ЯНПО́ЛЬСКІ Борух Залманавіч (10.4.1898, г. Глухаў, Украіна —5.12.1975),
бел.акцёр. Засл. арт. Беларусі (1946). Скончыў студыю пры Дзярж.яўр. т-ры Беларусі (1931) і працаваў у гэтым т-ры. У 1936—58 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. У 1960—67 рэжысёр Белдзяржфілармоніі. Выканаўца камед. і характарных роляў. Майстар эпізоду. Створаныя ім вобразы вылучаліся выразнай формай, яркімі сцэн. дэталямі ў раскрыцці характару: Батура («Партызаны» К.Крапівы), Нічыпар («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маёр («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Ігнат Буйніцкі («Шчасце паэта» В.Віткі), Аптэкар («Рамэо. і Джульета» У.Шэкспіра), маркіз Рыкарда («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Лефлеш («Скупы» Мальера), Харытонаў («Рускія людзі» К.Сіманава), Ракала («За тых, хто ў моры!» Б.Лаўранёва) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́РВЕТ (Jarvet) Юры Яўгенавіч (18.6.1919, Талін —5.7.1995),
эстонскі акцёр. Засл. арт. Эстоніі (1964). Нар.арт.СССР (1975). Вучыўся ў Эст.тэатр. ін-це (1945—49). На сцэне з 1941. З 1952 (з перапынкам) працаваў у Эст.драм. т-ры (Талін), у 1965—67 у Эстонскім маладзёжным т-ры. Майстар пераўвасаблення, тонка і дакладна акрэсленыя ім вобразы прасякнуты філас. глыбінёй, чалавечнасцю. Сярод роляў: Вайцінскі («Чалавек і бог» паводле А.Тамсаарэ), Бальзамінаў («Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага), Папрышчын (монаспектакль «Запіскі вар’ята» паводле М.Гогаля), Клаўдзій («Гамлет» У.Шэкспіра) і інш. З 1955 здымаўся ў кіно: «Новы Нячысты з Пекла», «Мёртвы сезон», «Кароль Лір», «Салярыс», «Берагі» (тэлефільм), «Шукальнік прыгод», «Час вашага жыцця» і інш.Дзярж. прэмія СССР 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НДА (Brando) Марлан (н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),
амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.Копалай, Б.Берталучы, А.Пенам, Дж.Х’юстанам, Э.Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ Эдуард Мікалаевіч (н. 19.10.1936, Мінск),
бел.акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958), працаваў у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл.драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад.драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.Ібсена).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЛО́БУС»
(Globe),
тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУР’Я́Н Барыс Іванавіч (н. 7.1.1924, Масква),
бел. тэатральны крытык і празаік. З 1940 акцёр у т-рах Расіі. З 1946 працаваў у БелТА, час. «Неман», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1946. Аўтар нарысаў пра акцёраў А.Кістава і А.Клімаву, тэатр. калектывы, артыкулаў і эсэ, перакладаў з рус. мовы, п’ес для т-ра, радыё і тэлебачання, сцэнарыяў дакумент. кінанарысаў пра Г.Глебава, П.Малчанава, Р.Янкоўскага, Бел. акадэмічны т-р імя Я.Коласа. Выступае з тэатр. рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі пра т-р у перыяд. друку.
Тв.:
У синей бухты;
Вальс Грибоедова;
Твоя повесть: [Повести]. Мн., 1966;
На театральных перекрестках. Мн., 1967 (разам з І.Ліснеўскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУШ (Busch) Эрнст (22.1.1900, г. Кіль, Германія — 18.6.1980),
нямецкі спявак (барытон) і драм.акцёр. Чл. Нямецкай АМ. З 1921 працаваў у розных т-рах Германіі, выконваў сатырычныя паліт. і рэв. песні ў «чырвоных кабарэ» і рабочых клубах. Стварыў уласны выканальніцкі стыль, адзначаны рэв. пафасам, аратарскай выразнасцю. У садружнасці з паэтамі Б.Брэхтам і Э.Вайнертам, кампазітарамі Г.Эйслерам і К.Вейлем стварыў шэраг папулярных песень. Антыфашыст, у 1933 эмігрыраваў з Германіі. З 1945 адзін з вядучых акцёраў «Нямецкага тэатра», у 1950—60 — т-ра «Берлінер ансамбль». Уклад у муз. мастацтва — анталогія грампласцінак Буша «Песенная хроніка XX ст.». Нац. прэмія ГДР 1949, 1956, 1970, 1979.
Літ.:
Шнеерсон Г.М. Эрнст Буш и его время. М., 1971;
Hoffmann L., Siebig K.E. Busch: Eine Biogr. in Texten, Bildern und Dokumente. Berlin, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЧУ́К Сяргей Фёдаравіч (25.9.1920, с. Белазёрка Херсонскай вобл., Украіна — 20.10.1994),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1952). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1948). Яго акцёрскае майстэрства спалучала цэльнасць і выразнасць з тонкай псіхал. прапрацоўкай вобраза, мяккасцю артыстычнай манеры: Тарас Шаўчэнка (аднайм. фільм, Дзярж. прэмія СССР 1952), доктар Дымаў («Скакуха»), Атэла (аднайм. фільм), Карасцялёў («Сярожа») і інш. Як рэжысёр Бандарчук вызначаўся выразнасцю і дакладнасцю канцэпцыі, зладжаным акцёрскім ансамблем. Майстар масавых сцэн. Сярод фільмаў: «Лёс чалавека» (1959, Ленінская прэмія 1960 за рэжысуру і выкананне ролі Андрэя Сакалова), «Вайна і мір» (4 серыі, 1966—67, «Оскар» 1969, роля П’ера Бязухава), «Ватэрлоо» (1970, сав.-італьян.), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1977, роля Звягінцава), «Чырвоныя званы» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), тэлевіз. фільм «Ціхі Дон» (10 серый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎБЕК (Holoubek) Густаў (н. 21.4.1923, г. Кракаў, Польшча),
польскі акцёр і рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы (Варшава). Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве. З 1947 у т-рах Кракава і Катавіц, з 1957 у розных т-рах Варшавы (у т. л. ў 1969—87 у Т-ры Драматычным, у 1972—82 адначасова дырэктар). Акцёрскае мастацтва Галоўбека вызначаецца высокай інтэлектуальнасцю, строгасцю ў падборы выразных сродкаў разам з глыбокай унутр. засяроджанасцю. Сярод лепшых роляў: Эдып («Эдып» Сафокла), Конрад («Дзяды» А.Міцкевіча), Скрыпач («Разня» С.Мрожака), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Яго лепшая рэжысёрская работа — «Гамлет» Шэкспіра (выканаў таксама гал. ролю). З 1953 здымаецца ў кіно («Пятля», «Супольны пакой», «Санаторый пад Клепсідрай» і інш.). У 1972—81 узначальваў Т-ва польскіх акцёраў т-ра і кіно. Дзярж. прэміі Польшчы 1966, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ГІН Аляксандр Аляксандравіч (н. 25.5.1942, г. Малмыж Кіраўскай вобл., Расія),
расійскі акцёр і рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1983). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1965). На сцэне з 1965, з 1971 у МХАТ. Заснавальнік і кіраўнік драм.т-ра «Et cetera» (з 1993).
Творчасці ўласцівы шырокі артыстычны дыяпазон — ад стрыманага драматызму да феерычнага гумару, ад камедыйнасці да тонкага псіхалагічнага аналізу і спавядальнай адкрытасці. Сярод тэатр. роляў: Ленін («Так пераможам!» М.Шатрова, 1981), Аргон («Тарцюф» Мальера, 1981), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога, 1982), Сіман («Тамада» А.Галіна, 1986) і інш. Здымаецца ў кіно («Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974; «Добры дзень, я ваша цёця!», 1975; «Раба кахання», 1976; «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», 1977; «Допыт», 1979; «Іван, ты абраж», 1992; «Прахіндзіяда», 1994, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1981, 1983.