горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож. За 22 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучана з Гомелем і Добрушам. 6,3 тыс.ж. (1995).
Засн. ў 1685 (паводле інш. звестак у 1682) стараверамі — бежанцамі з цэнтр. Расіі (гл.Стараверства). У 17—18 ст Ветка з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі з’яўлялася цэнтрам расколу, у 1730-я г. тут жыло каля 40 тыс.чал. У 18 ст. ў Ветцы сфарміраваліся мясц. асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы. Карныя войскі царскага ўрада двойчы (у 1735 і 1764) палілі Ветку, большасць жыхароў прымусова выселена ва ўсх. губерні Расіі. З 1772 у Рас. імперыі, з 1784 мястэчка Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав. Належала Станевічам. У 1868 адкрыта жаночае, у 1874 мужчынскае нар. вучылішчы. У 1897 — 7,2 тыс.ж. З 1919 у Гомельскім пав. РСФСР, з 1925 горад, з 1926 у БССР, з 8.12.1926 цэнтр раёна. У 1939 — 6 тыс ж. З 18.8.1941 да 28.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветцы і раёне 656 чал. У 1969 — 6,2 тыс. жыхароў. Знаходзіцца ў зоне радыеактыўнай забруджанасці.
Прадпрыемствы лёгкай (Веткаўская бавоўнапрадзільная фабрыка), буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Веткаўскі музей народнай творчасці. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства пач. 12 — пач. 15 ст. Цэнтр — г. Гарадзен (Гродна). Вядома як уладанне, атрыманае ў 1116 кн. Усеваладам Давыдавічам у пасаг за дачкой кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Размяшчалася ў бас. Нёмана. Зручнае геагр. становішча спрыяла хуткаму эканам. і культ. развіццю княства. У 1127 Усевалад дапамагаў кіеўскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу ў паходзе на Полацк, у 1132 — на Літву. Сыны Усевалада актыўна ўдзельнічалі ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі прастол на баку кн. Усевалада Вольгавіча (1144), кн. Мсціслава Ізяславіча (1150, 1151, 1167, 1170) і кн. Андрэя Багалюбскага (1173). У 1166, 1170, 1184 гарадзенскія палкі ў складзе аб’яднаных дружын хадзілі на полаўцаў. У апошняй чвэрці 12 ст. склалася гродзенская школа дойлідства. Былі развіты пісьменнасць і прыкладное мастацтва. З 1240-х г. Гарадзенскае княства ў складзе ВКЛ. У 1252, 1253, 1259, 1275, 1276 на княства нападалі галіцка-валынскія войскі, у 1277 іх падтрымлівалі татары. У 1270-я г. вакол Гарадзена пасяляліся прусы — бежанцы ад Тэўтонскага ордэна. У 1284—1402 на княства адбываліся шматлікія напады крыжакоў, якія ў 1299—1326 паспяхова адбіваў кашталян гарадзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З канца 14 ст. княства стала ўладаннем Вітаўта, пры ім яно дасягнула значнага эканам. і культ. развіцця. Пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413тэр. Г.к. ўвайшла ў Трокскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІЯ ЗАБАСТО́ЎКІ 1918—19.
Адбыліся ў час ням. акупацыі і ўваходжання Гомельскага пав. ў Палескую вобл. Украіны. У маі—чэрв. 1918 забастоўкі супраць акупац.эканам. палітыкі прайшлі на асобных прадпрыемствах Гомеля. З 15 жн. пачалася стачка рабочых і служачых чыг. вузла ў падтрымку агульнаўкр. чыг. забастоўкі. Спачатку яна мела пасіўны характар, з 19 жн. спынены выхад на працу. Акупац. ўлады арыштавалі 73 актывістаў стачкі. Нягледзячы на спробы стачачнага к-та пашырыць забастоўку на прадпрыемствы горада, у пач.вер. 1918 яна скончылася. Па дамоўленасці герм. камандавання і сав. дэлегацыі да 20.12.1918 павінна была скончыцца эвакуацыя ням. войск з Гомеля, улада перададзена Ваен.-рэв. к-ту (ВРК) і горад займала Чырв. Армія. 18.12.1918 ВРК прызначыў новага каменданта чыг. вузла, правёў арышты контррэвалюцыйных элементаў у горадзе і на чыгунцы. Яго дзеянні былі расцэнены ням. бокам як парушэнне дамоўленасці. Акупац. ўлады вярнулі горад пад свой кантроль, арыштавалі бальшавіцкі к-т чыгуначнікаў, цывільнае кіраўніцтва перадалі Гомельскай дырэкторыі. 26.12.1918 на скліканым ВРК мітынгу чыгуначнікаў вырашана пачаць забастоўку, быў створаны стачачны к-т. 28 снеж. спынілі работу чыг. майстэрні і кіраўніцтва станцыі. У пач.студз. 1919 забастоўка стала ўсеагульнай. 6.1.1919 яна спынена, кантроль над горадам перайшоў да ВРК. 14.1.1919 ням.войскі пакінулі Гомель, у яго ўвайшлі часці Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»), Родапачынальнік літоўскі баярын Нарыбут (Нарбут) атрымаў маёнткі ад вял. князёў ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча [1432—40] і Казіміра [1440—92], Паводле родавай легенды, Н. былі адгалінаваннем магнацкага роду Осцікаў, таму часам пісаліся Осцікамі-Нарбутамі. Найб. вядомыя: Войцех Нарбутавіч (? — 1510?), харужы дворны ў 1501—05, маршалак гаспадарскі ў 1505—09. Мікалай Войцехавіч (? — каля 1556), староста крэўскі і мазырскі, маршалак гаспадарскі ў 1546—53, ваявода падляшскі з 1551. Станіслаў Мікалаевіч (? — 1596), староста ашмянскі, ваявода мсціслаўскі з 1595. Дамінік (? — пасля 1807?), староста міжэвіцкі, лідскі чашнік у 1770—74 і войскі ў 1774—94. Пасол на сеймы 1764, 1782, Чатырохгадовы сейм 1788—92, чл. «Згуртавання сяброў урадавай уставы». Падпісаў Віленскі акт паўстання 1794, чл.Найвышэйшай літоўскай рады. Юстын (каля 1773—25.9.1845), удзельнік паўстання 1794, гісторык. Аўтар кн. «Нарыс каранёў літоўскага народу» (Гродна, 1818, 2-е выд. 1820), «Унутраная гісторыя літоўскага народу з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II...» (т. 1—2, Вільня, 1842, 2-е выд. 1843). Станіслаў (4.5.1853, б. маёнтак Шаўры, Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл. — 11.3.1926), урач. Д-р медыцыны (1879). Скончыў Баварскі ун-т у Мюнхене, Дэрпцкі (Тартускі) ун-т. На ўласныя сродкі збудаваў бальніцу ў Браславе, дзе яму пастаўлены помнік. Гл. таксама Нарбут К., Нарбут Л.Т., Нарбут Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ВЕН, Плеўна,
горад на Пн Балгарыі. Каля 400 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Трансп. вузел. Цэнтр с.-г. раёна Дунайскай раўніны. Прам-сць: харчовая і харчасмакавая (мяса-малочная, плодакансервавая, вінаробчая, тытунёвая), маш.-буд. (кавальска-прэсавае і энергет. абсталяванне, прыладабудаванне), нафтаперапр., гумавая, цэм., тэкст., шкляная. НДІ вінаградарства і вінаробства, кармавых культур. Маўзалей рус. і рум. воінаў, якія загінулі ў рус.-тур. вайне 1877—78; парк-музей рас. генерала М.Дз.Скобелева. Гіст. музей. Маст. комплекс — панарама «Плевенская эпапея 1877». Турызм.
На тэр. сучаснага П. першае паселішча ўзнікла ў 4—3 ст. да н.э. У 1—2 ст.н.э.рым. крэпасць пад наз. Старгозія. З 3 ст. горад. У 11—12 ст.балг. гандлёвы цэнтр. Як П. упершыню згадваецца ў 1266. У 14 ст. пасля захопу туркамі заняпаў. У час рус.-тур. вайны 1806—12 рас.войскі ў 1810 разбурылі гар. крапасныя ўмацаванні. У 1877 у П. і вакол яго туркі стварылі буйны ўмацаваны лагер. У час рус.-тур. вайны 1877—78 каля П. адбываліся працяглыя і ўпартыя баі саюзных (рус. і рум.) армій і балг.нар. апалчэння супраць групоўкі тур. войск, якая была вымушана капітуляваць. У 1919—21 і 1922—23 П. — камуна. У 2-ю сусв. вайну вызвалены Сав. Арміяй у 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНАЯ А́РМІЯ,
армія, служба ў якой з’яўляецца для ўсяго асабовага складу асн. прафесіяй і родам дзейнасці. Воіны-прафесіяналы валодаюць комплексам неабходных псіхіка-фізіял. якасцей, тэарэт. ведамі і практычнымі навыкамі. П.а. вядома ў многіх стараж. дзяржавах, у т. л. Грэцыі і Рыме. У 14—18 ст. у краінах Еўропы, у т. л. ў ВКЛ, існавалі наёмныя войскі, якія камплектаваліся з воінаў-прафесіяналаў (гл.Наёмніцтва). У 19 ст. ў большасці еўрап. краін уведзена ўсеаг. воінская павіннасць (у Францыі з 1798, у Расіі з 1874), аднак аснову арміі складалі прафесіяналы. Пасля 1-й сусв. вайны ў краінах Зах. Еўропы П.а. разглядалася ў рамках т.зв. тэорыі «малых войнаў», у аснове якой была ідэя дасягнення перамогі ў вайне пры дапамозе малалікіх, але тэхнічна высокааснашчаных армій. Гэта і інш. тэорыі стварэння П.а. набылі рэальныя рысы пасля 2-й сусв. вайны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. Фарміраванне П.а. — мэта ваен. рэформы ў Расіі, Украіне, Францыі і інш. Пасля скарачэння ў 1990-х г.Узбр. Сіл Беларусі колькасць афіцэраў (19 тыс.чал.), прапаршчыкаў (11 тыс.чал.), ваеннаслужачых-кантрактнікаў (11 тыс.чал.) і інш. прафесіяналаў склала больш за 50% (2000) ад агульнай колькасці асабовага складу арміі. Працэс пашырэння прафесіяналізацыі ідзе таксама ў Пагранічных войсках і Унутр. войсках МУС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШЭ́МЫСЛЬ (Przemyśl),
горад на ПдУ Польшчы, у Падкарпацкім ваяводстве, на р.Сан. Каля 85 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: радыёэлектронная і эл.-тэхн., дрэваапр., хім., тэкст., швейная. Вышэйшая духоўная семінарыя. Арх. помнікі: сабор (1460—1571, перабудаваны ў 1744; уключае ратонду 12—13 ст.), кляштары і касцёлы 17—18 ст., рэшткі замка (пабудаваны пасля 1340, перабудаваны ў 1612—30), асабнякі і палацы 18—19 ст., складаныя фартыфікацыйныя збудаванні канца 19 — пач. 20 ст.
Засн. ў 10 ст. З 12 ст. ўваходзіў у Галіцка-Валынскае княства, усх.-слав. назва Перамышль. З 1340 у складзе Польшчы. У 1389 горад атрымаў магдэбургскае права. Пацярпеў ад пажараў 1489, 1498, 1535. У 15—16 ст. развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) адышоў да Аўстрыі. Ажыўленню гасп. дзейнасці ў П. садзейнічала буд-ва чыгункі да Кракава (1860). З 1876 вялося буд-ва крэпасці, якую ў 1-ю сусв. вайну абложвалі рас.войскі (1914—15). У 1918—39 у складзе Польшчы, у 1939—41 падзелены ўздоўж р. Сан на сав. і ням. часткі. У 1941 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў час Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. З 1945 у Польшчы. У 1975—99 адм. цэнтр Пшамыскага ваяводства.
дамоўленасці паміж урадамі Расіі і Вялікабрытаніі аб узгодненай калан. палітыцы на Сярэднім Усходзе. Пагадненне 1872—73 заключана ў выніку абмену нотамі паміж рас. і брыт. урадамі (29.10.1872—31.1.1873). Устанавіла мяжу паміж залежным ад Вялікабрытаніі Афганістанам і падвасальным Расіі Бухарскім эміратам па рэках Пяндж і Памір. Так Вялікабрытанія атрымала сферу ўплыву на Пд ад гэтай мяжы, а Расія — на Пн. Пагадненне 1885 падпісана ў Лондане 10 верасня. Урэгулявала рус.-афг. канфлікт, выкліканы далучэннем да Расіі Туркменіі, вызначыла (у асн. паводле рас. патрабаванняў) лінію рас.-афг. мяжы (туркменскі участак) і склад брыт.-рас. камісіі для яе ўдакладнення і правядзення. Пагадненне 1907 падпісана ў Пецярбургу 31 жн. Расія і Вялікабрытанія прызналі тэр. недатыкальнасць Тыбета. Вялікабрытанія пагадзілася вывесці свае войскі са сталіцы Тыбета г.Лхаса і дазволіць наведванне яе рэліг. паломнікам з Расіі (буратам). Іран быў падзелены на зоны паліт.-эканам. ўплыву: рас. (паўн. і ч.цэнтр. раёнаў краіны з Тэгеранам), брытанскую (прылеглыя да брыт. Індыі і Афганістана вобласці) і нейтральную. Расія прызнала, што Афганістан знаходзіцца па-за сферай яе ўплыву, Вялікабрытанія абавязалася ўстрымацца ад анексій у Афганістане. Пагадненне 1907 было важным этапам у стварэнні Антанты.
Літ.:
Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 481-482.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РБСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ПАЧА́ТКУ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
нацыянальна-вызваленчыя нар. паўстанні сербаў у 1-й чвэрці 19 ст. супраць тур. прыгнёту. 1-е сербскае паўстанне 1804—13 пачалося ў лют. 1804 у Бялградскім пашалыку (губерні) пасля забойства янычарамі (студз. 1804) каля 70 найб. папулярных у народзе сербаў. Паўстанне ўзначаліў Карагеоргій. Паўстанцы атрымалі некалькі перамог і на пач. 1807 кантралявалі ўсю тэр. Сербіі. Значную дапамогу паўстанцам аказала Расія ў час.рус.-тур. вайны 1806—12. Па патрабаванні галоўнакаманд. Малдаўскай арміяй М.І.Кутузава ў Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 быў уключаны спец.арт. аб дазволе Сербіі мець унутр. самакіраванне. Выкарыстаўшы тое, што Расія вяла вайну з Францыяй, тры тур. арміі ў 1813 разграмілі паўстанцкае войска і аднавілі ўладу султана. 2-е сербскае паўстанне 1815 фактычна стала працягам першага. Яно пачалося ў крас. ў Бялградскім пашалыку. Кіраўніком паўстання быў абраны ваявода Мілаш Абрэнавіч, войскі якога атрымалі шэраг перамог над туркамі. Аднак колькасная перавага тур. войск прымусіла сербаў пайсці на перагаворы з Турцыяй, і пры дыпламат. падтрымцы Расіі было заключана перамір’е. Тур. ўрад прызнаў Мілаша вярх. кнезам (князем) Сербіі, рэгламентаваў памеры падаткаў сербскіх сялян тур. памешчыкам, а права збору падаткаў султану перадаў сербам. Паўстанне стварыла ўмовы для далейшай барацьбы сербаў за ўнутр. аўтаномію, якая завяршылася ў 1830-х г. стварэннем Сербскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1920, 1921,
узброеныя выступленні палякаў Верхняй Сілезіі (знаходзілася ў складзе Германіі) з мэтай далучэння рэгіёна да адноўленай польскай дзяржавы пасля 1-й сусв. вайны. Паўстанне 1919 пачалося стыхійна 17 жн. і адбывалася пераважна як лакальныя выступленні ў паўд.-ўсх. частцы Верхняй Сілезіі атрадаў падп.Польскай арганізацыі вайсковай. Не падтрыманае ўрадам Польшчы, ліквідавана герм. войскамі. Паўстанне 1920 адбылося 18—28 жн. ў сувязі з абвастрэннем у краі міжнац. адносін (антыпольск. акцыі немцаў). Паўстанцы патрабавалі ліквідацыі тут ням.узбр. арг-цый, стварэння «польскай грамадз. аховы» і інш. Яны авалодалі шэрагам паветаў. Пасля прыняцця Міжсаюзніцкай камісіяй дзяржаў, што перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, рашэння аб стварэнні змешанай паліцыі, палякі спынілі паўстанне. Паўстанне 1921 (пачалося 3 мая ноччу) было рэакцыяй на неспрыяльныя для мясц. палякаў вынікі плебісцыту 20.3.1921. У ходзе паўстання баставалі 190 тыс. рабочых, з іх 60 тыс. выступілі са зброяй. Паўстанцы авалодалі шэрагам паветаў, утварылі Вярх. ўладу, Выканаўчы к-т і Гал. камандаванне, да канца чэрв. супраціўляліся герм. войскам, што прыбылі сюды. Па патрабаванні Антанты ў сярэдзіне чэрв. — 5 ліп.ваен. сілы паўстанцаў і герм.войскі эвакуіраваны з рэгіёна. С.п. 1919, 1920, 1921 падштурхнулі Савет Лігі Нацый прыняць 12.10.1921 рашэнне аб перадачы Польшчы 29% усёй тэр. Верхняй Сілезіі з 46% насельніцтва.