ПЕТСА́МА-КІРКЕНЕ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск Карэльскага фронту (каманд. ген. арміі, з 26 кастр. Маршал Сав. Саюза К.​А.​Мерацкоў) і сіл Паўн. флоту (каманд. адм. А.​Р.​Галаўко) 7—29 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Пасля разгрому войск праціўніка на Карэльскім перашыйку і ў Паўд. Карэліі, выхаду з вайны Фінляндыі стварыліся ўмовы для вызвалення Сав. Запаляр’я, якое абаранялі часці ням. 19-га горнастралк. корпуса 20-й горнай арміі (ген.-палк. Л.​Рэндуліч). Сав. войскі перавышалі праціўніка па асабовым складзе ў 1,8, па артылерыі — 2,8, па танках — 2,5, па самалётах — у 6,3 раза. Гал. ўдар наносілі войскі 14-й агульнавайск. і 7-й паветр. армій; Паўн. флот выконваў задачы па высадцы марскіх дэсантаў у тыле праціўніка, парушэнні яго водных камунікацый і абароне сваіх водных шляхоў. Раніцай 7 кастр. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі 14-й арміі прарвалі тактычную зону абароны праціўніка на фронце да 20 км і глыбінёю да 16 км. Паспяхова дзейнічалі маракі і марскія дэсанты (з 10 па 25 кастр. высадзілі 6 марскіх тактычных дэсантаў). Ужо 15 кастр. войскі фронту вызвалілі г. Петсама (Печанга), 25 — г. Кіркенес (Нарвегія) і да 27 завяршылі наступленне ў Запаляр’і. У выніку П.-К.а. сав. войскі прасунуліся на глыбіню да 150 км. Праціўнік страціў каля 30 тыс. забітымі, 156 караблёў і суднаў, 125 самалётаў. За воінскую доблесць і гераізм 51 часці і злучэнню прысвоены ганаровыя найменні «Печангскіх» і «Кіркенескіх». Сярод удзельнікаў, што вызначыліся ў баях, былі беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л. нач. паходнага штаба каманд. Паўн. флотам М.Б.Паўловіч.

Літ.:

Румянцев Н.М. Разгром врага в Заполярье (1941—1944 гг.): Воен.-ист. очерк. М., 1963;

Козлов И.А., Шломин В.С. Краснознаменный Северный флот. 3 изд. М., 1983.

т. 12, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

завяршальная наступальная аперацыя Вял. Айч. вайны 1941—45. Праведзена 6—11.5.1945 сав. войскамі 1-га (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў), 4-га (каманд. ген. арміі А.І.Яроменка), 2-га (каманд. Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі (укр. франтоў па знішчэнні ням.-фаш. групоўкі на тэр. Чэхіі і Славакіі. У П.а. ўдзельнічалі 2-я армія Войска Польскага, 1-я і 2-я румынскія арміі і 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус. У выніку Берлінскай аперацыі 1945 сав. войскі ахапілі з Пн, ПнУ і Пд левы і правы флангі ням.-фаш. войск у Чэхаславакіі, дзе абараняліся групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф.​Шорнер) і ч. сіл групы армій «Аўстрыя» (каманд. ген.-палк. Л.​Рэндуліч). Рашэнне аб П.а. прынята ў ходзе бітвы за Берлін (планавалася на 7 мая). Неабходнасць падтрымаць Пражскае паўстанне 1945 паскорыла наступленне сав. войск. 6 мая войскі 1-га Укр. фронту выйшлі на рубеж Рудных гор, занялі г. Дрэздэн і ўступілі на тэр. Чэхаславакіі. 6-я танк. армія 2-га Укр. фронту пераадолела рубеж Рудных гор і з Пд прасоўвалася да Прагі. Войскі 4-га Укр. фронту наступалі з У і вызвалілі г. Оламаўц. Кульмінацыяй аперацыі стала 8 мая, калі быў разгромлены штаб групы армій «Цэнтр» і парушана кіраўніцтва ням. войскамі. У ноч на 9 мая 3-я і 4-я танк. арміі 1-га Укр. фронту зрабілі 80-кіламетровы кідок і ўвайшлі ў Прагу, куды ў той жа дзень падышлі часці 2-га і 4-га Укр. франтоў. 10—11 мая праціўнік спыніў супраціўленне; у палон здаліся 860 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 60 генералаў. 11 мая 1945 сав. войскі сустрэліся з часцямі 3-й амер. арміі.

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЁРЫ (франц. sapeur ад saper весці падкоп),

ваеннаслужачыя сапёрных (інж.-сапёрных) часцей і падраздзяленняў. Існуюць у арміях усіх дзяржаў. На Беларусі ўваходзяць у склад асобных інж.-сапёрных батальёнаў і інш. часцей і падраздзяленняў.

Атрады воінаў, якія вялі падкопы пад крапасныя сцены, рабілі завалы ў час абароны гарадоў і інш., вядомы з часоў старажытнасці. У час ваен. дзеянняў воіны ВКЛ таксама рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі праціўніка, напр., у 1535 пад Старадубам у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (1534—37), у 1581 пад Псковам у час Лівонскай вайны (1558—83) і інш. з мэтай іх разбурэння. З пач. 17 ст. ў Францыі, потым у інш. краінах, С. наз. рабочых і салдат, што рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі. У далейшым абавязкам С. стала выкананне ўсіх ваен.-інж. работ, звязаных з вядзеннем бою. З 1678 у Францыі, пазней у інш. дзяржавах (у Расіі з пач. 18 ст.) С. аб’яднаны ў спец. часці і падраздзяленні. У Расіі з 1829 піянерныя падраздзяленні (гл. Піянеры) перайменаваны ў сапёрныя (існавалі да сярэдзіны 19 ст.). У пач. 20 ст. часці і падраздзяленні С. уваходзілі ў склад інжынерных войск. У 1941—42 у складзе сав. войск дзейнічалі сапёрныя арміі (расфарміраваны ўвосень 1942, часці і злучэнні перададзены франтам), потым — інж., інжынерна-сапёрныя і інш. злучэнні і часці. У пасляваенны час на тэр. Беларусі С. праводзілі размініраванне, у т. л. суцэльнае, ахоўвалі і ўмацоўвалі масты, дамбы і інш. збудаванні ў час паводкі, удзельнічалі ў буд-ве метро і інш. У гонар С. у Мінску ў адным з мікрараёнаў наз. вуліца Сапёраў.

Літ.:

Цирлин А.Д. Советские инженерные войска. 2 изд. М., 1969;

Данилов А. Развитие военно-инженерного искусства // Армия. 2000. №6.

І.​А.​Шор.

т. 14, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЙКО́Ў Васіль Іванавіч (12.2.1900. г.п. Сярэбраныя Пруды Маскоўскай вобл. — 18.3.1982),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў ваен. акадэмію імя М.​В.​Фрунзе (1925, 1927). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну камандзір роты, палка, удзельнік баёў з войскамі А.​В.​Калчака на Урале і ў Сібіры, з польскімі інтэрвентамі — на Беларусі. За баі каля г. Лепель (1920) узнагароджаны 2-м ордэнам Чырв. Сцяга (1925). З 1927 ваен. саветнік у Кітаі, з 1929 на штабных і камандных пасадах у РСЧА. З ліп. 1938 каманд. Бабруйскай армейскай групай Бел. асобай ваен. акругі, потым 4-й арміяй, якая ў вер. 1939 удзельнічала ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. У савецка-фінляндскую вайну 1939—40 каманд. 9-й арміяй. У снеж. 1940 — сак. 1942 ваен. аташэ ў Кітаі. У Вял. Айч. вайну з мая 1942 каманд. 1-й рэзервовай (з ліп. 1942—64-я) арміяй, у вер. 1942 — крас. 1943—62-й арміяй, якая вытрымала ўвесь цяжар абарончых баёў за Сталінград (гл. таксама Сталінградская бітва 1942—43), а потым прымала ўдзел у разгроме сталінградскай групоўкі ням.-фаш. войск. З крас. 1943 каманд. 8-й гвардз. арміяй (пераўтворана з 62-й), якая ўдзельнічала ў вызваленні Данбаса (1943), бітве за Дняпро 1943, шэрагу інш. баявых аперацый (у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944) і ў штурме Берліна (крас.—май 1945). Пасля вайны нам. галоўнакаманд. (з 1945), галоўнакаманд. (з 1949) Групай сав. войск у Германіі, каманд. войскамі Кіеўскай ваен. акругі (з 1953), галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі і нам. міністра абароны СССР (1960—64). Пахаваны ў Валгаградзе на Мамаевым кургане.

Тв.:

От Сталинграда до Берлина. М., 1985.

М.​Г.​Нікіцін.

В.І.Чуйкоў.

т. 17, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНЯВА́Я ПАДРЫХТО́ЎКА,

1) састаўная частка палявой вывучкі войскаў; асн. прадмет баявой падрыхтоўкі мотастралк. і танк. падраздзяленняў. Мае на мэце навучыць ваеннаслужачага дасканала валодаць зброяй (узбраеннем), весці разведку цэляў, вызначаць адлегласць да іх, хутка і трапна паражаць іх першымі выстраламі (чэргамі), выкарыстоўваць усе спосабы вядзення агню з улікам метэаралагічных і балістычных умоў і інш. Праводзіцца на занятках па вывучэнні зброі, боепрыпасаў і правілаў стральбы, на трэніроўках, вучэбных і кантрольных стрэльбах і інш. 2) Перыяд агнявога паражэння праціўніка перад атакай. Праводзіцца сіламі артылерыі, ракетных войск і авіяцыі для прарыву рубяжа абароны, пры ўводзе ў бой другіх эшалонаў (рэзерваў), а таксама ў абароне пры нанясенні контрудараў. Спыняецца з пераходам наступаючых у атаку або змяняецца агнявой падтрымкай атакі.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЧУ́К Андрэй Якаўлевіч (н. 15.6.1915, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Рэчыцкі педтэхнікум (1932), артыл. школу ў Куйбышаве (1939), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947), Кіеўскі ун-т (1965). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: камандзір батарэі, дывізіёна, нач. артылерыі стралк. палка. Вызначыўся 15—17.10.1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Лоева Гомельскай вобл.: батарэя пад камандаваннем лейт. Варанчука фарсіравала раку, захапіла плацдарм, знішчыла 5 агнявых кропак, 2 танкі ворага, адбіла некалькі контратак праціўніка, што спрыяла паспяховаму наступленню сав. войск. Да 1960 у Сав. Арміі, да 1985 на выкладчыцкай рабоце.

А.Я.Варанчук.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁЗЫ (галанд. geuzen ад франц. gueux жабракі),

1) мянушка ўсіх праціўнікаў ісп. панавання ў Нідэрландах у час Нідэрл. рэвалюцыі 1566—1609. Напачатку гёзы (ад беднай вопраткі сельскіх дваран) называлі членаў Саюза дваран (створаны апазіц. нідэрл. знаццю ў 1563 з мэтай абароны «законнымі сродкамі» паліт. і рэліг. вольнасцей краіны), якія 5.4.1566 уручылі ў Бруселі сваю петыцыю ісп. намесніцы, потым мянушка пашырана і на нідэрл. партызан, якія на сушы (лясныя гёзы) і на моры (марскія гёзы) вялі ўзбр. барацьбу супраць ісп. войск і іх памагатых. Пасля заняцця марскімі гёзамі порта Брыл (1.4.1572) паўсталі Флісінген, Феер, Арнемёйдэн, Энкхёйзен і інш. гарады.

2) Мянушка прадстаўнікоў ліберальнай апазіцыі ў Бельгіі ў 19 ст.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЗЫ (Guise) дэ, французскі арыстакратычны род, адгалінаванне Латарынгскага герцагскага дома; у перыяд Рэлігійных войнаў 16 ст. ўзначальвалі католікаў. Заснавальнік роду — Клод (1496—1550), сын герцага Латарынгіі Рэнэ II, у 1506 натуралізаваўся ў Францыі, герцаг Гізы з 1528. Франсуа (1519—63), сын Клода, праславіўся абаронай Меца ад войск імператара Карла V (1552) і ўзяццем у англічан Кале (1558). Разам з братам Шарлем (1525—74), кардыналам Латарынгскім, фактычна кіраваў краінай пры Францыску II. Франсуа расправіўся з гугенотамі (1560), арганізаваў крывавую разню іх у Васі (1562). Генрых (1550—88), сын Франсуа, адзін з арганізатараў Варфаламееўскай ночы (1572), узначальваў Каталіцкую лігу 1576. Прэтэндаваў на каралеўскі трон. Забіты паводле загаду караля Генрыха III. З заканчэннем рэліг. войнаў род Гізаў заняпаў.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НТА Іван (?, с. Расошкі Чаркаскай вобл., Украіна — 1768),

адзін з кіраўнікоў Калііўшчыны — антыпольскага паўстання 1768 на Правабярэжнай Украіне. Быў казаком у надворным войску польскіх магнатаў Патоцкіх. З 1757 сотнік у г. Умань — цэнтры іх уладанняў. У час наступлення гайдамацкага войска на чале з М.​Залізняком на Умань у чэрв. 1768 Гонта разам з атрадам надворных казакоў перайшоў на бок паўстанцаў. Пад кіраўніцтвам Залізняка і Гонты гайдамакі ўзялі штурмам Умань; Гонта быў абвешчаны паўстанцамі уманскім палкоўнікам. У час сустрэчы з камандаваннем рас. войск, накіраваных на падтрымку польскага боку для ліквідацыі паўстання, арыштаваны і выдадзены польскім уладам. Пакараны смерцю паблізу г. Магілёў-Падольскі. Маст. вобраз Гонты створаны Т.​Р.​Шаўчэнкам у паэме «Гайдамакі».

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

сістэма навук. ведаў і практычная дзейнасць, якія маюць на мэце ўмацаванне здароўя асабістага складу войск, папярэджанне і лячэнне баявых ран і захворванняў. Тэарэт. асновай ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. навука — галіна ведаў, якая абапіраецца на навук. даныя агульнай медыцыны і ваен. навукі. У практычнай дзейнасці ваенная медыцына абапіраецца на сістэму і метады мед. забеспячэння ўзбр. сіл. Адным з асн. элементаў ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. адукацыя — сістэма фарміравання і ўдасканалення ваен.-мед. кадраў і планамернага папаўнення падрыхтаванымі для нясення ваен. службы ўрачамі, фельчарамі і г.д. Стан ваеннай медыцыны і канкрэтныя формы яе развіцця вызначаюцца эканам. ладам грамадства, арг-цыяй узбр. сіл і ўзроўнем развіцця мед. навукі.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)