АСМАНІ́ЗМ, атаманізм,

ідэйна-паліт. дактрына, высунутая «новымі асманамі» і младатуркамі ў Асманскай імперыі ў канцы 19 ст. Напачатку дэкларавала «роўнасць усіх асманаў», г. зн. усіх падданых Асманскай імперыі без нац. і рэліг. адрознення. Потым, асабліва пасля прыходу младатуркаў да ўлады ў 1908, ператварылася ў сродак барацьбы супраць нац. патрабаванняў нетурэцкіх народаў і ў ідэалаг. абгрунтаванне неабходнасці іх атурэчвання дзеля стварэння «адзінай асманскай нацыі».

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗМЕ́Н,

1) даўняя ручная рычажная вага. Металічны або драўляны стрыжань з нанесенай шкалой і рухомым пунктам апоры (пятлёй). На адным канцы меў місачку або кручок, дзе клалі або падвешвалі груз, другі, патоўшчаны канец, служыў гірай. Карысталіся бязменам звычайна для вызначэння масы (вагі) прадуктаў. Часам бязменам называюць спружынную ручную вагу.

2) Даўняя адзінка масы. У 16—17 ст. 1 бязмен = 240 залатнікам = 1,022 кг.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІГО́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ 1209—29,

крыжовыя паходы, арганізаваныя папствам на Пд Францыі (вобл. Лангедок) супраць альбігойцаў. Армія крыжаносцаў складалася з паўн.-франц., часткова ням. рыцарства, яе ўзначальваў граф Сімон дэ Манфор. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне альбігойцаў, многія іх гарады захоплены, а насельніцтва знішчана. У канцы Альбігойскіх войнаў да крыжаносцаў далучыўся са сваім войскам франц. кароль Людовік VIII, што давяршыла разгром альбігойцаў.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЭРНАТЫ́ЎНЫЯ ШКО́ЛЫ, свабодныя школы,

няпоўныя і поўныя сярэднія школы ў краінах Зах. Еўропы і ЗША, якія існуюць паралельна ці замест звычайных школ і забяспечваюць альтэрнатыўную адукацыю па змесце або формах і метадах работы з вучнямі. Узніклі ў канцы 1960-х г. як вынік антыаўтарытарных пед. рухаў. Найбольш пашыраны ў ЗША. Мэта альтэрнатыўнай школы — індывідуалізацыя і дыферэнцыяцыя выкладання электыўных прадметаў і курсаў навучання.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХМАНІ́ДСКІ СУЛТАНА́Т, Бахмані,

дзяржава ў Індыі ў 1347—1525. Утвораны ў выніку паўстання дэканскіх феадалаў супраць Дэлійскага султаната. Заснавальнік Бахманідскага султаната Зафар-хан даў пачатак дынастыі Бахманідаў, сталіца Бахманідскага султаната — г. Гулбарга, з 1429 — Бідар. Улада Бахманідаў распаўсюджвалася на ўвесь Дэкан да р. Крышна на Пд. У канцы 15 — пач. 16 ст. распаўся на султанаты Ахмаднагар, Берар, Бідар, Біджапур, Галконда.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДАФЭ́ (партуг. auto-de-fé літар. акт веры),

абвяшчэнне і выкананне прыгавору інквізіцыі — публічнае спаленне на вогнішчы асуджаных за ерась або грахі. Першыя аўтадафэ праведзены ў 13 ст. ў Іспаніі, Партугаліі і іх калоніях. У канцы 15 ст. набылі характар масавага тэатралізаванага рытуальнага відовішча. У Іспаніі на працягу 1481—1808 спалена каля 35 тыс. чал. Апошняе аўтадафэ адбылося ў 1826 у Валенсіі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАЛЕ́НГА»,

прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная падкова, з сярэдзіны падковы выходзіць страла джалам уніз, над падковай — залаты крыж; клейнод — прабітае стралой птушынае крыло. Існуюць варыянты герба: страла накіравана ўлева, клейнод — 3 страусавыя пёры. Паводле падання, узнік у канцы 12 ст. У ВКЛ пашыраны з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 150 родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.

А.​К.​Цітоў.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Засн. ў 1922 для вытв-сці аптэчных шклянак. У Вял. Айч. вайну разбураны, у канцы 1944 адноўлены. Уключае гал. цэхі: прыгатавання шыхты, вырабу пракатнага шкла і шклаблокаў, вытв-сці шклатары. Асн. прадукцыя (1997): узорыстае і арміраванае шкло, шклаблокі, бутэлькі для разліву шампанскага, він, піва, безалкагольных напіткаў, тара шкляная для тавараў быт. хіміі.

Да арт. Гродзенскі шклозавод. Блокі шкляныя.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РА 1) гаспадарчая пабудова або памяшканне для захоўвання збожжа, прадуктаў харчавання; сховішча найб. каштоўнай маёмасці.

2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай у канцы 15—18 ст. — мытня, дом, дзе ацэньваўся тавар, які правозілі купцы і інш. гандляры, і спаганялася мыта. К. ставілі на ўсіх гал. гандлёвых шляхах, а іх аддзяленні (прыкаморкі) — на другарадных дарогах.

3) У 19 — пач. 20 ст. — кантора пры лясніцтве.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАРЭ́ЙКА (Serinus canaria),

дэкаратыўная птушка сям. ўюрковых (Fringillidae), атр. вераб’інападобных (Passeriformes). У дзікім стане пашырана на Канарскіх а-вах (адсюль назва). З’яўляецца родапачынальніцай пакаёвай К. У Еўропу завезена ў канцы 15 ст. Выведзена шмат парод, якія адрозніваюцца спевам і экстэр’ерам.

Даўж 12—14 см. Колер апярэння ў дзікіх К. зверху шэра-зялёны, знізу жоўта-зялёны, у самцоў больш яркі. Гл. таксама Уюрок канарэечны.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)