ПУБЛІЦЫ́СТЫКА (ням. Publizistik ад лац. publicus грамадскі),

від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам грамадскага жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзярж., грамадскага і гасп. кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сац.-пед., прапагандысцкія, інфарм. функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-паліт. л-ры найб. пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая П. прасякнута кампанентамі маст. творчасці. Асн. якасці П.: тэарэт. абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, паліт. вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць (гл. Публіцыстычны стыль). Асн. жанры П.: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу маст. і публіцыстычных форм паявіліся маст.-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет. На стыку навук. л-ры і П. ўзніклі навук.-папулярныя жанры, якія вызначаюцца выразнай публіцыстычнасцю.

Элементы П. ёсць у летапісах ВКЛ 15—16 ст. Публіцыстычная паводле свайго характару палемічная літаратура канца 16—1-й пал. 17 ст. Узор бел. публіцыстычнага слова — газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскага, першая легальная газета на бел. мове «Наша ніва». Публіцыстычнымі з’яўляюцца асобныя творы Ф.​Багушэвіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, Цёткі, нарысы Я.​Лучыны. П. заняла значнае месца ў творчасці М.​Багдановіча. У 1920-я г. з публіцыстычнымі творамі выступалі Ц.​Гартны, М.​Зарэцкі, Я.​Скрыган, М.​Чарот. У гады Вял. Айч. вайны са старонак розных выданняў звярталіся да народа Я.​Купала, Я.​Колас, К.​Чорны, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш. Публіцыстычныя па сваёй скіраванасці кнігі А.​Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.​Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар», створаныя на матэрыяле ўспамінаў жыхароў Беларусі пра Вял. Айч. вайну. Найб. ўклад у развіццё бел. П. пасляваен. часу зрабілі пісьменнікі Брыль, В.​Быкаў, І.​Дуброўскі, М.​Лынькоў, В.​Палтаран, Я.​Сіпакоў, М.​Танк, І.​Чыгрынаў, І.​Шамякін. У сучаснай П. працуюць Н.​Гілевіч, У.​Глушакоў, Л.​Екель, А.​Казловіч, Л.​Левановіч, У.​Ліпскі, С.​Шаўцоў, М.​Шыманскі, Л.​Юнчык, В.​Якавенка і інш. Трывалае месца заняла П. ў дакументальным кіно, на тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Літ.:

Прохоров Е.П. Искусство публицистики. М., 1984;

Цікоцкі М.Я. Стылістыка публіцыстычных жанраў. Мн., 1971;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Яго ж. Основы публицистики: Жанры. Мн., 1990;

Публицисты. Мн., 2000.

Б.​В.​Стральцоў.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДАПАДЗЕ́Л,

вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.​І.​Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.​У.​Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.​В.​Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Г.​В.​Лосік.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Варжа ’драўляны садок для захавання жывой рыбы’. Запазычанне з літ. várža ’верша; плецены або драўляны садок’. Гл. Лаўманэ, Лекс. балтызмы, 17 (там і геаграфія бел. слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ламі́-галава́ ’гарэза, вісус’ (Нас.) можна разглядаць як кантамінацыю рус. сорви‑голова і бел. ламаць (хрыбет, шыю і інш.). Параўн. таксама чэш. lomikost, каш. lam̓ignat ’асілак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́дач ’гультай’ (Сцяшк.). Як і ўкр. лёдач, а таксама ўкр. ледай, ледака, ледацюга) утвораны ледаякі (параўн. ст.-бел. ледаякий) пры дапамозе экспрэсіўных суфіксаў. Да леда (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ломаць ’адламаны кавалак’, ’луста хлеба’ (Бяльк., Сцяшк., ТС; в.-дзв., Шатал.). Рус.-бел. ізалекса. Параўн. рус. ломо́ть. Да лама́ць (гл.). Суфікс ‑otь, як у лапоть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лэш ’хлусня, нагавор’ (маладз., Янк. Мат.; ваўк., Сл. ПЗБ). Паланізм (або скарэкціраванае паводле польск. łeż ’тс’ усх.-слав. ⁺лъжь). Гл. Арашонкава (Бел.-польск. ізал., 7–12).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́лія ’пярэдадне свята, пост перад святам’ (Нас.), ст.-бел. вилия, вилея ’тс’ (1539 г.). Запазычана з польск. wilia < wigilia ’тс’ < лац. vigilia ’начная імша’ (Мацэнаўэр, 368).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вінгор ’рыба ўгорыч, Anguilla anguilla L.’ (Дразд.). Узнікла шляхам кантамінацыі бел. вугор і польск. węgorz, пры якой ‑ę‑ > ‑e‑, якое на палескай тэрыторыі перайшло ў ‑і‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дабру́ткі ’зусім добры (цэлы)’ (Сцяц.). Такая суфіксацыя як быццам не характэрна для бел. мовы. Таму можна лічыць, што гэта запазычанне з польск. dobrutki (утварэнне ад dobry).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)