Рэ́пах ’куча’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, ёсць сувязь з рапяхі ’адыходы пры прадзенні’ (Шатал.) або рэптух ’торба’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
За́хва ’прыстасаванне для прымацавання лодкі падчас рыбалкі (калы, убітыя на глыбокім месцы ракі)’ (Касп.). З суфіксам ‑ва ўтвараюцца некаторыя назвы меса, прылад: пратва ’месца для прання’, брытва, кочва ’выкачанае месца’ (Сцяцко, Афікс. наз., 34). Аднак элемент зах‑ не тлумачыцца. Магчыма, тут сувязь з захватваць (як пошва ’навалачка’ з пашыць, пашываць), менш верагодна сувязь з захаваў. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́вязь ’сувязь’ (ТСБМ). Да вязаць, параўн. сувязь (гл.). Сюды ж powiezi ’падоўжныя жэрдкі, што кладуцца наверх плыта’ (барыс., JP, 54, 1–2, 29), паводле Бяднарчука (тамсама), па фанетычных прычынах (е < ę на месцы чакаемага ja запазычана з арх. польск. powięź ’звязка, пута’, што неабавязкова, параўн. пераход я > е ў паслянаціскной пазіцыі (за́ец, по́ес) у некаторых беларускіх гаворках.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Псі́ніць ’намакаць да гніення, набываючы сіні колер’ (ТСБМ, Нас.). Ад псіна, псіны, гл. папярэдняе слова. Сувязь з сіні другасная.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
вуглевадародныя злучэнні і іх вытворныя. Падзяляюцца на ацыклічныя злучэнні, карбацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні, Араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні. Уласцівасці арганічных злучэнняў вызначаюцца прыродай замяшчальнікаў у вугляродным ланцугу ці цыкле, функцыянальных груп і наяўнасцю кратных сувязяў.
Арганічныя злучэнні, якія адрозніваюцца колькасцю CH2-груп, утвараюць гамалагічныя шэрагі, напр. метан (CH4), этан (C2H4), прапан (C3H8) і інш.; злучэнні з аднолькавым лікам атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі — генетычныя шэрагі, напр. этан (C2H6), этылхларыд (C2H5Cl), этанол (C2H5OH), ацэтальдэгід (CH3CHO), воцатная к-та (CH3COOH) і інш. Паводле характару элементаў, якія ўтвараюць сувязь з атамам вугляроду, адрозніваюць галаген-, кісларод-, сера- і азотзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў, шэраг элементаарганічных злучэнняў, у т. л. металаарганічных злучэнняў. Арганічныя злучэнні даследуюцца арганічнай хіміяй.
т. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАГІСТРА́ЛЬ,
аўтамабільная дарога для высокаінтэнсіўнага і скораснага руху аўтамаб. транспарту без перасячэння трансп. патокаў на адным узроўні. Мае 2 праезныя часткі, кожная з якіх размяшчаецца на агульным або асобным земляным палатне. Шырыня раздзяляльнай паласы паміж праезнымі часткамі не менш за 5 м. Аўтамагістралі звычайна пракладваюць у абход гарадоў і прамысл. цэнтраў, сувязь з якімі ажыццяўляецца па спец. пад’язных дарогах. Аўтамагістралі могуць абсталёўвацца спец. ахоўнымі агароджамі, мець пад палатном папярочныя праходы для перамяшчэння наземных дзікіх жывёл. На Беларусі пабудаваны ўчасткі аўтамагістраляў Масква—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст, Брэст—Ковель. Высокаразвітую сетку аўтамагістраляў маюць краіны Зах. Еўропы, Канады, ЗША (асобныя з іх утвараюць панамерыканскую і трансеўрапейскія аўтамагістралі).
т. 2, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВА-КРАЯЗНА́ЎЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Латвіі.
Існавала ў 1932—40 (?). Узнікла на аснове навук.-краязнаўчага гуртка ў Рызе. У склад праўлення т-ва ўваходзілі К.Б.Езавітаў (старшыня), А.З.Родзька, С.Л.Сіцько, Г.У.Нікіфароўская, С.П.Сахараў, С.Казека. Асн. мэты: аб’яднаць бел. і прыхільныя да бел. адраджэння навук. і культ. аматарскія сілы, садзейнічаць узаемнаму азнаямленню і культ. збліжэнню бел. і лат. народаў. Мела Даўгаўпілскае і Люцынскае аддзяленні. Т-ва праводзіла з’езды, кангрэсы, фалькл. экспедыцыі, утрымлівала бібліятэкі-чытальні, курсы, архіў, выдавала брашуры, інструкцыі, падручнікі, кнігі і інш. Падтрымлівала сувязь з падобнымі т-вамі ў Латвіі і за яе межамі, у т. л. ў Сав. Беларусі.
С.С.Панізнік.
т. 2, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЭ́ШКІ, Арэшкі,
шляхецкі род герба «Побуг» у ВКЛ. Найб. вядомыя:
Людвік, падкаморы пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Антоні (1743—71), сын Людвіка. Маршалак пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Леапольд (каля 1720—79), стольнік (1748), пісар гродскі (1750) і суддзя земскі пінскі, падпалкоўнік войска літ. (1754).
Верагодна, да гэтай лініі Ажэшак адносіліся:
Антоні (1800—77), удзельнік паўстання 1830—31, адзін з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў у Пінскім пав. У 1831 арыштаваны, жыў пад наглядам паліцыі. У 1838 арыштаваны за сувязь з Ш.Канарскім і Саюзам польскага народа. Сасланы ў Томск на 20 гадоў. Пётр, уладальнік маёнтка Людвінова Кобрынскага пав. У 1858 ажаніўся з будучай польскай пісьменніцай Паўлоўскай (гл. Ажэшка Эліза). Фларыян, гл. Ажэшка Ф.Ф.
т. 1, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — вер. 1942 на тэр. Бягомльскага р-на Мінскай вобл. Мела 2 групы (каля 20 чал.): маладзёжную ў в. Нябышына (кіраўнік А.Ф.Фрол) і групу ў г.п. Бягомль (арганізавана ў жн. 1941, кіраўнік Я.А.Шаўцоў). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, разведданыя, харчы, здабывалі бланкі дакументаў, удзельнічалі ў сумесных баявых аперацыях, запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. У маі 1942 фашыстамі была раскрыта група ў Бягомлі, многія падпольшчыкі пакараны смерцю. У вер. 1942 палова нябышынскай групы пайшла ў партызаны, астатнія былі сувязнымі партыз. брыгады «Жалязняк» да вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.
т. 3, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́ЦКІ (Аляксандр) (8.2.1826, Вільня — 1.6.1893),
літаратар, музычны крытык. Скончыў Харкаўскі ун-т. Меў у Мінску кнігарню (канец 1850 — пач. 1860-х г.), вакол якой групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях 1863 сасланы ў Тамбоў. З 1868 жыў у Польшчы. У 1890—93 працаваў у бібліятэцы Радзівілаў у Нясвіжы. Аўтар манаграфіі «Станіслаў Манюшка» (1873), дзе падрабязна паказаў сувязь кампазітара з грамадскасцю Мінска. Паводле ўспамінаў Р.Зямкевіча, пісаў на бел. мове (творы не захаваліся) пад псеўданімам Місцюк (у Я.Карскага — Міншчук). У працы «Нашы памылкі ў размове і пісьме...» (1886) апісаў беларусізмы ў польск. мове. Сябар В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны (у 1889 аказаў дапамогу ў выданні нарыса паэта «З крывавых дзён»).
А.І.Мальдзіс.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)