АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Аўстралію і прылеглыя а-вы (Тасманія, Кенгуру і інш.). Размешчана ў трапічным і ўмераным паясах Паўд. паўшар’я. Мае своеасаблівы склад флоры і фауны, абумоўлены аддзяленнем у мезазойскую эру ад стараж. мацерыка Гандвана. Сувязь з Антарктыдай і Паўд. Амерыкай перарвалася значна пазней, адсюль некаторае падабенства флоры і фауны.

У флоры 12 эндэмічных сям і больш за 80% эндэмічных відаў: з іх папараці 115 родаў (у т. л. дрэвападобныя), аднадольныя 320 родаў і двухдольныя 1000 родаў, на Тасманіі — хваёвыя 11 родаў. Шэраг агульных сям. з флорай Паўд. Амерыкі і Палеатропікі. Характэрныя прадстаўнікі — эўкаліпты (каля 400 відаў), акацыі, «травяное дрэва» і інш. Эндэмізм фауны на відавым узроўні блізкі да 100%. Адметная асаблівасць — наяўнасць эндэмічнага падкласа млекакормячых — аднапраходных (качканос і яхідна) і субэндэмічнага атр. сумчатых [каля 200 відаў: кенгуру, каала (сумчаты мядзведзь), сумчаты д’ябал, сумчаты крот, вамбат і інш.) Сярод птушак эндэмічныя сям. аўстралійскіх страусаў (эму) і лірахвостаў. Шмат папугаяў (какаду, лоры, хвалісты папугайчык і інш.), зімародкі, медасмокі, рэптыліі (змяінагаловыя чарапахі, молах, тайпан) і амфібіі (свістуны, аўстралійскія рапухі). Ёсць дваякадыхаючыя рыбы (рагазуб); з беспазваночных найб. адметныя дажджавыя чэрві даўж. да 2,5 м. Сукупнасць арганізмаў (біёта) вобласці вельмі змянілася ў выніку каланізацыі Аўстраліі еўрапейцамі: завезена і акліматызавана шмат еўрап. відаў (дзікі трус, пацукі, рудэральныя расліны), знішчаны многія мясц. віды (напр., сумчаты воўк).

Да арт. Аўстралійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — плямісты кускус; 2 — каала; 3 — яхідна; 4 — эму; 5 — караткашэрсны вамбат; 6 — шэры кенгуру; 7 — чорны лебедзь; 8 — лірахвост; 9 — сумчаты д’ябал; 10 — качканос; 11 — сумчаты крот; 12 — сумчаты воўк.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗІ́Н,

прадукт перапрацоўкі нафты — сумесь вуглевадародаў рознай будовы. Бясколерная лятучая вадкасць, мае характэрны пах, tкіп 30—205 °C, шчыльн. 700—780 кг/м³, вогненебяспечны. Атрымліваюць дыстыляцыяй (прамагонны бензін), каталітычным крэкінгам газа-газойлевых і цяжкіх дыстылятных ці каталітычным рыформінгам бензінавых фракцый нафты. Асн. выкарыстанне — паліва для рухавікоў унутранага згарання. Прадпрыемствы па вытв-сці бензіну на Беларусі ёсць у Мазыры, Наваполацку.

У бензіне прамагонным 3—10% араматычных, 12—30% нафтэнавых, 60—80% нармальных парафінавых, 1—2% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне крэкінгу 12—60% араматычных, 12—30% нафтэнавых, да 50% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне рыформінгу ёсць араматычныя і ізапарафінавыя вуглевадароды, практычна няма ненасычаных і серы. Таварныя прадукты — сумесь бензіну з рознай сыравіны, іх маркі вызначаюцца актанавым лікам, эксплуатацыйныя ўласцівасці паляпшаюцца пры ўвядзенні алкілату, ізаактану, талуолу, некаторых прысадак (гл. таксама Антыдэтанатар). Вырабляюць бензін летні, зімовы, неэтыліраваны і этыліраваны (афарбаваны, мае да 1 мл этылавай вадкасці на 1 кг, ГДК 100 мг/м³). Бензін газавы (нафтавы) — вадкая сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць са спадарожных газаў, якія вылучаюцца пры здабычы нафты і яе стабілізацыі, ахаладжэннем ці паглынаннем мінер. маслам з наступнай перагонкай. Газавыя бензіны дабаўляюць да інш. бензіну (у т. л. зімовага) для паляпшэння «пускавых» характарыстык. Бензін з малой колькасцю араматычных вуглевадародаў (не больш як 3%) і серы выкарыстоўваюцца як растваральнікі і прамывачныя вадкасці. Уайт-спірыт — растваральнік і экстрагент для тлушчаў, смолаў, каўчукоў; Бензін «галош» выкарыстоўваецца ў вытв-сці гумавых клеяў.

Літ.:

Гуреев А.А., Жоров Ю.М., Смидович Е.В. Производство высокооктановых бензинов. М., 1981.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗА,

горад на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора, на тэрыторыі гіст. вобласці Палесціна. З навакольнай прыбярэжнай тэрыторыяй (сектар Газа, паласа Газа) даўж. 50 км, шыр. ад 5—7 да 12 км і пл. 362 км² мае асобны паліт. статус. Насельніцтва горада Газа каля 270 тыс. чал., усяго сектара Газа разам з насельніцтвам лагераў палесцінскіх бежанцаў каля 800 тыс. чал. (1994), больш за 99% з іх арабы-палесцінцы. У сектары Газа ёсць 10 с.-г. яўр. паселішчаў (кібуцаў). Развіта мясцовая і саматужная прам-сць (выраб дываноў, пашыў адзення, ганчарства, рамонт трансп. сродкаў). Здабыча буд. матэрыялаў і будаўніцтва. Рыбная лоўля. Вырошчванне цытрусавых. Частка насельніцтва працуе на прадпрыемствах Ізраіля. 40% насельніцтва — беспрацоўныя.

Старажытны горад ханаанеяў у паўд. Палесціне. У канцы 15 ст. да н.э. занята егіпцянамі. З 12 ст. да н.э. прадмет спрэчак паміж ізраільскай дзяржавай і філістымлянамі. З канца 8 ст. да н.э. пад уладай Асірыі, Вавілона, Персіі. У 332 да н.э. захоплена Аляксандрам Македонскім. Росквіт Газы прыпадае на часы рымскага і візант. панавання. З 635 н.э. Газа ў складзе халіфата, з 1517 у Асманскай імперыі. У 1917 горад заняты брыт. войскамі, у 1920—47 — адм. ц. Палесціны, падмандатнай Вялікабрытаніі. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН у 1947 Газа і прылеглыя тэр. (сектар Газа) увайшлі ў склад араб. дзяржавы. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 сектар Газа пад кіраваннем Егіпта. Акупіраваны ізраільскімі войскамі ў 1967. У 1993 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя аб прынцыпах стварэння часовага палесцінскага самакіравання ў сектары Газа на працягу 5-гадовага пераходнага перыяду. Гл. таксама Блізкаўсходні канфлікт.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБ (Quercus),

род кветкавых раслін сям. букавых. Каля 600 відаў; адна з гал. лесаўтваральных парод. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і і гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя і 13 інтрадукаваных відаў. Д. звычайны, або летні, ці чарэшчаты (Q. robur), расце ўсюды, асабліва на Пд, утварае дубовыя лясы; асобныя дрэвы ахоўваюцца як помнікі прыроды. Д. скальны, або зімовы, ці сядзячакветны (Q. petraea) — атлантычна-еўрап. рэліктавы від, трапляецца рэдка (вядома адзінае месца росту на тэр. нац. парку «Белавежская пушча», дзе ён утварае чыстыя і мяшаныя з грабам і елкай насаджэнні), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сярод інтрадукаваных найб. вядомыя Д. балотны (Q. palustris), паўночны (Q. borealis), каштаналісты (Q. castanefolia), шарлахавы (Q. coccinea), грузінскі (Q. iberica), буйнапыльнікавы (Q. macranthera), аксамітны (Q. velutina), мангольскі (Q. mongolica), Гартвіса (Q. hartwissiana).

Аднадомныя шматгадовазялёныя і лістападныя дрэвы і кусты з шатра- ці калонападобнай, пірамідальнай, ніцай або раскідзістай кронай. Жывуць 400—500, іншы раз да 2000 і больш гадоў. Лісце простае, чаргаванае, перыста-лопасцевае, суцэльнакрайняе, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя, раздзельнаполыя, з зачаткавым калякветнікам. Плады — аднагнездавыя арэхі (жалуды), у ніжняй ч. з чашападобнай плюскай. Драўніна мае высокія фізіка-мех. і тэхн. ўласцівасці, прыгожую тэкстуру (асабліва цэніцца драўніна Д., якая доўга знаходзіцца пад вадой, т. зв. «мораны дуб»); выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытв-сці, вагона-, авія- і суднабудаванні, буд-ве і інш. Кара мае да 12% танінаў, добры дубільнік і вяжучы сродак, ідзе на выраб коркаў, жалуды — на прыгатаванне сурагату кавы, а таксама на корм жывёле. Дэкар. віды Д. выкарыстоўваюць у зялёным буд-ве.

Г.​У.​Вынаеў.

Дуб звычайны.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХКРЫ́ЛЫЯ (Diptera),

атрад насякомых. 3 падатр.: даўгавусыя (Nematocera) — камары, мошкі, макрацы і інш.; караткавусыя прамашвовыя (Brachycera-Orthorrhapha) — сляпні, ктыры, жужалы і інш.; караткавусыя круглашвовыя (Brachycera-Cyclorhapha) — мухі, авадні, тахіны, крывасмокі і інш. Больш за 150 сям., каля 100 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 6 тыс. відаў.

Даўж. 0,3—50 мм. Афарбоўка цёмная або стракатая. Развіта адна пара (пярэдняя) крылаў (адсюль назва), задняя рэдукавана і пераўтварылася ў булавападобныя жужальцы. Галава круглаватая з вял. фасетачнымі вачамі. Вусікі шматчленікавыя (даўгавусыя Д.) або кароткія трохчленікавыя (караткавусыя Д.). Ротавыя органы калюча-сысучыя або ліжучыя, зрэдку рэдукаваныя. Развіццё з поўным ператварэннем; за год 1—9 генерацый. Лічынкі чэрвепадобныя, жывуць у вадзе, глебе, гнілых рэштках раслін, жывых раслінах і жывёлах, трупах. Дарослыя Д. кормяцца нектарам і пылком раслін, гнілымі рэчывамі, крывёй жывёл і чалавека (гнюс); некат. не кормяцца. Шэраг відаў Д. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (пакаёвая муха, маскіты, камары, мошкі, сляпні і інш.). Лічынкі многіх Д. — небяспечныя шкоднікі раслін (даўганожкі, галіцы, збожжавыя мухі і інш.) і паразіты с.-г. жывёл (авадні, гнюс). Некаторыя Д. карысныя як апыляльнікі раслін (журчалкі і інш.), глебаўтваральнікі (грыбныя камарыкі і інш.), знішчальнікі шкодных насякомых (тахіны).

Літ.:

Систематика и эволюция двукрылых насекомых. Л., 1977;

Осмоловский Г.Е., Бондаренко Н.В. Энтомология. 2 изд. Л., 1980;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

Двухкрылыя: 1 — камар звычайны; 2 — званец апушаны; 3 — ільвінка звычайная; 4 — чмелявідка празрыстая; 5 — журчалка цыбульная; 6 — сляпень бычыны; 7 — жужала разнаколерны; 8 — муха падлавая звычайная; 9 — зеленавочка збожжавая; 10 — тахіна вялікая.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,

від вуснай нар. паэзіі, творчасць дзяцей і творы, складзеныя для іх дарослымі. Найбольш стараж. від нар. вусна-паэт. творчасці, якая ўвабрала шматвяковы пед. і паэт. вопыт народа. Творы Дз. ф. падзяляюць на 3 групы: паэзія пеставання (калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор (дзіцячыя гульні, лічылкі, згаворы), творы, не звязаныя з гульнямі (песенькі, дражнілкі, заклічкі, некат. загадкі і казкі, асабліва казкі пра жывёл). Дз. ф. ўласціва спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай.

Пазнавальна-выхаваўчы характар Дз. ф. вызначае маст. форму, рытміку. вобразную сістэму і падбор моўных сродкаў, Для яго характэрна сінкрэтычнасць: элементы музыкі, танца, драмы (жэсты, міміка) спалучаюцца з музыкальнай паэт. мовай, багатай і простай арганізацыяй верша, што актыўна ўплывае на пачуцці і розум дзяцей. На змест і форму кожнай групы твораў Дз.ф. таксама ўплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей у залежнасці ад узросту (калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам).

У наш час у дзіцячы побыт усё больш пранікаюць творы прафес. мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. На Беларусі Дз. ф. збіралі і вывучалі Я.​Чачот, А.​Рыпінскі, П.​В.​Шэйн, Е.​Р.​Раманаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, М.​Федароўскі, А.​А.​Грыневіч, Р.​Р.​Шырма, Г.​І.​Цітовіч і інш.

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972;

Гульні, забавы, ігрышчы. Мн., 1996.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 172—178;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Аникин В.П. Русские народные пословицы, поговорки, загадки и детский фольклор. М., 1957;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ НАРО́ДНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя І.​І.​Жыновіча.

Пачаў дзейнасць у Мінску ў 1930 як Бел. дзярж. ансамбль нар. інструментаў (створаны на аснове ансамбля нар. інструментаў Бел. муз. тэхнікума, 1928). Першы маст. кіраўнік Дз.Захар (1930—35), з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Жыновіч, з 1975 — М.Хазінец. У 1937 ператвораны ў Аркестр бел. нар. інструментаў у складзе Бел. філармоніі, з 1948 наз. Дзярж. нар. аркестр БССР, імя І.​Жыновіча з 1974, акадэмічны з 1987. Аркестр унікальны па складзе інструментаў і па гучанні. Асн. месца належыць бел. цымбалам, уключае таксама дудкі і ліры, баяны, флейты, габоі, кларнеты, групу ўдарных. У рэпертуары больш за 1000 арыгінальных твораў і пералажэнняў бел. кампазітараў, у т. л. У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Я.​Глебава, Я.​Дзягцярыка, Жыновіча, Э.​Зарыцкага, В.​Іванова, С.​Картэса, У.​Кур’яна, А.​Мдывані, В.​Помазава, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса, К.​Цесакова, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна і інш., кампазітараў-класікаў, сучасных замежных аўтараў. З аркестрам выступалі майстры бел. сцэны Л.​Александроўская, Л.​Аляксеева, З.​Бабій, І.​Балоцін, М.​Ворвулеў, С.​Данілюк, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, В.​Малькова, Р.​Млодак, Т.​Ніжнікава, І.​Пятроў, І.​Сарокін, Н.​Ткачэнка, а таксама спевакі Расіі, Украіны, Зах. Еўропы і інш. Калектыў гастраліруе за мяжой, удзельнік шматлікіх фестываляў і конкурсаў. У розны час у аркестры працавалі цымбалісты А.Астрамецкі, В.Бурковіч, С.Навіцкі, Х.​Шмелькін, М.Шмелькін і інш.; працуюць (1997) салісты А.Курмакін, С.Лясун, А.Рудкоўскі.

Літ.:

Жинович И.И. Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958;

Ракова Е.Я. Государственный народный оркестр БССР имени И.​И.​Жиновича. Мн., 1978.

А.​Я.​Ракава.

Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ў ЛІТВЫ ў Вільнюсе.

Утвораны ў 1957 як Цэнтральны дзярж. гіст. архіў Літ. ССР, які разам з інш. захоўваў дакументы Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. З 1990 сучасная назва. Захоўвае каля 900 фондаў, больш за 1,2 млн. спраў (1987). Зберагае крыніцы, якія маюць важнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі. Сярод дакументаў фонды Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, Радзівілаўскай камісіі, Таварыства сяброў навукі ў Вільні, упраўлення Віленскай навуч. акругі, калекцыі дакументаў Віленскай рымска-каталіцкай мітрапаліцкай курыі, Віленскай евангелісцка-лютэранскай калегіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віленскага Святадухаўскага манастыра, фамільныя зборы магнацкіх родаў Агінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў і інш. Пераважную частку архіўных збораў складаюць сац.-эканам. і грамадска-паліт. матэрыялы — інвентары, люстрацыі маёнткаў, лясніцтваў, старостваў, дакументы і вопісы актавых кніг земскіх і гродскіх судоў (Брэсцкага, Лідскага, Мінскага), кнігі Гродзенскай эканоміі, следчыя дакументы па справах філаматаў, «Братняга саюза літоўскай моладзі», удзельнікаў паўстанняў 1830—31 і 1863—64, дакументы Віленскага ген.-губернатарства, Літоўскай, Віленскай, часткова Ковенскай, Аўгустоўскай і Сувалкаўскай губ., матэрыялы пра паўстанне 1794, вайну 1812, сял. рэформу 1861, сталыпінскія агр. рэформы, пра народніцкі і с.-д. рух, рэвалюцыю 1905—07, пра бел. газеты «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша ніва», дакументы пра жыццё і дзейнасць Я.​Чачота, К.​Каліноўскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, Я.​Коласа, Я.​Купалы, Цёткі, матэрыялы (часам цэлыя асабістыя фонды) даследчыкаў бел. культуры А.​Кіркора, Я.​Карловіча, Е.​Раманава, Я.​Карскага і інш. 3 нарматыўных матэрыялаў захоўваюцца старадрукаваныя кнігі, эпісталярная спадчына, зборнікі літ. і публіцыстычна-паліт. твораў 17—18 ст. з рэлігійна-панегірычнымі вершамі. барочнай сатырай, сеймавымі прамовамі і інш.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЛЬНЯЎ ТЭО́РЫЯ,

раздзел матэматыкі, які вывучае мадэлі канфліктных сітуацый (калі сутыкаюцца інтарэсы двух ці больш бакоў) і распрацоўвае метады аптымальных паводзін у такіх сітуацыях. Як навука сфарміравалася ў 1940-я г. пераважна на аснове работ амер. матэматыкаў Дж.​Неймана і О.​Моргенштэрна па развіцці матэм. падыходу да з’яў канкурэнтнай эканомікі. Асн. праблематыка: матэм. мадэлі канфліктаў, існаванне і прынцыпы аптымальных рашэнняў, метады іх пошуку. Выкарыстоўваецца ў сац.-эканам. даследаваннях, ваен. справе, матэм. статыстыцы, метадах аптымізацыі паводзін ва ўмовах неакрэсленасці і інш.

Матэм. мадэль канфлікту (гульня) апісвае ўдзельнікаў канфлікту (гульцоў), магчымыя дзеянні бакоў (стратэгія), вынікі гульні, зацікаўленыя бакі і іх перавагі на мностве вынікаў (перавагі часта выражаюцца лікавымі функцыямі выйгрышу). Класіфікацыя гульняў вызначаецца ўласцівасцямі мадэлі. Прыняцце рашэння ў гульнях тэорыі складаецца з дэтэрмінаванага (або выпадковага) выбару стратэгіі кожным з гульцоў; як правіла, ніводзін з бакоў не ведае загадзя, якія будуць дзеянні праціўніка. У многіх выпадках стратэгія кожнага гульца раскрываецца толькі ў працэсе пакрокавага (як у шахматах) прыняцця рашэнняў. Фармальным выражэннем інтуітыўнага паняцця найлепшага рашэння з’яўляецца прынцып аптымальнасці, выводзіцца з папярэдне прынятых аксіём (распрацавана некалькі такіх прынцыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў розных класах гульняў) і грунтуецца ў большасці выпадкаў на спалучэнні ідэй экстрэмальнасці і ўстойлівасці рашэнняў. Прынцып ажыццявімасці мэты прыводзіць да стратэгій, індывідуальныя адхіленні ад якіх не павялічваюць выйгрыш; асобны выпадак — прынцып максіміну, адлюстроўвае імкненне максімізаваць мінімальна магчымы выйгрыш. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.

Літ.:

Нейман Дж., Моргенштерн О. Теория игр и экономическое поведение: Пер. с англ. М., 1970;

Вилкас Э.И. Оптимальность в играх и решениях. М., 1990;

Воробьев Н.Н. Основы теории игр: Бескоалиционные игры. М., 1984.

Г.​М.​Левін.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)