ВАЛО́ВІЧ (Міхаіл Казіміравіч) (18.6.1806, маёнтак Парэчча, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 2.8.1833),
бел. рэвалюцыянер, сацыяліст-утапіст. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. У час вучобы ў Віленскім ун-це (1822—25) быў блізкі да тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Удзельнік паўстання 1830—31 у атрадзе ген. А.Гелгуда. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю. Уваходзіў у эмігранцкія паліт. арг-цыі Нац. польск. к-т, Т-валіт. і рус. зямель, Польскае дэмакр.т-ва; з 1833 у тайнай арг-цыі карбанарыяў. Выступаў за адмену прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калект. ўласнасць, за абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакр. рэспублікамі, звязанымі федэратыўнымі адносінамі з Польшчай. Сродкам дасягнення дэмакр. і справядлівага грамадскага ладу лічыў сац. рэвалюцыю агульнаеўрап. маштабу. Удзельнічаў у Заліўскага экспедыцыі 1833. У сак. 1833 у якасці паўстанцкага нач. Слонімскага і Навагрудскага пав. прыбыў на Беларусь. Стварыў у наваколлі Слоніма партыз. атрад з сялян, але шырокай падтрымкі насельніцтва не атрымаў. У маі 1833 атрад разбіты, Валовіч арыштаваны. Паводле прыгавору ваенна-палявога суда павешаны ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́КНЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
валокны, якія фармуюць з раствораў ці расплаваў палімераў. Падзяляюцца на сінт. (з сінт. палімераў, напр., поліамідныя валокны, поліэфірныя валокны, поліакрыланітрыльныя валокны) і штучныя (з прыродных палімераў, пераважна з цэлюлозы і яе эфіраў — ацэтатнае валакно, віскознае валакно, медна-аміячныя валокны).
Выпускаюць у выглядзе монаніткі, штапельнага валакна ці пучка з многіх тонкіх і доўгіх валокнаў, злучаных пры дапамозе кручэння. Вытворчы працэс складаецца з 3 стадый: падрыхтоўка прадзільных расплаваў ці раствораў; фармаванне — працісканне расплаву (раствору) праз тонкія адтуліны фільеры ў асяроддзе, якое выклікае зацвердзяванне валокнаў у халодным ці гарачым паветры («сухі» спосаб) ці спец. растворы («мокры» спосаб) з далейшым арыентацыйным выцягваннем у 3—10 разоў і тэрмафіксацыяй для павышэння трываласці; апрацоўка валокнаў рознымі тэкстыльна-дапаможнымі рэчывамі.
Выкарыстоўваюць для вытв-сці тканін рознага прызначэння, штучнага футра, дывановых і панчошна-шкарпэткавых вырабаў, рыбалоўных сетак. У Беларусі штучныя валокны вырабляюць на Магілёўскім і Светлагорскім ВА «Хімвалакно», сінтэтычныя — на Наваполацкім ВА «Палімір» і Гродзенскім ВА «Хімвалакно».
Літ.:
Папков С.П. Теоретические основы производства химических волокон. М., 1990;
Цебренко М.В. Ультратонкие синтетические волокна. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ ПАВЯТО́ВАЯ РА́ДА СЯЛЯ́НСКІХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ, Ваўкавыскі павятовы Савет сялянскіх і рабочых дэпутатаў,
орган улады ў канцы 1918 — пач. 1919 у Ваўкавыскім пав. Рашэнне пра яе ўтварэнне прынята на Бел.сял. з’ездзе ў Гродне 15—16.12.1918. 1-ы з’езд рады (27—29.12.1918) выбраў выканком рад сял. і рабочых дэпутатаў. 2-і з’езд (5—7.1.1919) стварыў пав. выканком (15 прадстаўнікоў ад сялян і 3 прадстаўнікі яўр. рабочай партыі, старшыня Ф.Данілюк). Выканком абвясціў стварэнне гар. і пав. міліцыі, валасных судоў. Пры выканкоме створаны камісіі (с.-г., зямельная, фінансавая, нар. здароўя, культ.-асв., барацьбы са спекуляцыяй), аддзелы (харч., дапамогі ваеннапалонным і бежанцам), упраўленні (лясоў і інш.). Зямля і лясы прызнаваліся нац. уласнасцю. Канчатковае вырашэнне зямельнага пытання належала «краёваму або дзяржаўнаму ўстаноўчаму сходу». Рада выказалася за адкрыццё ў вёсках нар. школ з бясплатным пач. навучаннем, грамадскіх аптэк і лекарскіх участкаў. Падтрымлівала цесную сувязь з Радаю нар. міністраў БНР. Спыніла дзейнасць пасля акупацыі павета польскімі войскамі.
балгарскі пісьменнік. Вучыўся ў Сафійскім ун-це (1939—41). Друкаваўся з 1932. У першым зб. апавяданняў «Вуліца без бруку» (1938) адлюстраваў побыт і духоўнае аблічча горада. Майстэрства псіхал. аналізу выявілася ў зб. апавяданняў «Дні і вечары» (1942). Аўтар антыфаш. аповесцяў і апавяданняў (зб. «Другая рота», 1949), рамана пра сац. пераўтварэнні ў краіне «Сухая раўніна» (1952). Пачынальнік дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру ў балг. л-ры (раман «Сляды застаюцца», 1954, бел.пер. 1960). У зб-ках апавяданняў «Хлопчык са скрыпкай» (1963), «Пах міндалю» (1966), аповесцях «Бар’ер» (1976), «Вымярэнні» (1979), раманах «Ноччу на белых конях» (1975), «Шалі» (1982) — маральна-філас. праблематыка, абвостраная цікавасць да чалавечай псіхікі. На бел. мову яго творы перакладалі У.Анісковіч, Н.Гілевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НАЎ (Аляксей Гаўрылавіч) (18.2.1780, Масква — 16.12.1847),
рускі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў быт. жанру ў рус. жывапісе. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1811). Вучыўся ў У.Баравікоўскага. У ранні перыяд пісаў інтымныя лірычныя партрэты А.І.Бібікава, М.А.Фанвізіна, часам блізкія да рамантызму. У 1807 падрыхтаваў 4 афорты («Вяльможа» і інш.) для «Часопіса карыкатур на 1806 год у тварах» — першага ў Расіі ілюстраванага гумарыстычнага лістка. З 1819 жыў у в. Сафонкава Цвярской губ., дзе пісаў партрэты сялян і сцэны з іх жыцця («Ачыстка буракоў», пастэль, 1822; «Гумно», каля 1821—23, «Пастух, які спіць», 1823—24; «На раллі. Вясна», «На жніве. Лета», абедзве 1820-я г., «Галава старога селяніна», 1825). У сваіх творах ствараў ідэалізаваныя паэт. вобразы сял. жыцця, звязаныя з прыгажосцю рус. прыроды. У канцы 1820-х г. заснаваў прыватную маст. школу, у якой вучыліся і працавалі жывапісцы М.Крылоў, А.Тыранаў, Я.Крандоўскі, Л.Плахаў, А.Аляксееў, А.Дзянісаў, С.Заранка, Р.Сарока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАСНЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1923у Балгарыі,
узброенае паўстанне левых сіл супраць ваен. дыктатуры 23—29.9.1923. Стыхійныя антыдыктатарскія ўзбр. выступленні камуністаў і «земляробаў» (членаў партыі Балг. земляробскі нар. саюз; БЗНС) пасля звяржэння ваеннымі левага ўрада А.Стамбалійскага (пераварот 9.6.1923) пацярпелі няўдачу. ЦКБалг.камуніст. партыі 6.8.1923 прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзбр. паўстання. Пазней заключана пагадненне аб адзінстве дзеянняў з БЗНС, створаны Галоўны ваен.-рэв.к-т на чале з Г.Дзімітровым, В.Каларавым і Г.Генавым, план якога прадугледжваў адначасовае паўстанне ў розных акругах і хуткае пашырэнне па ўсёй Балгарыі. Выступленне паскорылі распачатыя ўладамі рэпрэсіі (арышт каля 2 тыс. камуністаў, увядзенне ў краіне ваен. становішча). Найб. паспяхова дзейнічалі паўстанцы (каля 43 тыс.чал.) у паўн.-зах.ч. Балгарыі (занялі 8 гарадоў і 440 сёл). Паўстанне задушана ўрадавымі войскамі з выкарыстаннем артылерыі і кулямётаў; каля 20 тыс. паўстанцаў забіты і пакалечаны.
Літ.:
Георгиев Г. Сентябрь 1923 г.: Ист. очерк: Пер. с болг. М., 1973;
Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С 339—342.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТФА́ЛЬСКІ МІР 1648.
Заключаны адначасова ў вестфальскіх гарадах Мюнстэр (паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і Францыяй і яе саюзнікамі) і Оснабрук (паміж імперыяй і Швецыяй і яе саюзнікамі) 24.10.1648. Завяршыў Трыццацігадовую вайну 1618—48. Вырашаў паліт., тэр. і рэліг.-царк. пытанні.
Імператар прызнаў за князямі права ўступаць у саюз паміж сабой і з замежнымі дзяржавамі. Былі амнісціраваны ўсе апальныя князі і гарады, прызнана незалежнасць ад імперыі Швейц. саюза і Рэспублікі Злучаных правінцый. Францыя атрымала Эльзас, Швецыя — Зах. Памеранію, г. Вісмар, секулярызаваныя Брэменскае і Вердэнскае епіскапствы, курфюрст Брандэнбургскі — Усх. Памеранію з Камінскім епіскапствам, Магдэбургскае архіепіскапства і Гальберштацкае і Міндэнскае епіскапствы, нашчадкі Фрыдрыха Пфальцкага — ранейшы курфюрсцкі тытул і частку б. уладанняў (Ніжні, ці Рэйнскі, Пфальц), Баварыя — Верхні Пфальц, яе герцаг Максімілян захаваў сан курфюрста. Кальвінісцкія князі былі ўраўнаваны ў правах з лютэранамі і католікамі, правіцелі па-ранейшаму маглі выганяць падданых, якія не жадалі спавядаць рэлігію дзяржавы. Царк. маёмасць, прысвоеная пратэстанцкімі князямі да 1624, засталася за імі. Вестфальскі мір замацаваў паліт. раздробленасць Германіі, змяніў напрамак экспансіі аўстр. Габсбургаў (на ПдУ).
Літ.:
Dickmann F. Der Westfälische Frieden. 2 ed. Münster, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЁН, Вільён (Villon) Франсуа (сапр.дэ Манкарб’е або дэ Лож; de Montcorbier, des Loges; каля 1431, Парыж — пасля 5.1.1463), французскі паэт. Скончыў Сарбону (1452). Не парываючы са студэнцкай багемай, Віён стаў заўсёднікам парыжскіх тавернаў і прытонаў, сябраваў з крымінальнікамі, валацужнічаў па Францыі. Усё гэта адбілася ў паэзіі Віёна, яскравай і своеасаблівай, дзе побач з матывамі пераходнасці, недаўгавечнасці ўсяго існага, захаплення ўцехамі жыцця і каханнем выступаюць і сац. матывы. Абвінавачваўся ў злачынствах, неаднаразова трапляў у турму, у 1463 прыгавораны да смяротнай кары, замененай на дзесяцігадовае выгнанне. Далейшы лёс Віёна невядомы. Аўтар «Малога запавету» (1456) і «Вялікага запавету» (1461), «Балады пра павешаных» (1463). Асобныя яго вершы на бел. мову перакладалі З.Колас, А.Зарыцкі.
Тв.:
Бел.пер. — Балада ісцін навыварат;
Чатырохрадкоўе // Наша слова. 1992. № 29;
Рус.пер. — Стихи. М., 1963;
Лирика. М., 1981.
Літ.:
Сент-Бёв Ш. Франсуа Вийон // Сент-Бёв Ш. Литературные портреты: Критич. очерки: Пер. с фр.М., 1970;
Косиков Г.К. Франсуа Вийон // Villon F. Oeuvres. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ, Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў,
афіцыйная навук. ўстанова ў крас. 1864—1915 у Вільні. Камісія спецыяльна падбірала такія дакументы, якія абгрунтоўвалі палітыку царызму. У рабоце камісіі прымалі ўдзел П.А.Бяссонаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, Дз.І.Даўгяла, Ю.Ф.Крачкоўскі, І.Я.Спрогіс, А.В.Турцэвіч і інш. Выдадзена 39 тамоў Актаў Віленскай камісіі (дакументы копных, земскіх і гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, матэрыялы пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і вайну 1812, царкоўную унію), 7 тамоў (у 9 кнігах) па гісторыі агр. зносін, лясной гаспадаркі; зборнік палеаграфічных здымкаў са стараж. актаў і грамат і інш. (усяго 49 тамоў). Выданне актавых кніг заснавана на дакументах Цэнтр. архіва для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губ., дзе былі сабраны стараж. акты (да 1799) з гарадоў і мястэчак гэтых губерняў. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі бел. мовы.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ЛЕНСКИЙ ВЕ́СТНИК»
(«Kurier Wileński»),
палітычная і літаратурная газета Паўн.-Зах. краю. Выдавалася з 1841 да 1915 у Вільні (з кастр. 1915 да 1916 у Гомелі) на польскай і рускай, з 1865 на рус. мове. Замяніла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»). Рэдактары Э.І.Адынец, А.К.Кіркор, П.Р.Бывалькевіч і інш. Напачатку мела паланафільскі кірунак, пасля задушэння паўстання 1863—64 стала прапагандаваць рускамоўную школу, правасл. царкву і інш.
Пэўную папулярнасць газета мела ў 1860—65, калі яе рэдагаваў Кіркор; змяшчала матэрыялы па бел. этнаграфіі, гісторыі, л-ры; друкавала навук. працы і літ. творы В.І.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.І.Вярыгі-Дарэўскага, Я.Ф.Карскага, М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1870—90 асвятляла пытанні культуры і быту, пісала аб забавах віленскай знаці, заезджых знакамітасцях, зрэдку пра эканам. і паліт. жыццё Расіі і замежжа. Бел. праблемы газету мала цікавілі. Мела дадаткі: «Сельское чтение. Еженедельный народный журнал» (1877—78), «Виленский вестник. Телеграммы и вести о войне» (1904; 1914), «Виленский вестник. Еженедельное иллюстрированное приложение» (1905), «Вечерний Виленский вестник» (1915).