РАЗМЕ́РНАСЦЕЙ АНА́ЛІЗ, размернасцей тэорыя,

матэматычны метад вызначэння формул, якія выражаюць залежнасць паміж фіз. велічынямі пры даследаванні розных з’яў. Заснаваны на супастаўленні размернасцей фіз. велічынь. Выкарыстоўваецца ў выпадках, калі адшуканне фіз. велічыні патрабуе складаных разлікаў або ведання механізму працэсу, працяканне якога не вызначана. Пашыраны ў многіх раздзелах фізікі і сумежных навуках (механіцы, гідрадынаміцы, цеплатэхніцы і інш.). Гл. таксама Падобнасці тэорыя.

А.​І.​Болсун.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАПТАЗА́ЎРЫ (Synaptosauria, або Euryapsida),

падклас вымерлых паўзуноў. 2 атр. — заўраптэрыгіі і плакадонты. Вядомы з пермскага перыяду да позняга мелавога перыяду. Былі пашыраны ў морах усіх мацерыкоў (акрамя Антарктыды).

Даўж. ад 20 см да 15 м. Экалагічна і марфалагічна разнастайныя. У большасці чэрап падоўжаны, вачніцы размешчаны амаль пасярэдзіне, цемянная адтуліна звычайна захоўвалася. Канечнасці ластападобныя, характэрна адно скроневае акно. Карміліся рыбай і малюскамі.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕПАЗМЕ́ЙКІ, слепуны (Typholopidae),

сямейства змей. 5—6 родаў, больш за 170 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных абласцях. Жывуць у глебе, спосаб жыцця рыючы. Найб. вядомая С. звычайная (Typhlops vermicularis).

Даўж. 10—80 см. Цела тонкае, чэрвепадобнае, укрытае дробнымі акруглымі лускавінкамі. Хвост кароткі, тоўсты, на канцы невял. шыпік. Вочы рэдукаваныя (адсюль назва), знаходзяцца пад скурай. Яйцакладныя, некат. яйцажывародныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі.

т. 15, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРК Э́РЛІСТ,

раннялетні сорт яблыні. Пашыраны на Беларусі.

Дрэвы маларослыя, з круглаватай кронай. Плады выспяваюць у 1-й дэкадзе жніўня, сярэдняй велічыні (80—90 г), пляската-круглаватай формы, жаўтавата-белаватыя з ярка-чырв. румянцам і ружовымі крапінкамі. Мякаць белая, сакаўная, шчыльная, кіславата-салодкага смаку з прыемным пахам. Сорт хуткаплодны, плоданашэнне пачынае на 3-і год. Ураджайнасць сярэдняя Адносна ўстойлівы да паршы. Зімаўстойлівасць сярэдняя.

т. 15, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАФІЛАКО́КІ (Staphylococcus),

род бактэрый сям. мікракокавых. 3 віды. Пашыраны ў паветры, глебе, вадзе, на скуры і слізістых абалонках цеплакроўных жывёл і чалавека. Сапрафітныя, умоўна патагенныя і патагенныя віды.

Клеткі сферычнай формы, нерухомыя. Пры дзяленні ўтвараюць скопішчы накшталт гронак вінаграду, размяшчаюцца таксама паасобку або парамі. Грамстаноўчыя. Факультатыўныя анаэробы. Хемаарганатрофы. Патагенныя С. прадуцыруюць экза- і эндатаксіны, алергізуючыя рэчывы; узбуджальнікі гнойна-запаленчых захворванняў.

А.​І.​Ерашоў.

т. 15, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФІНГАЛІПІ́ДЫ,

клас складаных ліпідаў, структурныя кампаненты якіх — сфінгазінавыя асновы (сфінгазін, яго аналагі і гамолагі). Пашыраны ў расл. і жывёльных тканках, асабліва ў нервовай. Ва ўсіх прыродных С. сфінгазінавая аснова ацыліравана па амінагрупе астаткам вышэйшай тлустай к-ты (напр., стэарынавай). У С., якія ўтрымліваюць фосфар (напр., сфінгаміэліны), першасны гідраксіл замяшчаецца астаткам фосфарнай к-ты. Парушэнне абмену С. у арганізме чалавека прыводзіць да захворванняў.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНТАКУЛІ́ТЫ (Tentaculita),

клас вымерлых малюскаў. 4 атр. Былі пашыраны ў морах сілурыйскага і дэвонскага перыядаў. На Беларусі рэшткі выяўлены ў адкладах дэвону ў межах Брэсцкай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Прыпяцкага прагіну.

Даўж. вапняковай ракавіны 3—7 см, дыям. да 6 мм. Ракавіна канічная, гладкая або кольчатая, адкрытая на шырокім канцы, дзе размяшчалася цела малюска. Па рэштках Т. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

т. 16, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМА́Н (Pulicaria),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — У. звычайны (Р. vulgaris). Трапляецца на вільготных пясчаных лугах, водмелях і берагах рэк.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы лямцава-апушаныя, прамастойныя, галінастыя. Лісце чаргаванае, сядзячае, суцэльнае. Кветкавыя кошыкі паўшарападобныя, сабраныя ў агульнае мяцёлчата- або шчыткападобнае суквецце. Плод — сямянка. Лек., інсектыцыдныя расліны.

Уман звычайны.

т. 16, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАНТРЭ́Н,

кандэнсаваны (трыцыклічны) араматычны вуглевадарод, C14H10.

Бясколерныя крышталі, tпл 101 °C. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, бензоле (растворы флуарэсцыруюць блакітным колерам). Хім. ўласцівасцямі падобны да нафталіну. У прыродзе пашыраны вытворныя Ф. (напр., алкалоіды групы марфіну, некат. тэрпены). Звычайна вылучаюць з антрацэнавай фракцыі каменнавугальнай смалы. Выкарыстоўваюць як стабілізатар выбуховых рэчываў, кампанент дымавых саставаў і некат. фарбавальнікаў. ГДК 0,8 мг/м³.

т. 16, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕК СЕРАБРЫ́СТЫ, мерлуза серабрыстая (Merluccius bilinearis),

рыба сям. мерлузавых атр. траскападобных. Пашыраны ў Атлантычным ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Жыве пераважна на глыб. 30—300 м.

Даўж. да 70 см, пераважае даўж. 35 см. Палаваспелы ў 3—4 гады. Нераст парцыённы, з мая па кастрычнік, на глыб. 40—150 м.

Плоднасць да 400 тыс. ікрынак. Корміцца беспазваночнымі і рыбай. Аб’ект промыслу.

Хек серабрысты.

т. 17, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)