ГРЭЙВС ((Graves) Майкл) (н. 1934, г. Індыянапаліс, ЗША),
амерыканскі архітэктар. Скончыў ун-ты ў Цынцынаты і Гарвардскі. З 1962 праф. Прынстанскага ун-та. З 1964 кіраўнік фірмы «Майкл Грэйвс» у Прынстане. Будынкі, створаныя паводле яго праектаў у стылі постмадэрнізму, вызначаюцца вытанчаным элегантным густам. Сярод работ: Музей прыроды і навукі (1967), «Александэрхаўс» (1973) — абедзве ў Прынстане, грамадскія будынкі ў Портлендзе (1982) і Луісвілі (1986) і інш. Вядомы і як мастак-манументаліст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯВО́ЛТВА,
гістарычная балцка-літоўская вобласць. Няпэўнасць крыніц спарадзіла цяжкасць у вызначэнні тэр. Дз.: Хроніка Быхаўца (16 ст.) вызначыла яе ў раёне г. Вількамір (цяпер г. Укмерге, Літва); паводле гісторыка У.Ц.Пашуты, яна знаходзілася ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі або на У ад р. Швянтоі, дзе звычайна паказваецца Аўкштайція. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1219. У 1264 заваявана кн.Войшалкам і ўключана ў склад ВКЛ.
Літ.:
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́МБСКІ ((Dąbski) Ян) (4.4.1880, с. Кукізава Львоўскай вобл., Украіна — 5.6.1931),
польскі паліт. дзеяч, журналіст. У 1-ю сусв. вайну ў польскіх легіёнах. У 1919—30 пасол польскага сейма. У 1920—21 нам. міністра замежных спраў Польшчы, старшыня польскай дэлегацыі на мірных рус.-ўкр.-польскіх перагаворах у Мінску і Рызе. 18.3.1921 падпісаў з польскага боку Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога Зах. Беларусь адыходзіла да Польшчы. Адзін з лідэраў Польскай нар. партыі «Вызволене». Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НТ, Дракон (грэч. Drakōn),
старажытны афінскі заканадавец, архонт. Пры ім у 621 да н.э. на каменных плітах запісаны прававыя звычаі. Паводле законаў Д. скасоўвалася права радавой арыстакратыі на кроўную помсту, карныя функцыі перадаваліся арэапагу. Разам з тым прадугледжваліся вельмі жорсткія пакаранні для тых, хто спакушаўся на чужую ўласнасць (напр., пакаранне смерцю за крадзеж зерня, агародніны). У 594 да н.э. крымінальныя нормы заканадаўства Д. змякчыў Салон. Выразы «драконаўскія законы», «драконаўскія меры» захаваліся ў прымаўках і азначаюць жорсткія мерапрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў рэк Дубровенка і Дняпро. Меў выгляд прамавугольніка (каля 125 × 45 м). Паводле інвентара (складзены 28.5.1545), у цэйхгаўзе замка знаходзіліся 242 адзінкі агнястрэльнай зброі, шмат інш.ваен. рыштунку. У 1535 і 1562 замак спалены рус. войскам, але хутка адноўлены. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 яго зноў займалі і спальвалі рус. войскі. У 1730-я г. Д.з. адноўлены і праіснаваў да 1772.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),
воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЦЭБА́Л (Decebalus; ?—106),
цар дакаў [87—106]. Пасля перамогі над рымлянамі ў вайне пры імператару Даміцыяне ў 89 Д. заключыў мір, паводле якога Рым павінен быў штогод выплачваць дакам субсідыі. Умацаваў дзяржаву, устанавіў прагрэс. формы ўнутр. кіравання. У выніку войнаў з рым. імператарам Траянам (101—102 і 105—106) тэр. дакаў была заваявана і ўтворана рым.прав.Дакія. Пасля падзення сталіцы дакаў Д. уцёк у горы, нейкі час вёў партыз. вайну супраць рымлян. Пераканаўшыся ў беспаспяховасці барацьбы, скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТРЫМА́ННЕў крымінальным працэсе,
кароткатэрміновая мера прымусу, што ўжываецца да асобы, якая падазраецца ва ўчыненні злачынства, з мэтай высвятлення дачынення затрыманага да злачынства і вырашэння пытання пра магчымы (у выпадку неабходнасці) яго арышт. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тэрмін З. не можа перавышаць 72 гадз. Орган дазнання або следчы абавязаны на працягу 24 гадз паведаміць пракурору, а апошні на працягу 48 гадз з моманту атрымання паведамлення даць санкцыю на арышт падазронага або вызваліць яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРНО́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,
нераздымнае злучэнне двух ці болей дэталей, частак канструкцыі, выкананае зваркай. Паводле ўзаемнага размяшчэння элементаў, якія злучаюцца, адрозніваюць З.з. стыкавыя, накладачныя, вуглавыя, таўровыя і інш. Кожнае з іх у залежнасці ад спосабу зваркі (дугавой, кантактавай, электрашлакавай і інш.) мае спецыфічныя адзнакі. Участак З.з., які непасрэдна звязвае элементы, што зварваюцца, наз. зварным швом.
Будова зварнога злучэння пры зварцы плаўленнем (a) і ціскам (б): 1 — зварное шво; 2 — зона сплаўлення; 3 — зона тэрмічнага ўплыву; 4 — прылеглы асноўны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕЗДАРЫ́,
група вясковай моладзі, якая паводле старадаўняга звычаю на Каляды хадзіла ад хаты да хаты з песнямі, скокамі, гульнямі і насіла на кіі асветленую знутры зорку — звязду. Нашэнне звязды суправаджалася калядаваннем, паказам «Казы», «Мядзведзя», «Жорава», «Кабылы», «Цыганоў», батлейкі, скамарохаў. З. ў суправаджэнні калядоўшчыкаў спявалі калядныя песні, што вызначаліся святочна-прыўзнятым, гулліва-гумарыстычным настроем і ў якіх выказваліся пажаданні дабра і заможнасці гаспадарам хаты, за што гаспадары частавалі З. і адорвалі.
Звездары з в. Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл. 1904.