ЖЫЛЛЁВАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны па выкарыстанні жыллёвага фонду — набыцці, буд-ве, кіраванні, эксплуатацыі і рамонце, размеркаванні і прадастаўленні жылля для грамадзян. Ж.п. не з’яўляецца самаст. галіной права і супадае па сэнсе з паняццем «жыллёвае заканадаўства». У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніцай Ж.п. з’яўляюцца Канстытуцыя і жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам права на жыллё. Гэта права забяспечваецца развіццём дзярж. і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля. У адпаведнасці з заканадаўствам грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сац. абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай ці мясц. самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх аплаце. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля. Пытанні Ж.п. рэгулююцца і інш. прававымі актамі, якія выдаюцца мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі і іх выканаўчымі органамі.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРМУ́НСКІ Аляксандр Мацвеевіч (11.6.1887, г. Бялінскі Пензенскай вобл., Расія — 9.5.1970),

бел. геолаг. Чл.-кар. АН БССР (1936), д-р геолага-мінералагічных н., праф. (1944). Скончыў Маск. ун-т (1913). З 1918 дацэнт Маск. горнай акадэміі. У 1927—41 у Геал. к-це ВСНГ, Мін-ве геалогіі СССР. У 1936—38 дырэктар Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, заг. кафедры геалогіі БДУ. У 1943—45 кіраўнік геал. групы, у 1946—49 навук. супрацоўнік Ін-та геал. навук АН БССР. У 1949—51 супрацоўнік НДІ у Ленінградзе. На тэр. Беларусі праводзіў даследаванні па гідрагеалогіі, чацвярцічнай геалогіі, геамарфалогіі і тэктоніцы.

Тв.:

Принципы и методы составления карт четвертичных (антропозойских) отложений // Изв. АН БССР. Сер. геол. 1947. № 2;

Геологические особенности тектонических структур БССР. Ч. 1—2 // Там жа. 1948. № 5—6.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖАДУ́Б Іван Мікітавіч (8.6.1920, в. Абражыеўка Шосткінскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 6.8.1991),

тройчы Герой Сав. Саюза (1944, двойчы; 1945). Маршал авіяцыі (1985). Скончыў акадэміі Ваен.-паветр. (1949), Генштаба (1956). У арміі з 1940. Ў Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах: пілот, камандзір звяна і эскадрыллі, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка; у 120 паветр. баях збіў 62 самалёты праціўніка. Пасля вайны на кіруючых пасадах у ВПС, удзельнік Карэйскай вайны 1950—53 (у крас. 1951 — лют. 1951 1952 камандзір 324-й знішчальна-авіяц. дывізіі ў складзе сав. 64-га знішчальна-авіяц. корпуса). З 1978 у Групе ген. інспектараў ’Мін-ва абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62. Аўтар кніг «Служу Радзіме» (1949), «Вернасць Айчыне» (1967) і інш.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ ЗВА́РКА,

зварка плаўленнем, пры якой крыніцай цяпла з’яўляецца сфакусіраванае эл.-магн. выпрамяненне лазера. Вызначаецца бескантактнасцю (зварка праз празрыстае ваконца герметычнай пасудзіны), малым памерам зоны тэрмічнага ўплыву.

Шчыльнасць патоку выпрамянення пры Л.з. 0,1—1 МВт/см², глыбіня праплаўлення 0,05—2 мм, што дазваляе надзейна зварваць дэталі таўшчынёй 0,01—1,5 мм. Найб. пашырана імпульсная Л.з. (стварае кропкавыя злучэнні, прадукцыйнасць да 100 аперацый за мінуту), выкарыстоўваецца таксама неперарыўная (шыўная) зварка (стварае суцэльныя швы, прадукцыйнасць да 1,5—2 м/мін). Л.з. выкарыстоўваецца для злучэння металаў і сплаваў, якія не зварваюцца звычайнымі спосабамі, для зваркі канструкцый у цяжкадаступных месцах, мініяцюрных і лёгкадэфармуемых дэталей (электроннавакуумных і паўправадніковых прылад, інтэгральных схем і інш.).

Схема лазернай зваркі. 1 — рубінавы стрыжань; 2 — лямпа напампоўвання; 3 — прамень лазера; 4 — лінза факусіроўкі праменя; 5 — загатоўкі, якія зварваюцца.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЮ́ЦІН Мікалай Аляксеевіч (18.6.1818, Масква — 7.2.1872),

расійскі дзярж. дзеяч. Брат Дз.А.Мілюціна і У.А.Мілюціна. Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це. З 1835 у Мін-ве ўнутр. спраў. У 1859—61 таварыш (нам.) міністра ўнутр. спраў, фактычны кіраўнік работ па падрыхтоўцы Сялянскай рэформы 1861 (у рэдакцыйных камісіях прадстаўляў ліберальную апазіцыю прыгоннікам). Узначальваў камісію па распрацоўцы праекта Земскай рэформы 1864. У час паўстання 1863—64 накіраваны восенню 1863 у Царства Польскае, дзе кіраваў ажыццяўленнем сял. рэформы. З 1864 статс-сакратар па справах Польшчы і кіраўнік цывільнай часткі канцылярыі ген.-губернатара ў Варшаве; праводзіў палітыку русіфікацыі. З 1865 чл. Дзярж. савета, гал. нач. Канцылярыі па справах Царства Польскага ў Пецярбургу і член Гал. к-та па ўладкаванні маёмасці сялян. Аўтар прац па эканоміцы і статыстыцы, успамінаў, дзённіка.

т. 10, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА Ларыса Фёдараўна (н. 17.5.1951, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыла Бел. кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 дацэнт), у 1978—88 адначасова рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі. У яе творчасці пераважаюць камерна-інстр. і вак. жанры, музыка для дзяцей. Распрацоўвае розныя пласты нац. муз. фальклору. Сярод твораў; кантата «Замчышча» на словы Я.​Купалы, канцэрт для фп. з арк. (абодва 1975), «Званы Нямігі» для духавога аркестра (1995), санаты, сюіты, прэлюдыі і фугі для фп., саната-імправізацыя ў трох медытацыях (1990) для цымбалаў; камерна-інстр., у т. л. стр. квартэт (1979), «Драматычная паэма» для фагота і фп. (1993); цыкл «Жалейка» на словы Я.​Купалы для хору a cappella, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НІ́ВА»,

тыднёвік беларусаў у Польшчы. Выходзіць з 4.3.1956 у Беластоку на бел. мове. У ПНР выдавалася Бел. грамадска-культ. т-вам (БГКТ), з 1992 — праграмнай радай тыднёвіка «Ніва». Фінансуецца Мін-вам культуры і нац. спадчыны Польшчы. Старшыня — Я.​Мірановіч (з 1997), гал. рэдактар — В.​Луба. Змяшчае інфармацыю пра эканам., грамадска-паліт. і культ. жыццё Беласточчыны, дзейнасць бел. арг-цый — БГКТ, Бел. дэмакр. аб’яднання (БДА), Бел. аб’яднання студэнтаў (БАС), Бел. гіст. т-ва, праваслаўных брацтваў і інш. Асвятляе муз. і песенныя фестывалі, святкаванні Купалля, Каляд, выступленні артыстаў або вядомых дзеячаў культуры Беларусі, навукоўцаў, палітыкаў. Рэгулярна друкуе краязнаўчыя матэрыялы. Пытанні гісторыі, асабліва 20 ст., нярэдка выклікаюць дыскусіі. Часта публікуе матэрыялы пра Беларусь. Друкуе старонку літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», старонку для дзяцей «Зорка», у 1986—91 змяшчаў старонку БАСа «Прысутнасць».

В.​А.​Трыгубовіч.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па нагляду за выкананнем правіл і норм пажарнай бяспекі. Ажыццяўляюць дзярж. органы П.н., якія праводзяць пажарна-тэхн. абследаванне прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, робяць заключэнне аб наяўнасці парушэнняў і даюць рэкамендацыі па іх ліквідацыі і ўзмацненні проціпажарнай аховы аб’ектаў, распрацоўваюць і зацвярджаюць правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі збудаванняў і правядзенні буд. работ; таксама накладаюць спагнанні за парушэнні правіл і патрабаванняў пажарнай бяспекі: часова прыпыняюць ці забараняюць эксплуатацыю прамысл. аб’ектаў (асобных памяшканняў, абсталявання), што працуюць з парушэннямі, выпуск і рэалізацыю прадукцыі, якая не адпавядае проціпажарным патрабаванням. На Беларусі П.н. ажыццяўляе Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (створана ў 1999), якому падпарадкаваныя тэр. (абл.) і мясц. органы (пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і пасты ў гарадах, раёнах, на асобных аб’ектах).

А.​С.​Гардзяюк, А.​П.​Герасімчык, В.​Ф.​Трапашка.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫНА́РЫ (Portinari) Кандыда (29.12.1903, г. Брадоскі, Бразілія — 7.2.1962),

бразільскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Нац. маст. школе ў Рыо-дэ-Жанейра (1918—28). У 1936—39 праф. ун-та ў Рыо-дэ-Жанейра. Зазнаў уплывы экспрэсіянізму, сюррэалізму, П.​Пікасо. З сярэдзіны 1930-х г. у рэаліст. манеры адлюстроўваў жыццё простага народа (батракоў, індзейцаў, неграў), часта надаваў персанажам узнёсла-гераічны характар. Творам уласціва абагульненне форм, мяккасць святлоценявой распрацоўкі, дакладнасць малюнка. Аўтар манум. размалёвак у будынках Мін-ва адукацыі Бразіліі ў Рыо-дэ-Жанейра (1936—45), Б-кі кангрэса ЗША у Вашынгтоне (1941), каледжа ў г. Катагуазіс (1948—49), пано «Вайна і мір» у будынку ААН у Нью-Йорку (1955), партрэта Р.​Ралана (1936), карцін «Мёртвае дзіця» (1944), серыі «Бежанцы» (1945) і інш. Міжнар. прэмія Міру 1950.

К.Партынары. Мёртвае дзіця. 1944.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХУ́ТА Анатоль Сяргеевіч (н. 17.10.1947, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1971). З 1971 гал. архітэктар г. Ліда Гродзенскай вобл., з 1982 — Гродна. Асн. работы: комплекснае добраўпарадкаванне цэнтра Ліды (1973—82), генпланы гарадоў Ліда (1972, 1991), Смаргонь (1984), Навагрудак (1995), вёсак Квасоўка Гродзенскага, Бердаўка Лідскага, Тур’я Шчучынскага р-наў (1985—90); праекты рэгенерацыі гіст. цэнтра Гродна (1983, 1989), забудовы жылых гарадкоў Мін-ва абароны Беларусі Ліда, Слонім, Рось Ваўкавыскага р-на (усе 1990-я г.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998); жыллёвы комплекс па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1997), лядовы палац (1999) у Гродне (усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў інтэр’ераў абл. драм. т-ра, чыг. вакзала, кінатэатра «Кастрычнік», гасцініцы «Амега» ў Гродне (усе 1986—97).

Т.​Р.​Мартыненка.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)