ЛУЧА́Й,

вёска ў Навасёлкаўскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. За 18 км ад горада і чыг. ст. Паставы, 268 км ад Віцебска. 253 ж., 92 двары (1999).

Вядома з 1542 як уладанне Забярэзінскіх. З канца 16 ст. мястэчка. Маёнтак Л. належаў Юндзілам, Глябовічам, Шэметам і інш. З 1617 уладанне Рудамінаў, з 1731 — Агінскіх. У 1766—76 у Л. пабудаваны мураваны езуіцкі касцёл. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Вілейскім пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1905 у сяле і маёнтку Л. 81 ж., нар. вучылішча, валасное праўленне, крама. З 1921 Л. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны ў Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета ў Пастаўскім, Дунілавіцкім р-нах. З 1960 вёска Л. у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах.

Базавая школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Лучайскі касцёл езуітаў (1776).

І.​П.​Зямчонак.

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЭНДОРФ ((Ludendorff) Эрых) (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каля г. Познань, Польшча — 20.12.1937),

германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2-ю рас. армію ген. А.​В.​Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.​Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕЧ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля меліярацыйнага канала Вінец. Цэнтр сельсавета і калгаса-аграфірмы. За 20 км на З ад г. Бяроза, 89 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 2437 ж., 786 двароў (1999).

У 16 ст. мястэчка ў Брэсцкім пав. ВКЛ. У 1645 атрымала права на самакіраванне. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці ў Пружанскім пав. Гродзенскай губ., 1428 ж.. 71 двор, 2 царквы, яўр. малітоўны дом, сукнавальня, 16 крам, 12 кірмашоў на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Пружанскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Пружанскага р-на, з 1960 у Бярозаўскім р-не. У 1972—1656 ж., 444 двары.

Пякарня, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Сямёнаўская царква (1928). Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е МАЖЭ́ЙКАВА,

вёска ў Гасцілаўскім с/с Лідскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Лебяда. Цэнтр аграфірмы «Мажэйкава». За 28 км на ПдЗ ад Ліды, 85 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 794 ж., 301 двор (1999).

Упершыню згадваецца ў 1511 як маёнтак у Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв.. падараваны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам I Старым віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу. Належаў Палубенскім, Нарушэвічам-Брахоцкім і інш. З 1795 у Рас. імперыі, у 2-й пал. 19 ст. сяло Лідскага пав. Віленскай губ. У 1897 нар. вучылішча, царква, капліца. З 1921 у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Мажэйкаўскага с/с Жалудоцкага раёна, з 1954 вёска ў Гасцілаўскім с/с. З 1962 у Лідскім р-не, з 1987 цэнтр Гасцілаўскага с/с. У 1972—502 ж., 161 двор.

Спіртзавод, лікёра-гарэлачны цэх, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).

Г.​І.​Дулеба.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́ШЫЧЫ,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад Карэліч, 209 км ад Гродна, 48 км ад чыг. станцыі Наваельня. 471 ж., 194 двары (1999).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло ў Навагрудскім пав., належала Свірылю. З 1530 уласнасць кн. Ф.​Чартарыйскага, з 1532 — татарскага кн. Ахмета Улана, які заснаваў тут мястэчка. У 18 ст. ўладальнікамі М. былі Есьманты і Багдановічы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. М. — сяло і 3 фальваркі ў Навагрудскім пав. Мінскай губ. З 1921 у складзе Польшчы у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Валеўскага, з 25.11.1940 — Карэліцкага р-наў. У 1961—79 у Райцаўскім с/с. У 1972—415 ж., 112 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

В.​У.​Шаблюк, А.​К.​Брэган.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,

дзяржава, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст. ў выніку мангольскіх заваяванняў. Створана Чынгісханам і яго пераемнікамі. Перад смерцю Чынгісхан падзяліў дзяржаву паміж сынамі Джучы, Джагатаем, Угедэем і Тулуем. У 1229 вял. курултай — з’езд манг. знаці абраў вял. ханам Угедэя [1229—41], які заснаваў сталіцу М.і. — г. Каракарум на р. Архон. Пасля яго М.і. правілі сын Гуюк [1246—48] і сын Талуя Мункэ [1251—59]. Пры Мункэ М.і. ўключала Манголію, Паўд. Кітай, Карэю, Цэнтр. Азію, Закаўказзе, Іран, Афганістан і падпарадкоўвала сабе б.ч. зямель б. Кіеўскай Русі (гл. Мангола-татарская няволя на Русі) Адсутнасць унутр. адзінства абумовіла хуткі распад імперыі. Пасля смерці Мункэ пачалася барацьба за ўладу паміж яго братамі. Адзін з іх — Хубілай — абвясціў у 1260 сябе вял. ханам, пасля чаго ад М.і. пачалі адпадаць зах. улусы — Джучы (гл. Залатая Арда), Хулагу-хана (гл. Хулагуідаў дзяржава) і інш. Пасля заваявання Кітая Хубілай у 1280 заснаваў дынастыю Юань. Пасля выгнання ў 1368 манголаў з Кітая М.і. спыніла сваё існаванне.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАВА,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на З ад Маладзечна, 95 км ад Мінска, 3 км ад чыг. станцыі Пруды. 772 ж., 291 двор (1999).

Вядома з 1415 як велікакняжацкае сяло і двор у складзе ВКЛ. З 1476 да пач. 16 ст. цэнтр павета і воласці. У 1519 разбурана ў час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1512—22. У 1532 уласнасць Яна Радзівіла, у 2-й пал. 16 ст. мястэчка, гаспадарскае ўладанне. У 18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі. У 1897 765 ж., 122 двары, царква, капліца, нар. вучылішча. З 1921 у Віленскім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Маладзечанскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі знішчылі 72 хаты. З 1949 цэнтр калгаса.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (1860).

В.​У.​Шаблюк.

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЮ́ЦІН (Дзмітрый Аляксеевіч) (10.7.1817, Масква — 7.2.1912),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1898), граф (1878). Чл.-кар. (1853) і ганаровы чл. (1866) Пецярбургскай АН. Брат М.А.Мілюціна і У А.Мілюціна. Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це (1833) і Ваен. акадэмію (1836). У арміі з 1833. Удзельнік Каўк. вайны 1817—64 (баі 1839—45 супраць Шаміля). У 1845—56 праф. Ваен. акадэміі. У 1856—59 нач. Гал. штаба Каўк. арміі; пры яго ўдзеле распрацаваны план дзеянняў па далучэнні Усх. Каўказа да Рас. імперыі. У 1860 таварыш (нам.) ваен. міністра, у 1861—81 ваен. міністр Расіі, кіраваў правядзеннем Ваенных рэформаў 1860—70-х г. у Расіі, пры ім сфарміраваны Ген. штаб. У рус.-тур. вайну 1877—78 адзін з ініцыятараў паспяховай аблогі Плеўны (гл. Плевен). Пасля Берлінскага кангрэса 1878 фактычна кіраваў знешняй палітыкай Расіі. Ганаровы чл. шэрагу ваен. акадэмій. Аўтар работ па ваен. геаграфіі, гісторыі, статыстыцы.

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 297—304.

Дз.А.Мілюцін.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́САР,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. За 20 км на ПнЗ ад г. і чыг. станцыі Глыбокае, 220 км ад Віцебска. 489 ж., 224 двары (1999).

Ільнозавод, базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мосарскі касцёл Ганны (1792). За 1,5 км на ПнЗ ад вёскі курганны могільнік.

Вядома з 16 ст. як мястэчка. У 16—19 ст. М. валодалі Зяновічы, Валовічы, Далмат-Ісайкоўскія, Млечкі, Бжастоўскія. Апошнія пабудавалі ў 1775—90 у М. палац (не захаваўся), у 1792 — парафіяльны касцёл св. Ганны. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1872 дзейнічала нар. вучылішча. З канца 19 ст. М. — уладанне Пілсудскіх. У 1885 у маёнтку М. 558 ж., у вёсцы М. 117 ж. З 1921 М. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна, з 20.1.1960 — Глыбоцкага раёна, з 1960 ва Удзелаўскім с/с.

І.​У.​Бунто.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ ГО́РАДА О́РШЫ.

Засн. ў 1989 у г. Орша Віцебскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 170 м², 5,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае раздзелы: горад старажытны, у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Орша ў 20 ст. Сярод экспанатаў кераміка, вырабы з косці, шкла, жалеза, ювелірныя вырабы з археал. раскопак аршанскіх стаянак і гарадзішча, Куцеінскага манастыра, макет Аршанскага замка, зброя з месца Аршанскай бітвы 1514, старадрукі 17—19 ст., матэрыялы пра дзейнасць арг-цый РСДРП, эсэраў, сацыяліст. будаўніцтва, паліт. рэпрэсіі 1930-х г., аднаўленне гаспадаркі ў вызваленым ад ням.-фаш. захопнікаў горадзе, пра ўраджэнцаў Аршаншчыны Герояў Сав. Саюза А.Д.Салянікава, М.Д.Сіяніна, пісьменніка У.Караткевіча і інш. Матэрыялы пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху ў раёне ў часы Вял. Айч. вайны экспануюцца ў гар. музеі К.​С.​Заслонава. У выставачнай зале праводзяцца выстаўкі твораў мастакоў, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Пад адкрытым небам размешчана экспазіцыя «Культавыя камяні Аршаншчыны».

В.​П.​Лютынскі.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)