КЕСО́Н у тэхніцы,

1) агараджальная, пераважна жалезабетонная, канструкцыя для ўтварэння пад вадой або ў воданасычаным грунце рабочай прасторы, свабоднай ад вады. Складаецца з кесоннай камеры і надкесоннага збудавання, для зносін з паверхняй мае шлюзавы апарат. Выкарыстоўваецца пры збудаванні масіўных фундаментаў, апор і інш. 2) Драўляная або метал. скрыня для частковага асушэння падводнай ч. судна з мэтай рамонту ці агляду. Унутр. бок скрыні мае выраз па форме абводу ўчастка на корпусе судна, які асушаецца.

3) Стальныя скрынкі, якія выкарыстоўваюцца ў шахтавых металург. печах і ў газавых каналах мартэнаўскіх печаў; ахаладжаюцца цыркулюючай у іх вадой або метадам выпаральнага ахаладжэння.

4) Полы каробчаты ланжэрон, які ўспрымае намаганні, што дзейнічаюць на крыло самалёта.

Кесон у будаўніцтве: 1 — шлюзавы апарат; 2 — надкесоннае збудаванне; 3 — кесон; 4 — рабочая камера.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАРО́ДНА-КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С,

разнавіднасць канвертарнага працэсу, пры якой атрымліваюць сталь прадзіманнем вадкага (звычайна пераробнага) чыгуну тэхнічна чыстым (больш за 95,5%) кіслародам. Ажыццяўляецца пераважна ў глухадонных канвертарах з асн. футэроўкай.

Кісларод падаюць зверху праз фурму, якая ахаладжаецца вадой. Пад уздзеяннем выдзімання дамешкі чыгуну (Si, Mn, C і інш.) акісляюцца з вылучэннем значнай колькасці цяпла. Пасля прадзімання метал раскісляюць (выдаляюць лішні кісларод). Выкарыстанне кіслароднага выдзімання замест паветранага дазваляе атрымаць сталь з нізкай (0,002—0,006%) колькасцю азоту. У параўнанні з мартэнаўскім працэсам К.-к.п. больш прадукцыйны, яго роля ў сусв. выплаўцы сталі пастаянна расце.

Да арт. Кіслародна-канвертарны працэс. Схема атрымання сталі ў кіслародным канвертары: 1 — загрузка металалому; 2 — заліўка чыгуну; 3 — прадзіманне кіслародам; 4 — выпуск сталі; 5 — зліў шлаку.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАРО́ДНАЯ РЭ́ЗКА, аўтагенная рэзка, газавая рэзка,

рэзка матэрыялаў спальваннем іх струменем кіслароду. Награванне матэрыялаў да т-ры ўзгарання робіцца з дапамогай гаручых газаў (ацэтылену, прапану, пароў бензіну). Бывае ручная і машынная.

Для К.р. нізкалегіраваных, нізка- і сярэднявугляродзістых сталей, тытанавых сплаваў выкарыстоўваюць спец. ручныя або машынная разакі і гарэлкі зварачныя; для бетону, жалезабетону, вогнетрывалых матэрыялаў — кіслароднае кап’ё (стальную трубку, па якой прапускаюць кісларод); для хромістых сталей, чыгуну і медных сплаваў — К.р. з дабаўленнем флюсу (садзейнічае выдаленню тугаплаўкіх шлакаў, што ўтвараюцца пры рэзцы). Для К.р. пад вадой ужываюць трубчастыя (метал., вугальныя і інш.) электроды з унутр. каналам для падачы кіслароду. К.р. выкарыстоўваюць таксама для стругання, абточкі, зачысткі дэталей.

Кіслародная рэзка: 1 — сапло разака; 2 — падагравальнае газавае полымя; 3 — струмень рэжучага кіслароду; 4 — дэталь, якая разразаецца.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСАЦЕ́ЛЫ (Calosoma),

род жукоў сям. жужаляў. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць на глебе і дрэвах. На Беларусі 4 віды: К. залатаямкавы (C. auropunctatum), К. бронзавы або малы (C. inquisitor), К. пахучы (C. sycophanta) і К. чорны, або даследчык (C. investigator); апошнія 3 віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. 15—35 мм. Цела яркай афарбоўкі, з метал. бляскам. Ніжнія крылы добра развітыя, у горных відаў адсутнічаюць. Драпежнікі; лічынкі і дарослыя жукі знішчаюць вусеняў (1 жук Да 200—300 за лета) і кукалак матылёў, кормяцца таксама інш. насякомымі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Зімуюць у глебе і подсцілцы, жывуць 2—4 гады. Пры небяспецы К. выпырскваюць едкую пахучую вадкасць. У Паўн. Амерыцы К. пахучага разводзяць для барацьбы з няпарным шаўкапрадам.

Красацел бронзавы.

т. 8, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СТАЎКІ, ластаўкавыя (Hirundinidae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, 79 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. На Беларусі 3 віды: Л. берагавая, або беражанка (Riparia riparia), Л. вясковая, або касатка (Hirundo rustica), і Л. гарадская, або варанок (Delichon urbica). 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 28 см, маса да 60 г. Апярэнне шчыльнае, пераважна цёмнае з метал. бляскам зверху і светлае знізу. Крылы доўгія, вузкія. Дзюба кароткая, сплюшчаная. Хвост выемчаты. Ногі кароткія. Кормяцца насякомымі, Л. дрэвавая амерыканская (Tachycineta bicolor) — ягадамі ядлоўцу. Гнёзды паўшарападобныя або ў выглядзе плоскай біклажкі, робяць з грунту, змешанага са слінай, прымацоўваюць іх да скал і пабудоў; у некат. відаў гнёзды ў норах і дуплах. Часта гняздуюцца калоніямі.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІ САПРА́ЎДНЫЯ (Muscidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Каля 50 сінантропных відаў. На Беларусі больш за 200 відаў. Найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў: афіра (Ophyra), гнаявіцы (Mesembrina), жыгалкі (Stomoxys), зубаножкі (Hydrotaca), мухі дамавыя (Muscina), М.с. (Musca), фанія (Fannia) і інш. Звычайныя віды; жыгалка асенняя, муха пакаёвая, афіра беларотая (O. leucostoma), гнаявіца чорная (M. meridiana), муха палявая жывародная (Musca larvipara) і інш.

Даўж да 15 мм. Цела бурае, жоўтае, шэрае, чорнае з метал. бляскам (зялёным або сінім). Большасць відаў корміцца і развіваецца ў арган. тканках і рэштках, некат. — драпежнікі і крывасмокі, ёсць паразіты (на саранчовых і джалячых перапончатакрылых).

А.​В.​Дзерункоў.

Мухі сапраўдныя: 1 — муха пакаёвая; 2 — афіра беларотая; 3 — муха палявая жывародная; 4 — гнаявіца чорная.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУ́НІЙ (лац. Neptunium),

Np, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 93; адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомыя ізатопы з масавымі лікамі 227—241; найб. устойлівы ​237Np (перыяд паўраспаду 2,14∙10​6 гадоў, α-выпрамяняльнік). У вельмі нязначнай колькасці знойдзены ва ўранавых рудах. Першы трансуранавы элемент; адкрыты Э.М.Макміланам і Ф.​Эйблсанам у 1940; назва — ад планеты Нептун.

Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 639 °C, шчыльн. 20450 кг/м³. Вельмі рэакцыйназдольны (ступень акіслення ў хім. злучэннях ад +3 да +7). Утвараецца ў ядз. рэактарах пры працяглым апрамяненні урану, вылучаюць як пабочны прадукт пры атрыманні плутонію. Ізатоп ​237Np выкарыстоўваюць для вытв-сці плутонію-238. Высокатаксічны, ГДК у паветры рабочых памяшканняў 2,6∙10​−6 Бк/л.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕ́ТЫЙ (лац. Prometium),

Pm, штучны радыеактыўны хім. элемент III гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 61, ат. м. 144, 9128, адносіцца да лантаноідаў. Вядома 14 ізатопаў з масавымі лікамі 141—154; найб. устойлівы ​145Pm (перыяд паўраспаду T1/2 каля 18 гадоў). У зямной кары знойдзены ў вельмі нязначнай колькасці ​147Pm (T1/2 2,64 гады, мяккі β-выпрамяняльнік), які ўтвараецца пры дзяленні урану-235. Адкрыты ў 1945, назва ад імя Праметэя.

Метал светла-шэрага колеру, t 1170 °C, шчыльн. 7260 кг/м³. Вылучаюць ​147Pm з сумесі радыеактыўных ізатопаў розных элементаў, што ўтвараюцца ў рэактарах пры дзяленні ядз. паліва. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент люмінафораў (свецяцца бесперапынна на працягу некалькіх гадоў), а таксама як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення ў мініяцюрных ядз. батарэйках.

т. 12, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАКТЫ́НІЙ (лац. Protactinium),

Pa, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 91, ат. м. 231,0359, адносіцца да актыноідаў. Вядома 20 ізатопаў з масавымі лікамі 216—218, 222—238; найб. устойлівы ​231Pa (перыяд паўраспаду 3,28∙10​4 гадоў) уваходзіць у радыеактыўны рад урану. У зямной кары 10​−10% па масе. Адкрыты ў 1917 О.Ганам і Л.Майтнер і незалежна ад іх — Ф.Содзі і Дж.​Кранстанам. Назва ад грэч. prōton — першы і актыній (пры α-распадзе ​231Pa утвараецца актыній-227).

Светла-шэры метал, tпл1572 °C, шчыльн. 15370 кг/м³. Вылучаюць з прыроднай сыравіны (ва уранавых рудах на 1 частку урану прыпадае ⁓3∙10​−7 частак П.). Выкарыстоўваюць ​231Pa як зыходны нуклід для атрымання урану-232, ​233Pa (γ-выпрамяняльнік) у навук. доследах.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кава́ць 1 ’ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму; падкоўваць, акоўваць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Сержп., Яруш.). Укр. ковати, кувати, рус. ковать, польск. kować, н.-луж. kowaś, в.-луж. kować, чэш. kovati, славац. kovať, серб.-харв. kòvati, славен. kováti, мак. ковам, балг. кава. Прасл. kovati, kovǫ: kovati, kujǫ ’апрацоўваць метал молатам і інш.’ Ад і.-е. kāu‑, kəu‑ ’біць, сячы, рубіць’, параўн. літ. káuti ’біць, забіваць’, лат. kaût ’тс’, ст.-ням. houwan, ням. hauen ’біць, сячы, каваць’ і інш. Трубачоў (Ремесл. терм., 345–347) звяртае ўвагу на спецыфічнасць значэння ’апрацоўваць молатам’ у славян параўнальна з кантынуантамі ў іншых і.-е. мовах. У гэтым славянскія мовы адрозніваюцца ад балтыйскіх. Падрабязна аб значэннях слав. kovati гл. Слаўскі, 3, 18–19; БЕР, 2, 506–509.

Кава́ць 2 ’кукаваць’ (Мал., Сержп. Грам., Сцяц., зэльв.; Радч.). Укр. кувати, польск. kować ’тс’. Звяртаюць на сябе ўвагу значэнні слав. kovati ’апрацоўваць молатам, біць’ у розных мовах і гаворках, якія апісваюць манатонныя працэсы, напр. славін. kùevą, ku̯ovają ’гучна, манатонна стукаць дзюбай (звычайна пра дзятла) і да т. п.’ Слаўскі (3, 19) лічыць, што прасл. kovati мела значэнне ’кукаваць’. Ён прыводзіць семантычную паралель: bić ’біць’ і ’спяваць (аб перапёлцы)’. Лічыць гэты перанос (< kovati ’біць і г. д.’) старажытным нельга, паколькі каваць ’кукаваць’ адзначана на сумежных арэалах і можа ўяўляць познюю інавацыю. Да таго ж не выключана, што каваць можна суаднесці як другаснае з гукапераймальным kukovali, параўн. укр. кукувати, бел. кукаваць, рус. куковать, польск. kukować, в.-луж. kukować. Магчыма, працэс перараскладання або народнай этымалогіі мог прывесці да вычлянення каваць < кукаваць. Менш верагоднай уяўляецца думка аб старажытных сувязях каваць ’кукаваць’ і ст.-інд. kā́uti ’крычыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)