усталява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
1. Паставіўшы, змясціўшы куды‑н., устанавіць належным чынам. Хлопец у цяльняшцы звалок да металічнага чоўна пераносны матор, усталяваў яго і, ні пра што не пытаючыся, торгаў за ланцужок бітых дзесяць хвілін, намагаючыся завесці сваю «канструкцыю». Караткевіч. І толькі зрэдку, трапляючы па справах у гэты дом, у якім калгаснікі ўсталявалі ваўначоску, той-сёй возьме бывала ды і прыгадае Ігната. М. Ткачоў.
2. Зрабіць моцным, устойлівым, надзейным існаванне чаго‑н. Усталяваць уладу. Усталяваць мір на ўсёй зямлі. // Прывесці ў пэўны парадак, наладзіць. Усталяваць жыццё.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ухвалі́ць, ухвалю, ухваліш, ухваліць; зак., што.
1. Даць станоўчую ацэнку чаму‑н. Ухваліць задуму. Ухваліць ініцыятыву. □ Леанід непакоіўся, што таварышы могуць не ўхваліць яго ўчынак, і падрыхтаваўся абараняцца. Шахавец. У .. [Кастуся] ўжо даўно была свая запаветная мара — паступіць у Нясвіжскую семінарыю. .. Навука яму давалася лёгка, і страшыла толькі тое, ці ўхваліць гэты намер бацька... С. Александровіч.
2. Афіцыйна адобрыць, прыняць, зацвердзіць. Ухваліць план развіцця гаспадаркі. □ Райком партыі ўхваліў пастанову партсхода. Дуброўскі. // Разм. Прыняць афіцыйнае рашэнне, пастанавіць. На камсамольскім сходзе стаяла адно пытанне: дапамога калгасу ва ўборцы ўраджаю. Ухвалілі: кожны камсамолец працуе ў калгасе два дні. Сташэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
1. Выказаць чым‑н. пашану, павагу каму‑, чаму‑н. Мы ж памяць героя ўшануем І справай, і песняй, сябры, І помнік яму пабудуем З гранітнай уральскай гары. Куляшоў. Малашкін заклікаў усіх устаць і ўшанаваць мінутным маўчаннем верных савецкіх людзей, што загінулі ад рукі ворага. Пестрак.
2. Урачыста павіншаваць каго‑н. у сувязі з чым‑н. [Язва:] Сёння .. [Жлукта] будзе ўшанаваны як мае быць. Крапіва.
3. Удастоіць сваёй прысутнасцю. [Стрыбульскі:] Святы божа! Ці бачыш ты, якія госці ўшанавалі наш куток!.. Мележ. Мядзведзь падлізу Ліса ўшанаваў, — Згадзіўся да яго прыйсці на імяніны. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уяві́цца, уявіцца; зак., каму.
Узнікнуць, з’явіцца ва ўяўленні. Дзеці засмяяліся. Ім уявілася, як конь будзе есці траву ў цуглях. Васілевіч. Яму [студэнту Івану] уявілася, як праз год ці два яго прыбор, удасканалены ім самім або кім-небудзь іншым, будзе ўжо ў заводскім цэху. Шахавец. Гарачуну на нейкі міг уявілася, што паравоз адарваўся ад рэек і павіс у паветры... Васілёнак. // і безас. Здацца, паказацца. Не спаў [Якаў], здаецца, а ўявілася, нібы стаіць ён з мяшком пад пахай каля панскага свірна, чакае, можа пані ўбачыць з пакояў ды пашле пакаёўку загадаць усыпаць яму, беднаму чалавеку, пуд-другі мукі. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фу, выкл.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння кароткага гуку, які ўтвараецца пры тушэнні, ахаладжэнні чаго‑н.
2. Разм. Ужываецца для выражэння дакору, прыкрасці, пагарды і пад. — Лідка?.. Фу, чорт! — Хлопец ссунуў капялюш на патыліцу і павярнуўся да суседкі: — У Лідкі ж заўтра вяселле! Ракітны.
3. Ужываецца для выражэння стомленасці або палёгкі, задавальнення. — Фу, ваўкарэзіна. Намучыўся я з ёй [каровай]! — выгукнуў бацька, калі ўвайшлі ў Востраў. Ставер.
•••
Фу ты — ужываецца для выражэння здзіўлення, раздражнення (часам з іранічным адценнем). Фу ты, нічагусенькі не відно, каб мядзведзь пад нагамі ляжаў, дык бы і на яго ўспёрся. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаўру́снік, ‑а, м.
Разм. Саўдзельнік у якой‑н. справе; кампаньён. Гэта быў чалавек вельмі вынослівы, спрытны і храбры, што называецца сарві-галава, весялун, добры хаўруснік і забіяка. Алешка. Але калі Алесь пачаў.. вучыць дзяцей розным, прывезеным з горада, гульням, яны пазналі ў ім добрага хаўрусніка і зрабіліся самымі блізкімі яго сябрамі. Галавач. // Разм. Саўдзельнік якога‑н. злачынства, якіх‑н. несумленных спраў. [Жарыкаў:] — Бясспрэчна, што ў Бандыся былі хаўруснікі. Не мог жа ён адзін вынесці ўсё на калёсы. Асіпенка. Стась жа прыходзіў на бераг кожны раз п’яны. Значыць, меў і хаўрусніка, каму збываў калгаснае дабро!.. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаўту́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які мае адносіны да хаўтур, звязаны з хаўтурамі. Хаўтурны абрад. □ Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звону. Караткевіч. Санька — яго таксама ўзялі з сабою — смяяўся і радаваўся, забыўшыся, што гэтая рыба пойдзе на хаўтурны стол. Савіцкі.
2. перан. Сумны, тужлівы. Цяпер наўкола ляжала нядобрая, хаўтурная ціш — нават не шапацела, стаілася ў перадвячэрнім спакоі парадзелая, з жаўцізною лістота старэчых камлістых вязаў. Быкаў. Усюды панаваў хаўтурны настрой: гаварылі ціха, хадзілі асцярожна, быццам недзе блізка ў хаце быў нябожчык. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
худасо́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Схуднелы, змарнелы. Касцёл сябры мінулі І ў сквер зялёны павярнулі.. І люду мноства тут хадзіла, Найболей моладзь гарадская, Ды худасочная, благая. Колас.
2. Слабы, кволы (аб раслінах). Худасочнае дрэўца. // Бедны, спустошаны (пра глебу). Такое [жыта] ніколі не вырасце на худасочных мінеральных глебах. Паслядовіч.
3. перан. Прымітыўны, слабы, нежыццёвы. Купалаўская канцэпцыя чалавека ў паэме «Яна і я» куды багацейшая за ўсе худасочныя схемы. Бярозкін. Хемінгуэй бачыў у Талстым узор.., якому арганічна варожыя фальш, танныя сантыменты, самаздаволенасць, пустая ганарыстасць, падмена жывога жыцця худасочным тэарэтызаваннем наконт яго. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́рпкі, ‑ая, ‑ае.
Кіславата-даўкі. Церпкія ягады. Церпкае віно. □ Квас летні, церпкі, падкіслены падгарэлымі хлебнымі скарынкамі, а конаўка медная. Навуменка. Неяк адразу пацяжэлі ад церпкага крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. — Прысядзь і выпі кубак, брат! Мо’ церпкай здасца гэта брага. Я сам садзіў свой вінаград, Я знаю вартасць спелых ягад. Танк. / Пра пах. Налібока, Налібока... Мімаволі шырыш вока: Цёмна ў засені прытоенай, Церпкім водарам настоенай. Кірэенка. Коля сышоў са сцежкі, наламаў вялізны букет, прыпаў да яго тварам і на поўныя грудзі ўдыхаў церпкі водар. Жычка. Церпкі водар імху казытаў у носе. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Глядзець на каго‑, што‑н. з пэўнай мэтай; сачыць за кім‑, чым‑н. Раздражняе Тарэнту пудзіла, бо заўжды здаецца яму, што нехта жывы стаіць там, сярод канапель, і цікуе за яго дваром. Галавач. Усе прывыклі цікаваць тут за бусламі: то як сядзяць, то як ляцяць. Кулакоўскі. Надумаў я падпільнаваць [хто забірае вуды]. Увечары крадком у лазняках завёў і цікую. Савіцкі. // каго-што і з дадан. сказам. Выглядаць, падпільноўваць каго‑, што‑н. [Пастушкі] пачалі з-за кустоў цікаваць, што чалавек будзе рабіць далей. Крапіва. Удвух з бацькам, закапаўшыся ў стог сена, яны цікавалі зайцоў. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)