ніза́ць, ніжу, ніжаш, ніжа; незак., што.

1. Набіраць, насаджваць падрад на нітку, дрот і пад. Нізаць сушаныя грыбы. □ Дзядзька пакінуў нізаць тытунь, глянуў у акно. С. Александровіч.

2. перан. Лёгка падбіраць, спалучаць адно з другім (пра словы, рыфмы і пад.). Ніжа без перадыху Сцяшынская слова на слова. Б. Стральцоў.

3. перан. Пранізваць, працінаць наскрозь. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.

1. Прымушаць рабіць што‑н. супраць жадання, волі. — Мамачка, давайце адпачнём трошкі, вельмі ж ногі забалелі. — А хіба ж я цябе прасіла, хіба ж я цябе няволіла ісці са мной? — чуліся прыглушаныя хусткай матчыны словы. Сабаленка. [Сымон] раіць Таццяне выйсці замуж за багацея.., раіць, але не няволіць. У. Калеснік.

2. Уст. Пазбаўляць волі; трымаць у няволі. Прыехалі [паліцыянты], заарыштавалі [настаўніка], няволілі ў астрозе і ў жоўтым доме... Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падно́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.

1. Прыступка для ўваходу ў вагон, аўтамашыну і пад. Стоячы на падножцы вагона, брыгадзір пазірае ўздоўж саставу. Васілёнак. Маладыя, загарэлыя шафёры закурылі цыгаркі.. Узабраўшыся на падножку, зазірнулі ў кузаў, потым схаваліся ў кабінах. Асіпенка.

2. Удар нагой па назе або падстаноўка нагі пад нагу таго, хто ідзе ці бяжыць, каб паваліць яго. [Дзімка:] — Давай падужаемся.. — Ну што ж, давай, — кажа Вася і падступае бліжэй. — Накрыжкі? — Накрыжкі. Толькі без падножкі. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазба́віцца, ‑збаўлюся, ‑збавішся, ‑збавіцца; зак.

1. каго-чаго і ад каго-чаго. Збавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Пазбавіцца недахопаў. Пазбавіцца ад няпрошанага госця. □ Джулія ўжо пазбавілася першай збянтэжанасці, зноў стала рухавай, рызыкоўнай і, здавалася, гатовай да ўсяго. Быкаў. Мяне цяпер пачало непакоіць і тое, як нам ўдасца пазбавіцца ад гэтага чалавека. Чыгрынаў.

2. чаго. Страціць што‑н., застацца без чаго‑н. Пазбавіцца самастойнасць. □ Пазбавіцца зямлі, бадзяцца па свету для.. [Лявона Зябліка] горш, чым смерць. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакрапі́ць, ‑краплю, ‑кропіш, ‑кропіць; зак., каго-што.

1. Злёгку апырскаць, змачыць. [Міхалка] умомант адзеў на галаву сетку, абмакнуў венік у ваду і пакрапіў рой. Якімовіч. Пакуль Лабановіч дабег да станцыі, яго парадкам пакрапіў дождж. Колас. // Акрапіць свянцонай вадой пры выкананні некаторых царкоўных абрадаў.

2. і без дап. Крапіць некаторы час. — Трэба, трэба дождж, — казалі старыя, — бульба можа яшчэ падрасла б. Зусім зачахла. — Але ж і лета. І ты скажы, каб хоць раз пакрапіў дождж. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зак. да слухаць.

2. і без дап. Слухаць некаторы час. Мы летуцелі ўсе аб тым, каб сесці ў засень на хвіліну, паслухаць, як шумяць лісты ў зялёных, пышных верхавінах... Дубоўка. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны.

3. заг. паслу́хай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. звычайна ў пачатку фразы, каб прыцягнуць увагу. Я таргануў за рукаў кулямётчыка: — Паслухайце, таварыш! Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паты́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Папароць, пакалоць. І не было на кажусе ні аднаго жывога месца: так застракацілі яго белыя і чорныя ніткі і так патыкала яго іголка. Колас.

2. і без дап. Тыкаць некаторы час; тыкнуць некалькі разоў. — Вось ты паглядзі, — Лапцін патыкаў рукой на талеркі: — Нам гэта за што далі? Савіцкі.

патыка́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да паткнуць.

патыка́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да паткаць (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамясціць, перанесці куды‑н. усё, многае. Пацягаць усе дровы пад павець.

2. і без дап. Цягаць некаторы час. Пацягаць дровы. Пацягаць бараку па полі. □ То і пацягалі ж за свавольствы Лявонавага бацьку, ледзь у астрог не запякалі. Гурскі.

3. Пакрасці, прысвоіць сабе ўсё, многае. [Сомік:] — Усе ведаюць, што яны падлогу ў магазіне ўзадралі, ды дошкі пакралі, што яны снапы ў мяне з азярода пацягалі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’емся, ‑б’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбіцца — пра ўсё, многае. Перабіліся талеркі.

2. Разм. Перажыць нястачу, цяжкасці; сяк-так пражыць, абысціся некаторы час без чаго‑н.; перакідацца. — На людзях і гора не такое горкае. Як будуць усе жыць, гэтак і мае [родныя] пераб’юцца, — сказаў я Марынічу. Сабаленка. [У вёсцы] пражыць танней, можна было не чапаць пенсіі за летнія месяцы, перабіцца на дамашнім хлебе і на бацькоўскім крупніку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перае́сці, пераем, пераясі, пераесць; пераядзім, пераясце, пераядуць; пр. пераеў, ‑ела; заг. пераеш; зак.

1. чаго і без дап. З’есці больш, чым трэба; аб’есціся. Дзіця пераела.

2. каго-што і чаго. З’есці ўсё, многае. [Бацька:] — І прыбралі ўсё за пагоду, і змалацілі як мае быць, у засекі засыпалі. Думалі хлеба не пераядзім. Сабаленка.

3. што. Раз’ядаючы, разбурыць, раздзяліць на часткі. Іржа пераела жалеза.

•••

Пераесці (ад’есці) нутро (кішкі, вантробы) каму — моцна надакучыць, стаць невыносным для каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)