Тлу́сты ’з вялікай колькасцю тлушчу’, ’тоўсты, укормлены, сыты’, (ТСБМ, Нас., Яруш., Шымк. Собр., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прымхі, Федар. 4, Сл. ПЗБ, Вруб., ТС, ЛА, 4), клу́сты, клу́скі ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), клусты́, клу́скі ’тс’ (Ласт.), клу́сный ’тс’ (Бяльк.), ст.-бел. тлустый ’тлусты’ (пач. XVI ст., КГС). Запазычанне з польск. tlustý ’тс’, што ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ ’тлусты, тоўсты’ (Брукнер, 572; Борысь, 636). Варыянтнасць пачатку слова (тл‑, кл‑, пл‑) разглядаецца як вынік распадабнення (Сцяц. Нар., 61), якое назіраецца яшчэ ў польскай мове (Векслер, Гіст. 102). Гл. тоўсты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́днасць ‘цяжкасць’ (Нас., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Ян.), ‘турботы’ (Ласт.), ‘моцны боль’ (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.), трудно́сць (trudność) ‘боль (балесць)’ (Варл.), тру́дносць ‘цяжкасць’ (ТС), тру́дност’ ‘цяжкасць, намаганне, клопат’, трудно́сті ‘перашкоды’ (Вруб.), ст.-бел. трудность ‘цяжкасць; перашкода’ (ГСБМ): многа труднасци зададуц (Кітаб Луцкевіча). Адзначана ўкр. тру́дність ‘цяжкасць’, рус. тру́дность ‘тс’ — апошняе разглядаецца як пранікненне ў шэрагу слоў, што ўзніклі ў “литературном языке юго-западной Руси” (Суффикс. словообр., 134), магчыма, пад польскім уплывам, бо найбольш шырока назоўнікі на ‑ость прадстаўлены ў перакладных аповясцях «История о Атыле» і інш. (там жа, 138). Гл. трудны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́нак ‘напітак’, ‘алкагольны напітак’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Гарэц., Федар. 4, Сцяшк., Яруш., Бес., Адм., Скарбы; астрав., Сл. ПЗБ), ‘віно’ (Сцяшк.), ‘прыправы’ (Жд. 3), пераносна ‘атрута (пра гарэлку)’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘пітво, піццё’ (полац., Нар. сл.), ст.-бел. трунокъ ‘напітак, трунак’ (1538 г., ГСБМ): хмелний трунек (Кітаб Луцкевіча). Запазычана са ст.-польск. trunek ‘тс’, ‘глыток, лык’ (Булыка, Лекс. запазыч., 117), якое з с.-в.-ням. trunc, trunkes ‘глыток’, tranc, trankes ‘напой, трунак’ > ням. Trunk ‘глыток’, ‘напітак’, Trank ‘напітак, трунак’ (Борысь, 644–645; Брукнер, 578; Шустар-Шэўц, 1538; Вінцэнц).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́жба ‘смутак, маркота’, ‘клопат’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Байк. і Некр., Янк. БП): u dware służba ni wielika tużba (Арх. Федар.). Укр. тужба́ ‘журба, маркота’, рус. тужба́ ‘клопат’, польск. tużba ‘смутак’, в.-луж. tužba ‘сум, журба, маркота’, чэш. tužba ‘моцнае жаданне’, tužby ‘спадзяванне’, славац. túžba ‘сон, мара’, ‘цяга, імкненне да чаго-небудзь’, ‘смутак, туга’, харв. tùžba, чак. tužbȁ ‘скарга, нараканне’, серб. ту̀жба ‘скарга, іск’, балг. тъ́жба ‘скарга’, ‘сум, журба, гора’, макед. тужба ‘судовы іск’. Прасл. *tǫg‑ьba > *tǫžьba. Да туга́, тужыць 1, 2 (гл.). Літ. tūžbà ‘злосць’ запазычана з беларускай, гл. Фрэнкель, 2, 1147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынь-трава́ — паводле Насовіча (літаральна) ‘трава, якая расце пад тынам’, спалучэнне зажываецца побач з трынь-трава ў значэнні ‘рэч, нічога не вартая, дробязь, пусцяковіна’ (Нас.); паводле Некрашэвіча і Байкова, тынъ‑трава — адпаведнік рус. трын-трава (Некр. і Байк.), параўн. трын-трава́, трынь-трава, гл. Па-за межамі Беларусі спалучэнне не ўжываецца (гл. СРНГ). Паводле Карскага (2–3, 88), уяўляе спалучэнне назоўніка з назоўнікам, першы назоўнік па паходжанні ідэнтычны тынь 4, гл. папярэдняе слова. Несумненна, што ‘трысцё’ як трава не даецца на корм жывёле, і таму спалучэнне атрымала другаснае значэнне ‘рэч нічога не вартая’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іспо́дка, звычайна мн. іспо́дкі ’вязаныя рукавіцы’ (Нас., Касп., Бяльк.), іспо́дка, іспо́тка ’рукавіца’ (Гарэц., Мат. Маг., Сл. паўн.-зах.; дзісн., Нар. сл., 113), іспо́тка ’рукавіца з адным пальцам’ (докш., Янк. Мат., 72; ДАБМ, к. 333). У рускіх гаворках испо́дка́ ’вязаная рукавіца, якая звычайна надзяваецца падыспад другой — скураной рукавіцы’. Ст.-рус. исподки ’ніжнія рукавіцы, панчохі, якія надзяваюцца падыспад другіх (верхніх)’ адзначана з XVI ст. Назва звязана з тым, што ісподкі надзяваюцца падыспад другіх (верхніх) рукавіц, пашытых звычайна са скуры ці аўчыны (гл. Груцо, Бел. мова, 1965, 130). Кандэнсат словазлучэння ісподнія рукавіцы. Гл. ісподні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гнуць, гну, гнеш, гне; гнём, гняце; незак., каго-што.

1. Прыдаваць дугападобную выгнутую форму; згінаць. Гнуць дрот. // Згінаць, рухаючы ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Гнуць пальцы. □ Трудна спіну гнуць спрацаваную, Каласы збіраць Паваляныя. Купала. // Схіляць уніз, прыгінаць да каго‑, чаго‑н. Ветры гнулі вецце да зямлі. А. Александровіч. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. // перан. Падпарадкоўваць, душыць, гнясці. Быць трэба бадзёрым, вясёлым, І як бы ні гнуў цябе лёс. Прануза. Дымам пойдзе ўсё ліхое, Усё, што душыць нас і гне. Колас.

2. Вырабляць, нарыхтоўваць што‑н. шляхам згінання. Гнуць дугі.

3. перан.; і без дап. Разм. Накіроўваць свае дзеянні, размову на дасягненне якой‑н. мэты; схіляць да чаго‑н. — Ведаю, куды ты гнеш, кабета, — загарачыўся Гарбачэня. — Хочаш, каб табе грамадою дапамаглі пабудаваць хату... Гурскі. Мартын Рыль зірнуў на дзеда Талаша. Ён дагадваецца, куды гне стары. Колас.

•••

Гнуць горб (карак, спіну) — а) многа і цяжка працаваць на каго‑н. Гаравалі, гнулі спіны, горкім быў жаночы лёс, Рэкі буйныя кіпелі ад гарачых нашых слёз. А. Александровіч; б) перад кім пакланяцца, угоднічаць. Усе казалі, што й сын, як і бацька — мужык, Перад панам свой горб будзе гнуць... Чарот.

Гнуць на свой капыл — рабіць па-свойму, не зважаючы на думку іншых. Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма. Чорны.

Гнуць сваё; гнуць (весці) сваю лінію — настойліва дамагацца чаго‑н., ажыццяўляць што‑н.

Гнуць у крук (безас.) — пра стан недамагання, пачатак хваробы. У панка ляскалі зубы і ўсяго гнула ў крук, аж балела паясніца. Пташнікаў.

Гнуць у тры пагібелі — моцна, жорстка прыгнятаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ветлівы, ласкавы ў абыходжанні з людзьмі; уважлівы, паслужлівы. — Наш каморнік, дык гэта залаты чалавек. Спакойны, добры, далікатны. Чорны. [Купала:] — Вы, Міколачка, дрэнны крытык. Што я вам ні пачытаю — абавязкова спадабаецца. Вы чалавек далікатны і не хочаце пакрыўдзіць старэйшага. Хведаровіч. // Заснаваны на павазе; чулы, мяккі. Далікатныя адносіны паміж людзьмі. □ Здавалася, што .. [Зорык] выпешчаны багатымі бацькамі, з першых крокаў прывучаны да далікатнага абыходжання. Новікаў.

2. Разм. Які патрабуе асцярожных, тактоўных адносін. Далікатная справа. □ — Яшчэ раз выбачайце .., Арцём Сямёнавіч. Я да вас па вельмі далікатнаму пытанню. Галавач.

3. Кволы, тонкі; выпеставаны. Далікатныя рукі. Чалавек далікатнага складу. Далікатныя рысы твару. □ На божы свет, як бы з магілы, З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатна Выходзяць дробныя зярняткі. Колас. // Не простага паходжання (пра чалавека). Сцепаніда Гаўрылаўна, хоць і зваў яе Чмаруцька ў вясёлую хвіліну княгіняй, ніякага дачынення да такога далікатнага роду не мела. Лынькоў. // Які патрабуе беражлівых адносін, догляду, лёгка псуецца пры карыстанні. Машына гэта далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель. Кулакоўскі. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

4. Складаны, тонкі па выкананню. Работа такая далікатная, ажно страх бярэ нас — малых. Бядуля.

5. Кволы, мяккі, прыемны навобмацак (пра валасы, пух, тканіну і пад.). Далікатная скура. Плацце з далікатнай матэрыі. □ Птушаняты ўсе былі жывыя, голенькія, ружовыя, з жоўтымі роцікамі і далікатным рэдзенькім пушком на галоўках. Ляўданскі.

6. Прыемны на смак, пах, гучанне і пад. Далікатныя духі. □ — Ды што той гарадскі харч! Ён можа і далікатны, але наедку з яго мала. Лынькоў. — От хоць раз найграешся, Піліп... — Не кажы ты — вельмі далікатную музыку люблю. Скрыган.

[Ад фр. délicat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аж,

1. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для інтанацыйнага вылучэння слова ці словазлучэння, да якога адносіцца. Цімафей Міронавіч аж кладзецца ад вясёлага нястрымнага смеху. Зарэцкі. Здаецца, аж сюды, да самага лесу, далятаў гул вялізнага пажару, узнікшага за якую хвіліну. Лынькоў. Раса высыхала, сонца прыгравала моцна, лес аж звінеў ад птушыных галасоў. Чорны. // Падкрэслівае самую крайнюю мяжу выяўлення якой‑н. уласцівасці. За гаем, на полі, аж да самага возера, іскрылася пад месяцам светлая сцежка. Асіпенка. [Вера:] — Пасля разлукі з табой я ў той жа вечар паехала аж за Чалябінск. Пестрак. [Русаковіч:] Цяпер у нас матэрыялу хапае. Для мяне — аж занадта. Крапіва.

2. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для выражэння нечаканасці або раптоўнасці наступлення якіх‑н. падзей. [Пазарэўскі:] — Раніцай прачнуліся — аж.. [Толіка] ужо няма. Чорны. [Мартын Рыль:] — Гэта мы выходзім з лесу на паляну, аж як гаркне наш Марка Балук: «Стой, лапаць скінуўся!» Колас. Прыглядаюся, аж тут траха не ўсе нашы сваякі і суседзі. Якімовіч.

3. злучнік супраціўны. Злучае сказы з узаемна неадпаведным значэннем, якое ўскладняецца адценнем нечаканасці, раптоўнасці. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас. Колас. А я думаю, хто гэта ідзе к гумну. Думаў, Максімка памагаць, аж гэта ты. Чорны. [Скуратовіч:] — Думаў устаць зацемна, жэрдак на плот спусціць некалькі. Аж ужо і сонца ўзышло. Чорны.

4. у знач. выніковага злучніка. Далучае сказы, якія паказваюць на вынік асабліва напружаным падзей ці якую‑н. прыкмету самай высокай ступені. Бег што сілы, без аглядкі, Аж блішчалі ў хлопца пяткі. А. Александровіч. Гул матораў, цяжкі, абрывісты, поўніў усё паветра, аж звінелі шырокія шыбы дэпоўскіх акон. Лынькоў. Булай скамячыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаро́вы, ‑ая, ‑ае; здароў, здарова.

1. Які мае добрае здароўе; проціл. хворы. Здаровы арганізм. Здаровае дзіця. □ — Можаце лічыць сябе амаль здаровым, таварыш Васілец. На твары слядоў ад апёку ўжо і цяпер амаль не відаць. Мележ. / у знач. наз. здаро́вы, ‑ага, м.; здаро́вая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Аграном глядзеў на .. [Крушынскага] з той нялоўкасцю, з якой — заўсёды хворы глядзіць на здаровага. Бядуля. // Непашкоджаны, які правільна дзейнічае (пра органы і часткі цела). Здаровае сэрца. □ Ужо як уязджалі ў шпітальны двор, ранены Зыгмунт Асядовіч пачаў стукаць здароваю рукою ў шкляное акенца да шафёра. Чорны. // Які выражае здароўе, уласцівы здароваму чалавеку. Здаровы выгляд. Здаровы смех. // Прыгодны, не папсаваны. Здаровае насенне. Здаровы корань. □ Хто першы клаў грэблі на балотах, ніводзін чалавек у Лонве ўжо не скажа. Кладкі пасля масціліся адна на адну: новая на старую, здаровая на гнілую, спарахнелую ў балоце і высахлую на сонцы. Пташнікаў. // перан. Разважлівы, разумны. Здаровая крытыка. □ [Гарлахвацкі:] Галовы ў нас здаровыя, рукі дужыя, сцяг навукі можам моцна трымаць. Крапіва. З маткаю Мікіта дагаварыўся лёгка: сваім практычным здаровым розумам яна бачыла, што ў калгасе чалавеку будзе лепей. Колас.

2. Карысны для здароўя. Здаровае надвор’е. Здаровае харчаванне.

3. Разм. Моцнага целаскладу; дужы. Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з .. прыпухлым васпаватым тварам. Ракітны. Здаровыя, ружатварыя адзін у адзін, гвардзейцы выглядалі спакойнымі. Гартны.

4. Разм. Вялікі, моцны (пра з’явы, прадметы і пад.). Ян Гузік нагнуўся і падняў з зямлі здаровы кавалак жалеза. Гартны.

5. у знач. выкл. здаро́ў! (здаро́ва!) Разм. Ужываецца як прывітанне пры сустрэчы. [Верхаводка:] Здарова, Марына, здарова! [Марына:] А, здароў, Пеця, здароў! Кучар.

•••

Будзь (бывай) здароў гл. быць.

Валіць з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Заставайцеся здаровы гл. заставацца.

Ідзіце здаровы гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)