МА́О ЦЗЭДУ́Н (26.12.1893, в. Шаашань, правінцыя Хунань, Кітай — 9.9.1976),

кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў пед. вучылішча ў г. Чанша (1918). У 1920 далучыўся да камуніст. руху, заснаваў у г. Чанша т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). З 1921 сакратар Хунаньскага к-та КПК. Чл. ЦК КПК (1923—25, з 1928), Палітбюро ЦК (з 1933). У час Кітайскай рэвалюцыі 1924—27 узначальваў Камісію ЦК КПК па сял. руху; выказаў тэзіс, што рухаючай сілай рэвалюцыі ў Кітаі з’яўляецца сялянства, а не пралетарыят. Пасля перавароту Чан Кайшы ўзначаліў у 1927 паўстанне «восеньскага ўраджаю» ў Хунані. У 1928 сумесна з Чжу Дэ стварыў у гарах Цзінганшань 4-ы корпус кіт. Рабоча-сял. чырвонай арміі, яго паліткамісар. Старшыня ЦВК і Савета нар. камісараў Кіт. Сав. Рэспублікі (1931). У 1934—35 кіраваў паходам Чырв. Арміі на Паўн. Захад Кітая. Сакратар ЦК КПК (1935), старшыня ЦК КПК (з 1943). На 7-м з’ездзе КПК (1945) «ідэі Мао Цзэдуна» былі абвешчаны асновай ідэалогіі КПК. Пасля абвяшчэння 1.10.1949 Кіт. Нар. Рэспублікі (КНР) старшыня Цэнтр. нар. ўрадавага савета КНР і Нар.-рэв. ваен. савета КНР. З 1954 старшыня КНР і Дзярж. к-та абароны КНР. З 2-й пал. 1950-х г. абвінаваціў кіраўніцтва СССР у «рэвізіянізме», і пагоршыў адносіны з СССР. У 1958 абвясціў курс «трох чырвоных сцягоў» і палітыку «вял. скачка». Пасля правалу «вял. скачка» пакінуў пасаду старшыні КНР (1959). У 1966 пачаў «культурную рэвалюцыю», у ходзе якой пазбавіўся ад сваіх паліт. апанентаў у КПК і ўрадзе. На 9-м з’ездзе КПК абвешчаны яе пажыццёвым старшынёй (1969).

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—4. М., 1952—53.

Літ.:

Бурлацкий Ф.М. Мао Цзе-дун: «Наш коронный номер — это война, диктатура...». М., 1976;

Яго ж. Мао Цзэдун и его наследники. М., 1979.

Мао Цзэдун.

т. 10, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял. Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.​М.​Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.​К.​Маставенка) і 13-га (ген.-м ГІ.​А.​Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.​С.​Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале з ген.-палк. А.​І.​Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.

Літ.:

Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;

Басюк І.А. Навагрудскі «кацёл». Гродна, 1998.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБЕ́СНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае рух цел Сонечнай сістэмы ў іх агульным гравітацыйным полі. У шэрагу выпадкаў (у тэорыі руху камет, ШСЗ і інш.), акрамя гравітацыйных сіл, улічваюцца рэактыўныя сілы, ціск выпрамянення, супраціўленне асяроддзя, змена масы і інш. фактары. Задачы Н.м.: вывучэнне агульных пытанняў руху нябесных цел і канкрэтных аб’ектаў (планет, ШСЗ і інш.); вылічэнне значэнняў астр. пастаянных, састаўленне эфемерыд і інш. Рух штучных нябесных цел вывучае раздзел Н.м. — астрадынаміка. Н.м. з’яўляецца вынікам дастасавання законаў класічнай механікі да руху нябесных цел. Тэарэт. асновы сучаснай Н.м. закладзены І.Ньютанам. Значны ўклад у развіццё Н.м. зрабілі Ж.Л.Лагранж, П.С.Лаплас, У.Ж.Ж.Левер’е, С.Ньюкам і інш. Адно з дасягненняў Н.м. — адкрыццё планеты Нептун, існаванне якой разлічана па адхіленнях руху планеты Уран.

Асн. задача Н.м. — вызначэнне каардынат планет як функцый часу. Пры вял. адлегласцях паміж Сонцам і планетамі іх можна лічыць матэрыяльнымі пунктамі, паміж якімі дзейнічаюць гравітацыйныя сілы паводле сусветнага прыцягнення закону (задача n цел). Агульнае рашэнне гэтай задачы не знойдзена. Строгае рашэнне мае толькі двух цел задача. Агульнае рашэнне трох цел задачы вельмі складанае, таму карыстаюцца толькі яе частковымі рашэннямі. Н.м. вывучае таксама восевае вярчэнне і фігуры нябесных цел, праблему ўстойлівасці Сонечнай сістэмы, рух Месяца, прыліўнае ўзаемадзеянне; развіццё касманаўтыкі патрабуе высокай дакладнасці ў вылічэнні арбіт планет. Н.м., якая грунтуецца на законе прыцягнення Ньютана, дастаткова дакладна апісвае рух цел Сонечнай сістэмы, але некаторыя з’явы, напр. рух перыгеліяў арбіт Меркурыя і інш. планет, поўнасцю растлумачыць не можа. Гэтыя з’явы знаходзяць тлумачэнне ў рэлятывісцкай Н.м., якая ўлічвае ў руху нябесных цел эфекты адноснасці тэорыі. Метадамі Н.м. карыстаюцца пры вывучэнні зорак і зорных сістэм (зорная астраномія), галактык (пазагалактычная астраномія).

Літ.:

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Новые качественные методы в небесной механике. М., 1971;

Брумберг В.А. Релятивистская небесная механика. М., 1972.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКЛАДНА́Я АПО́ВЕСЦЬ,

адзін з асноўных жанраў старажытнабеларускай літаратуры 15—17 ст., які аб’ядноўвае розныя апавядальныя творы замежнай літаратуры, перакладзеныя на бел. мову. Вядома з часоў Кіеўскай Русі (гл. Аповесць старажытнаруская); яе ўзнікненне звязана з пашырэннем культ. узаемасувязей Беларусі з замежнымі краінамі і з завяршэннем фарміравання ў 15 ст. старабел. літ.пісьмовай мовы. Большасць П.а. паявілася на Беларусі з заходнееўрап. узораў праз зах.-слав. і паўд.-слав. пасрэдніцтва. Вылучаюць рэлігійныя і свецкія П.а. Рэлігійныя падобныя да апокрыфаў («Страсці Хрыстовы», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесць пра трох каралёў», «Аповесць пра Таўдала»). Да свецкіх належаць рыцарскія раманы, якія на Беларусі называліся аповесцямі («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), гіст. аповесці («Александрыя», «Гісторыя пра Атылу», «Мамаева пабоішча», «Троя»), дыдактычныя і жартоўныя маст. творы. Змяшчаліся ў зб-ках «Вялікае зярцала» і «Рымскія дзяянні» (напр., «Гісторыя пра Апалона Цірскага»), у хроніках-зводах і хранографах (гл. «Вялікая хроніка», «Хроніка ўсяго свету»), У П.а. часам свядома пашыраўся ці скарачаўся тэкст, уключаўся мясцовы матэрыял, узмацняліся ідэі гуманізму, беларусізаваліся імёны і інш. (напр., «Аповесць пра Трышчана» — варыянт рыцарскага рамана пра Трыстана і Ізольду). П.а. лічацца некат. біблейскія кнігі, перакладзеныя і выдадзеныя Ф.​Скарынам («Юдзіф», «Эсфір», «Руф» і інш.). П.а. напісаны жывой гутарковай мовай. Яны ўзбагацілі і паўплывалі на развіццё арыгінальнай бел. л-ры (асабліва празаічных жанраў), на станаўленне бел. белетрыстыкі. Некат. аповесці пранікалі праз бел. пасрэдніцтва на Украіну і ў Расію, што ўмацоўвала культ. ўзаемасувязі паміж народамі.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Пг., 1921;

Кузьмина В.Д. Рыцарский роман на Руси. М., 1964;

Кривчик В.Ф. О словарном составе белорусских переводных повестей второй половины XVI в. // Уч. зап. БГУ. Сер. фил. Мн., 1956. Вып. 27;

Гісторыя беларускай літаратуры: Сгаражытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998.

Л.​Я.​Цімашкова, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

strand

I [strænd]

1.

v.

1) садзі́цца або́ садзі́ць на мель, заграза́ць

2) Figur. се́сьці на мель, увя́знуць; прапа́сьці

He was stranded in a big city — Ён запрапа́сьціўся ў вялі́кім го́радзе

2.

n.

бе́раг -у m., узьбярэ́жжа (ракі́, во́зера, мо́ра)

II [strænd]

n.

1) па́сма f.

This is a rope of three strands — Гэ́та вяро́ўка з трох па́смаў

strand of hair — па́сма валасо́ў

2) валакно́ n., во́лас -а m.

3) шнуро́к -ка́ m. (па́церак, пэ́рлаў)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Спас1 ‘Збавіцель; адна з назваў Хрыста’, ‘назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят’ (ТСБМ), ‘Спас, свята 6/19 жніўня’ (Шат., Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), Спас ‘імя аднаго са святых’ (Пятк. 2, Федар. 4), іспас ‘свята’ (Сержп. Прымхі), спасі́цель ‘тс ’ (Ян.), сюды ж спа́саўка ‘пост перад Спасам’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Скарбы, Ян., Сл. ПЗБ), ‘сорт груш (яблык), якія паспяваюць перад Спасам’ (ТСБМ), спа́соўка ‘тс’ (ТС), ‘двухтыднёвы прамежак часу перад і пасля Спаса’ (ТС), спасо́ўкі ‘восеньскія мухі’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’. Укр. Спас ‘Збавіцель’, спа́сівка ‘пост у канцы лета’, ‘сорт яблык (груш)’, рус. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’, адкуль Спа́сов день, стараж.-рус. Съпасовъ дьнь (6 жніўня); таксама рус. Спас ‘свята (6/19 жніўня). Ад ст.-слав. съпасъ < съпасти ‘берагчы, ратаваць’, стараж.-рус. съпасти ‘выратаваць’ < прасл. *pasti ‘пасвіць; берагчы’; гл. Фасмер 3, 732), які адзначае тут кальку грэч. σωτήρ ‘Збавіцель’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 366.

Спас2 ‘ратунак, выратаванне’ (Жд. 3, Ян., Шатал., ТС). Скарочана з спасе́нне (спасе́нье) (ТС, Нас., Шат., Гарэц.) ад спасці́ ‘выратаваць’ (Сл. ПЗБ), што праз царкоўнаславянскую з ст.-слав. съпасти. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́нсул

(лац. consul)

1) адна з дзвюх вышэйшых службовых асоб у Стараж. Рыме, якая ажыццяўляла ваенную і грамадзянскую ўладу;

2) тытул кожнай з трох асоб, надзеленых неабмежаванай выканаўчай уладай у Францыі з часу перавароту Напалеона Банапарта (9 лістапада 1799 г.) да абвяшчэння яго імператарам (1804 г.);

3) службовая асоба, прызначаная ў якасці пастаяннага прадстаўніка ў якім-н. горадзе іншай дзяржавы для абароны інтарэсаў сваёй дзяржавы і грамадзян.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кана́л, ‑а, м.

1. Напоўненае вадой штучнае рэчышча, прызначанае для суднаходнай сувязі паміж асобнымі вадаёмамі, а таксама для водазабеспячэння, арашэння, асушэння балот і інш. Асушальны канал. Беламорска-Балтыйскі канал. Абвадняльны канал. □ Машына стаяла сярод алешніку, на беразе роўнага, як страла, калектарнага канала, які ўразаўся ў глыб балота. Краўчанка.

2. Вузкая поласць у выглядзе трубы, трубкі ўнутры чаго‑н. Канал ствала гарматы. Кабельны канал.

3. У арганізме жывёлы і чалавека — звілістая трубка, праз якую праходзяць тыя ці іншыя рэчывы. Кішэчны канал. Мочаспускальны канал.

4. Спец. Лінія сувязі, камунікацыі. Перадача вядзецца па трох каналах.

5. толькі мн. (кана́лы, ‑аў); перан. Шляхі пранікнення, пашырэння чаго‑н.; сродкі для дасягнення чаго‑н. Дыпламатычныя каналы. □ Шырокія і трывалыя гандлёвыя сувязі горада з Масквой, Ноўгарадам, Смаленскам .. служылі разам з тым і каналамі культурных сувязей. Алексютовіч.

[Ад лац. canalis — труба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злучы́цца, злучуся, злучышся, злучыцца; зак.

1. Дакрануўшыся, утварыць адно цэлае; змацавацца, зліцца адзін з другім. Канцы правадоў злучыліся. □ Саёнак абняў Скібу за плечы, і вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль. // перан. Аказацца звязаным якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Зоська:] Не сумуй, Савачка! Прыйдзе шчаслівая хвіліна — .. і мы злучымся назаўсёды... Чарот.

2. Звязацца якімі‑н. шляхамі зносін. // Увайсці ў зносіны пры дапамозе якога‑н. сродку сувязі. [Васіль Пятровіч] зняў трубку, выклікаў горад і хутка злучыўся з дзяжурным аэрадрома. Якімовіч.

3. Сустрэўшыся, аб’яднацца. — Мясцовасць тую я пазнаў адразу, як толькі наша часць падышла была тады і злучылася з партызанамі. Чорны. І быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Колас.

4. Уступіць у хімічнае ўзаемадзеянне. Кісларод злучыўся з вадародам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Прасіць у каго‑н. рады (у 1 знач.). Да Язэпа ішлі радзіцца і свае аднавяскоўцы і людзі з наваколля. Рамановіч.

2. Мець з кім‑н. раду (у 2 знач.); раіцца. Дзед Талаш і Мартын Рыль, расказаўшы адзін аднаму аб сваіх прыгодах, сталі радзіцца, што рабіць далей і куды ісці. Колас.

радзі́цца, раджу́ся, ро́дзішся, ро́дзіцца; зак. і незак.

1. Тое, што і нарадзіцца (нараджацца). І прыйшлося .. [Ігнасю] тады астацца ў хаце, дзе радзіўся і дзе гаспадарыў і паспеў ужо разбагацець брат Макар. Чорны. У сэрцы .. [Аўгіні] радзілася надзея, што сярод уцёкшых з-пад арышту сялян быў і Мартын Рыль. Колас.

2. незак. Даваць ураджай, плады; радзіць (аб раслінах). Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць, З трох коп кадушку накладаюць! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)