АНТО́НАЎ-АЎСЕ́ЕНКА (Уладзімір Аляксандравіч) (21.3.1883, г. Чарнігаў — 1938),

савецкі ваенны, парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Пецярбургскае ваенна-інжынернае вучылішча (1904). За рэв. дзейнасць асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1910—17 у эміграцыі (Францыя). У кастр. 1917 сакратар Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў захопу Зімняга палаца і арышту Часовага ўрада. У грамадз. вайну галоўнакамандуючы Укр. фронтам. У 1922—24 нач. Палітупраўлення РВС рэспублікі. У 1924—33 паўпрэд СССР у Чэхаславакіі, Літве і Польшчы, з 1934 пракурор РСФСР, у 1936—37 ген. консул СССР у Барселоне (Іспанія), з 1937 нарком юстыцыі РСФСР. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НІЙ (Марк) (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.

Марк Антоній. Скульптура. 1 ст. да н.э.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕН БЕ́ЛА (Ахмед) (н. 25.12.1916, Магнія, каля г. Тлемсен, Алжыр),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Алжыра. У час 2-й сусв. вайны афіцэр франц. арміі. З 1949 адзін з кіраўнікоў Алжырскай нацыяналіст. партыі. З 1952 чл. Фронту нац. вызвалення Алжыра. У 1956 арыштаваны франц. ўладамі і да 1962 знаходзіўся ў зняволенні. Завочна быў абраны ў кіруючыя органы алж. вызв. руху. У 1962—65 прэм’ер-міністр, у 1963—65 прэзідэнт краіны. Пасля ваен. перавароту ў 1965—80 пад дамашнім арыштам. З 1981 у эміграцыі. У 1990 вярнуўся ў Алжыр і ўзначаліў партыю «Рух за дэмакратыю».

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕН-ГУРЫЁН (Давід) (16.10.1886, г. Плоньск, Польшча — 1.12.1973),

дзяржаўны дзеяч Ізраіля. Прымкнуў да Сіянісцкага сацыялістычнага руху ў Польшчы. У 1906 эмігрыраваў у Палесціну, дзе быў абраны ў ЦК сіянісцкага рабочага руху Паалей Цыён. У 1916—18 засн. у ЗША арг-цыі Хехалуц і Яўрэйскі легіён. З 1920 чл. Галоўнай рады Сусв. сіянісцкай арг-цыі. У 1921—35 кіраўнік арг-цыі Хістадрут. У 1930—63 лідэр партыі Мапаі. У 1935—48 старшыня прэзідыума Яўр. Агенцтва. У 1948—53, 1955—63 прэм’ер-міністр, міністр абароны Ізраіля. Аўтар публікацый па пытаннях узнікнення дзяржавы Ізраіль і яе адносін з араб. краінамі.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ ((Benoît) Петэр Леанард Леапольд) (17.8.1834, Харэлбеке, прав. Зах. Фландрыя, Бельгія — 8.3.1901),

бельгійскі кампазітар, гісторык музыкі, муз. дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі Бельгіі (з 1882). Скончыў Брусельскую кансерваторыю (1855, клас Ф.Ж.Фетыса). Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў фламандскага кірунку ў бельг. музыцы, апіраўся на фламандскі фальклор і традыцыі ням. муз. культуры. Арганізатар (1867) і дырэктар (да 1901) Фламандскай муз. школы ў Антверпене (з 1898 Каралеўская фламандская кансерваторыя); правёў рэформу муз. адукацыі. Сярод твораў: Рэквіем (1863), араторыі «Люцыфер» (1866), «Шэльда» (1868), кантаты «Забіванне Авеля» (1856), «Рубенс» (1877). Аўтар кніг і артыкулаў па гісторыі бельг. музыкі.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НГУЭР ((Berlinguer) Энрыка) (25.1.1922, г. Сасары, Італія — 11.6.1984),

дзеяч італьян. і міжнар. камуністычнага руху. Юрыст. З 1937 удзельнік антыфаш. руху. Чл. Італьян. камуніст. партыі (ІКП) з 1943, чл. ЦК ІКП з 1948. У 1950—56 сакратар Італьян. федэрацыі камуніст. моладзі. У 1950—53 прэзідэнт Сусв. федэрацыі дэмакр. моладзі. З 1968 дэпутат парламента. У 1972—84 ген. сакратар ІКП. Аўтар канцэпцыі «гістарычнага кампрамісу», адзін з заснавальнікаў еўракамунізму, які адмаўляў вядучую ролю КПСС у сусв. камуніст. руху. Ініцыятар прыняцця ІКП рэзалюцый з асуджэннем уварвання СССР у Венгрыю (1956), Чэхаславакію (1968), Афганістан (1979), увядзення ваен. становішча ў Польшчы (1981).

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТЛО́, Бертэло (Berthelot) П’ер Эжэн Марселен (25.10.1827, Парыж — 18.3.1907), французскі хімік, дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сінтэтычнага кірунку арган. хіміі. Скончыў Парыжскі ун-т (1849). З 1859 праф. Вышэйшай фармацэўтычнай школы ў Парыжы, у 1864—1906 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па арган. хіміі, хім. кінетыцы, тэрма- і аграхіміі, гісторыі хіміі. Сінтэзаваў арган. злучэнні розных класаў. Вынайшаў каларыметрычную бомбу, увёў паняцце экза- і эндатэрмічных рэакцый. У 1886—87 міністр асветы, у 1895 міністр замежных спраў Францыі.

Літ.:

Манолов К. Великие химики. Т. 1—2: Пер. с болг. 3 изд. М., 1986.

П.Э.М.Бертло.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІЛО́ВІЧ (Аляксандр Фауставіч) (26.2.1829, в. Жэрчыцы Бельскага пав. Беластоцкай вобл. — пасля 1870),

удзельнік рэв. руху 1860-х г. Скончыў Полацкую духоўную семінарыю (1853), але ад кар’еры святара адмовіўся. З 1854 на вайск. службе, у 1859 атрымаў афіцэрскі чын. На пач. 1860-х г. актыўны дзеяч падп. Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. У пач. 1863 арыштаваны ў сувязі са знойдзенай у яго нелегальнай л-рай і з вер. 1863 у адстаўцы ў чыне падпаручніка. За правоз зброі ў лют. 1864 арыштаваны ў Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс) і высланы ў Пермскую губ. Па амністыі 1867 вызвалены, пасяліўся ў Польшчы.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГАРО́ЎСКІ (Станіслаў) (1.5.1872—24.10.1935),

юрыст і грамадскі дзеяч. Скончыў 7 класаў Віленскай гімназіі і быў выключаны за ўдзел у стварэнні б-кі забароненай л-ры. У 1892 скончыў гімназію ў г. Коўна, паступіў на юрыд. ф-т Варшаўскага ун-та, з якога выключаны за ўдзел у паліт. руху. У 1892—94 у ссылцы ў г. Курск. Скончыў юрыд. ліцэй у Яраслаўлі. У 1896—1905 адвакат у Вільні, у 1905—15 працаваў у г. Друя, С.-Пецярбургу. З 1918 у Польшчы. У 1928 працаваў натарыусам у г. Лодзь (Польшча), у Вільні.

В.​А.​Гапоненка.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДУ́ЛЯ (Уладзімір Лявонцьевіч) (н. 24.5.1927, в. Падомша Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

гаспадарчы, дзяржаўны дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1971, 1987). Засл. работнік культуры Беларусі (1977). З 1951 на камсамольскай рабоце. З 1956 старшыня калгаса «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на — адной з перадавых гаспадарак Беларусі. Дэпутат Вярх. Савета БССР у 1967—71, 1985—90. Нар. дэпутат СССР у 1989—91. Член ЦК КПБ у 1990—91. У калгасе «Савецкая Беларусь» пад кіраўніцтвам Бядулі дасягнуты высокія паказчыкі ў вытв-сці прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі, развіцці сац. сферы і культуры, шырока выкарыстоўваюцца інтэнсіўныя тэхналогіі, прагрэс. метады гаспадарання і кіравання.

У.Л.Бядуля.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)