ПАЎСТА́ННЕ 1863—64 y Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Падрыхтавана польск. і бел.-літ. канспіратыўнымі арг-цыямі, якія мелі сувязі з арг-цыяй рас. рэвалюцыянераў-дэмакратаў «Зямля і воля», хоць не ўсе «чырвоныя» (так называлі прыхільнікаў ідэі ўзбр. паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве) падзялялі праграму «Зямлі і волі». Пераважную большасць паўстанцаў складалі шляхецкія рэвалюцыянеры, якія ў сваёй праграме на першае месца ставілі аднаўленне польск. дзяржавы ў межах б. Рэчы Паспалітай, г.зн. з уключэннем у яе склад Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Гал. роля ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілася шляхце, а дапаможная — сялянству. Памешчыкам абяцалі захаваць іх землеўладанне і аплаціць за кошт дзяржавы землі, адведзеныя пад сял. надзелы; сялянам перадаць ва ўласнасць без выкупу і часоваабавязаных адносін надзелы, якія яны атрымалі паводле рэформы 19.2.1861. Прадугледжвалася ўраўнаванне грамадзянскіх правоў сялян і шляхты, замена падушнага падатку падымным, а 25-гадовай рэкрутчыны 3-гадовай вайск. службай у сваім краі, аднаўленне уніяцкай царквы. Такую праграму распрацаваў створаны летам 1862 у Варшаве Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), які ў пач. 1863 абвясціў сябе Часовым нац. урадам на ўсёй тэр.б. Рэчы Паспалітай. Асн. роля ў падрыхтоўцы П. належала яго кіруючаму органу «чырвоных». Праграма П. выкладзена ў «Маніфесце» і агр. дакументах, апублікаваных 22.1.1863. Новым у ёй было толькі абяцанне выдзеліць па 3 маргі (каля 2 дзесяцін) зямлі беззямельным сялянам, якія са зброяй у руках падтрымаюць паўстанне.
Падрыхтоўку П. на Беларусі і Літве з восені 1861 узначальваў Камітэт руху, які дзейнічаў у Вільні. Летам 1862 к-т быў падпарадкаваны ЦНК і ператвораны ў Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). У яго склад у якасці камісара ЦНК быў прызначаны Н.Дзюлёран. Аднак у кастр. 1862 старшынёй ЛПК стаў К.Каліноўскі, які ўзяў курс на дасягненне самастойнасці і раўнапраўнасці ва ўзаемадачыненнях віленскага і варшаўскага цэнтраў. Ён не падзяляў ні аграрнай, ні нац. праграмы ЦНК, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянам і разгортванне сял. рэвалюцыі, за ліквідацыю шляхты як «гнілой і разбэшчанай касты», за прадастаўленне Літве і і Беларусі права на самавызначэнне.
Свае погляды па праграмных пытаннях Каліноўскі выказваў у выдаваемай ім газ.«Мужыцкая праўда». Маніфестам ад 1.2.1863 ЛПК заклікаў насельніцтва Літвы і Беларусі падтрымаць пачатае ў Польшчы паўстанне. Пры гэтым ЛПК, ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі, быў вымушаны прыняць і апублікаваць праграму П., вызначаную польск. нац. урадам. У пач.сак. 1863 да П. далучылася частка буйных памешчыкаў і буржуазіі, т.зв.«белыя», якія да гэтага часу ставіліся да яго непрыхільна, бо разлічвалі дамагчыся аднаўлення польскай дзяржаўнасці мірным шляхам, пры дапамозе зах. краін, найперш Англіі і Францыі. Каб усталяваць свой кантроль за ходам падзей, «белыя» 10.3.1863 фактычна захапілі ў свае рукі кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы. Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з Каліноўскім 11 сак. расфарміраваны і заменены Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, старшынёю якога стаў Я.Гейштар. У сувязі з гэтым Каліноўскі ад імя ЛПК. Напісаў рэзкі пратэст супраць акцыі «белых», якую ацаніў як здраду рэвалюцыі. Аднак ён вымушаны быў падпарадкавацца «галаве паўстання» і прыняць назначэнне на пасаду гродзенскага ваяводскага камісара. «Белыя» істотна ўзмацнілі свае пазіцыі ў кіруючых структурах падп. арг-цыі ў Літве і Беларусі на губернскім (ваяводскім), павятовым і акруговым узроўнях.
Першыя паўстанцкія атрады, у т. л. вялікі атрад Р.Рагінскага, прыйшлі на Беларусь з Польшчы ў канцы студз. 1863. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863 (гл.Віцебскія паўстанцкія атрады, Гродзенскія паўстанцкія атрады, Магілёўскія паўстанцкія атрады, Мінскія паўстанцкія атрады). Усяго на сучаснай тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. 3 іх 2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Да найб. значных акцый паўстанцаў Беларусі адносяцца захоп 24.4.1863 г. Горкі Магілёўскай губ. атрадам Л.Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута і Мілавідская бітва 1863.
Прыход «белых» да кіраўніцтва паўстаннем адмоўна паўплываў на адносіны да яго бел. сялян. Удзел у паўстанні польск. памешчыкаў яны ў большасці ўспрымалі як выступленне супраць «цара-вызваліцеля» з мэтай аднаўлення прыгону. Каб адцягнуць сялян Беларусі і Літвы ад удзелу ў паўстанні, урад прыняў пэўныя эканам. меры. Указамі ад 1.3 і 2.11.1863 спыняліся часоваабавязаныя адносіны сялян да памешчыкаў, сялян пераводзілі на абавязковы выкуп, пры гэтым выкупныя плацяжы паніжаліся на 20%. У кастр. 1863 выдадзены загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846—56, 3-дзесяцінных сямейных надзелаў і аб вяртанні поўных надзелаў тым сялянам, якіх памешчыкі абеззямелілі ў пазнейшыя гады. З другога боку, вёскі, дзе паўстанцы знаходзілі падтрымку, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У цэлым сяляне Беларусі склалі толькі 18% сярод удзельнікаў паўстання, а шляхта, праўда, пераважна беззямельная і малазямельная — 70%.
Сярод рас. грамадскасці, нават ліберальна-дэмакратычнай, П. пад заклікам аднаўлення Польшчы з далучэннем да яе Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны выклікала актыўнае процідзеянне. Праз дзярж. ўстановы, царкву, школу, друк яно распаўсюдзілася і сярод нар. мас Расіі, што перакрэсліла надзеі на ўсерасійскае сял. паўстанне. Гэтым, па сутнасці, быў прадвырашаны лёс паўстання. У падтрымку паўстання выступілі толькі А.І.Герцэн і яго «Колокол», Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Не спраўдзіліся спадзяванні паўстанцаў і на дапамогу зах. дзяржаў. Задушэннем паўстання на тэр. Беларусі і Літвы з сярэдзіны мая 1863 кіраваў новы віленскі ген.-губернатар М.М.Мураўёў, які атрымаў ад Аляксандра II надзвычайныя паўнамоцтвы. Ён прымусіў «белых» (памешчыкаў і вышэйшае каталіцкае духавенства) адмовіцца ад падтрымкі паўстання. Многія актыўныя дзеячы паўстання былі арыштаваны або загінулі ў ходзе баявых дзеянняў. Частка іх перабралася за мяжу. У такіх умовах Каліноўскі ў пач.чэрв. 1863 зноў быў запрошаны ў Вільню. У канцы ліп. ён узначаліў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, пераўтвораны ў Выканаўчы аддзел Літвы, а 22 жн. яму перадалі і паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні. К канцу лета 1863 у руках Каліноўскага сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў ходзе барацьбы ён не здолеў: да пач.вер. 1863 паўстанне на Беларусі і Літве было практычна задушана. Паводле афіц. звестак, што датычаць Беларусі і Літвы, 128 чал. былі пакараны смерцю, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, арыштанцкія роты і г.д. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на вельмі льготных умовах прадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтр. губерняў. Усе астатнія мясц. памешчыкі (на першым часе нават рускія) былі абкладзены кантрыбуцыяй. Закрываліся або ператвараліся ў правасл. цэрквы многія касцёлы. Улады закрылі адзіную ў Беларусі вышэйшую навуч. ўстанову — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, скарацілі колькасць сярэдніх навуч. устаноў. У Беларусі і Літве ўстаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рускага ўплыву. Праводзіліся і іншыя рэпрэсіўныя мерапрыемствы.
У польск. і рас., у т. л. савецкай, гістарыяграфіі паўстанне 1863—64 у цэлым ацэньваецца як польскае, без уліку яго асаблівасці ў бел.-літ. рэгіёне, што напярэдадні і ў ходзе П. тут праявілася плынь бел.нац.-вызв. руху на чале з Каліноўскім. У бел. гістарыяграфіі ў дачыненні да Літвы і Беларусі яно як польскае не вызначаецца.
Літ.:
Ратч В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т. 1—2. Вильна, 1867—68;
Ігнатоўскі У.М. 1863 год на Беларусі. Мн., 1930;
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964;
Восстание в Литве и Белоруссии. М., 1965;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
М.В.Біч.
Да арт.Паўстанне 1863—64. Касінеры Каліноўскага. Мастак Л.Дударэнка. 1978.Да арт.Паўстанне 1863—64. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак П.Сергіевіч 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДЫЯ (Ísland), Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland),
дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн.ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс.км². Нас. 272,55 тыс.чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г.Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.
Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-растудз.ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.
Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс.ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс.чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты з нарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл.Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным з асн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л. з усх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв.царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк. і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст.эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац. адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.
1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш.еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці з Прагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.Р.Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс.дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн.т. Ловяць пераважна мойву (1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс.кВтгадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс.т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс.км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал.трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер.ваен. база. Экспарт (1,6 млрд.дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд.дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс.дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.
Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадльгрымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн.літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.Г.Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.Гунарсан, Т.Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.І.Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.Бергвейсан, Б.Б’ярман, Д.Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.Х’яртарсана, Ханес П’етурсана, М.Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.Вільх’яўльмсан, драматургі А.Богасан, Стэфаўнсан, С.Нордаль, публіцыст І.Аўрнасан.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.Гудмундсан, пейзажысты Т.Торлаўхсан, А.Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.Торстэйнсан), быт. сцэны (К.Іоўнсдаўцір, Г.Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.Свейнсан, С.Оўлафсан, скульпт. Э.Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.Самуэльсан, С.Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.Арынб’ярнар, Т.Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.
Літ.:
Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;
Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;
Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;
Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;
Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Бутырчык (літаратура), В.Я.Буйвал, С.У.Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Ісландыі.Да арт.Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.Да арт.Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
таямні́ца, ‑ы, ж.
1. Тое, што яшчэ не пазнана, не стала вядомым. Строга вартуючы нетраў сваіх таямніцы, Цягнецца пушча да самай заходняй граніцы.Куляшоў.Цягне пайсці, .. выведаць, угледзець, што ўстае за той дымкай, якая завалакла небасхіл, схавала-спавіла лясы і далёкія-далёкія белыя будынкі трактарных станцый ля шашы .. Дымка — таямніца, невядомы свет з маленства.Пташнікаў.Пісьменнік як бы яшчэ і яшчэ раз разглядае кожнае слова, яго паходжанне, яго будову, імкнецца зазірнуць у таямніцы майстэрства народа, які стварыў гэтае слова.Юрэвіч.// Скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Трэба многа ўсім вучыцца, Трэба многа ведаў мець, — Можна свету таямніцы Толькі з імі зразумець.Кірэенка.[Кастусь:] Пражыла [маці] доўгае жыццё, бачыла столькі і гора, і несправядлівасці, дажыла да новага веку, а ўсё засталася, як сляпая. І гэта ў час, калі .. у неба запушчаны спадарожнікі Зямлі, раскрыта тайнае тайных — таямніца атама.Краўчанка.// Пра тое, што прыцягвае сваёй загадкавасцю, сваёй таямнічай прыгажосцю. Мы хацелі, наадварот, жыць, бачыць яшчэ нябачанае, тое для чаго прыехалі сюды: Італію, якая толькі-толькі пачынала адкрываць нам свае таямніцы.Мележ.І хоць Парфенчык ведаў многія таямніцы ляснога велікана, аднак заўсёды быў сабраны, насцярожаны.Шчарбатаў.Распранутая,.. [Джулія] .. адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства.Быкаў.
2. Тое, што наўмысна хаваецца ад іншых, трымаецца ў сакрэце. І хоць Болесь павінен быў захоўваць таямніцу дзейнасці сваёй групы, ён па старой памяці часта заходзіў да нас у брыгаду і апавядаў пра ўсё цікавае, што ў іх рабілася.Карпюк.[Толя і Міхась] пакляліся адзін аднаму чэсным піянерскім словам хаваць сваю таямніцу да таго часу, пакуль не знойдуць партызан.Якімовіч.Майка зірнула на гэты дуб. Вось ён стаіць нерухомы, маўклівы, верны друг і таварыш яе маленства, каму давярала яна безліч сваіх дзіцячых таямніц.Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
між, прыназ.зРіТ.
Спалучэнне з прыназ. «між» выражае:
Прасторавыя адносіны
1.зР або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот.Колас.Імчым між пнёў, між купін.Куляшоў.Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам.Шамякін.[Начлежнік:] — Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма.Чорны.// Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Быў час — стаіўшыся знямела Між пустак, пушчаў і балот, Ты ў занядбанні быў, народ.Колас.Шум між каласамі, Ды яны не чуюць, Неўзабаве, днямі Сход склікаць мяркуюць.Броўка.// Указвае на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць.Колас.Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай.Багдановіч.
Часавыя адносіны
2.зТ(і абл.зР). Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцавы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. □ Быў час між лета і вясны.Куляшоў.// Тое ж пры ўказанні на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што‑н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. □ Між работаю.. [парабчук] падбег да мяне.Чорны.
Аб’ектныя адносіны
3.зТ або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў. □ Але адступала навала, Яе мы з табою змаглі. Апошняга хлеба кавалак Ты нам аддала, каб былі Надзейнымі заўжды сынамі Вялікае праўды твае, Каб шчырая дружба між намі Раскрыла пяшчоты свае.Хведаровіч.
4.зТ або Р. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай. □ І я, Між усімі Баец радавы, Таксама Да Леніна. Шчыра іду.Кірэенка.[Рыгор] бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці.Гартны.
5.зТ або Р. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, надзел чаго‑н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. □ У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваюць між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець.Колас.
•••
Між іншымгл. іншы.
Між (паміж) намі (кажучы)гл. мы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ СЯРЭДНЕВЯКОЎЯ (канец 10—15 ст.).
Вытокі бел. літаратуры ва ўсходнеслав. пісьменстве Кіеўскай Русі. Узнікненне першых дзярж. аб’яднанняў і культурна-гіст. прагрэс славян выклікалі неабходнасць розных дзелавых запісаў яшчэ ў дахрысціянскі час. Аднак толькі са стварэннем кірылічнай азбукі, прыняццем хрысціянства і выпрацоўкай літ.стараслав. мовы пачалося пашырэнне пісьменства. З’явілася патрэба ў кнігах для набажэнства і азнаямлення насельніцтва з асновамі новага веравучэння. Такія кнігі былі створаны ў Візантыі і перакладзены на стараслав. мову ў Балгарыі. Да іх належаць рознага тыпу Евангеллі, Апосталы, Трыёдзі, «Мінеі-Чэцці», а таксама Псалтыр, Парамійнік, Пролаг і інш., якія складаюць агульны фонд слав. пісьменства, аднолькавы для ўсіх правасл. славян. Разам з імі на ўсх.слав. землі трапілі рэліг. чытальныя, даведачныя і інш. зборнікі: «Пчала», ізборнікі, ізмарагды, «Залаты ланцуг», «Златавуст», «Златаструй», пацерыкі, хронікі і інш. Тыпы кніг, або зборнікаў, адрозніваюць ад жанраў перакладной літаратуры — жыціі святых (змяшчаліся ў «Мінеях-Чэццях», Пролагу, ізборніках), павучальнае і ўрачыстае красамоўства (пропаведзі), малітваслоўі, гімнаграфія, пацерыковыя апавяданні, патрыстыка і хронікі. Найб. папулярнасць атрымалі жыціе Міколы Цудатворца, «Жыціе Аляксея, чалавека божага», аповесці «Александрыя» (фантаст. аповесць пра Аляксандра Македонскага), «Троя», «Іудзейская вайна» Іосіфа Флавія, хронікі Георгія Амартала і Іаана Малалы, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Сінайскі пацярык», «Шасціднёвік» Іаана, экзарха Балгарскага, «Фізіёлаг», «Хрысціянская тапаграфія» Казьмы Індыкаплава, павучальныя і дагматычныя творы Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, Іаана Дамаскіна. Асобныя біблейскія тэмы, матывы і сюжэты распрацоўваліся ў апокрыфах пра стварэнне чалавека («Як Бог стварыў Адама»), жыццё Хрыста (евангеллі ад Нікадзіма, Іакава, Фамы), дзеі апосталаў («Абыходы апостальскія»), Багародзіцу («Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»; у бел. апрацоўцы 15—16 ст. «Пра дванаццаць пакут») і інш. У канцы 10—11 ст. перакладныя кнігі перапісваліся на ўсх.-слав. землях; найб. старажытныя з іх, якія звязаны з Беларуссю, — Тураўскае (11 ст.), Полацкае (12 ст.) і Аршанскае (пач. 13 ст.) евангеллі. Творы, прызначаныя для чытання, а не для набажэнства, маглі не мець устойлівага тэксту, і перакладчыкі, рэдактары, перапісчыкі, прыстасоўваючы тэксты да мясц. умоў, змянялі іх змест з мэтамі тлумачэння, пашырэння або скарачэння. Пачалі складацца рэгіянальныя варыянты перакладных помнікаў. З арыгінальных уставак і рэдакцый перакладных тэкстаў, а таксама са стварэння першых твораў дзелавога пісьменства пачалося зараджэнне ўсх.-слав. літаратур. Да 15 ст. многія арыгінальныя творы напісаны ў адпаведнасці са строгімі жанравымі, стылістычнымі і інш. нормамі, якія склаліся ў Візантыі. Літаратура перыяду ранняга сярэдневякоўя (канец 10—1-я пал. 13 ст.) не вылучалася з агульнай сукупнасці інш. пісьмовых помнікаў, што мелі дзелавы і пазнавальны характар (царкоўна-службовы, справаводны, прыродазнаўчы, гісторыка-юрыд. і інш.), бо сярэдневяковае мысленне мела сінкрэтычны характар.
Вартасці твора вызначаліся не эстэт. характарыстыкамі, а карыснасцю з пункту гледжання прыкладных мэт яго напісання.
У 11—12 ст.гал. цэнтрам кніжнасці на Русі быў Кіеў, а асн. месцамі літ. жыцця — манастыры. Кіеўская мітраполія кіравала рэліг. дзейнасцю і забяспечвала кнігамі ўсе астатнія землі; у кіеўскай кнігавытворчай справе ўдзельнічалі выхадцы з усіх краёў Стараж. Русі. Тут была зроблена асн. частка перакладаў, створаны помнікі агульнага ўсх.-слав. зместу: «Слова пра закон і ласку божую» мітрапаліта Іларыёна, прысвечанае не толькі ўзаемаадносінам Старога і Новага запаветаў, але і асэнсаванню гіст. місіі хрысціянства, апалогіі хрышчэння Русі; «Сказанне» і «Чытанне» пра Барыса і Глеба, «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Асаблівае значэнне мела летапісанне. Летапісы паводле зместу былі свецкімі творамі, але асвятлялі гісторыю ўсх. славян з рэліг. пазіцый. У апавяданнях пра дагістарычныя часы Русі шырока выкарыстоўваліся розныя паданні, фальклор. Самы стараж. летапіс, што захаваўся да нашага часу, — «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў пач. 12 ст. манахам Нестарам на аснове папярэдніх летапісных зводаў. Твор прысвечаны ўзнікненню і станаўленню дзяржаўнасці ва ўсх. славян, прыняццю хрысціянства князем Уладзімірам, паліт. гісторыі Русі ранняга сярэдневякоўя; у ім змешчана апавяданне пра Рагвалода і Рагнеду і многія іншыя гіст. падзеі 10—11 ст. на этнічных бел. землях. Да сярэдзіны 12 ст. манахі-кніжнікі ўяўлялі Русь у многім як агульную этнакультурную і паліт. супольнасць. Ігумен чарнігаўскага манастыра Данііл склаў першае апісанне Іерусалімскіх святынь і паклаў пачатак жанру хаджэнняў, стаўшы такім чынам прадстаўніком усх.-слав. зямель у Палесціне. Аднак агульнарус. ідэалы кніжнікаў не цалкам адпавядалі дзярж.-паліт. становішчу ва Усх. Еўропе. Працэс этнічнай дыферэнцыяцыі славянства прыводзіў да фарміравання асобных этн. груп, што супадала з феадалізацыяй і адасабленнем розных зямель, ростам гарадоў, якія станавіліся цэнтрамі незалежных княстваў і ачагамі культуры. Ужо ў 1-й пал. 12 ст. ў пісьменстве асобных гарадоў выяўлялася цікавасць да мясц. тэматыкі, пазней узніклі культы мясцовашанаваных святых, што выклікала стварэнне іх жыцій. Творы тагачасных аўтараў прызначаліся пераважна для чытання ўголас, што абумоўлівала яскрава выражаны царкоўна-павучальны характар усёй творчасці. Пісьменства мела пераважна ананімны характар, важную ролю ў ім адыгрывалі агульныя месцы, літ. этыкет і маст. канон. Літаратура павінна была адлюстроўваць і асэнсоўваць жыццё паводле біблейскіх уяўленняў і хрысц. светапогляду. У выніку склаліся агульны стыль выяўлення (манументальны гістарызм), універсальная аснова творчасці (сярэдневяковы сімвалізм) і літ. мова са складаным узаемадзеяннем стараж.-слав. і мясц. элементаў; агульнымі заставаліся іерархія жанраў, погляды пісьменнікаў на рэчаіснасць і інш. Многія творы, напісаныя ў асобных землях, пашыраліся па ўсім усходнеслав. арэале і ў выніку агульнасці веравызнання і літ. мовы паўсюль прымаліся як уласныя. Аднак мясц. тэматыка цясней звязвала літ. творы з надзённым жыццём, служыла ўмовай для выяўлення пісьменнікамі ўласных адносін да напісанага, што давала магчымасць для адлюстравання ў творах мясц. інтарэсаў і поглядаў, асаблівасцей гаворак.
На этн.бел. землях пісьменства існавала з 10 ст., аднак да 1130-х г. развіццё кніжнасці адбывалася ў агульнарус. рэчышчы. Тут бытавалі ўсе асн. віды, жанры, помнікі літаратуры Кіеўскай Русі. Толькі з пачаткам актыўнай рэліг.-асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай узнік першы літ. ачаг у заснаваным ёю манастыры, у дзейнасці якога заўважаюцца рысы, адметныя адінш.культ. цэнтраў Русі. «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (канец 12 — пач. 13 ст.) змяшчае не толькі тыповыя для ўсх. жыцій апавяданні пра шлях да святасці, подзвігі, спачын гераіні, але і разгорнутае апісанне яе паломніцтва на Усход (што было ўласціва для лацінамоўнай агіяграфіі Еўропы), а таксама рытарычную пахвалу князёўне. Магчыма, фрагменты з яе твораў пазней укладзены агіёграфам у вусны асветніцы ў «Жыціі». Гал.паліт. і культ. цэнтрам тагачаснай Беларусі быў Полацк, які, відаць, меў сваё летапісанне. Хоць сам тэкст Полацкага летапісу не захаваўся, матэрыялы з яго пазней уключаны ў склад Іпацьеўскага летапіснага зводу. Мяркуюць, што полацкае летапісанне было пераважна княжацкім. У сціслых, але інфармацыйна насычаных пагадовых артыкулах паведамлялася пра паліт. дзейнасць прадстаўнікоў полацкай дынастыі, гал. падзеі ў княстве і залежных ад Полацка гарадах. Важную ролю ў літ. развіцці краю з 2-й пал. 12 ст. адыгрываў Смаленск. Традыцыі мітрапаліта Іларыёна творча развіты Кліментам Смаляцічам, са спадчыны якога захавалася толькі «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У ім аўтар выяўляе тонкае веданне багаслоўя, валоданне ўсімі рытарычнымі сродкамі вядзення палемікі, шырокае знаёмства з тагачаснымі творамі візантыйскіх тэолагаў, умела звязвае ў адно цэлае рэліг.-дагматычныя праблемы і пытанні царк. кіравання, унутр. і знешняй палітыкі Русі. Выдатным прамоўцам быў Аўрамій Смаленскі, «Жыціе» якога складзена каля 1240 яго вучнем манахам Яфрэмам. У творы адлюстравана жыццё сярэдневяковага горада, зроблена спроба даць славесны партрэт персанажа. Адметнымі ў жанравых адносінах былі аповесці пра цудоўныя здарэнні «Слова пра жанчын і дзяўчат смаленскіх» і «Слова пра Меркурыя Смаленскага», у якіх увасобіліся простанародныя рэліг. погляды і ўзаемапранікненне стараж. міфалогіі і хрысціянства.
Важным цэнтрам пісьменства быў і Тураў. Тут складзена мясц. рэдакцыя «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», у дадатку да якой змешчана арыгінальнае «Слова пра манаха Марціна». Высокай ступені літ. дасканаласці, уключаючы свабоднае валоданне ўсім багаццем ант. і візантыйскай рыторыкі, дасягнула ў Тураве павучальнае і ўрачыстае красамоўства. Прамоўніцкая спадчына Кірылы Тураўскага складае больш за 50 помнікаў розных жанраў. Змест твораў цалкам рэлігійны, што абумовіла іх вядомасць ва ўсіх правасл. краінах. Кірыла Тураўскі пісаў на стараслав. мове; для яго стылю характэрна ўскладненасць і ўрачыстасць, высокае літаратурна-маст. майстэрства выкладу. Яго творчасць карысталася вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях і істотна паўплывала на развіццё аратарскай прозы. Вяршыня л-ры Кіеўскай Русі — «Слова аб паходзе Ігаравым», якое ўзнікла на скрыжаванні лепшых традыцый кніжнасці і фальклору. «Слова...» глыбока народнае па духу і ідэйна-вобразным ладзе, прасякнутае гарачай любоўю да рус. зямлі, клопатам пра яе абарону ад знешніх ворагаў. Прыватны эпізод руска-палавецкіх войнаў ператвораны ў падзею вялікага гіст. маштабу. У творы намаляваны прывабны вобраз Усяслава Полацкага; гераізмам ахутаны князь Ізяслаў Васількавіч, які не атрымаў дапамогу ад братоў і загінуў у бітве з літоўцамі. Невядомы аўтар выступае супраць міжусобных войнаў і сцвярджае ідэю незалежнасці асобных княстваў з умовай іх абарончага саюзу. Як прадукт феад.-хрысц. ідэалогіі літаратура Стараж. Русі служыла грамадска-паліт. мэтам умацавання феад. ладу, несла новыя для свайго часу светапогляд і эстэт. прынцыпы. Маючы ў цэлым рэліг. характар, яна выпрацавала высокія маральныя ідэалы і з пазіцыі гэтых ідэалаў звярталася да ўсяго народа, манахаў і князёў і станавілася выразніцай іх агульных інтарэсаў. Літаратура вызначалася публіцыстычнасцю, значнасцю тэм і герояў, глыбінёй праблематыкі. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў былі чалавек і лёс народа. Гэтыя якасці стараж.-рус. літаратуры перайшлі ў спадчыну літаратурам усіх усходнеслав. народаў.
Станаўленне ўласна бел. літаратуры адбывалася ў перыяд позняга сярэдневякоўя (2-я пал. 13—15 ст.) у новых культурна-гіст. умовах. Працэс этн. дыферэнцыяцыі і паліт. раздраблення, абцяжараны крыжацкай агрэсіяй і мангола-татарскімі нападамі, не прывёў да заняпаду кніжнасці на ўсходнеслав. землях. Пачаўся працэс новай феад. цэнтралізацыі і этн. кансалідацыі вакол новых цэнтраў. Паліт. аб’яднанне бел. зямель у складзе ВКЛ, фарміраванне бел. народнасці, багатыя стараж.-рус. традыцыі спрыялі захаванню і паступоваму развіццю кніжнай справы і пісьменства. Ва ўмовах адноснай грамадска-паліт. стабілізацыі адбывалася своеасаблівая літ. кансервацыя. Некаторыя рукапісныя помнікі, пераважна царк.-рэлігійныя, што ўзніклі і бытавалі тады на бел. землях [Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Слуцкае евангеллі, Анежскі (Мсціслаўскі) псалтыр), — сапраўдныя шэдэўры кніжнага мастацтва. Нягледзячы на беднасць значных літ.-маст. з’яў, актыўна развівалася свецкае дзелавое пісьменства, чаму спрыяла рэальнае ўжыванне старабел. мовы ў якасці дзярж. ў ВКЛ. У ім даволі рана пачала развівацца вобразнасць і выкарыстоўвацца жывая гутарковая мова. Маляўнічыя сцэны рэальнага жыцця набліжаюць дагавор 1229 (Смаленская гандлёвая праўда), грамату рыжан (каля 1300), дагавор Полацка з Рыгай 1407 да з’яў маст. літаратуры. Працягвалі бытаваць стараж.-рус. летапісы. Каштоўныя звесткі па гісторыі Беларусі 13 ст., станаўленні бел.-літоўскай дзяржаўнасці змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе, які адрозніваецца ад папярэдніх пераважна свецкім характарам; у першапачатковым варыянце ён уяўляў цэласную гіст. аповесць, не разбітую на пагадовыя артыкулы хроніку, што было прынцыпова новым ва ўсходнеслав. гістарыяграфіі і пазней паўплывала на бел.-літ. летапісанне. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны галічан да літоўска-бел. князёў, укр. летапісцы стварылі цікавыя вобразы Міндоўга, Войшалка і інш. дзеячаў ВКЛ таго часу, выразна і рознабакова асвятлілі падзеі ў ВКЛ, шмат увагі аддавалі апісанню вайсковых паходаў, рыцарскага побыту. З арыгінальных літ. помнікаў 14 ст. пэўную цікавасць уяўляе «Хаджэнне» смаленскага архімандрыта Графенія (1375) — наступны пасля «Хаджэння ігумена Данііла» твор, прысвечаны апісанню святынь Палесціны.
Новы імпульс для развіцця кніжнасці даў другі паўд.-слав. ўплыў, які пачаўся каля сярэдзіны 14 ст. Многія дзеячы культуры з Балкан і Візантыі, дзе пачалося турэцкае нашэсце, пераязджалі ва Усх. Еўропу. Яны прыносілі новае, больш складанае светабачанне, новы экспрэсіўна-эмацыянальны стыль выяўлення чалавека, звязаны з ідэямі ісіхазму. Пад уздзеяннем ісіхасцкага вучэння ўзмацнілася ўвага да ўнутр. стану асобнага чалавека. Паўд.-слав. кніжнікі імкнуліся адрадзіць чысціню стараслав. мовы, выпраўлялі богаслужэбныя і рэліг. кнігі ў адпаведнасці са старымі ўзорамі. Гэта ў многім паспрыяла зараджэнню крытычнага стаўлення да тэкстаў, з’яўленню першых элементаў тэксталогіі, мовазнаўства і літ. крытыкі. Аднак другі паўд.-слав. ўплыў закрануў толькі царк. кніжнасць і ў старабел. пісьменстве адыгрываў прыкметную ролю ў канцы 14 — пач. 15 ст., абумовіўшы кароткачасовы росквіт красамоўства, звязаны з літ. дзейнасцю выхадцаў з паўд.-слав. краін — мітрапалітаў Кіпрыяна і Грыгорыя Цамблака. Кіпрыян вёў ажыўленую перапіску з многімі віднымі дзеячамі, прапаноўваў увядзенне царк. уніі, у канцы жыцця склаў Траецкі летапіс, які пазней выкарыстоўваўся бел. летапісцамі. Найб. значныя творы аратарскай прозы належаць Грыгорыю Цамблаку, які ў 1415 быў абраны наваградскім мітрапалітам. Яго ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай у стылі «пляцення славес», характарызуюцца ярка выражанай арнаментальнасцю, славесна-вобразнай ускладненасцю, багаццем ампліфікацый і тропаў. Спыненне працэсу кананізацыі святых прывяло да крызісу жыційнага жанру. Адзіны агіяграфічны твор, тэматычна звязаны з бел.-літ. рэгіёнам, — «Жыціе віленскіх пакутнікаў», якое ўзнікла ў Візантыі.
Істотныя змены адбыліся і ў жанры хаджэнняў, які пачаў страчваць сувязь з традыцыямі царк.-рэліг. кніжнасці. Значным крокам наперад было «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 ст.), якое ўзнікла на скрыжаванні традыцый паломніцкай літаратуры і летапіснага стылю. Твор нагадвае дзённік падарожжа, змяшчае апісанні прыроды на берагах Дона, вандровак па моры, жыцця аўтара ў Канстанцінопалі, аповесць пра барацьбу ў Візантыі канкурэнтаў за імператарскі пасад і інш. Святыні прыцягвалі ўвагу аўтара як помнікі культуры і мастацтва, шмат месца адводзілася грамадскім падзеям, супастаўленню жыцця на радзіме з убачаным за мяжой. «Хаджэнне» ў Егіпет, на Сінай і ў Палесціну полацкага іераманаха Варсанофія (1462) знаёміла чытачоў з малавядомымі землямі хрысц. Усходу; асабліва вылучаюцца апісанні Сінайскага манастыра.
З 1-й пал. 15 ст. пачынаецца шырокае распаўсюджанне паперы — больш таннага матэрыялу для пісьма. Гэта давала магчымасць набываць кнігі небагатым людзям, складаць на свой густ зборнікі змешанага тыпу, выказваць на палях уласныя думкі адносна прачытанага, што было немагчыма раней з прычыны сакралізацыі тэксту кнігі. Творы пачынаюць ацэньвацца не толькі з пункту гледжання іх адпаведнасці павучальным або інш. службова-прыкладным задачам, але і зыходзячы з іх ідэйна-маст. якасцей і арыгінальнасці. Урачысты ўстаўны почырк павольна замяняецца больш лёгкім для напісання паўустаўным, што значна паскарала працэс перапісвання кніг. Шырокае ўжыванне старабел. мовы, якая стала важным сродкам грамадскіх зносін у краіне і ўсё больш абапіралася на жывую нар. гаворку, садзейнічала яе ўдасканаленню. Пачалася паступовая дэмакратызацыя і беларусізацыя царк.-слав. мовы і значна звузілася сфера яе пісьмовага ўжытку. У перыяд позняга сярэдневякоўя росквіту дасягнула летапісанне, што было вынікам росту нац. свядомасці беларусаў і ўсведамлення народам сваёй нац.-гіст. адметнасці. З пач. 15 ст.мясц. летапісы саступаюць месца агульнадзяржаўным. Гэта паўплывала на змену жанравай формы летапісаў, асаблівасцю якой стала спалучэнне традыц. пагадовай формы выкладу з прагматычным, звязным апавяданнем. З агульнадзярж. пазіцый і ў цеснай сувязі з гісторыяй Русі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (1-я трэць 15 ст.) і Беларуска-літоўскім летапісе 1446 пададзена багатае мінулае бел. і літ. народаў, адлюстраваны ўмацаванне велікакняжацкай улады і яе барацьба супраць феад. раздробленасці. У асобных раздзелах летапісаў заўважаецца імкненне аўтараў да белетрызацыі апавядання, з’яўляюцца элементы сюжэтапабудовы. Канчаткова выпрацаваўся своеасаблівы летапісны стыль, лаканічны і выразны, блізкі да стылю дзелавога пісьменства позняга сярэдневякоўя. Летапісы складаюць найважнейшы этап у станаўленні бел. літаратуры. Яны сцвярджалі свецкі кірунак яе развіцця і садзейнічалі прагрэсу жанраў, незалежных адцарк.-рэліг. канонаў. Найважнейшым гіст. падзеям прысвячаліся невялікія аповесці — асобныя творы са сваімі героямі і самастойнай тэматыкай, дзе элементы сюжэтапабудовы, або дакументальная «падзейнасць», выяўляюцца больш выразна. Іншы характар набыла перакладчыцкая дзейнасць, што сведчыла пра актывізацыю культ. узаемасувязей бел. народа з народамі інш. краін і было вынікам росту духоўных запатрабаванняў грамадства. Старабел. кніжнікі самастойна ажыццяўлялі пераклады з лац., ням., рус. і інш. моў, прычым у ходзе перакладу яны свядома перапрацоўвалі тэксты, узгадняючы іх з эстэт. і ідэйнымі запатрабаваннямі чытачоў. На бел. мову перакладаліся заходнееўрап. помнікі рэліг. характару («Аповесць пра трох каралёў», 15 ст.), якія засведчылі высокае майстэрства бел. кніжнікаў, паказвалі вялікія лексіка-стылістычныя багацці, маст.-выяўленчыя магчымасці старабел. літ. мовы. Нанова перакладзены «Александрыя», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», асобныя кнігі Бібліі і інш. Дзякуючы перапрацоўцы перакладная літаратура набліжалася да арыгінальнай, арганічна дапаўняла яе і складала разам з ёю адзіную сістэму.
Ізборнік Святаслава Канец 11 ст.Архангел Міхаіл. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангелля. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІЙНЫЯ САЮЗЫ
Правапераемнікам прафсаюзаў у Беларусі з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — адзіны нац.прафс. цэнтр, рэсп. добраахвотнае незалежнае аб’яднанне прафес. саюзаў, абласных (Мінскага гарадскога) аб’яднанняў прафсаюзаў, а таксама асацыіраваных членаў, самая масавая грамадская арг-цыя. Вышэйшы орган ФПБ — з’езд, вышэйшы кіруючы орган у перыяд паміж з’ездамі — Савет ФПБ, у перыяд паміж Пленумамі Савета ФПБ — яго Прэзідыум, у які ўваходзяць кіраўнікі буйных галіновых прафсаюзаў, абласных аб’яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікі нізавых прафс. структур.
Першыя прафсаюзы ўзніклі ў канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Яны былі падобныя на таварыствы ўзаемадапамогі, будаваліся паводле цэхавай прыналежнасці і змагаліся за паляпшэнне эканам. становішча працоўных. На працягу 19 ст. прафсаюзы аформіліся ў большасці краін Еўропы. У 1-й чвэрці 20 ст. ў выніку абвастрэння сац. праблем і ўздыму рэв. руху прафсаюзы кансалідаваліся на міжнар. узроўні. Найб. буйнымі і ўплывовымі міжнар. аб’яднаннямі сталі Амстэрдамскі Інтэрнацыянал прафсаюзаў (1919), Міжнар. канфедэрацыя хрысціянскіх прафсаюзаў (1920), Прафінтэрн (Чырв. Інтэрнацыянал прафсаюзаў, 1921). Вострыя сац.-паліт. канфлікты таго часу не садзейнічалі адзінству міжнар.прафс. руху; як і рабочы рух, ён быў расколаты на камуністычную (рэвалюцыйную) і сацыял-дэмакр. (рэфармісцкую) плыні. Сав. Расія, потым і СССР падтрымлівалі камуністычную плынь, найперш праз Камінтэрн.
Прафсаюзны рух Беларусі пачаў фарміравацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. як састаўная частка міжнар.прафс. руху. У гэты перыяд на тэр. Беларусі з’явіліся стачачныя касы і камітэты, дэлегацкія і цэхавыя сходы. Разгрупаваныя па дробных майстэрнях, разрозненыя ў дзеяннях, яны імкнуліся да прафес. аб’яднання з мэтай барацьбы за свае правы. Першая арганізацыя рабочых — прафес. саюз шчаціншчыкаў — на тэр. Беларусі была створана ў 1894. У сярэдзіне 1890-х г. у Мінску ўтварылася арганізацыя рабочых дробнай і рамеснай прамысловасці. Да ліп. 1896 у яе ўваходзілі 24 падпольныя цэхавыя прафес. саюзы, якія аб’ядналі 1188 рабочых. У 1898 быў створаны прафсаюз гарбароў, у які ўвайшлі рабочыя Смаргоні, Ашмян, Беластока, Вільні. Крыху пазней арганізацыйна аформіўся прафсаюз друкароў у Гомелі. У 1904 у развіцці рабочага руху Беларусі пачаўся новы перыяд, які характарызаваўся ўтварэннем прафсаюзаў па вытворчым прынцыпе. Напярэдадні рэв. выступленняў працоўных у 1905 масава пачалі з’яўляцца прафсаюзы ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Оршы і інш. гарадах. Гэта быў час арганізаванай барацьбы працоўных, аб’яднаных у прафсаюзы для сумесных выступленняў у абарону эканам. інтарэсаў. 1904 год, калі прафсаюзы ўжо існавалі практычна ва ўсіх буйных гарадах Беларусі, лічыцца пачаткам адліку ўзросту бел. прафсаюзаў. На развіццё прафс. руху вял. ўплыў зрабіла барацьба працоўных за свае правы ў час рэвалюцыі 1905—07. З гэтага часу сталі стварацца масавыя легальныя прафсаюзы паводле вытв. прынцыпу. У 1905 у Мінску ўзніклі прафсаюзы канторскіх служачых, т-ва фармацэўтаў, краўцоў і швачак і інш. Прыняцце царскім урадам 4.3.1906 закона аб легалізацыі прафсаюзаў пад назвай «Часовыя правілы аб прафесіянальных арганізацыях» актывізавала прафс. рух у Беларусі. У 1906 у Віцебску ўтвораны прафсаюзы ювеліраў, будаўнікоў, гарбароў, хатняй прыслугі, булачнікаў, зубных урачоў і дантыстаў, слесараў і кавалёў, усяго больш за 10; у Полацку — прафес.т-вагандл.-прамысл. служачых. Да канца 1905 улады дазволілі дзейнасць у Мінску 15 прафсаюзам, у Гродзенскай губ. — 28. У Віцебску на губернскім з’ездзе настаўнікаў (13.6.1906, каля 300 дэлегатаў) абмяркоўваліся пытанні эканам. становішча педагогаў і арганізацыі прафсаюза. У 1906 у Гродзенскай губ. ўтвораны прафсаюз сялян (с.-г. рабочых), аднак ім было адмоўлена ў яго легалізацыі, бо паводле закону арганізацыя прафсаюзаў у гэтай галіне не дазвалялася. «Часовыя правілы» забаранялі стварэнне прафсаюзаў рабочым і служачым, якія працавалі на чыг. транспарце, работнікам пошты, тэлеграфа, банкаў і дзярж. устаноў. У 1906—07 у 5 зах. губернях Расіі створаны 74 прафес. саюзы, у т. л. 13 у Мінскай, 8 у Гродзенскай, 39 у Віцебскай і 2 у Магілёўскай губ. У 1907 на Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 101 прафсаюз, які аб’ядноўваў 14 533 чал., але рабочых у іх было каля 3,5%. Тагачасныя прафсаюзы былі рэвалюцыйна актыўныя і моцна палітызаваныя, таму да 1910 амаль палова іх забаронена; а ў 1-ю сусв. вайну практычна ўсе прафсаюзы перасталі дзейнічаць. Найперш закрываліся тыя, што знаходзіліся пад уплывам РСДРП і інш.рэв. партый, якія выкарыстоўвалі прафсаюзы для арганізацыі легальнай барацьбы супраць царскай улады. Закрыццё прафсаюзаў урад разглядаў як меру барацьбы з рэвалюцыяй. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 дзейнасць прафсаюзаў актывізавалася. У першыя месяцы 1917 большасць прафс. к-таў на Беларусі кантралявалі бундаўцы і меншавікі, якія імкнуліся да арганізацыі прафсаюзаў паводле цэхавага і вузкапрафес. прынцыпу. Бальшавікі актыўна змагаліся за стварэнне рэв. прафсаюзаў паводле вытв. прынцыпу. У выніку прафс. рух на Беларусі ў 1917 апынуўся расколатым. Такое становішча заставалася на працягу грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 і нават у гады нэпа. Так, у 1918 цэнтр. бюро прафсаюзаў Віцебска, дзе бальшавікі былі ў меншасці, пратэставала супраць роспуску сав. ўладамі гар. думы і ўправы. Аналагічна выказаўся і савет прафсаюзаў Гомеля.
Супраць арганізацыі рэв. трыбунала выступіла кіраўніцтва прафсаюзаў Полацка. Разам з тым у 1918—20 значная частка прафс. к-таў арганізавала шэраг акцый пратэсту супраць ням. і польскіх акупац. улад. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на прадпрыемствах стварыліся фабрычна-заводскія к-ты (фабзаўкомы). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прафс. рух цэнтралізаваўся. На I Усерас. з’ездзе прафсаюзаў (7—14.1.1918, Петраград), у якім удзельнічалі дэлегаты ад Мінска, Магілёва і Віцебска адбылося аб’яднанне прафсаюзаў у маштабе краіны. Яны будаваліся паводле галіновага і вытв.-тэр. прынцыпу, які адпавядаў прынцыпу пабудовы парт. улады, Стварэнне Цэнтр. бюро прафсаюзаў (14.7.1920), потым яго рэарганізацыя ў Савет прафсаюзаў Беларусі (30.7.1920) азначалі перабудову, за якой стаяў адыход ад традыцыйнага галіновага прынцыпу пабудовы прафсаюзаў і стварэнне гарызантальных тэр. структур, адпаведных парт. структурам. Стварэнне саветаў прафсаюзаў непасрэдна кантралявалі адпаведныя ідэалаг. і прапагандысцкія структуры партыі бальшавікоў. Найб. рашуча за адзяржаўленне прафсаюзаў выказваўся Л.Д.Троцкі. У.І.Ленін не падтрымаў ідэю адзяржаўлення прафсаюзаў.
X з’езд партыі (1921) ухваліў ленінскую платформу па прафс. пытанні, якая разглядала прафсаюзы як школу камунізму, школу кіравання ў перыяд сацыяліст. будаўніцтва, але звярнуў увагу на неабходнасць парт. кіраўніцтва прафсаюзамі, аднаўлення прынцыпу дэмакр. цэнтралізму ў яго кіраўніцтве. I Усебел. з’езд прафсаюзаў (7—13.5.1921, гэты і ўсе наступныя з’езды праходзілі ў Мінску) стварыў адзіны кіруючы цэнтр, выбраў новы склад Прэзідыума Савета прафсаюзаў Беларусі, вызначыў канкрэтныя задачы прафсаюзаў рэспублікі ў перыяд пераходу да новай эканам. палітыкі. II Усебел. з’езд прафсаюзаў (1922) прыняў рашэнне аб перарэгістрацыі членаў прафсаюзаў і пераходзе ад абавязковага калектыўнага членства да добраахвотнага індывідуальнага. У 1-й чвэрці 20 ст. прафсаюзы Беларусі актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе з ворагамі сав. улады, пераадоленні разрухі, правядзенні камуніст. суботнікаў, гасп. будаўніцтве, арганізацыі кампаній у падтрымку галадаючых і інш. На IV Усебел. з’ездзе прафсаюзаў (14—18.6.1924; 1-ы з’езд пасля ўзбуйнення БССР) 283 дэлегаты прадстаўлялі 113,1 тыс.чл. прафсаюзаў. З’езд выбраў Цэнтр. савет прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ) у складзе 70 чал.Асн. задачы і формы дзейнасці прафсаюзаў у 1924—28: барацьба з беспрацоўем, удзел у аднаўленні і рэканструкцыі вытв-сці, размеркаванні фондаў матэрыяльнага забеспячэння працоўных, рэгуляванні прыватнакапіталіст. вытв-сці, умацаванне дысцыпліны і павышэнне прадукцыйнасці працы, культ.-асв. праца, ліквідацыя непісьменнасці і інш. У гэты перыяд разгарнулася кампанія па заключэнні калектыўных дагавораў, якія прадугледжвалі павышэнне аплаты і прадукцыйнасці працы, паляпшэнне культ. ўзроўню працоўных. Першы такі дагавор заключаны паміж прафсаюзам хімікаў і ўпраўленнем шкляной прам-сці. За эфектыўную працу па ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва прафсаюз работнікаў асветы быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырв. Сцяга БССР. Унутрыпарт. барацьба ў кіраўніцтве бальшавіцкай партыі ў 1920—30-я г. адбілася і на дзейнасці прафсаюзаў. У канцы 1920-х г. супраць прафсаюзаў БССР былі прыняты т.зв. «арганізацыйныя меры», у выніку якіх зменены 72% кіруючых прафс. кадраў. У пач. 1929 расфарміраваны праўленні гандл. служачых, работнікаў сувязі, зменена кіраўніцтва ЦК саюза будаўнікоў, распушчаны шэраг фабрычна-заводскіх і мясц. к-таў. У выніку рэформы арганізац. структур прафсаюзаў і іх разбуйнення ў пач. 1930-х г. у БССР ствараліся прафгрупы, цэхавыя бюро, выбіраліся прафупаўнаважаныя; замест 27 створана 76 прафес. саюзаў. У сувязі з цяжкасцямі, выкліканымі супярэчнасцямі грамадска-паліт. жыцця, прафсаюзы не заўсёды маглі эфектыўна адстойваць правы працоўных, хоць яны праводзілі пэўную работу па развіцці сістэмы сац. страхавання і культ. абслугоўвання насельніцтва, ахове працы і здароўя працоўных, навучанні кадраў і інш. Пры ЦСПСБ была арганізавана школа прафс. работнікаў на 350 чал.; у 1931 адкрыты Бел. філіял завочнага ін-та прафсаюзаў на 600 месц і вячэрні прафс.ун-т на 80 месц з 2-гадовым тэрмінам навучання. За гады першых пяцігодак прафсаюзы БССР умацаваліся арганізацыйна, вырасла іх актыўнасць. У 1937 яны аб’ядноўвалі больш за паўмільёна рабочых і служачых (84,1% усіх працуючых), але з 1932 да 1958 у рэспубліцы не склікаліся з’езды прафсаюзаў.
У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, прафсаюзы знаходзіліся пад уплывам розных паліт. сіл і аб’ядноўвалі невял. частку працоўных (5—8% усіх працуючых на прадпрыемствах і ва ўстановах). У 1935 тут 6,6 тыс.чал. належалі да прафсаюзаў, якія знаходзіліся пад уплывам урадавых арг-цый, 5,8 тыс. — Бунда, 2,3 тыс. — партый і арг-цый хрысціянскага і нац. кірунку, 3,2 тыс. — Кампартыі Зах. Беларусі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР прафсаюзы прынялі ў свае рады амаль 85% усіх рабочых і служачых.
У пач.Вял.Айч. вайны прафсаюзы Беларусі займаліся мабілізацыяй, арганізацыяй падп. і партыз. барацьбы ў тыле ворага. Спробу арганізаваць прафсаюзы і выкарыстаць іх у сваіх мэтах зрабілі на акупіраванай тэр. Беларусі ням.-фаш. захопнікі. Паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ ў жн. 1942 пачалося стварэнне прафаш. прафсаюзаў, утворана Цэнтр. бюро прафсаюзаў Беларусі на чале з Фрэйдэнбергам. Акупанты патрабавалі адпрафс. «актывістаў» рашучых мер супраць тых, хто «зрывае мерапрыемствы па павышэнні прадукцыйнасці працы», не выключаючы прымус і сілу зброі. Але вынікі былі нязначныя.
Па меры вызвалення Беларусі аднаўлялі сваю дзейнасць і прафс. арг-цыі. Ужо ў канцы 1943 у Гомелі працавала 7 арганізац. бюро рэсп. галіновых прафсаюзаў. 12.12.1944 ЦККП(б)Б прыняў пастанову «Аб аднаўленні прафсаюзных арганізацый у Беларускай ССР».
У канцы 1945 на Беларусі працавалі 6964 нізавыя прафс. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 2/3 усіх працуючых, на 1.1.1946—34 рэсп. і 49 абл. к-таў, 7678 пярвічных прафс. арг-цый, якія аб’ядноўвалі 334,6 тыс.чл. прафсаюзаў, ці 64,4% агульнай колькасці рабочых і служачых. 1-я Бел. міжсаюзная канферэнцыя прафсаюзаў (ліст. 1948) сфарміравала Бел.рэсп. савет прафсаюзаў (Белсаўпроф); саветы прафсаюзаў створаны ва ўсіх абласцях рэспублікі. Для падрыхтоўкі кадраў прафс. работнікаў у 1946—55 у Мінску дзейнічала Рэсп. школа ВЦСПС, якую скончылі 629 чал.Вял. значэнне ў павышэнні ролі і ўнутр. дэмакратызацыі прафсаюзаў меў снежаньскі (1957) пленум ЦККПСС, які разгледзеў пытанне аб рабоце прафес. саюзаў СССР. На аснове яго рашэння VI пленум Белсаўпрофа (30.1.1958) патрабаваў, каб прафсаюзы будавалі сваю працу на строгім захаванні норм прафс. жыцця, развіцці і забеспячэнні калегіяльнасці ў кіраўніцтве, справаздачнасці і выбарнасці прафс. органаў. У маі 1958 адбыўся VIII з’езд прафсаюзаў Беларусі. Да пач. 1980-х г. прафсаюзы рэспублікі правялі яшчэ 7 з’ездаў (у лют. 1982 прайшоў XV з’езд прафсаюзаў Беларусі). З пач. 1958 да 1980 прафсаюзная арг-цыя павялічылася з 1459 тыс. да 5 млн.чал. Развіваліся міжнар. сувязі прафсаюзаў Беларусі. З 1954 яны ўключаліся ў работу Міжнар. арг-цыі працы (МАП). З сярэдзіны 1960 да сярэдзіны 1980-х г. назіралася ўзмоцненае адзяржаўленне прафсаюзаў. Улады ўцягвалі прафс. актыў і радавых членаў у парт.-сав. работу, надзялялі прафсаюзы дзярж.-ўладнымі функцыямі. Не садзейнічалі ўмацаванню прафсаюзаў і шматлікія рэарганізацыі. Так, паводле рашэнняў лістападаўскага (1962) пленума ЦККПСС за аснову быў узяты тэрытарыяльны прынцып дзейнасці парт., сав., прафс. і інш. грамадскіх арг-цый, а праз 2 гады зноў вернуты тэрытарыяльна-вытв. прынцып. Прафсаюзы Беларусі пасляваен. перыяду займаліся наступнымі відамі дзейнасці: вытворча-эканамічнай (арганізацыя сацыяліст. спаборніцтва, удзел у распрацоўцы гасп. планаў і нарміраванні працы, развіццё масавай тэхн. вытворчасці працоўных); абарончай, культ.-выхаваўчай (у іх распараджэнні было каля 900 клубаў, больш за 500 бібліятэк, звыш 5000 піянерскіх лагераў, у маст. самадзейнасці ўдзельнічала больш як 600 тыс. рабочых і служачых; за кошт сваіх сродкаў прафсаюзы пабудавалі ў рэспубліцы 9 санаторыяў, 16 дамоў адпачынку і турыстычных баз, 165 спарт. аб’ектаў); нарматыўнай (Белсаўпроф удзельнічаў у распрацоўцы афіц. каментарыя да кодэкса законаў аб працы ў Беларусі); міжнароднай (толькі ў 1986 прафсаюзы рэспублікі прынялі 67 замежных дэлегацый і накіравалі сваіх прадстаўнікоў у 18 краін свету); арганізацыйнай (штогод на курсах Белсаўпрофа і аблсаўпрофаў праходзілі перападрыхтоўку каля 46 тыс.прафс. актывістаў, працаваў філіял Вышэйшай школы прафс. работнікаў, бюджэт прафес. саюзаў і бюджэт дзярж.сац. страхавання, якім кіравалі прафсаюзы, у 1985 перавышаў 1 млрд.руб. і складаў 14% ад усіх расходаў бюджэту БССР). XVI з’езд прафсаюзаў Беларусі (студз. 1987) выказаўся за больш рашучы паварот прафсаюзаў да інтарэсаў чалавека працы. XVII з’езд прафсаюзаў Беларусі (5—6.10.1990) прыйшоў да высновы, што прафсаюзы павінны абараняць інтарэсы шырокіх мас насельніцтва незалежна ад іх паліт., нац. і рэліг. арыентацыі. З’езд вызначыў новыя прынцыпы аб’яднання прафсаюзаў. Вынікам гэтага стала стварэнне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ, некаторы час называлася Федэрацыя прафсаюзаў беларуская). XVII з’езд абвясціў сябе I з’ездам ФПБ, прыняў статут і праграму дзеянняў прафсаюзаў Беларусі.
На 1.1.1999 у ФПБ уваходзілі 33 галіновыя прафсаюзы, 6 абл. аб’яднанняў, больш за 29,7 тыс. пярвічных прафс. арг-цый з агульнай колькасцю больш за 4,4 млн. членаў. З 2-й пал. 1990-х г. дзейнасць ФПБ стала палітызавацца, адыходзіць ад праграмных і статутных палажэнняў і патрабаванняў федэрацыі. У 2001 — пач. 2002 у прафс. руху Беларусі абвастрыліся крызісныя працэсы: з-за памылак кіраўніцтва ФПБ, галіновых прафсаюзаў значна знізіліся аўтарытэт і ўплыў прафсаюзаў у грамадстве. У выніку спыніўся сац. дыялог, пачаліся дэзінтэграцыйныя працэсы, кіраўніцтва ФПБ не змагло эфектыўна працягваць узаемадзеянне з членскімі арг-цыямі, Урадам, аб’яднаннямі наймальнікаў. Прафсаюзы паступова страцілі частку сваіх функцый: ФПБ пазбавілася права заканадаўчай ініцыятывы і магчымасці ўдзельнічаць у падрыхтоўцы заканадаўчых актаў, права на ажыццяўленне кантролю за станам аховы працы на вытворчасці і прававой абароны членаў прафсаюза; быў забаронены збор прафс. узносаў у безнаяўным парадку; аслабелі пазіцыі прафсаюзаў у сац. абароне работнікаў, аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, страчана магчымасць абароны сваіх прафс. работнікаў і актыву. Адбыўся раскол у галіновых прафсаюзах. З прычыны таго, што лідэры ФПБ актыўна заняліся палітыкай, пачаўся масавы выхад з прафсаюзаў як асобных іх членаў, так і цэлых арг-цый. Спынілі існаванне шэраг пярвічных прафс. арг-цый. З улікам гэтых абставін з’явілася неабходнасць перагледзець вызначаныя раней прафсаюзамі мэты і задачы, якія ўжо не былі канкрэтнымі і зразумелымі людзям, вызначыць шляхі далейшага развіцця і выхаду з крызісу. Усё гэта выклікала неабходнасць рэфармавання і мадэрнізацыі дзейнасці прафсаюзаў, патрабавала склікання пазачарговага IV з’езда ФПБ. На з’ездзе (18—19.9.2002) быў абраны новы склад ФПБ, яго прэзідыума. З’езд вызначыў гал. напрамкам работы прафс. арг-цый арганізацыйнае ўмацаванне прафсаюзаў, прыняў курс на кансалідацыю, умацаванне адзінства і салідарнасці прафс. руху пад кіраўніцтвам і вакол ФПБ, аб’явіў аб узнаўленні сац. дыялогу паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і Урадам. Пасля пазачарговага IV з’езда ФПБ кіраўніцтвам федэрацыі праведзена значная работа, скіраваная на ўзнаўленне і ўмацаванне прафс. руху Беларусі. Па ініцыятыве і з удзелам ФПБ распрацаваны нарматыўныя прававыя акты, якія з’яўляюцца прававой асновай абароны працоўных і дзейнасці прафсаюзаў. ФПБ удзельнічала ў распрацоўцы і рэалізацыі рэсп. і рэгіянальных праграм занятасці насельніцтва, аздараўлення працоўных і членаў іх сем’яў, інш.сац. праграм, ініцыіравала станаўленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства, садзейнічала і працягвае садзейнічаць стабілізацыі паліт. і сац.-эканам. жыцця краіны. Праводзімая ФПБ і яе членскімі арганізацыямі работа ўзмацніла аўтарытэт прафсаюзаў і іх уплыў у грамадстве. На 1.10.2004 ФПБ уключала 30 галіновых прафсаюзаў, 6 абл. і Мінскае гар. аб’яднанні прафсаюзаў, 23,4 тыс. пярвічных прафс. арг-цый з агульнай колькасцю 4 млн. членаў. Членамі прафсаюзаў на прадпрыемствах, у арг-цыях і ўстановах, дзе створаны іх пярвічныя арг-цыі, з’яўляюцца больш за 90% работнікаў. Найб. буйныя прафсаюзы ў ФПБ — работнікаў аграпрамысл. комплексу, адукацыі і навукі, аховы здароўя, мясц. прамысловасці і камунальна-быт. прадпрыемстваў і інш. ФПБ, яго кіруючыя органы ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі «Аб прафесіянальных саюзах», «Аб занятасці», «Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь», інш. заканадаўчымі і нарматыўнымі актамі, статутам ФПБ, а таксама Усеаг. дэкларацыяй правоў чалавека, міжнар. пактамі і канвенцыямі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь. Прафсаюзы Беларусі працуюць у кірунку ўмацавання незалежнай, суверэннай дзяржавы, стварэння ўмоў для ўздыму жыццёвага ўзроўню насельніцтва краіны, фарміравання дэмакр. грамадства. ФПБ удзельнічае ў рабоце Усеаг. Канфедэрацыі прафсаюзаў, Сусв. Федэрацыі прафсаюзаў, прадстаўляе працоўных Беларусі ў МАП, ажыццяўляе кантакты і супрацоўніцтва з многімі прафцэнтрамі СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі.
ФПБ вырашыла шэраг важных сац.-эканам. пытанняў. Адноўлены безнаяўны парадак пералічэння прафс. узносаў па пісьмовых заявах работнікаў. Федэрацыя дабілася ўдзелу прафсаюзаў у падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць працоўныя і сац.-эканам. інтарэсы работнікаў. Па патрабаванні ФПБ зніжана пеня за несвоечасовую аплату жыллёва-камунальных паслуг з 0,5 да 0,3%, а тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2004 замарожаны і абмежаваны: яны не могуць павялічвацца больш чым на 4—5 долараў ЗША у год. Федэрацыя настаяла на ўнясенні змянення ў Жыллёвы кодэкс, якое прадугледжвае паляпшэнне сістэмы аплаты камунальных паслуг. Мінімальная заработная плата ўстаноўлена па прапанове ФПБ з 1.11.2004 на ўзроўні бюджэту пражытачнага мінімуму. Федэрацыя пастаянна патрабавала ад Урада прыняцця канкрэтных мер па ліквідацыі запазычанасці па заработнай плаце, у выніку дзяржавай узмоцнены патрабаванні да наймальнікаў па своечасовай яе выплаце. Дзякуючы паслядоўнай і прынцыповай пазіцыі ФПБ, Ген. пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2004—05, падпісанае 11.3.2004, удалося напоўніць канкрэтнымі паказчыкамі ў галіне аплаты працы, пенсійнага забеспячэння, узмацніць пазіцыі ў частцы правоў і гарантый членаў прафсаюзаў і прафс. актывістаў. Усе ўключаныя ў Ген. пагадненне абавязацельствы па павышэнні ўзроўню жыцця і сац. абароне насельніцтва выконваюцца. У 2003 створаны спарт. клуб ФПБ, працуюць дзіцяча-юнацкія спарт. школы. У структуры ФПБ налічваецца 173 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, што складае 40% ад іх агульнай колькасці ў рэспубліцы. У гэтых школах займаюцца больш за 53 тыс. дзяцей, падлеткаў і моладзі па 57 відах спорту, працуюць 1,9 тыс. трэнераў-выкладчыкаў, у т. л. 43 заслужаныя трэнеры і 109 трэнераў-выкладчыкаў вышэйшай катэгорыі. У складзе зборных каманд краіны па відах спорту выступаюць 1172 прафс. спартсмены, што складае каля 30% ад агульнай колькасці. На XXIII летніх Алімпійскіх гульнях (2004) у Афінах 34 спартсмены прадстаўлялі прафсаюзы ў складзе бел. дэлегацыі і заваявалі 4 алімпійскія медалі. Узрос аўтарытэт сістэмы санаторна-курортных устаноў прафсаюзаў. У аздараўленні і лячэнні членаў прафсаюзаў задзейнічаны ўсе здраўніцы унітарнага прадпрыемства ФПБ «Белпрафсаюзкурорт». Штогод у санаторыях, пансіянатах, дамах адпачынку прафсаюзаў праходзяць лячэнне і адпачываюць каля 100 тыс.чал. На балансе прафс. к-таў рэспублікі знаходзяцца 45 дзіцячых аздараўленчых лагераў. У рамках акцыі «Прафсаюзы — дзецям» прафкомы ўзялі шэфства на пастаяннай аснове над 168 дзіцячымі дамамі, школамі-інтэрнатамі і сац. прытулкамі, у якіх выхоўваюцца дзеці-сіроты. ФПБ дабіваецца поўнай перадачы размеркавання пуцёвак на лячэнне, аздараўленне і адпачынак прафс. арг-цыям прадпрыемстваў і ўстаноў. ФПБ удзяляе асаблівую ўвагу рацыянальнаму выкарыстанню прафс. уласнасці. Праведзена рэканструкцыя рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў. У 2004 пачалася рэканструкцыя спартыўна-аздараўленчай базы ў пас. Ратамка пад Мінскам. Змянілі свой знешні выгляд будынкі гасцініц, лячэбныя карпусы санаторыяў і інш. аб’екты. У рамках святкавання 60-й гадавіны вызвалення Беларусі адням.-фаш. захопнікаў па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле ФПБ былі праведзены 2 этапы рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Курган Славы», створаны музей ваен. тэхнікі пад адкрытым небам. Федэрацыя мае свой гімн і марш. Па ініцыятыве ФПБ Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.4.2004 устаноўлены юбілейны медаль «100 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калу́жа ’лужына’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.; Сцяц., Словаўтв.; слаўг., Яшк., вусн. паведамл.), ’балоціна’ (гродз., Сл. паўн.-зах., 2, 381, параўн. ілюстрацыю: «Жабы па калужах водзяцца»), ’калдобіна’ (хойн., Шатал.), калужына ’лужына пасля дажджу на дарозе’ (кліч., Жыв. сл.; Касп., Мат. Гом.; слаўг., Яшк., вусн. паведамл.), бых., ветк., рэч., Яшк.), ’азярына са светлай вадой на лузе’ (рэч., Яшк.), калужка ’лужына’ (жытк., Яшк.), калужынка (віц., Шн.), калужэнька (брэсц., КЭС), далей адзначаюцца формы калюжа ’лужына’ (Мат. Гом.), ’мокрае месца, лужына, балоціна’ (жытк., Яшк.), калюжына ’тс’ (БРС, ТСБМ, Мат. Гом.), ’выбоіна, яма на дарозе ад кола, яміна’ (Гарэц., Нас.). Укр.калюжа ’лужына’, зах.калюжа ’тс’, ’гразь’, ’гразь, прынесеная вадой’, бук. ’брудная вада’; рус.калужа ’стаячая вада, ціна, гразь’ (паўдн.), вельмі пашыраны дэрыват калужина ’лужына і пад.’ (цвяр., ярасл., кастр., кур., вяп., уладз., ніжнегар., перм. і да т. п.), ’бруднае, мокрае месца; дрыгва’, ’выбоіна на дарозе’ і інш., кур., зах.-бран., тульск. і інш. калюжа ’лужына’, кур. ’вада ў выбоінах’, паўдн., тульск. і інш. ’балоцістае месца, дрыгва, гразь’, кур., данск. калюжына ’лужына’ смал., пск., маск. ’невялікая, але глыбокая выбоіна, дзе ў час дажджу збіраецца вада’, пск., смал. ’балоцістае месца, твань’, калюжка і інш., польск.kałuża ’невялікае паглыбленне са стаячай балоцістай вадой’ (ст.-польск. з XV ст., таго ж часу і дыял.kałuż ’твань, дрыгва’), ст.-польск. ’лагчына, канава з бруднай вадой і да т. п.’, ’невялікая сажалка’, дыял. форма яшчэ kałuża, чэш.kaluž, kaluže ’лужына’, слова адзначаецца і ў гаворках, славац.kaluża ’брудная вада, лужына’, славен.kalúža ’лужына’, серб.-харв.уст., дыял.kàluža ’гразь, лужына’, серб.ка̀љужа ’тс’. Слав. прыклады дазваляюць рэканструкцыю праслав.kaluža, kalʼuža, якое, відаць, з’яўляецца навацыяй да формы kaluga (параўн. калюжа, гл.). Лічыцца вытворным адkalъ (фармант ‑ug‑ja), гл. Слаўскі, 2, 35–36, з падрабязным аглядам літаратуры, варыянт з мяккім зычным у аснове, відавочна, таксама стары. Махэк (2, 237) падтрымлівае сувязь з kalъ, аднак падкрэслівае, што тут хутчэй за ўсё гаплалогія з *kalo‑luža, аб чым пісалі яшчэ Лось, Фасмер і інш. Трубачоў (Эт. сл., 9, 127) звяртае ўвагу на фармальныя цяжкасці пры такім тлумачэнні (‑lʼuža ў параўнанні з luža, таксама і на несупадзенне арэалаў kaluža і luža). Шэраг аўтараў спрабавалі вытлумачыць слова як злажэнне пачатковага фарманта ka і luža (так Маліноўскі, PF, 5, 117; Фасмер, 2, 170; яшчэ Міклашыч, 153). Цікава адносна сувязі з kalъ або luža прывесці інфармацыю, якую падае Шымкевіч, Корнеслов, 133, з уключэннем назвы расліны калужніцы ў артыкул «Лугъ». Аўтар адзначае: «Въ Рейфовомъ Лексиконѣ слово лужа занимает мѣсто особаго корня». Прыведзеная аргументацыя супроць версіі *kalo‑luža датычыць таксама і спробы разглядаць лексему як прэфіксальную. Апрача гэтага, неабходна адзначыць, што як магчымае прэфіксальнае слова kałuža Шымкевіч прыводзіць шэраг ненадзейных прыкладаў, для якіх такі спосаб утварэння не з’яўляецца натуральным. Неабходна заўважыць, многія дэрываты адkalъ > пацвярджаюць прынятую намі версію, параўн. укр.калюка ’вялікая гразь’, польск.дыял.kaleń ’лужына’. З вытворных звяртаюць на сябе ўвагу, магчыма, усх.-слав.калужына і далей славен.kalužati se, серб.-харв.калу́жати се ’пэцкацца, вазіцца ў гразі’ ў параўнанні з серб.-харв.калу̀гати се і бел.тураў.калюжыцца ’пэцкацца ў гразь у калюзе’; апошнія прыклады, магчыма, неабходна разумець як старажытныя ўтварэнні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАЗНАЎСТВА І ЛЕСАВОДСТВА
Навуковае вывучэнне лясоў на Беларусі пачалося ў 1922, з часу ўтварэння Пастаяннай камісіі па лясной доследнай справе БССР. З 1923 даследаванні вяліся ў Прылуках (каля Мінска) і ў г. Горкі Магілёўскай вобл. У 1923—24 арганізаваны лясныя доследныя станцыі: Мінская, Горацкая, Жорнаўская, якія ў 1926 аб’яднаны ў Цэнтральную лясную доследную станцыю з цэнтрам у г. Горкі. У 1927 у Мінску створаны Ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, на базе якога ў 1930 у Гомелі арганізаваны Бел.НДІ лясной гаспадаркі (з 1992 Ін-т лесу). Даследаванні праводзяцца таксама ў Ін-це эксперыментальнай батанікі, Бел.дзярж. тэхналагічным ун-це, Цэнтр. батанічным садзе і інш. У ліку першых арганізатараў і выканаўцаў работ па лесазнаўстве і лесаводстве былі акадэмікі АН Беларусі Г.М.Высоцкі, А.Д.Дубах, В.І.Пераход, У.В.Шкатэлаў; чл.-карэспандэнты С.П.Мельнік; прафесары В.К.Захараў, А.І.Кандрацьеў, А.В.Касцяеў, Д.І.Марохін, Д.І.Таўсталес, Ф.Н.Турыцын, Л.І.Яноўскі, Л.І.Яшноў і інш. У 1930—60-я г. вядучыя вучоныя галіны — акадэмікі Н.Дз.Несцяровіч, В.І.Пераход, П.П.Рагавой, І.Д.Юркевіч; прафесары Ю.Н.Азніеў, У.Дз.Арэшчанка, В.С.Гельтман, Б.Д.Жылкін, В.К.Захараў, Н.Т.Касцюкевіч, Ф.Т.Касцюковіч, В.Ф.Марозаў, Ф.П.Майсеенка, К.Ф.Мірон, І.Н.Рахцеенка, Л.П.Смаляк, М.І.Фёдараў. У 1970—80-я г. да іх далучыліся акадэмікі В.А.Іпацьеў, В.І.Парфёнаў, чл.-кар. Я.А.Сідаровіч, Б.І.Якушаў; дактары навук В.Г.Анціпаў, А.А.Атрошчанка, У.Ф.Багінскі, Д.С.Голад, В.Я.Ермакоў, А.М.Кажэўнікаў, Л.Т.Крушаў, М.Ф.Лоўчы, В.С.Пабедаў, В.К.Паджараў, Я.Г.Пятроў, Л.Н.Ражкоў, В.С.Раманаў, Ю.Дз.Сіроткін, В.П.Тарасенка. У наш час у галіне лесазнаўства і лесаводства паспяхова працуюць дактары навук У.В.Валетаў, А.М.Дворнік, У.Я.Падутаў, С.С.Штукін, У.У.Усеня.
Вучонымі Беларусі вывучана біялогія асноўных дрэвавых парод, распрацавана тыпалогія лясных насаджэнняў і іх карціраванне (У.С.Адзярыха, В.С.Гельтман, Д.С.Голад, М.Ф.Лоўчы, В.І.Парфёнаў, Я.Г.Пятроў, П.Я.Пятроўскі, Л.П.Смаляк, І.Д.Юркевіч). Праведзена лесарасліннае раянаванне (В.С.Гельтман, І.Д.Юркевіч). Выяўлены асноўныя заканамернасці воднага рэжыму і жыўлення раслін (Л.В.Бойка, С.Х.Будыка, В.С.Гельтман, В.А.Іпацьеў, В.І.Парфёнаў, Л.П.Смаляк, І.Д.Юркевіч і інш.). Вывучана і паказана залежнасць тыпаў дрэвастояў ад глебаўтваральных працэсаў (І.К.Блінцоў, К.Л.Забела, В.А.Іпацьеў, П.Б.Рагавой, Л.П.Смаляк, І.А.Цыкуноў і інш.). Даследаваны каранёвыя сістэмы дрэвавых парод (І.Н.Рахцеенка, Б.І.Якушаў). Вызначаны магчымасці інтрадукцыі дрэвавых парод (М.Дз.Несцяровіч, Я.А.Сідаровіч і інш.). Вывучаны заканамернасці ўзаемадзеяння лесу і навакольнага асяроддзя (А.Ф.Іваноў, В.А.Іпацьеў, А.М.Кажэўнікаў, Н.І.Касцюковіч, Я.Г.Пятроў, Л.М.Ражкоў). Выяўлена ўздзеянне лесу на водную і ветравую эрозію (У.Б.Арлоўскі, Б.Д.Жылкін, В.К.Паджараў і інш.). Распрацаваны навук. асновы і тэхналогіі высечак галоўнага карыстання і высечак догляду (У.П.Грыгор’еў, Б.Д.Жылкін, А.М.Кажэўнікаў, Ф.П.Майсеенка, Л.М.Ражкоў, В.А.Феафілаў і інш.). Вывучана плоданашэнне дрэвавых парод, распрацаваны тэхналогіі і метады натуральнага і штучнага лесааднаўлення (Ю.М.Азніеў, Е.Д.Манцэвіч, К.Ф.Мірон, В.К.Паджараў, В.І.Сауцін, А.І.Саўчанка, Ю.Дз.Сіроткін, С.С.Штукін і інш.). Распрацаваны метады і тэхналогіі барацьбы з ляснымі пажарамі (В.У.Багданава, І.В.Гуняжанка, У.У.Усеня), тэхналогіі і сродкі біялагічнай барацьбы са шкоднікамі лесу (У.І.Грымальскі, Л.Т.Крушаў, Я.І.Марчанка, Т.І.Машніна і інш.). Праводзілася селекцыйнае паляпшэнне дрэвавых парод (Я.Г.Арленка, К.Ф.Мірон, З.С.Паджарава, А.І.Саўчанка). Вывучаны пытанні агралесамеліярацыі і гідратэхнічнай меліярацыі лясных фітацэнозаў (У.Б.Арлоўскі, В.А.Іпацьеў, В.К.Паджараў, Л.П.Смаляк). Даследаваны дынаміка і прадукцыйнасць дрэвастояў, іх будова і таварная структура (А.А.Атрошчанка, У.Ф.Багінскі, В.Я.Ермакоў, В.К.Захараў, А.М.Кажэўнікаў, Ф.П.Майсеенка, У.С.Мірошнікаў). Праведзена эканам. ацэнка лясоў, вызначаны эканам. эфект лесагаспадарчых мерапрыемстваў (У.Дз.Арэшчанка, А.А.Дашкевіч, А.В.Нявераў, М.М.Санковіч, А.Д.Янушка і інш.). Распрацоўваюцца пытанні радыеэкалогіі і меры рэабілітацыі лясоў (Н.М.Дворнік, В.А.Іпацьеў, І.Ф.Майсеенка, П.С.Марціновіч, Б.І.Якушаў і інш.). Вывучаны генетычныя асаблівасці і біялагічная разнастайнасць дрэў і насаджэнняў (Р.Р.Ганчарэнка, Н.А.Картэль, У.Я.Падутаў, А.Я.Сілін, Л.У.Хатылёва і інш.). Даследавана экалогія лесу (В.А.Белацаркоўская, Н.М.Беразенка, А.В.Пугачэўскі, Я.Г.Пятроў, А.М.Ражкоў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДСКІЯ АБ’ЯДНАННІ
Прататыпы грамадскіх аб’яднанняў вядомы з глыбокай старажытнасці, напр., Акадэмія Платонаў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. З’яўленню грамадскіх аб’яднанняў у перыяд Новага часу ў Зах. Еўропе садзейнічалі паліт. і сац.-эканам. пераўтварэнні, выкліканыя бурж. рэвалюцыямі. Прастору для іх узнікнення і дзейнасці адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў, правоў на свабоднае прадпрымальніцтва і сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сярод грамадскіх аб’яднанняў найбольш прыкметнае месца займалі прафесійныя саюзы. На Беларусі першыя грамадскія аб’яднанні ўзніклі ў 1-й пал. 19 ст. і займаліся гал. чынам культ.-асв. і дабрачыннай дзейнасцю. На мяжы 19—20 ст. у розных гарадах краіны сталі ўтварацца прафес. саюзы гарбароў, друкароў, чыгуначнікаў, работнікаў пошт і тэлеграфа, крэдытных і гандл.-прамысл. устаноў і інш. Статус грамадскіх аб’яднанняў быў вызначаны «Часовымі правіламі аб таварыствах і саюзах Расійскай імперыі» (прыняты 4.3.1906), паводле якога распрацаваны 3 тыповыя іх статуты (нармаваны, прыкладны і ўзорны), вызначаны парадак і ўмовы рэгістрацыі. Членства ў грамадскіх аб’яднаннях забаранялася ніжэйшым вайсковым чынам, асобам да 18 гадоў, навучэнцам, жанчынам. Нягледзячы на пэўныя абмежаванні, разнастайныя аб’яднанні культ.-асв., навук., мед., прафесійнага кірунку ў пач. 20 ст. дзейнічалі ва ўсіх губ. гарадах Беларусі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 і ўсталявання сав. улады дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў была вызначана Канстытуцыяй РСФСР 1918. Іх стварэнне і фінансаванне станавіліся дзярж. справай. З сярэдзіны 1920-х г. легальная дзейнасць дазвалялася толькі масавым грамадскім аб’яднанням, што налічвалі больш за 1000 членаў. Актыўную ролю ў сав. грамадстве адыгрывалі прафсаюзы. Асобнае месца ў выхаванні моладзі належала піянерскай арг-цыі і Ленінскаму камуністычнаму саюзу моладзі. Камсамольцы шэфствавалі над будаўніцтвам буйных прамысл. прадпрыемстваў, садзейнічалі калектывізацыі сельскай гаспадаркі, удзельнічалі ў ліквідацыі непісьменнасці і інш. У 2-й пал. 1930-х г. сярод моладзі пашырылі ўплыў арганізацыі, якія ставілі за мэту ваенна-патрыятычнае выхаванне. Напр., добраахвотнае т-ва садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) мела ваенна-спарт. секцыі, арганізоўвала здачу нарматываў на значок «Гатоў да працы і абароны», рыхтавала юнакоў да службы ў Чырв. Арміі. У БССР у 1920—30-я г. дзейнічалі масавыя арг-цыі: шэфскія т-вы, саветы па фізічнай культуры, «Прэч непісьменнасць», Т-ваЧырв. Крыжа, Асаавіяхім, «Аўтадор», МОПР і інш. Канстытуцыя БССР 1937 абвяшчала грамадзянам правы стварэння грамадскіх аб’яднанняў пры замацаванні за камуніст. партыяй ролі кіруючага ядра арганізацыі працоўных, прадстаўляла правы вылучэння кандыдатаў у дэпутаты саветаў грамадскім аб’яднанням і таварыствам працоўных: парт. арг-цыям, прафес. саюзам, кааператывам, арганізацыям моладзі, культурным т-вам.
Дэфармацыі грамадска-паліт. жыцця ў 1930-я г. негатыўна паўплывалі на дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў. Значная колькасць іх актывістаў была неабгрунтавана рэпрэсіравана. У пасляваенны час узніклі і новыя грамадскія аб’яднанні: усесаюзныя т-вы паліт. і навук. ведаў, аховы прыроды, навук. і інж.т-ва і інш. Адпаведныя арганізацыі ў якасці рэсп. аддзяленняў з’явіліся і ў БССР. Спробы дэмакратызацыі грамадства ў сярэдзіне 1950-х г. садзейнічалі актывізацыі грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзаў і камсамола. Канстытуцыя БССР 1978 ставіла адной з мэт павышэнне актыўнасці грамадскіх аб’яднанняў, вызначала іх правы ўдзельнічаць у кіраванні дзярж. і грамадскімі справамі, вырашэнні паліт., гасп. і сац.-культ. пытанняў. Пры гэтым падкрэслівалася, што кіруючай і накіроўваючай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый з’яўляецца камуніст. партыя.
Імкненне часткі грамадства пераадолець праявы бюракратызму і фармалізму ў дзеянні афіцыйных грамадскіх аб’яднанняў прывяло да стварэння ў 1980-я г. новых, т.зв. «нефармальных» арг-цый, якія ставілі мэты адраджэння нар. і нац. традыцый, бел. культуры і мовы, аховы гіст. помнікаў. Так узніклі «Беларуская спеўна-драматычная майстэрня» (1979), «Таварыства беларускай школы» (1983), «Талака» (1985) і інш. Дэмакратызацыя грамадства, скасаванне кіруючай ролі камуніст. партыі, ператварэнне Беларусі ў незалежную дзяржаву стварылі новыя ўмовы для дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі) абвясціла, што «дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў» і гарантуе кожнаму права на свабоду аб’яднанняў. Закон «Аб грамадскіх аб’яднаннях» ад 4.10.1994 вызначыў, што грамадскім аб’яднаннем з’яўляецца добраахвотнае фарміраванне грамадзян, якое яны ўтварылі на аснове супольнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, эканам., сац. і культ. правоў. Дзяржава забяспечвае захаванне і абарону правоў і законных інтарэсаў грамадскіх аб’яднанняў. Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь забаронена стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, скіраваных на звяржэнне ці гвалтоўныя змены канстытуцыйнага ладу, парушэнне цэласнасці і бяспекі дзяржавы, прапаганду вайны, насілля, распальвання нац., рэліг. і расавай варожасці, ці дзейнасць, якая можа адмоўна ўплываць на фіз. і псіх. здароўе грамадзян. У Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў» ад 26.1.1999 удакладнены некаторыя прававыя нормы дзейнасці гэтых утварэнняў. У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць грамадскія аб’яднанні, што прадстаўляюць усе спектры грамадскага жыцця краіны. Сярод іх: міжнар. грамадская арг-цыя «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Бел. фонд міру, Бел. дзіцячы фонд, Бел. ПЭН-цэнтр, Задзіночанне бел. студэнтаў, Т-вабел. мовы, Бел. саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў, Бел.рэсп. саюз моладзі, Бел. саюз маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, Бел.т-ваЧырв. Крыжа і інш.
На 1.1.2004 у рэспубліцы зарэгістравана 2214 грамадскіх аб’яднанняў (235 міжнародных, 734 рэспубліканскія, 1245 мясцовых, 16 саюзаў грамадскіх аб’яднанняў) па кірунках дзейнасці: эканоміка, прадпрымальніцтва; абарона правоў чалавека; абарона правоў спажыўцоў; арганізацыі ваеннаслужачых, ветэранаў Узбр. Сіл, праваахоўных органаў: адукацыя, асвета, выхаванне; арганізацыі інвалідаў; ахова здароўя і медыцына; дабрачынныя; дзяржава, самакіраванне, прававыя пытанні; жаночыя грамадскія аб’яднанні; мастацтва, культура; маладзёжная, дзіцячыя; нац. меншасці; прафесійныя; рэсурсныя цэнтры; сац. абарона; спорт, адпачынак, турызм; арганізацыі па інтарэсах; Чарнобыльскія арганізацыі; экалогія, абарона навакольнага асяроддзя. Большасць з зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў (каля 49%) знаходзяцца ў Мінску. У кожным з кірункаў існуюць аб’яднанні, што карыстаюцца дзярж. падтрымкай.
Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь забаронена стварэнне і дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, скіраваных на звяржэнне ці гвалтоўныя змены канстытуцыйнага ладу, парушэнне цэласнасці і бяспекі дзяржавы, прапаганду вайны, насілля, распаленне нац., рэліг. і расавай варожасці, а таксама дзейнасць, якая можа адмоўна ўплываць на фіз. і псіхічнае здароўе грамадзян.