ГРА́ДАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 26.6.1934, г. Чарапавец, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі арх.Ін-т (1958). З 1960 у ін-це «Мінскпраект». Работы ў Мінску: рэканструкцыя цэнтра горада (праект 1974, кіраўнік аўтарскага калектыву), праекты дэталёвай планіроўкі і забудовы Машэрава праспекта, рэканструкцыі і добраўпарадкавання Траецкага прадмесця, павільён Рэсп. выставачнага цэнтра, будынакМін-ва ўнутраных спраў (1979), станцыя метрапалітэна «Плошча Незалежнасці» (1984, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. Мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы «Хатынь» (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша», «Праклён фашызму»; помнікі М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976), у Мінску — Я.Купалу і Я.Коласу (абодва 1972; усе ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВОДАНАПО́РНЫЯ ВЕ́ЖЫ,
помнікі вытворчай архітэктуры; 2 вежы, пабудаваныя ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Гродне ў эклектычным стылі. Мураваныя 8-гранныя ў плане збудаванні (выш. 22 м) падзелены па вышыні на 6 частак. Кожная з іх мае звязаныя паміж сабой 4 адсекі (размешчаны інж. абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.
Фасады паўн. вежы, пабудаванай у 1910-я г., багата дэкарыраваны. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак знадворку на 4 ярусы. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць. Паўд. вежа, пабудаваная ў 19 ст., мае падобную структуру. Дэкор яе фасадаў больш стрыманы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ ЛІТАРА́ТАРАў Мінску,
творчы клуб пісьменнікаў Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. Ю.Грыгор’еў, В.Шубіна).
Асіметрычны складанай канфігурацыі плана будынак. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснавана на кантрасце глухіх паверхняў сцен (крывалінейныя ў плане), абліцаваных светлым туфам, з вузкімі верт. праёмамі, упрыгожанымі вітражамі (маст. У.Стальмашонак) Унутр. планіроўка дакладна размежавана на 2 функцыян. зоны: парадная ўключае на 1-м паверсе вестыбюльную групу памяшканняў, бар, холы, на 2-м — прасторнае фае, глядзельную залу на 336 месцаў, канферэнц-залу, кафэ, кулуары; дзелавая — рабочыя пакоі, кабінеты, б-ку, групу дапаможных памяшканняў. Шэраг асн. і службовых памяшканняў выходзіць ва ўнутр. дворык. У аздабленні інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, дрэва, чаканка (мастак Ю.Любімаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР,
помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.), у пач. 19 ст. перабудаваны пад Троіцкі касцёл. Першапачаткова храм быў 1-нефавы, прамавугольны ў плане, без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на гал. фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вял. прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен. Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане 1-нефавы будынак з квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціяй з Пн і вуглавымі контрфорсамі. Гал. фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал увахода аформлены рустыкай. Скляпенні капліц упрыгожаны размалёўкай (мастак П.Сергіевіч, 1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́МНІ ПАЛА́Цу Санкт-Пецярбургу,
помнік рас. архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1754—62 арх. В.В.Растрэлі ў стылі барока. У плане мае форму магутнага карэ з унутраным дваром; фасады выходзяць на Няву, Адміралцейства і Дварцовую плошчу. Будынак грандыёзных памераў (больш за 1000 пакояў) з фасадамі рознага вырашэння, з выступамі-рызалітамі, акцэнтаваннем ступеньчатых вуглоў, зменлівым рытмам калон стварае ўражанне пластычнай моцы і ўрачыстасці. Пышнае аздабленне фасадаў падкрэслівае параднае прызначэнне будынка. Інтэр’еры З.п. неаднаразова перабудоўваліся. Пасля пажару 1837 фасады і парадныя залы аднавіў арх. В.П.Стасаў, унутр. памяшканні — арх. А.П.Брулоў. Быў рэзідэнцыяй расійскіх імператараў. У 1922 перададзены Эрмітажу.
Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Бакавы фасад. Арх. В.Растрэлі. 1754—62.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІ САБО́Ру С.-Пецярбургу,
помнік архітэктуры рус. класіцызму. Пабудаваны ў 1801—11 арх. А.Н.Вараніхіным. Крыжова-купальны будынак. Прылеглая да бакавога фасада магутная паўкруглая каланада з 6-калонным порцікам утварае плошчу, якая ўваходзіць у склад ансамбляў Неўскага праспекта. Малая плошча перад гал. уваходам абнесена манум. чыгуннай рашоткай. Інтэр’ер вырашаны як калонная зала свецкага характару, аздоблены скульптурай (І.П.Мартас, І.П.Пракоф’еў, Ф.Ф.Шчадрын і інш.), размалёўкамі (У.Л.Баравікоўскі, А.Я.Ягораў). У саборы былі змешчаны трафеі рус. войск у Айч. вайне 1812. У 1813 тут пахаваны М.І.Кутузаў. У 1837 перад саборам пастаўлены помнікі яму і М.Б.Барклаю дэ Толі (скульпт. Б.І.Арлоўскі, арх. В.П.Стасаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІЯ БАІ́ 1942,
баі паміж партыз. атрадам «Спартак» (пазней партыз. брыгада) і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Казьяны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў вер. і ліст. 1942 у Вял.Айч. вайну. Партызаны, папярэджаныя мясц. жыхарамі пра карны атрад (600 чал.), які накіроўваўся ў гарнізон Казьяны для знішчэння іх атрада, падрыхтаваліся да бою. 15 вер. ў выніку раптоўнага нападу каля в. Баравыя партызаны прымусілі ворага адступіць, захапілі 30 веласіпедаў, шмат абмундзіравання; праследуючы карнікаў у гарнізоне Казьяны спалілі будынак паліцыі, раздалі насельніцтву 30 т нарабаванага акупантамі збожжа. У ноч на 4 ліст. ў выніку 8-гадзіннага бою партызаны знішчылі шмат гітлераўцаў, накіраваных сюды для аднаўлення казьянскага гарнізона, захапілі зброю і боепрыпасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛЬ (Уладзімір Адамавіч) (14.12.1912, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 26.5.1980),
бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1962). Нар. архітэктар СССР (1970). Правадз.чл.АМСССР (1979). Скончыў Усерас.АМ у Ленінградзе (1941). У 1955—79 старшыня Дзярж.к-таБССР па справах буд-ва, адначасова з 1959 выкладаў у БПІ. Сярод работ у Мінску: праекты планіроўкі і забудовы праспекта Скарыны (б. Ленінскі праспект) і Кастрычніцкай пл. (б. Цэнтральная; у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), будынакГал. тэлеграфа, Мінскі галоўны паштамт (абодва ў сааўт.), манумент Перамогі і інш. Адзін з аўтараў мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
Тв.:
Архитектурный облик будущего Минска. Мн., 1953;
Минск: Послевоенный опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ЛЯЎКІ́» Засн. 11.10.1978 у Аршанскім р-не Віцебскай вобл. з цэнтрам ва ўрочышчы Ляўкі. Агульная пл 19 га, пл. пабудоў 493 м². Тут на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.Купала. На тэр. запаведніка будынакб. канторы Копыскага лясніцтва, у якім размешчаны Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», дача Я.Купалы (адноўлена ў 1981), паркавая скульптура «Восень паэта» (скульптар А.Анікейчык), домік шафёра, гараж з легкавым аўтамабілем Я.Купалы, гасп. пабудовы, зона масавых гулянняў. З 1980 тут праводзяцца святы паэзіі, злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),
расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.Скарыны Нац.АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел.с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.