лі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Рэзкім рухам выліць, узліць якую‑н. вадкасць. Чалавек нагнуўся к вадзе, дастаў з кішэні мыла, памачыўшы пацёр яго ў руках, зусім прыгнуўся і лінуў прыгаршчы вады сабе ў твар. Чорны. Тані стала горача, бы на яе лінулі вару. Пташнікаў.
2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пачаць моцна ліцца, хлынуць патокам. Пасунулася хмара, і лінуў дождж. Федасеенка. Слёзы — адкуль яны браліся? — нястрымна лінулі з вачэй. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У гэты час першыя кроплі застукалі па спіне, а потым лінула як з вядра. С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. — А чалавеку і гораду пашанцавала менш, чым прыродзе, — задуменна прамовіла Кіра, і з яе вачэй на Пракопа нібы лінула святло. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)