РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,

разнавіднасць рэактыўнага рухавіка, дзе ў якасці рабочага цела выкарыстоўваюцца толькі тыя рэчывы і крыніцы энергіі, што ёсць на рухомым апараце (лятальным, наземным, падводным). Калі ў рухавіку выкарыстоўваецца паветра, што забіраецца з навакольнага асяроддзя, ён наз. паветрана-рэактыўным рухавіком.

Паводле віду энергіі, якая пераўтвараецца ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя, адрозніваюць хімічны ракетны рухавік, электрычны ракетны рухавік, ядзерны ракетны рухавік, а таксама гібрыдны ракетны рухавік (разнавіднасць хім. Р.р.). Ва ўсіх Р.р. рэактыўная цяга ствараецца за кошт рабочага цела, у хімічных — крыніцы энергіі і рабочага цела сумешчаны ў ракетным паліве. Для ядз. і эл. Р.р. характэрны раздзельныя паасобныя крыніцы энергіі і рабочага цела.

т. 13, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАЗАБРУ́ДЖВАННЕ,

натуральнае забруджванне навакольнага асяроддзя, выкліканае ўтварэннем небяспечных забруджвальнікаў пры фіз.-хім. працэсах або катастрафічных прыродных з’явах (вывяржэнне вулканаў, ураганы, паводкі, селевыя патокі і інш.), якія адбываюцца без прамога ўдзелу чалавека. Напр., з нетаксічных кампанентаў у прыродзе ўтвараецца ядавіты газ — фасген, з фрэонаў пры фотахім. рэакцыях у стратасферы — іон хлору, які разбурае азонавы слой. У вадаёмах за кошт адмірання расл. і жывёльных арганізмаў колькасць вуглекіслаты павялічваецца, растворанага кіслароду памяншаецца, утвараюцца ядавітыя для чалавека і жывёл рэчывы. Найб. прыкметна гэта выяўляецца ў перыяд ледаставу, а таксама ноччу летам пры моцным развіцці і адміранні мікраскапічных водарасцей. С. выклікае заморы рыб, гідрабіёнтаў.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКСІ́ДНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у малекуле якіх ёсць група з 2 злучаных атамаў кіслароду. Падзяляюць на арганічныя і неарганічныя.

Арганічныя П.з. маюць пераксігрупу —O—O—, непасрэдна злучаную з атамамі вугляроду. Адрозніваюць пераксіды арганічныя, гідрапераксіды (агульная ф-ла ROOH, дзе R — арган. радыкал), ацылгідрапераксіды, ці пераксікіслоты (надкіслоты), RC(O)OOH і азаніды. Вадкасці (метылпераксід CH3OOCH3 — газ) ці цвёрдыя рэчывы. Дрэнна раствараюцца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Пры награванні, у прысутнасці прымесей (асабліва цяжкіх металаў і іх солей) раскладаюцца; тэрмоліз звычайна прыводзіць да ўтварэння свабодных радыкалаў (ROM​0 ці RCO—O​0). Моцныя акісляльнікі, лёгка загараюцца (некаторыя выбухованебяспечныя). Удзельнічаюць у біял. працэсах (напр., акісленні ліпідаў, біясінтэзе простагландзінаў). Атрымліваюць уздзеяннем на арган. рэчывы кіслароду (аўтаакісленне), азону (азанаванне), неарган. і арган. пераксідаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці палімераў (ініцыятары полімерызацыі, вулканізавальныя агенты), для адбельвання тканін і харч. прадуктаў, як дабаўкі да маторнага паліва, у арган. сінтэзе. Неарганічныя П.з. падзяляюць на простыя (пераксіды, супераксіды, азаніды, гідрапераксіды) і комплексныя (пераксікіслоты, пераксасальваты і інш.). Найпрасцейшае і найб. пашыранае П.з. — пераксід вадароду. Пераксіды (злучэнні шчолачных металаў і металаў II групы перыяд. сістэмы, акрамя берылію), супераксіды, ці надпераксіды (злучэнні шчолачных і шчолачна-зямельных металаў), і азаніды — іонныя злучэнні, іх крышт. рашоткі складаюцца з іонаў металаў і малекулярных аніёнаў O2​−2, O​−2 і O​−3 адпаведна. Акісляльнікі. Пры награванні лёгка раскладаюцца з вылучэннем кіслароду. У прам-сці выпускаюць натрыю пераксід, пераксіды барыю BaO2 (гл. Барыю злучэнні) і кальцыю CaO2, супераксіды натрыю NaO2 і калію KO2. Выкарыстоўваюць як акісляльнікі, адбельвальнікі (напр., у тэкст., харч., цэлюлознапапяровай прам-сці), крыніцы кіслароду для рэгенерацыі паветра, кампаненты ракетнага паліва і інш.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ВА,

слабаалкагольны пеністы напітак з хмелевай гаркавасцю, які вырабляюць шляхам спіртавога браджэння піўнога сусла. Асн. сыравіна — ячменны піваварны солад (светлы, цёмны, карамельны, палены і інш.), хмель, вада, дрожджы. Для некат. гатункаў П. солад часткова замяняюць рысавай, кукурузнай ці ячменнай мукой, цукрам. П. мае ў сабе 5—7% алкаголю, 0,3—0,4% вуглекіслаты, 4—10% лёгказасваяльных вугляводаў, амінакіслоты, вітаміны, дубільныя і мінер. рэчывы і інш. Вызначаецца высокай каларыйнасцю (100 г — 1470—1890 кДж).

Асн. этапы піваварэння: прыгатаванне соладу, атрыманне піўнога сусла, браджэнне і выспяванне сусла, фільтраванне і разліў П. Для атрымання соладу ячмень замочваюць і прарошчваюць, у зернях адбываюцца складаныя біяхім. працэсы, узмацняецца ферментатыўная актыўнасць, утвараюцца прадукты гідролізу бялкоў, крухмалу, назапашваюцца араматычныя і смакавыя рэчывы. Зялёны солад высушваюць (у залежнасці ад т-ры і працягласці сушкі атрымліваюць цёмны ці светлы солад) і адбіваюць расткі. Гатовы сухі солад мае салодкі смак і характэрны пах. Для атрымання экстракту (піўнога сусла) солад здрабняюць, заціраюць з вадой, фільтруюць, вараць з хмелем, асвятляюць, астуджваюць. Піўное сусла зброджваюць спец. расамі дражджэй у брадзільных чанах 7—8 дзён. Даброджванне (вытрымка) зялёнага піва адбываецца ў зачыненых чанах пад ціскам вуглякіслага газу ў 0,5—0,7 атм, пры т-ры 0—2 °C 11—100 дзён. Гатовае П. фільтруюць і разліваюць.

Светлае П. вырабляюць з светлага соладу, яно мае пэўныя хмелевыя гаркавасць і пах. Цёмнае П. гатуюць з цёмнага соладу, для яго характэрна сярэдняя хмелевая гаркавасць і соладавы смак. На Беларусі вырабляюць светлыя гатункі П. («Лёгкае», «Крыніца», «Люкс», «Лідскае», «Народнае», «Світанак» і інш.) і цёмныя («Леў», «Портэр», «Спадчына», «Старажытнае», «Траецкае», «Чорны прынц» і інш.) Гл. таксама Піваварная прамысловасць.

Н.​М.​Котава.

т. 12, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

засо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. засох, ‑ла; зак.

1. Страціўшы вільгаць, зацвярдзець, высахнуць (пра рэчывы). Гліна засохла. Хлеб засох. □ У нашым клубе вялікія светлыя вокны. На сценах толькі.. засохла жывіца. Брыль.

2. Завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава засохла. □ Лісце пакурчылася, усё ў дзірках, а некаторыя дрэвы зусім засохлі. Шашкоў.

3. перан. Разм. Схуднець, зачахнуць, змарнець.

4. перан. Разм. Спыніць творчы рост, перастаць удасканальвацца; закаснець. [Настаўнік] інспектарам зрабіўся І на інструкцыях засох. Ён выкладаць ужо не можа. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флюі́ды, ‑аў; адз. флюід, ‑у, М ‑дзе, м.

Кніжн.

1. Газападобныя або вадкія рэчывы, якія вылучаюцца з магматычнага ачага.

2. Гіпатэтычная вадкасць, якой да 18 ст. тлумачылі з’явы цеплыні, магнетызму, электрычнасці.

3. Паводле ўяўленняў спірытаў — нейкія «псіхічныя токі», якія нібыта вылучаюцца чалавечым целам або якім‑н. іншым целам, прадметам. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы, а флюіды — рэч ірэальная і пасадзіць іх нікуды нельга. Караткевіч. // перан. Тое, што выходзіць ад каго‑, чаго‑н.

[Лац. fluidus — пякучы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

катэхі́ны

(ад катэху)

біялагічна актыўныя рэчывы расліннага паходжання, якія змяшчаюцца пераважна ў чаі, вінаградзе, бабах какавы і рэгулююць пранікальнасць крывяносных капіляраў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аўксатро́фы

(ад гр. aukso = павялічваю + -трофы)

бактэрыі, грыбы, водарасці, якія ў выніку мутацыі страцілі здольнасць сінтэзаваць рэчывы, неабходныя для іх росту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

глюказі́ды

(ад глюкоза)

рэчывы, малекулы якіх складаюцца з глюкозы і якога-н. іншага арганічнага злучэння; пашыраны ў жывёльных і раслінных арганізмах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

апапана́кс

(ад гр. opos = сок + panaksos = зелле, лекі)

травяністая расліна сям. парасонавых, пашыраная ў Міжземнамор’і, з карэння якой здабываюць парфумерныя рэчывы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)