зру́чна,

1. Прысл. да зручны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Практычна, выгадна. Феафіл праводзіў большасць дня ў хаце, і Краўчанку было зручна мець такога чалавека каля сябе. Мікуліч.

3. безас. у знач. вык. Падыходзіць, ёсць спрыяльныя ўмовы для чаго‑н. На самай жа справе, калі зручна было прапусціць заняткі ці пайсці са, сходу або адкласці выпуск насценгазеты, я рабіў гэта. Дуброўскі.

4. безас. у знач. вык. (звычайна з адмоўем). Зусім прыстойна, дазволена этыкай. — Даруй, што доўга не пісала... Сёмка ездзіў у дарогу. Волька занятая, да Зосі ісці не зручна. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бялі́ць, бялю, беліш, баліць; незак., што.

1. Рабіць белым, пакрываючы што‑н. вапнай, мелам і пад. Бяліць столь. // Засыпаць, пакрываць што‑н. (снегам, туманам). Мусіць, каб не снег, навокал была б густая чарната, але снег адганяў цемру, бяліў усё. Мележ. На Нарач кладуцца сівыя туманы І беляць чупрыны курчавыя соснаў. Хведаровіч.

2. Дасягаць белізны чаго‑н. шляхам спецыяльнай апрацоўкі. Бяліць кужаль. □ Палотны беляць на росах чыстых І ясным сонцам абаграваюць, Пад песні ціхія урачыста Дзяўчаты шоўкам іх вышываюць. Панчанка.

3. Знімаць шкуру з забітай жывёліны, кару са ствала дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заціх, ‑ла; зак.

1. Перастаць ствараць якія‑н. гукі (гаварыць, смяяцца, крычаць і пад.); змоўкнуць. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. Брыль. Уздрыгнула і памалу пачала расхінацца заслона, са сцэны павеяла халадком, зала заціхла. Карпаў. // Перастаць чуцца, раздавацца. І змоўкла радыё, ні гуку, І голас дыктара заціх. Колас. Заціх апошні водгалас грымотнага раскату. Лынькоў.

2. перан. Аслабіць або спыніць сваю дзейнасць. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны. Вёска прытаілася, заціхла, як і ў першыя дні акупацыі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згра́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.

2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарэ́чы, прысл.

1. К месцу, якраз у патрэбны час. — Вось якраз дарэчы, — сустрэў Барысаў Батаніна. — Прыйдзецца вам, Павел Андрэевіч, сказаць прамову. Дудо. Барабан бесперапыннага дзеяння быў вельмі дарэчы. У ім можна было апрацоўваць вялікія дэталі. Карпаў.

2. у знач. пабочн. (часта ў спалучэнні са словамі «кажучы», «сказаць»). Ужываецца для абазначэння таго, што даная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Дарэчы, у хаце ў Ганны, калі ні прыйдзі — чыста, нібы яна вечна, з гадзіны на гадзіну, чакае важнага госця. Дуброўскі. Дарэчы кажучы, той Янка быў ўдалы, Не меў прывычкі доўга разважаць. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіва́цтва, ‑а, н.

1. Незвычайнасць у схільнасцях, звычках, паводзінах. — Ха-ха! Дзіўна! І не пратэставаць і не маўчаць! Ха-ха. Вось гэта і ёсць дзівацтва. Галавач. [А. Гурло] быў чалавек надзвычай сціплы, і гэта сціпласць даходзіла часам да дзівацтва. Хведаровіч.

2. Дзівацкі ўчынак, жаданне; капрыз. Раман Дзянісавіч расказваў пра навіны на трактарным заводзе, куды ён перайшоў гады два назад са станкабудаўнічага. Пераход гэты Марынка лічыла проста дзівацтвам: станкабудаўнічы завод быў амаль побач, бацька працаваў на ім майстрам-слесарам. Хадкевіч. Невялічкую падробку пад Пушкіна я заўважаў і раней, але глядзеў на яе, як на маладое дзівацтва. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

енк, ‑у, м.

1. Жаласны стогн, выкліканы болем або вялікім горам; крык пакуты, адчаю. Дзіўна.. было чуць, калі замест вясёлых дзіцячых галасоў і смеху са школы даносіўся немы енк, галашэнне жанок. Няхай. Рыва, як падсечаная, апусцілася на зэдлік.., і доўгі працяглы енк вырваўся з яе грудзей. Лынькоў. // Гук, падобны да стогну. І міны енк, і бомбы дзікі свіст, І па Радзіме сум прайшлі даўно. Астрэйка.

2. перан. Горкая жальба, нараканне. — Гэтак жа, мусіць, цяпер жывуць і паміраюць там, адкуль даносяцца аж сюды енк і плач гаротнага народа... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міры́цца, міруся, мірышся, мірыцца; незак.

1. з кім і без дап. Спыняць сварку, пачынаць жыць у згодзе. [Сімон:] — Вось і добра, што прыйшлі мірыцца. Пасварыліся і памірыліся. Самуйлёнак.

2. з чым. Цярпіма адносіцца да чаго‑н.; прымірацца з чым‑н. Колас, як і Купала, стварае ў паэзіі вобраз селяніна, які не хоча, не можа далей мірыцца са сваім рабскім становішчам. Навуменка. Дасталося пазней і Алесю за тое, што не быў настойлівым, мірыўся з недахопамі, не абапіраўся на калектыў. Шыцік. Ціхон Ціхонавіч не ўмеў крыўдзіцца і мірыўся з усім, што тварылася дома. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Цярпець мукі; пакутаваць. — Страляй!.. Страляй!.. Толькі разам з дзеткамі, каб не мучыліся ў лапах вашых!.. — не ўнімалася Марыля. Нікановіч. [Сабіна:] — Гэта ж праз вас я мучуся, жывучы з нялюбым, праз вас не ведаю шчасця... Сачанка. // чым. Пакутаваць ад якой‑н. хваробы, болю. Мучыцца жыватом. // чым. Вельмі непакоіцца, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. Мучыцца ж бедны думкай штодзённай, Каб голад са свету не звёў. Купала.

2. Разм. Рабіць што‑н. з вялікім намаганнем, без асаблівага поспеху. Дзве гадзіны мучыліся.. [хлопцы] і знялі [з барсука] не скуру, а нейкія лахманы. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Такі, на якога можна спадзявацца. Надзейная варта. Надзейны памочнік. Надзейны саюзнік. □ [Жан:] — Надзейным людзям даручана здабываць друкарскае абсталяванне. Новікаў. Надзейнаю зменай мы станем у строй Пад ленінскі сцяг наш барвовы. Гілевіч. // Трывалы, моцны. Надзейныя рыштаванні. □ Шнур быў доўгі, метраў са сто, і надзейны, у тры шпагаціны. Брыль. // Які забяспечвае дасягненне мэты, пэўны. Надзейны сродак. □ [Дырэктар:] — [Лясы] былі надзейным прытулкам для.. [партызан] і непераадольнай перашкодай для ворага. В. Вольскі. [Клямт] стаў шукаць больш надзейнага месца. Мележ. // перан. Які забяспечвае поспех. Сяргею здалося, што ён знайшоў надзейны ключ да сэрца старой. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)