устано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. устанаўліваць — устанавіць (у 1 знач.).

2. Механізм, прыстасаванне. Рэнтгенаўская ўстаноўка. Буравая ўстаноўка. Дажджавальная ўстаноўка. □ Ля корпуса [універсітэта] стаяла машына з пражэктарнымі ўстаноўкамі. Шахавец. Спецыяльныя аўтаматычныя ўстаноўкі падтрымлівалі пастаянную тэмпературу і вільготнасць у пакоі. Шыцік. // Разм. Баявая гармата, ракета, спараныя кулямёты. Узрывы гранат ярка асвятлялі зенітныя ўстаноўкі. Лынькоў.

3. Мэтавая накіраванасць, арыенціроўка на што‑н. Устаноўка на якасць прадукцыі. □ Творчая ўстаноўка пісьменніка ў пазнейшых апавяданнях істотна адрозніваецца ад той, якую мы бачылі ў першых празаічных вопытах. Навуменка. // Дырэктыва, прынцып, накіроўваючае ўказанне. Ленінскі этап не абмяжоўваецца перыядам жыцця Леніна, гэты этап няспынна працягваецца тэарэтычнай дзейнасцю КПСС і брацкіх партый, увасабляецца ў праграмных устаноўках сусветнага камуністычнага руху. «Звязда».

4. У псіхалогіі — схільнасць суб’екта да пэўнай актыўнасці пры пэўнай сітуацыі; цэннасныя арыентацыі асобы, індывідуума.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́сці

1. éinführen vt; heréinführen vt (у напрамку да таго, хто гаворыць); hinéinführen vt (у напрамку ад таго, хто гаворыць);

уве́сці во́йскі ў го́рад вайск. die Trúppen in die Stadt éinmarschieren lássen*;

2. (уцягнуць у што-н., схіліць да чаго-н.):

уве́сці ў выда́ткі j-m Únkosten [Áusgaben] verúrsachen; j-n in Únkosten stürzen;

◊

уве́сці ў зман írreführen vt, in die Írre führen;

3. (пастанавіць) éinführen vt;

уве́сці мо́ду éine Móde éinführen;

уве́сці надзвыча́йнае стано́вішча паліт. den Áusnahmezustand verhängen (дзе-н. über A);

уве́сці ў эксплуата́цыю эк. in Betríeb sétzen [nehmen*];

уве́сці ў дзе́янне éinsetzen vt;

уве́сці каго-н. у курс (спраў) j-n in éine Sáche éinführen, j-n von dem [über den] Stand der Dínge unterríchten

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

акт м.

1. (дзеянне) Akt m -(e), -e, Aktión f -, -en; Hándlung f -, -en, Tat f -, -en (учынак);

акт ве́тлівасці ein Akt der Höflichkeit;

тэрарысты́чны акт Terrórakt m;

2. тэатр. Akt m, Áufzug m -(e)s, -züge;

каме́дыя на тры а́кты ein Lustspiel in drei Ákten;

3. юрыд. (дакумент) Úrkunde f -, -n, Ákte f -, -n;

абвінава́ўчы акт Ánklageschrift f -, -en;

акты грамадзя́нскага ста́ну Persónenstandsregister n -s, -;

акт капітуля́цыі Kapitulatiónsurkunde f;

акт аб карыста́нні зямлёй Úrkunde für die Bódennutzung;

4. (апісанне ўстаноўленых фактаў) юрыд. Protokóll n -s, -e;

акт прыёмкі Ábnahmeprotokoll n;

акт аб няшча́сным здарэ́нні Únfallprotokoll n;

скла́сці акт аб чым-н. ein Protokóll über etw. (A) áufnehmen*;

5. (святочны збор) Akt m -(e)s, -e, Féierlichkeit

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

аддзяле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. аддзяляць — аддзяліць (у 1–3 знач.) і аддзяляцца — аддзяліцца.

2. Адгароджаная частка памяшкання. [Немцы] спыніліся ў першым аддзяленні склада, пераставілі некалькі скрынак, параіліся аб нечым і накіраваліся ў каморку. Пятніцкі. // Адна з частак, на якія падзелена што‑н., прызначанае для захоўвання розных рэчаў, прадметаў. Партфель мае два аддзяленні.

3. Частка прадпрыемства, установы і пад. Машыннае аддзяленне. Хірургічнае аддзяленне. Завочнае аддзяленне універсітэта. // Асобная самастойная ўстанова, арганізацыя і пад. ў сістэме чаго‑н. Паштовае аддзяленне сувязі. Раённае аддзяленне міліцыі.

4. Ніжэйшае вайсковае падраздзяленне, частка ўзвода. Стралковае аддзяленне.

5. Самастойная частка канцэрта, тэатральнай прадстаўлення і пад. Першае аддзяленне канцэрта.

6. У дарэвалюцыйнай пачатковай школе — падраздзяленне вучняў адпаведна году навучання; клас. І вось, пасля гадавога перапынку, я зноў пайшоў у школу. На гэты раз у апошні клас (тады называлася аддзяленне) народнага вучылішча ў мястэчку Узда. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́кцыя ​1, ‑і, ж.

Дзеянне, накіраванае на дасягненне пэўнай мэты. Міралюбівая акцыя Савецкага ўрада. Дыпламатычная акцыя. Акцыя помсты. Агрэсіўная акцыя. □ [Кох:] не раз рабіў.. [Вейсу] непрыемнасці, пачынаючы якую-небудзь акцыю, не дамовіўшыся, не параіўшыся з ім. Лынькоў.

[Ад лац. actio — дзеянне.]

а́кцыя ​2, ‑і, ж.

Цэнная папера, якая сведчыць пра ўнясенне пэўнага паю ў капіталістычнае прадпрыемства і дае права яе ўладальніку на ўдзел у справах і прыбытках гэтага прадпрыемства. Валодаць акцыямі. Скупіць акцыі. Трымаць акцыі. Рост каштоўнасці акцый. □ Большая частка банкірскага капіталу зусім фіктыўная і складаецца з даўгавых патрабаванняў (вэксаляў), дзяржаўных папер (якія прадстаўляюць ранейшы капітал) і акцый (пасведчанняў на атрыманне: будучага даходу). Маркс. Шалёна несліся ў гару акцыі фабрык і заводаў. Гартны. Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.

•••

(Яго, яе, іх) акцыі павышаюцца — пра павышэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.

Акцыі падаюць — пра зніжэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.

[Фр. action.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наво́кал,

1. прысл. Усюды, з усіх бакоў. Цішыня, спакой, сон панавалі навокал. Колас. Нада мною блакітны шацёр, А навокал — лясы і лясы. Астрэйка. // Кругом. З зямлі, хістаючыся, падняўся Цярэшка і агледзеўся навокал. Шчарбатаў.

2. прысл. Апісваючы круг, па кругу. [Віктар:] — Гэтак мы абыдзем навокал і зноў прыйдзем на стар[о]е месца. Маўр.

3. прыназ. з Р. Ужываецца для вырашэння прасторавых адносін пры назве асобы, прадмета або месца, з усіх бакоў якога адбываецца пэўнае дзеянне ці размяшчаецца што‑н. Навокал рыначнай плошчы стаяць драўляныя і нават цагляныя дамы. Брыль. Знізу камень аброс мохам, жоўтая трава навокал яго была вільготная. Чорны.

4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння аб’ектных адносін: указвае на асобу, прадмет ці паняцце, якое з’яўляецца аб’ектам пэўнага працэсу або дзеяння. Гутарка ўвесь час вялася навокал старшыні. □ Каля .. [калектывізацыі] згуртаваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму, навокал яе вядзецца самая дзейсная агітацыя. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паварочваць — павярнуць (у 1, 3–6 знач.) і паварочвацца (у 1 знач.) — павярнуцца (у 1, 2 знач.). // Поза, у якой знаходзіцца цела або частка цела. [На фотакартках] са сцяны, у розных паваротах, паглядалі прыгожыя маладыя твары. Ракітны. // Пераход ад адной пары года да другой. У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той паварот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад. Колас.

2. Месца, дзе дарога, рака, вуліца і пад. паварочвае, адхіляецца ўбок. Выйсці з-за павароту. □ Праз колькі хвілін параход схаваўся за паваротам ракі. Краўчанка. Машына рванулася ўперад і знікла за паваротам. Чарнышэвіч.

3. перан. Поўная змена ў развіцці, у становішчы, у ходзе чаго‑н. Паварот у жыцці. Паварот падзей. Паварот размовы. □ Варвара і разгубілася і абрадавалася адначасова ад такога нечаканага павароту справы. Васілевіч.

•••

Ад варот паварот — катэгарычная адмова на чыю‑н. просьбу, зварот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падста́ва ​1, ‑ы, ж.

Прычына, абставіны, якія даюць тлумачэнне, робяць зразумелымі ўчынкі, паводзіны і пад. каго‑н. Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. Былі ўсе падставы для таго, каб хвалявацца, але, упэўнены ў сваіх ведах, Міхась быў спакойны. Шахавец. // Абставіны, якія могуць быць асновай для чаго‑н. Але як зняць.. [Машу] з пасады брыгадзіра, Максім не мог прыдумаць. Не было падстаў. Шамякін. // Дакумент, распараджэнне, на аснове якога адбылося пэўнае афіцыйнае дзеянне, мерапрыемства. Падстава: выпіска з пратакола сходу.

•••

На падставе чаго — зыходзячы з чаго‑н., абапіраючыся на што‑н.

падста́ва ​2, ‑ы, ж.

Уст. Зменныя коні ў дарозе, а таксама месца змены коней. Ноч спалі ў.. вазку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. памог, ‑магла, ‑магло; заг. памажы; зак.

1. Аказаць дапамогу, садзеянне, падтрымку ў чым‑н. Памагчы грашыма. Памагчы пабудавацца. □ [Іван:] — Тут.. прарэзаць дзірку наскрозь цяжка будзе.. — Нічога. Я табе памагу, — падтрымаў Арцём. — Будзем рэзаць напераменку. Ставер. Прывіталіся [сыны].., пагаварылі. Старэйшы сын нават молат у рукі ўзяў — памог кавалю парог выкаваць. Якімовіч. [Зося:] — Ты паслухай.. Можа ты ведаеш [у каго крадзеныя грошы], то памажы следчым. Чорны. // Выратаваць, выручыць. [Човен] гойдаўся на хвалях і, здавалася, вось-вось схаваецца пад імі.. Лена стаяла на беразе і не ведала, як памагчы чалавеку. Ваданосаў. — Матуля, памажы мне! — Яшчэ ўсё задыхана шаптаў.. [палонны]. Брыль.

2. Аказаць патрэбнае дзеянне, даць патрэбны вынік. Лякарства памагло. □ Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Танк. Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Асабліва аддаваўся адпачынку ў нерабочую суботу, а пасля — нядзелю.. Але, урэшце, і гэта не памагло. Цераз сем месяцаў мускулы звалі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́пуск, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. прапускаць — прапусціць (у 1 знач.).

2. ‑у. Адсутнасць, выключэнне чаго‑н. Чытаць з пропускамі. □ Собіч, не адрываючыся, сачыў, каб не асталося дзе прапускаў, бо часамі подпіс павінен быць толькі на версе, а часамі і на адвароце, часамі на адным экземпляры, а часамі і на двух. Скрыган. // Незапоўненае месца сярод тэксту. Пропуск паміж радкамі.

3. ‑а. Дакумент на права ўваходу, уезду куды‑н., праходу або праезду праз што‑н. Паказаць пропуск. Праверыць пропуск. □ — Я ж усё-такі актрыса, маю сякое-такое дачыненне да тэатра, ды ў мяне і пропуск на дваіх у ложу дырэкцыі. Рамановіч. — У мяне сумленне чыстае, і я спакойны. Толькі б дастаць ёй у Гродне пропуск за граніцу. Карпюк. // Уст. Пароль. Ведаць пропуск.

4. ‑у. Няяўка на заняткі, сходы і пад. Наведваць лекцыі без пропускаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)