Насту́пны ’наступаючы, чарговы, прышлы, які мае наступіць’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк., ТСБМ), насту́пнік ’нашчадак, пераемнік; намеснік’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк., ТСБМ), насту́пца ’тс’ (Нас.), укр. насту́пний ’наступаючы, чарговы’, насту́пник ’пераемнік; нашчадак’, польск. następny ’наступны, маючы адбыцца; спадчынны; наступальны, агрэсіўны’ następnik, następca ’нашчадак, пераемнік; агрэсар’. Арэал распаўсюджання сведчыць аб беларуска-ўкраінска-польскай семантычнай інавацыі, параўн. славен. nastopen ’уступны’, серб.-харв. на́ступни ’наступальны; што мае характар прыступаў’ і іншыя ўтварэнні на базе *nastǫpiti, гл. ступа́ць. У іншых славян значэнне ’наступны’ перадаецца словамі, утворанымі ад *slědъ, *slěditi, параўн. рус. сле́дующий, балг. сле́дващ, макед. следен, серб.-харв. слѐдећи, славен. naslednji.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Недаве́рак ’той, хто не верыць’ (Бяльк., ТСБМ): Niedawierki każuć, szto czerwiaka zubatocza niema na świeci (Пятк. 2), ’дысідэнт, не адной веры’ (Нас.), недавя́рак ’недаверлівы чалавек’ (Сцяц.), ’злыдзень, прахвост’ (дзярж., Нар. сл.), укр. недові́рок ’рэнегат; малаверны’, польск. niedowiarek ’няверны, ерэтык, адшчапенец; няверуючы, атэіст; малаверны чалавек’. Здаецца, што тут аб’ядналіся розныя па паходжанню словы; адны з іх утвораны ад не давяраць або з больш ранняга спалучэння не да веры (польск. nie do wiary) ’цяжка паверыць’, якія маглі з’явіцца самастойна ў кожнай з моў, іншыя запазычаны з польскай мовы, куды, як мяркуецца, трапілі з чэш. nedověrek ’ерэтык, адступнік’ (параўн. Урбаньчык, ZPSS, 1988, 457).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нім ’перш чым, пакуль’ (Федар., Чачот), укр. пім ’тс’, польск. nim ’тс’. Паводле Карскага (2–3, 84), паходзіць з ускоснай склонавай формы займенніка *jь (гл. ён); таксама адносна польскага злучніка гл. Брукнер (204, 364). Апошні разглядаецца і як вынік кантамінацыі: nim < niż×im (ESSJ SG, 2, 498 з адпаведнай літ-рай). Нягледзячы на фіксацыю яшчэ ў Бярынды, бел. пім хутчэй за ўсё запазычана з польскай, параўн. Булахаў, Развіццё, 27, а таксама Карплюк, Paralele w rozwoju słownictwa języków słowiańskich. Wrocław etc., 1989, 161–170. Няяснага паходжання мін. пім ’як бы, быццам’ (Сл. ЦРБ), фармальна ідэнтычнае разгледжанаму раней (кантамінацыя нібы×быццам?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́тар ’насмарк’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат.). Рус. ката́р ’тс’, укр. ката́р. Запазычанне з еўрапейскіх моў; магчымыя крыніцы: польск. або ням. мова ў XVII ст. Шатэрнік меркаваў толькі аб польскай крыніцы слова (гл. яго слоўнік). Польск. katar ’тс’, ням. Katarrh, па крыніцах, якія прыводзіць Шанскі, 2, К, 92, з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі з лац. (< грэч.). Але паводле Клюге, 356, ням. Katarrh узята прама з грэч. katárrhūs. Невядома ў якіх адносінах да формы ка́тар знаходзяцца іншыя варыянты назвы гэтай хваробы. Так, у Насовіча знаходзім ка́тарг (каторгъ) ’насмарк’, а ў Каспяровіча ка́тарга. Можна меркаваць, што тут, магчыма, адлюстроўваецца лац. перадача грэч. назвы (тыпу katárrhūs).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кафта́н, таксама капта́к ’даўнейшая двухбортная мужчынская і жаночая верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі рукавамі’ (ТСБМ), ’кафтан’ (Бяльк.), ’кофта’ (Сл. паўн.-зах., 2). Ст.-бел. кафтанъ, каптанъ, кахтанъ ’кафтан’ (першая фіксацыя слова ў 1516 г.): гл. Булыка, Запазыч., 144. Крыніцай запазычання для ст.-бел. лексем лічаць тур. мову (тур. kaftan; Булыка, там жа). У польск. мове kaftan адзначаецца ў помніках значна раней (з XV ст.). Таму можна ставіць пытанне, ці не з польскай крыніцы ўзята непасрэдна бел. слова, але тут не хапае дадатковых даных храналагічнага парадку. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 212; Шанскі, 2, К, 102; Слаўскі, 2, 20.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апры́склівы (априскливый) ’запальчывы, капрызны, упарты’ (Яруш., Нас.); апры́сак ’упарты, капрызны’ (Гарэц., Нас.); апры́скліва (Др.-Падб., Гарэц.), апры́склівасць ’запальчывасць’ (Яруш.). Рус. дыял. зах. опрыснуть ’ускіпець’ (пераноснае), опрыскливый ’запальчывы’, укр. оприскливый ’тс’, з оприском ’запальчыва’, польск. opryskliwy ’запальчывы’. Для ўзнікнення пераноснага значэння дзеяслова (суф. ‑лів‑ звычайна далучаецца да дзеяслоўных асноў) важна польск. pryskać ламацца, разлятацца, лопацца на дробныя кавалкі’ і перан. ’лопнуць’ (аб надзеі, настроі і г. д.), адкуль недалёка і да ’лопнуць’ (аб спакоі, цярпенні), ’ускіпець’. Наяўнасць заходнерускага дзеяслова опрыснуть, беларускіх, украінскіх бяссуфіксных назоўнікаў робіць непатрэбным, хаця і не выключае дапушчэнне аб запазычанні з польскай мовы. Словы маглі ўтварыцца на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пільсць 1, пілсць ’поўсць, падшэрстак, валасяное покрыва жывёл’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Шатал.), пільсьць ’шчацінне (у кабана)’ (лаг., Шатал.), ’воўна горшай якасці’ (Варл.; Бір. Дзярж.), ’поўсць, якая вылезла пры ліньцы’ (Мядзв.), ’ачоскі ад воўны з пылам’ (Шат.), ’вельмі тонкі лямец, які вырабляўся з рознай шэрсці’ (Нас.). Запазычана з польскай pilść ’тканіна з шэрсці ці з воўны, атрыманая шляхам збівання (валяння) яе, лямец’ (Цвяткоў, 59; Кюнэ, Poln., 87). Узыходзіць да прасл. *pьlstь > бел. поўсць (гл.).
Пільсць 2 ’пілавінне’ (капыл., Сл. ПЗБ; слаўг., капыл., ЛА, 1), пільшч ’тс’ (круп., б.-каш., тамсама). Да піліць 1 (гл.). Суф. ‑сць са зборна-рэчыўным значэннем.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сваво́ля ‘гарэзлівасць, дураслівасць, гуллівасць’, ‘свавольныя ўчынкі, паводзіны’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Мал., Янк. БП), ‘неразважныя дзеянні’ (Варл.), сюды ж сваво́ліць ‘гарэзнічаць’ (Нас., Шымк. Собр., Сержп., Варл.), свово́ліць ‘тс’ (ТС), свавольнік ‘гарэза; неслух’ (Нас., Бяльк., Ласт.), сваво́льства ‘непаслушэнства’ (Нас., Бяльк.), ст.-бел. своволенство ‘тс’. Ад свой і воля; Карскі (2–3, 89) бачыў тут, як ва ўкраінскай і польскай, “слитие слов”. У гэтай форме, мабыць, запазычанне з польск. swawola ‘тс’. Махэк₂ (596) польскае слова і чэш. svávůle, дыял. svávoľa ‘сваволя’ лічыць спалучэннем або састаўным словам і адрознівае іх ад складаных слоў тыпу рус. своеволье, своеволить, параўн. сваяволіць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Славу́ты ‘агульнавядомы; праслаўлены’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж ст.-бел. словутичъ ‘слаўны, славуты (пры звароце да каго-небудзь’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. славу́тний ‘тс’, рус. дыял. слову́тный ‘славуты, шанаваны, багаты’, преслову́тый ‘праслаўлены’, стараж.-рус. словутьнъ, ст.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, польск. sławętny, sławetny (набліжана да sława — Брукнер, 499), каш. słavutny, słavuty, чэш., славац. slovutný. Дэрываты ад *slovǫtъ, першаснага незалежнага дзеепрыметніка цяп. часу ад прасл. *slovǫ, *sluti, гл. слыць (Фасмер, 3, 673; Махэк₂, 557). Паўночнаславянская інавацыя *slovǫtъ, *slovǫtьnъ. Славэ́тны ‘знаны, праслаўлены’ (Ласт.) запазычана з польскай. Гл. яшчэ Басай-Сяткоўскі, Słownik, 320–321 (адмаўляецца чэшскае паходжанне слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сляса́к ‘прыстасаванне ў выглядзе рычажка ў клямцы, пры дапамозе якога адчыняюцца і зачыняюцца дзверы’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Жд. 2, Янк. 2), сляса́к, сліса́к, слейса́к ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), слю́сак ‘тс’ (ТС), сюды ж сляса́к (сліса́к) ‘дошчачка або пучок саломы, якія ўстаўляюцца ў прарубку ў бярозе для стоку бярозавага соку’ (Бяльк.), сліса́к ‘шабля’ (Шымк. Собр.). З польск. ślosak, ślusak, szlisak ‘рычажок у клямцы’. У польскай, відавочна, з ням. Schluß ‘затвор, затычка’, Schloss ‘замок, засоў’; гл. Варш. сл.; ЕСУМ, 5, 313. Аднак значэнне ‘шабля’, гл. таксама слісачок ‘жалезца, пры дапамозе якога паварочваецца засоў’ (Шымк. Собр.), робіць гэтую этымалогію праблематычнай. Параўн. і літ. slė́sna ‘ступня, плюсна’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)