газета для дзяцей школьнага ўзросту і падлеткаў. Выдаецца з кастр. 1929 у Мінску на бел. мове штотыднёва; наз. «Піянер Беларусі». З 1994 сучасная назва. Асвятляе пытанні гісторыі Беларусі, адраджэння нац. культуры; патрыят., працоўнага, фіз., эстэт. выхавання дзяцей і падлеткаў, расказвае пра дзейнасць дзіцячых згуртаванняў і арг-цый у школах і дзіцячых установах рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КЕНРОДЭР ((Wackenroder) Вільгельм Генрых) (13.7.1733, Берлін — 13.2.1798),
нямецкі пісьменнік. Прадстаўнік іенскага кола рамантыкаў (гл. ў арт.Германія, раздзел Літаратура). Сябар Л.Ціка. Сваімі творамі і праз уздзеянне на Ціка (прыняў непасрэдны ўдзел у стварэнні яго рамана «Вандраванні Франца Штэрнбальда») зрабіў уплыў на развіццё еўрап. л-ры 19 ст. Кніга Вакенродэра «Шчырыя выказванні сэрца брата-манаха, аматара мастацтва» (1797, выдадзена ананімна) прысвечана жывапісу і музыцы. У кн. «Фантазіі пра мастацтва для сяброў мастацтва» (выд. 1799) выступіў за цэласнае спасціжэнне свету (якое абазначыў як «рэлігійнае») праз мастацтва. Навела «Славутае музыкальнае жыццё кампазітара Іозефа Берглінгера» пра трагедыю геніяльнага мастака, якога не зразумеў свет.
Тв.:
Рус.пер. — Об искусстве и художниках;
Размышления отшельника, любителя изящного. М., 1826;
Фантазии об искусстве. М., 1977.
Літ.:
Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973;
Дмитриев А.С. Проблемы иенского романтизма. М., 1975;
Балашов Н.И. Вакенродер // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІКО́ВА (Раіса Андрэеўна) (н. 11.5.1947, в. Пешкі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). Працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у рэдакцыях рэсп. газет, з 1991 у час. «Алеся». Друкуецца з 1960. У зб-ках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1988), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1993) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды бел. гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драм. паэме «Барбара Радзівіл» (1992). Аповесць «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Аўтар кн. казак і апавяданняў для дзяцей, п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994 т-рам-лабараторыяй бел. драматургіі «Вольная сцэна»), «Пятля часу» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫНО́МІЯ (ад грэч. antinomia супярэчнасць у законе),
супярэчнасць паміж двума суджэннямі, кожнае з якіх аднолькава лагічна даказальнае. Паняцце «антыномія» ўзнікла ў антычнасці (Платон, Арыстоцель). Стараж.-грэч. філосафы ў сэнсе антыноміі часцей выкарыстоўвалі тэрмін «апарыя». Шмат увагі фармулёўцы і аналізу антыноміі аддавалі схаластычныя логікі. Кант выкарыстоўваў паняцце «антыномія», спрабуючы апраўдаць асн. тэзіс сваёй філасофіі, паводле якога розум не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту і пазнаць «рэч у сабе». Вучэнне Канта пра антыномію развіта ням. класічным ідэалізмам як фундаментальная перадумова дыялект. логікі. Гегель крытычна прааналізаваў кантаўскае вырашэнне пытання антыноміі і паказаў, што супярэчнасць — неад’емная аб’ектыўная характарыстыка духу, які знаходзіцца ў развіцці, гіст. быцця і мыслення. У дыялект. матэрыялізме антыномія разглядаецца ў рамках вучэння прадыялект. супярэчнасці (адрознівае супярэчнасці ад парадоксаў). Пастаноўка навук. праблем у форме антыноміі і іх вырашэнне — важнае звяно ў тэарэт. адлюстраванні дыялект. супярэчнасці аб’ектыўнай рэальнасці.
Літ.:
Манеев А.К. Философский анализ антиномии науки. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА БАВУ́»,
помнік бел. перакладной л-ры, сярэдневяковы рыцарскі раман. Узнік у Францыі. Бел. пераклад зроблены ў 2-й пал. 16 ст. з сербскага тэксту і паслужыў крыніцай шэрагу рус. спісаў. Збярогся ў т.зв. Пазнанскім зборніку. Мае займальны любоўна-авантурны сюжэт. Асн. змест — незвычайныя прыгоды сына цара Гвідона і царыцы Мілітрысы (у бел.рэд. — Мератрысы) у яго змаганні за бацькаўскую спадчыну і царэўну Дружнену. У імя кахання Бава праходзіць выпрабаванні, здзяйсняе волатаўскія подзвігі, пасля шчасліва вяртаецца на радзіму і карае смерцю падступную маці і яе палюбоўніка Дадона, забойцаў свайго бацькі. «Аповесць пра Баву» нагадвае твор нар. гераічнага эпасу, у якім выкарыстаны прыёмы гіпербалізацыі: Бава валодае надзвычайнай сілаю, героем выступае напаўчалавек-напаўсабака Палкан і інш. Драматычна напружаны сюжэт, багацце казачнага элемента спрыялі папулярнасці рамана, які бытаваў ва ўсх. славян да 20 ст., пранік у фальклор, стаўшы нар. казкаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУЛЕ́Й ((Apuleius) Луцый) (каля 125, г. Мадаўра, Паўн. Афрыка — каля 180),
старажытнарымскі пісьменнік, аратар. Адукацыю атрымаў у Карфагене і Афінах. З яго літ. спадчыны дайшла невял. частка: авантурна-алегарычны раман «Метамарфозы» («Залаты асёл») у 11 кнігах з устаўнымі навеламі (у т. л. казка пра Амура і Псіхею, кн. 4—6), у якім рэаліст. і сатыр. малюнкі з жыцця рымскай правінцыі 2 ст.н.э. спалучаюцца з эротыкай, фантастыкай і містыкай, — адзін з першых псіхал. раманаў у еўрап. л-ры; «Апалогія, ці Слова ў абарону супраць абвінавачання ў магіі»; зб. урыўкаў з рытарычных прамоў Апулея «Фларыды»; навукова-філас. трактаты і інш. На бел. мову «Метамарфозы» пераклаў П.Бітэль.
Тв.:
Бел.пер. — Метамарфозы, ці Залаты асёл // Лонг. Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою...: Раманы. Мн., 1991;
Рус.пер. — «Метаморфозы» (и другие сочинения): Пер. с лат.М., 1988.
Ілюстрацыя М.Селешчука да рамана Апулея «Залаты асёл». Мінск. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШНЯ́К (Аляксандр Карлавіч) (15.8.1786 — 1831),
рускі падарожнік, батанік. Праязджаў з Дарагабужа праз Беларусь у Віцебск, Полацк (1815), з Вільні ў Кіеў. Пакінуў цікавыя звесткі пранас. пункты Беларусі, у т. л. Мінск, Бабруйск і Бабруйскую крэпасць. Лічыў, што зах. паветы Смаленшчыны, дзе жылі беларусы, у этнічных адносінах не розніліся ад усх. паветаў Віцебскай губ. Цікавіўся этнаграфіяй, звычаямі, мовай і дыялектамі бел. сялян. Імкнуўся вызначыць геал. мінулае Беларусі, яе глебы, клімат, лясы, асабліва на Полаччыне. Башняк вядомы і як царскі шпіён, які сачыў за А.С.Пушкіным. У жн. 1825 разам з начальнікам паўд.ваен. Пасяленняў І.В.Вітам падаў данос («Запіску») у Пецярбург пра дзейнасць Паўд.т-ва дзекабрыстаў на Украіне. Памёр (паводле інш. звестак забіты) у час паўстання 1830—31.
Тв.:
Дневные записки путешествия А.Бошняка в разные области Западной и Полуденной России в 1815 г. Ч. 1—2. М., 1820—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1950 у Брэсце. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 872 м²), 63 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Аддзелы: прыроды, гісторыі Брэстчыны, Вял.Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. і нумізматычныя калекцыі, зброя і даспехі воінаў 13—19 ст., рукапісныя і друкаваныя кнігі (трэбнік 1646, рукапісны «Апостал» 17 ст.), гербы і пячаткі стараж. Брэста, матэрыялы пра Брэсцкую арг-цыю РСДРП, пра арг-цыю КПЗБ і яе дзеячаў (В.З.Харужую, У.З.Царука і інш.), абарону Брэста і Брэсцкай крэпасці, партыз. і падп. рух на тэр. вобласці ў Вял.Айч. вайну, Герояў Сав. Саюза — землякоў, у т. л. С.І.Грыцаўца, П.І.Клімука і інш.; у аддзеле этнаграфіі муз. інструменты 18 ст., прылады працы і побыту сялян 19 ст.; у аддзеле прыроды экспанаты расліннага і жывёльнага свету Брэстчыны, агучаныя дыярамы «Белавежская пушча», «Палессе». Філіялы: Археалагічны музей «Бярэсце», Музей партызанскай славы, Камянецкая вежа, карцінная галерэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІМАЎ ((Asimov) Айзек) (2.1.1920, в. Пятровічы Шумяцкага р-на Смаленскай вобл. — 6.4.1992),
амерыканскі пісьменнік. Праф. біяхіміі Бостанскага ун-та (з 1979). У 1923 сям’я эмігрыравала ў ЗША. Вядомасць Азімаву прынеслі аповесці і зб-кі апавяданняў пра робатаў («Я, робат», 1950; «Робаты і імперыя», 1985; «Мары робата», 1986, і інш.), раманы серыі «Канец станаўлення» («Станаўленне», 1951; «Станаўленне ў небяспецы», 1982; «Станаўленне і Зямля», 1986, і інш.) пра галактычную гісторыю чалавецтва, раманы «Канец вечнасці» (1955) і «Самі багі» (1972) — перасцярога ад бяздумнага ўмяшання ў законы развіцця прыроды і чалавецтва, навук.-папулярныя кнігі («Жыццё і энергія», 1962; «Сціслая гісторыя біялогіі», 1965; «Нейтрына», 1966, і інш.). Яго творам уласцівыя займальнасць, дакладнае абгрунтаванне навук. дапушчэнняў, уменне спалучыць навук. і фантастычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛІ́БІН (Іван Якаўлевіч) (16.8.1876, с. Тархоўка каля С.-Пецярбурга — 7.2.1942),
рускі графік-ілюстратар і тэатр. мастак. Вучыўся ў Мюнхене (1898), у Пецярбургу ў І.Я.Рэпіна — у школе-майстэрні М.К.Ценішавай (1898—1900) і ў АМ як вольны слухач (1900—04). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1907—17), з 1936 праф. Ленінградскай АМ, чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Яркі прадстаўнік «мадэрну» ў рус. графіцы. Стварыў самабытны арнаментальна-дэкар., графічна выразны «білібінскі стыль» кніжнай ілюстрацыі, заснаваны на стылізацыі матываў нар. лубка, вышыўкі, разьбы па дрэве, стараж. мініяцюры (да быліны «Вальга», «Казкі пра залатога пеўніка» А.С.Пушкіна, «Песні пра купца Калашнікава» М.Ю.Лермантава, «Кулікоўская бітва»). Яго эскізы тэатр. дэкарацый і касцюмаў узнаўляюць казачны, фантаст. свет рус. фальклору.
Літ.:
Климов Г.Е. Поиски пера жар-птицы: Жизнь и творчество рус. худож. И.Я.Билибина по материалам собр. Е.П.Климова. М., 1981.