.-б. д., якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. У ліп. 1920 у час наступлення Чырв. Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы вер. 1920 пасля адступлення Чырв. Арміі камандзірам 1-й Л.-б. д. прызначаны ген. Л.Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Л.-б. д. 8.10.1920 паводле загаду Ю.Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды перадачы Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т.зв. «бунт» 1-й Л.-б. д. 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Л.-б. д. стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХА́НАЎ (Альберт Анатолевіч) (н. 13.9. 1935, г. Кіраў, Расія),
расійскі пісьменнік. Акад.Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Чл.-кар.Рас. акадэміі адукацыі (1990). Скончыў Уральскі ун-т (Свярдлоўск, 1958). Да 1988 працаваў у друку (у 1975—88 гал. рэдактар час. «Смена»), 3 1988 дырэктар НДІ дзяцінства Рас. акадэміі адукацыі. Друкуецца з 1961. Першая кн. «Няхай будзе сонца!» (1963) — гіст. аповесць пра мастака М.Э.Андрыёлі. У зб-ках аповесцей і апавяданняў для юнацтва «Юрка Гагарын — цёзка касманаўта» (1966), «Зоркі ў верасні» (1967), «Музыка» (1971), трылогіі «Сямейныя абставіны» (1967—73; аднайм. фільм 1977), аповесцях «Галгофа» (1979), «Кікімара» (1983), раманах «Мой генерал» (1975; аднайм. фільм 1979), «Мужчынская школа» (1995) і інш. паглыблены аналіз пачуццяў і перажыванняў юных герояў, своеасаблівы дыялог пакаленняў. У кнігах публіцыстыкі «Канспект лёсу» (1976), «Поры жыцця» (1978), «Сэнс існага» (1985), «Цяжар маладосці» (1989), «Пісьмы ў абарону дзяцінства» (1997) і інш. роздум над праблемамі выхавання моладзі. Па творах Л. пастаўлены таксама фільмы «Добрыя намеры», «Карусель на кірмашовай плошчы», «Апошнія халады», «Каманда 33», «Вышэйшая мера». З 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Асобныя апавяданні Л. на бел. мову пераклаў Я.Курто. Дзярж. прэмія Расіі імя Крупскай 1980, міжнар. прэміі імя М.Горкага (1983) і Я.Корчака (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ШТВАў архітэктуры,
накладная, часам фігурная планка вакол аконнага ці дзвярнога праёма. У драўляным дойлідстве — адзін з элементаў аздаблення знадворнай часткі жылля і грамадскіх пабудоў. Найб. пашыраная форма Л. — прамавугольная з трохвугольным, лучковым або складанай канфігурацыі завяршэннем. Асн. сродкі аздобы: краявая і скразная разьба геам., расл. ці зааморфнага характару, прафіляваныя накладныя элементы, паліхромная афарбоўка.
На Беларусі Л. адметныя шматслойнай ажурнай разьбой расл. характару, шматпланавасцю кампазіцый завяршэнняў. Разьбяныя Л. вядомы з 11 ст. (фрагмент знойдзены пры раскопках Полацка). Па-мастацку дэкарыраваныя Л. рабілі пераважна ў гарадах і мястэчках. У 2-й пал. 19 ст. разнастайны дэкор Л. паявіўся і ў сял. жыллёвым буд-ве. Упрыгожаныя разьбой і пафарбаваныя Л. выкарыстоўваюць у сучасным нар. жыллёвым буд-ве. На Міншчыне, Гродзеншчыне, 3 Віцебшчыны пашыраны Л. з гладкімі прафіляванымі фігурна выпілаванымі з адной дошкі завяршэннямі, з дэкорам геам., зааморфнага ці расл. характару. У цэнтр. Палессі (Пінскі, Столінскі р-ны) завяршэнні аздабляюцца шматслойнымі прафіляванымі планкамі, точанымі элементамі. Разнастайнасцю і багаццем дэкору вызначаюцца Л. на У Гомельшчыны (гл.Веткаўская разьба). Іл.гл. таксама ў арт.Дэкор.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973. С. 61—70;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Яго ж. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество. Мн., 1991. С. 174—195.
Я.М.Сахута.
Ліштва жылога дома ў вёсцы Гусараўка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 1950-я г.