ІСФАХА́НСКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры.

Сфарміравалася на мяжы 16 і 17 ст. у г. Ісфахан (Іран). Заснавальнік стылю Рэза Абасі. Для І.ш. характэрны каліграфічна дакладны віртуозны малюнак з лёгкай падфарбоўкай, пластычная аб’ёмнасць і лёгкасць фігур, найтанчэйшая прапрацоўка дэталей. Для яе майстроў уласцівы спробы надаць мініяцюры новы змест, далучыць да станковага жывапісу (мініяцюры на асобных аркушах, якія збіралі ў альбомы). З 1670-х г.

пад уплывам еўрап. жывапісу ў творах І.ш. з’явіліся элементы святлоценявой мадэліроўкі, лінейнай і паветр. перспектывы ў выявах пейзажных фонаў. Да 18 ст. гэты «еўрапеізаваны» кірунак стаў асноўным.

Ісфаханская школа. Рэза Абасі. Мініяцюра. 1630.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. і ў Польскім каралеўстве ў 16—18 ст. Утворана ў 1471 замест Кіеўскага княства. У час заключэння Люблінскай уніі 1569 К.в. далучана да Польшчы, за выключэннем Мазырскага павета, які ўвайшоў у склад Мінскага ваяв. ВКЛ. Паводле Збораўскага дагавора 1649 некат. тэрыторыі К.в. аддадзены ў кіраванне гетмана Б.​Хмяльніцкага, у 1660 зноў падпарадкаваны Польшчы. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 у К.в. засталіся толькі правабярэжныя паветы (без Кіева), цэнтрам ваяводства стаў Жытомір. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) тэр. К.в. ўвайшла ў склад Кіеўскага і Валынскага намесніцтваў Рас. імперыі.

т. 8, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава з манархічнай формай кіравання на чале з каралём, якому належыць вышэйшая ўлада, што перадаецца звычайна ў спадчыну. У эпоху феадалізму існавалі саслоўная і абсалютная манархіі. У ВКЛ каралеўскай каронай каранаваўся толькі Міндоўг. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул «вялікі князь літоўскі» стаў таксама тытулам польск. караля, якога шляхта выбірала па сейме пажыццёва. Тытул польск. караля (цара) адноўлены ў 1815 для рас. імператара пры ўтварэнні паводле пастановы Венскага кангрэса 1814—15 аўтаномнага Каралеўства Польскага. Сучасныя К. (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Данія, Швецыя, Нарвегія) — парламентарныя, з абмежаванай (часта значна абмежаванай) уладай караля.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯ́Т (у хрышчэнні Міхаіл; каля 1306 — паміж 1358 і 1366),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. ВКЛ Гедзіміна і княгіні Еўны, дачкі полацкага кн. Івана Усеваладавіча. Ад бацькі атрымаў г. Новагародак і Новагародскую зямлю. У прыпісцы 1329 у Лаўрышаўскім евангеллі названы вял. князем. У 1345 прысягнуў Альгерду як вял. князю ВКЛ. У 1349 пасланы ў Арду з мэтай арганізаваць кааліцыю супраць Маскоўскага княства. Пасольства было няўдалым, К. быў выдадзены вял. князю маскоўскаму, у 1350 адпушчаны на радзіму. Пры К. ў г. Новагародак актыўна вялося буд-ва, горад стаў цэнтрам правасл. Літоўскай мітраполіі.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСТАРЫЯ́НСТВА,

плынь у хрысціянстве, якая ўзнікла ў Візантыі ў пач. 5 ст. Заснавальнік канстанцінопальскі патрыярх Несторый. Ён прызнаваў Хрыста чалавекам, які пераадолеў чалавечую слабасць і стаў месіяй. На гэтай падставе лічыў дзеву Марыю не багародзіцай, а жанчынай, якая нарадзіла чалавека. У адрозненне ад артадаксальнага вучэння, Несторый лічыў, што ў Хрысце чалавечыя і боскія пачаткі знаходзяцца ў адносным яднанні і ніколі поўнасцю не злучаны. На Эфескім усяленскім саборы (431) Н. асуджана як ерась. Сучасныя багасловы лічаць, што Н. выходзіць па-за межы артадаксальнага вучэння. Прыхільнікі Н. ёсць у Іране, Іраку, Сірыі, Індыі і інш.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСІНІ́СА (лац. Masinissa, 238—149 да н.э.),

цар Нумідыі [201—149 да н.э.]. Сын цара ўсх. Нумідыі. Адукацыю атрымаў у Карфагене. У час 2-й Пунічнай вайны (218—201; гл. Пунічныя войны) з 213 ваяваў на баку карфагенян супраць рымлян, разам з Гасдрубалам заваяваў зах. Нумідыю. Каля 206 падтрымаў рымлян і з іх дапамогай стаў правіцелем усёй Нумідыі (усх. яе частку атрымаў у спадчыну пасля смерці бацькі каля 205). Пры М. Нумідыйскае царства пашырыла сваю тэрыторыю, выраслі гарады, замацаваліся гандл. сувязі з Міжземнамор’ем. Пасля смерці М. рымляне падзялілі царства паміж 3 яго сынамі.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСУ́Р,

дзяржава на Пд Індыі ў 14—18 ст. Узнікла ў 1399 як княства — васал Віджаянагара. З 1610 незалежная дзяржава на чале з дынастыяй Вадэяр. У 1761 фактычную ўладу ў М. захапіў военачальнік Хайдар Алі. Пры ім і яго сыне Тыпу Султане [1782—99] М. ператварыўся ў магутную дзяржаву Паўд. Індыі, якая займала ч. тэр. сучасных інд. штатаў Керала, Карнатака, Андхра-Прадэш і Тамілнаду. У выніку 4 англа-майсурскіх войнаў тэр. М. паменшала да памераў Майсурскага плато; адноўлена дынастыя Вадэяр, М. стаў васальным княствам Вялікабрытаніі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі М. — адзін з яе штатаў (з 1973 наз. Карнатака).

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦІ́НІ (Putini, Puttini) Антоніо, танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Па паходжанні італьянец. Працаваў у Італіі і Аўстрыі. Па запрашэнні кн. Г.​Ф.​Радзівіла з 1756 у Слуцку (Мінская вобл.). У 1756 навучаў танцам кадэтаў, выступаў у прыдворным т-ры, разам з Л.Дзюпрэ стварыў Слуцкую балетную шкалу (у 1758 паказаў школьны спектакль «Балет на тры пары»). У 1756, 1757, 1759 выступаў як саліст на сцэне Нясвіжскага т-ра ў складзе Слуцкага балета. З 1760 у Нясвіжы па распараджэнні М.​К.​Радзівіла Рыбанькі, з 1771, пакінуўшы сцэну, стаў прыдворным танцмайстрам.

Г.​І.​Барышаў.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паходу, уласцівы яму; такі, які бывае ў паходзе. Была нават свая паэзія і хараство ва ўсёй гэтай бязладнай абстаноўцы ваеннага паходнага жыцця. Колас. Ішла нястройнымі паходнымі калонамі пяхота. Мележ. Байцы Чырвонай Арміі Ідуць паходным маршам. Купала. // Прызначаны для паходу. Паходная палатка. □ Шафёр сеў на пяньчук і стаў моўчкі завязваць свой паходны мяшок. Кулакоўскі. Малым прысніўся дзіўны сон, Што нехта, ў шынялі паходным, Прыйшоў, як бацька, сеў на ўслон І стаў пытаць пра ўсё лагодна. Танк.

2. Які бывае, знаходзіцца пры войску, экспедыцыі і пад.; перасоўны. Паходны шпіталь. Паходная радыёстанцыя. □ На дзядзінцы дымілася паходная кухня, а каля яе стаялі салдаты з медзянымі кацялкамі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаспада́рнік, ‑а, м.

Той, хто кіруе гаспадарчай дзейнасцю ў якой‑н. галіне прамысловасць, сельскай гаспадаркі. Ціхан Піменавіч Бумажкоў стаў выдатным гаспадарнікам, вядомым кіраўніком прамысловых прадпрыемстваў. Чорны. // Той, хто загадвае гаспадаркай якой‑н. установы, прадпрыемства і інш. У лагеры засталіся адны гаспадарскі і хворыя ды яшчэ некалькі чалавек аховы. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)