сярэдняе за перыяд значэнне імгненнай магутнасці пераменнага току. Вызначаецца
, дзе T — перыяд, p — імгненная магутнасць. Характарызуе скорасць пераўтварэння электрамагн. энергіі ў інш. віды энергіі (цеплавую, светлавую, мех.і г.д.). Для эл. ланцуга аднафазнага (сінусаідальнага) току
, для трохфазнага пры сіметрычнай нагрузцы
, дзе U, I — дзейныя значэнні напружання і току адпаведна, φ — вугал зруху фаз паміж U і I, cos φ — каэфіцыент магутнасці. З поўнай магутнасцю S актыўная магутнасць звязана суадносінамі
. Адзінка вымярэння актыўнай магутнасці — ват (вт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя адной або некалькіх пераменных, якая адпавядае ўмове: пры адначасовым множанні ўсіх пераменных на адзін і той жа адвольны лік значэнне функцыі памнажаецца на некаторую ступень гэтага ліку.
Напр.,
, дзе n — паказчык аднароднасці, або вымярэння аднароднай функцыі. Сустракаюцца ў геам. формулах. Калі
, дзе a, b, ..., 1 — даўжыні адрэзкаў, вымераных адным адвольным маштабам, то правая частка выразу павінна быць аднароднай функцыяй (вымярэнне 1, 2 або 3 у залежнасці ад таго, што вызначае x — даўжыню, плошчу або аб’ём).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫЯ (італьянскае aria),
сольная вакальная кампазіцыя з інструментальным суправаджэннем у оперы, араторыі, кантаце, з сярэдзіны 19 стагоддзя і ў аперэце; радзей самастойны твор. Часам арыяй называюць інструментальную п’есу пявучага характару. Тэрмін вядомы з 15 стагоддзя. Да сярэдзіны 17 стагоддзя акрэсліліся характэрныя для італьянскай опернай Арыі тыпы мелодыкі (бельканта, каларатура), форма, віды, вызначылася драматургічная функцыя арыі як лірычнага цэнтра. Найбольшай жанравай разнастайнасці дасягнула ў сярэдзіне 19 стагоддзя. У сувязі з імкненнем да драматургічнай цэласнасці оперы з канца 19 стагоддзя арыя траціць вядучае значэнне, часам ператвараецца ў сцэну ці маналог. Разнавіднасці арыі — арыета, арыёза, каваціна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫК (ад грэч. attikos атычны),
сценка над карнізам, якая завяршае будынак і мае дэкар.значэнне. Часам адпавядае невысокаму паверху (т.зв. атыкавы паверх). Узнік у архітэктуры Стараж. Грэцыі, пашыраны ў Стараж. Рыме ў выглядзе высокай сценкі, якая завяршала трыумфальную арку і афармлялася рэльефамі або надпісамі. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры готыкі, найб. шырока — у архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму. Асн. разнавіднасці атыка: суцэльны, балюстрадны і аркадны, грабеньчаты, шчытавы. На Беларусі вядомы з 16 ст. ў рэнесансавых палацах, грамадскіх будынках, храмах. Пашыраны ў 1950-я г. ў архітэктуры жылых і грамадскіх пабудоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗА́НЬ,
востраў на ПнЗ Чорнага мора пры ўваходзе ў Дняпроўскі ліман, за 12,8 км на З ад г. Ачакаў. Найб. даўжыня з Пн на Пд каля 850 м, шырыня 200—850 м. У ант. часы наз. Барысфен. Раскопкамі (вядуцца з 1880-х г.) адкрыта самае стараж.грэч. паселішча ў Паўн. Прычарнамор’і, якое ўзнікла ў канцы 7 ст. да н.э.; у 5 ст. да н.э. страціла значэннегрэч. фарпоста пасля ўзвышэння Ольвіі. У 10—12 ст. тут было слав. паселішча. Беразань выкарыстоўвалі як апорны пункт запарожскія казакі. У 1788 заняты рус. войскамі. 6.3.1906 на Беразані расстраляны ўдзельнікі Севастопальскага паўстання 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у стараж.г. Горы Вялікія (цяпер в. Горы Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Быў умацаваны 7 бастыёнамі, злучанымі паміж сабой валамі-курцінамі, а таксама шырокім і глыбокім ровам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак быў заняты ў вер. 1654 войскамі А.М.Трубяцкога. У 1663 «фортеция Горская» згадваецца як вельмі разбураная, але ў дакументах 1680-х г. ужо ўпамінаюцца замак і гар. астрог. У апошні раз умацаванні Горскага замка спрабаваў выкарыстаць у 1708 шведскі кароль Карл XII. Пазней Горскі замак страціў сваё ваен.значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на раёны, аднародныя па характары воднага балансу і гідралагічнага рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Выконваецца на аснове вывучэння заканамернасцей фарміравання і велічыні сцёку, асаблівасцей рэжыму рэк і вадаёмаў, вызначэння іх агульных рыс і адрозненняў на пэўных прасторах. Тэр. Беларусі паводле асаблівасцей фарміравання сцёку падзяляюць на 6 гідралагічных раёнаў адпаведна асн. рачным басейнам: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі. Усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны. Гідралагічнае раянаванне мае значэнне пры вывучэнні рэжыму рэк, на якіх не вядуцца гідралагічныя назіранні, для рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАТЫЁН, γ-L-глутаміл-L-цыстэінгліцын,
C10H17O6N3S, унутрыклетачны трыпептыд, складзены з астаткаў трох амінакіслот — глутамінавай, цыстэіну і гліцыну. Ёсць у высокіх канцэнтрацыях практычна ва ўсіх жывых клетках. Мае важнае значэнне для акісляльна-аднаўленчых рэакцый у сувязі са здольнасцю сульфгідрыльнай групы (-SH) цыстэіну акісляцца з утварэннем дысульфіднага мастка. Асн. функцыя глутатыёну — захаванне SH-групы бялкоў у адноўленым стане. Выконвае спецыфічную ролю пры разбурэнні таксічнага перакісу вадароду, аднаўленні акісленай формы аскарбінавай к-ты. Служыць кафактарам асобных ферментаў, асабліва пратэінаў, адыгрывае пэўную ролю ў транспарце амінакіслот праз клетачныя мембраны. Глутатыён атрымліваюць з дражджэй і сінтэтычна; выкарыстоўваюць пры біяхім. даследаваннях, кансерваванні крыві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБІ́ННАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ (ням. Tiefenpsychologie),
абагульненая назва шэрагу кірункаў замежнай псіхалогіі 19 — 20 ст. Вывучае т.зв. глыбінныя падсвядомыя псіхічныя працэсы асобы, яе схільнасці і тэндэнцыі, якія супрацьпастаўляюцца працэсам, што адбываюцца на «паверхні» свядомасці. Глыбінная псіхалогія не мае дакладных меж, ахоплівае розныя плыні і школы (псіхааналіз З.Фрэйда, «аналітычная псіхалогія» К.Г.Юнга, «індывідуальная псіхалогія» А.Адлера, эгапсіхалогія, неафрэйдызм і інш.). У трактоўцы матываў паводзін чалавека глыбінная псіхалогія адводзіць актыўную дынамічную ролю бессвядомым матывацыям, якія вывучаюцца спецыфічнымі метадамі (прыёмы псіхааналізу, метады свабодных асацыяцый, псіхадрамы, пражэктыўныя тэсты). Узнікла для патрэб псіхатэрапіі, стымулявала развіццё новай галіны медыцыны, якая разглядае значэннепсіхал. фактараў у саматычных захворваннях (т.зв. псіхасаматыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
запасы глыбіннага цяпла Зямлі, эксплуатацыя якіх эканамічна выгадная. Адрозніваюць гідрагеатэрмальныя (тэрмальныя воды) і петрагеатэрмальныя рэсурсы (акумуляваныя ў блоках горных парод, нагрэтых да 350 °C і больш). Практычнае значэнне маюць гідратэрмальныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць для цеплазабеспячэння (пры т-ры ад 40 да 100—150 °C) і атрымання электраэнергіі на геатэрмальных электрастанцыях пры т-ры 150—300 °C. Прымеркаваны яны да трэшчынных воданапорных сістэм у раёнах сучаснага вулканізму, маладых складкавых гор, зон тэктанічных разломаў. Геатэрмальныя рэсурсы выкарыстоўваюць у ЗША (самае буйное ў свеце радовішча Вялікія Гейзеры), Італіі, Новай Зеландыі, Японіі, Мексіцы, Расіі, Ісландыі і інш.