адка́з 1, ‑у, м.
1. Выкліканыя пытаннем або зваротам словы, выказаныя вусна ці пісьмова. Даць адказ. Ухіліцца ад адказу. □ Я ў той жа дзень, мой дарагі татуля, Пішу табе свой франтавы адказ. Астрэйка. // Расказванне вучнем урока; выклад матэрыялу на пастаўленае пытанне. Грунтоўны адказ.
2. Пачуццё, рэакцыя; водгук (у 4 знач.). Адказ жывога арганізма на раздражненне. // Выкліканыя чым‑н. дзеянні, учынкі. Калектывізацыя была адказам на многія жыццёвыя пытанні і грамадскія праблемы. Адамовіч.
3. Вынік рашэння матэматычнай задачы, прыкладу. Адказ сышоўся.
4. Тое, што і адказнасць (у 1 знач.). За зло мы ўсе адказ нясём... Колас.
адка́з 2,
У выразе: да адказу — да нельга, да канца. Мы цішком прытаіліся ля дзвярэй, а сэрца ў кожнага трывожна стукацела і нервы наструніліся да адказу. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
віхо́р 1 і ві́хар, ві́хру, м.
1. Імклівая кругавая плынь ветру. Наляцеў і закружыўся па шляху, уздымаючы пясок, моцны вецер-віхор. Галавач. Па галаве і па барадзе [Трахіма] нібы віхор прагуляўся. Крапіва. Як віхар, як куля, імчыцца каршун. Купала. // Узняты ветрам закручаны слуп пылу, снегу і пад. Раптам усхадзіўся вецер, узняў на дарозе віхор пылу. С. Александровіч.
2. перан.; чаго. Пра імклівае, бурнае праяўленне чаго‑н. Віхор падзей. □ З-за вялікіх вокан белага мураванага дома нечакана рвануўся віхор зыкаў скрыпкі і фартэпіяна. Чорны.
3. у знач. прысл. ві́храм. Хутка, імкліва. Імчацца віхрам. □ Машына віхрам уляцела па калгасны двор і спынілася, як укопаная. Шахавец.
віхо́р 2, ‑хра́, м.
Узнятая ўверх пасма валасоў. — Мне падабаюцца твае валасы, асабліва вось гэты непаслухмяны віхор. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. ‑лёг, ‑легла і ‑лягла, ‑лягло; зак.
1. што. Шчыльна прылегчы да чаго‑н. з усіх бакоў. Валасы пасмамі абляглі шыю. // Пакрыць, ахінуць, абвалачы. Хмары абляглі неба. □ А дождж аблёг надоўга. Брыль.
2. без дап. Апусціцца, панікнуць, абвянуць. Трава аблягла. □ Як скрануў правую нагу [Сідар], яна страшна забалела, і тады ўскрыкнуў нечакана для сябе, зноў аблёг. Галавач. // Апасці, аціхнуць (пра шум, гукі і пад.). А прыйдзе ноч — абляжа віск асок і пад рукой вільготнаю — пясок. Хадыка.
3. без дап. Злегчы, захварэць. Ногі пераступаюць, а я драмлю. Не, не драмлю, гэта стаіць тлум у галаве, проста мне нядобрыцца. Калі б яшчэ трохі прайшлі, я зусім бы аблёг. С. Александровіч.
4. што. Акружыць, асадзіць. Абышла арда і Тураў, аблягла яго навокал. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зачыніцца, зашчоўкнуцца (пра замок). Замок замкнуўся.
2. Зачыніцца (на замок, на ключ) у якім‑н. памяшканні. Прыехаў .. [Ясь] у свой палац, замкнуўся ў пакоі і заплакаў. А. Александровіч.
3. у што, у чым і без дап. Адасобіцца, адмежавацца ад навакольнага свету; абмежаваць сваю дзейнасць, інтарэсы пэўнымі рамкамі. Тэхнікум даў Ціхану Піменавічу спецыяльнасць, якой ён аддаваўся ўсімі сіламі, але ў якой аднак жа не замкнуўся. Чорны. Пра бацьку Мацея Гусака Трахіма гаварылі мала — ён нікуды не ходзіць, замкнуўся. Пестрак.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца канцамі; самкнуцца. Ланцуг электраправодкі замкнуўся. □ Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца. Чорны.
•••
Замкнуцца ў сабе — стаць нелюдзімым, адасобіцца ад іншых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ля́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Дзіцячая цацка ў выглядзе фігуркі чалавека. Гуляць у лялькі. □ Дзеці бегалі, крычалі, складалі з кубікаў розныя хітрыя і няхітрыя пабудовы, вазілі ў аўтамабілях лялек. Якімовіч. Як маленькую сяброўку, Ляльку любіць Каця: То расчэша ёй галоўку, То памые плацце. А. Александровіч. // Макет фігуры чалавека ці жывёлы для тэатральных прадстаўленняў, ігрышч і пад. Тэатр лялек.
2. Разм. Пра каго‑, што‑н. вельмі прыгожае, прывабнае па свайму знешняму выгляду. Шалёўка .. ўсюды, пафарбаваныя дзверы, вокны, аканіцы — лялька, а не хата стаіць... Васілевіч. Праз тыдзень Кабінет прасторны Лялькай стаў. Корбан.
•••
Як лялька — прыгожы, зграбны, прывабны. [Сабастыяніха:] — Дзяўчына, як лялька, адно паглядзець на яе. Чорны. Дамок быў трэці ад ракі з правага боку, абшаляваны і пафарбаваны. Як лялька дамок. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́яцца, ка́юся, ка́ешся, ка́ецца; незак.
1. Прызнаваць сваю віну, памылку перад кім‑н. Каяцца ў сваіх памылках. □ На судзе .. [Міхалапіха] вельмі каялася, кляла сябе ўсякімі словамі і прасіла суддзяў, каб ёй болей далі... Лупсякоў. — Ад усёй душы каюся перад вамі, што спачатку не зусім верыў вам. Новікаў. // у знач. пабочн. ка́юся. Разм. Прызнаюся. — Каюся, — сам іншы раз выпіваў. Корбан.
2. Усвядоміўшы сваю памылку, шкадаваць аб зробленым. — Табе, Дамінік, трэба, памочнік... Ёсць у мяне на прыкмеце добры чалавек.. Вазьмі яго! Каяцца не будзеш... С. Александровіч. Размова ўсхвалявала і .. [Япукевіча], і ён цяпер каяўся, што гаварыў з Паходнем занадта рэзка. Хадкевіч.
3. Уст. Прызнавацца ў сваіх грахах, спавядацца ў царкве. Сярод многіх чутак была і такая: нейкая дзяўчына ў вёсцы нарадзіла дзіця і пайшла да ксяндза каяцца ў сваіх «грахах». Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мясі́ць, мяшу, месіш, месіць; незак., каго-што.
1. Мяць, размінаць якую‑н. густую масу, перамешваючы яе з вадою, вадкасцю. Мясіць цеста. □ Ахметка з Гошкам цэлымі днямі прападалі на будоўлі: дапамагалі рабочым мясіць гліну, надавалі печнікам цэглу. Даніленка.
2. перан. Разм. Хадзіць, ездзіць па чым‑н. гразкім, топкім, сыпкім і пад. Сыпаў дробны дождж, ногі мясілі калатушу з снегу і гразі. Арабей. Дождж ніяк не можа суняцца. Месім і месім мокрую зямлю. С. Александровіч. Старэнькі параходзік з зухаватай назвай «Чаркес» мясіў ваду пліцамі на самай сярэдзіне ракі. Ракітны.
3. перан. Разм. Біць, дубасіць. Тахкае сэрца, і ад гэтага як хто чым тупым месіць па галаве, — аж іскры ўваччу. Пташнікаў. Нядужы, перапалоханы, Лёнік, зачапіўшыся за купіну, упаў, і яго, дабегшы, без жалю мясіў нагамі камендантаў сын. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́фас, ‑у, м.
1. Уздым, запал, а таксама знешняе іх праяўленне. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас. Вейс адчуваў, як знікае ўвесь пафас, увесь уздым, з якім гаварыў ён сваю прамову. Лынькоў. Гаварыў Мілоўскі прыўзнята, з пафасам, і з пафасам скончыў сваю прамову. Галавач.
2. чаго або які. Уздым, натхненне, энтузіязм, выкліканыя якой‑н. высокай ідэяй. Рэвалюцыйны пафас. □ Пафас працы ў паэзіі маладога Купалы зліваецца з пафасам рэвалюцыі, з абуджэннем і ўздымам народнай самасвядомасці. Івашын.
3. Сутнасць, асноўная ідэя, накіраванасць чаго‑н. Царскія чыноўнікі адразу ўлавілі сацыяльны пафас і рэвалюцыйную накіраванасць паэзіі Ф. Багушэвіча. С. Александровіч. Акалічнасць гэта абумовіла асноўны пафас аповесці — рэвалюцыйнае адмаўленне старога і ваяўнічае сцвярджэнне новага, сацыялістычнага. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапа́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Падаць некаторы час (гл. падаць у 1 знач.).
прапада́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.
1. Незак. да прапасці (у 1–4 і 6 знач.).
2. Быць, знаходзіцца дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н. па-за домам. Малыя ўвесь дзень прападалі ў лесе, слухалі птушыныя спевы, збіралі ягады, грыбы. С. Александровіч. Булай прападаў на рабоце амаль увесь час, мог і заначаваць, калі што не ладзілася. Шыцік.
3. Маральна гінуць, апускацца, быць ні да чаго не прыгодным. — А цяпер .. [Хведар] прападае без сталай гаспадыні. Чорны. Так я прападаю, Не маючы долі, Як дуб усыхаю, Плачучы ў няволі. Купала.
4. перан. Разм. Сохнуць, пакутаваць па кім‑н. Дзяўчаты, маладушкі за .. [Новакам] прападалі. Гарэцкі.
•••
Дзе наша не прападала — выказванне рашучасці ісці на рызыку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгаво́р, ‑у, м.
1. Рашэнне суда па якой‑н. справе. Па прыгавору ваеннага трыбунала з .. [Жучкова] знялі афіцэрскія пагоны і накіравалі ў штрафны батальён. Корбан. Пакуль чыталі прыгавор, .. [К. Каліноўскі] спакойна і мужна пазіраў на людскі натоўп. С. Александровіч.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі. Партызаны вынеслі смяротны прыгавор каменданту суседняга мястэчка, нейкаму пану фон Губерту. Краўчанка. // Рашэнне, меркаванне па якому‑н. пытанню; ацэнка чаго‑н. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас.
3. звычайна мн. (прыгаво́ры, ‑аў). Словы, якімі суправаджаюць якое‑н. дзеянне. [Жанчына] неяк усміхнулася, ажыла.. і пачала свае старыя прыгаворы нанава. — А вы ў Грыні? Ды і я ж у Грыні. Да сястры сваёй, да Раіны... Пташнікаў. Адтуль [з пакоя] чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач.
4. Уст. Варажба, чараўніцтва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)