ДЗЯРЖА́ЎНАСЦЬ,

1) асаблівая прыкмета гіст. развіцця краін (нацый, саюзаў плямён і інш. утварэнняў), якія змаглі стварыць уласную дзяржаву. Існуе шэраг сімвалічных прыкмет аўтаномнай Дз. — выкарыстанне афіц. дзярж. мовы, дзярж. сімволікі (герб, гімн, сцяг), наяўнасць пэўнай сістэмы органаў улады (дзярж. апарату), формы праўлення (манархія, парламенцкая рэспубліка, прэзідэнцкая рэспубліка), формы тэр. ўладкавання (унітарная дзяржава, федэрацыя, канфедэрацыя), формы паліт. рэжыму (дэмакр., аўтарытарны, ваенны, грамадзянскі, тэакратычны і інш.). Нац. Дз. выражае рэальную здольнасць увасабляць і абараняць суверэнітэт нацыі або іншага этнасу, выкарыстоўваць паліт. ўладу для ўмацавання дэмакратыі і росту дабрабыту народа, развіцця яго культуры і мовы, абароны правоў і свабод чалавека, законных інтарэсаў прадстаўнікоў нац. меншасцей і ўсіх жыхароў дадзенага нац.-тэр. ўтварэння. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з неад’емнага права народа на самавызначэнне і абапіраючыся на шматлікую шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, замацоўвае статус краіны як унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавы, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самаст. ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэр. цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (гл. таксама Дзяржава).

2) Уласцівасць улады, яе палітыкі, якая выражае іх сілу, незалежнасць, магутнасць і здольнасць аказваць уплыў на развіццё падзей у свеце. Вызначаецца паліт., эканам. і духоўна-ідэалаг. аўтарытэтам краіны ў свеце або рэгіёне, яе маштабам і колькасцю насельніцтва, характарам і ўздзеяннем яе палітыкі і інш. фактарамі. Абсалютызацыя гэтых прынцыпаў і ўяўленні аб выключнасці і асаблівай ролі сваёй краіны, нацыі на практыцы прыводзяць да вялікадзяржаўнасці, ігнаравання волі і інтарэсаў іншых краін і народаў, знешняй экспансіі (гл. Нацыяналізм, Шавінізм).

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

біч, ‑а, м.

1. Ударная частка цэпа. Бічы ў цапах былі важкія і зручныя. Чорны. Па распушчаных снапах праходзімся толькі па разу: салома аж курыць пад бічамі, нібы яе задзірае, скубе, трасе і не можа ўзняць нейкі віхор... Місько. // Наогул — пра ўдарныя часткі некаторых механізмаў. Алёша адрэгуляваў зазоры паміж планкамі секцый падбарабання і бічамі барабана. Шамякін.

2. Бізун, сплецены з драбных раменьчыкаў. Не дагодзіш [князю] — бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесці, ані легчы. Гарэцкі. // перан.; чаго. Выкрывальнае ўздзеянне чаго‑н. Біч сатыры.

3. перан.; каго-чаго. Бедства, няшчасце. Беспрацоўе — біч рабочага класа капіталістычных краін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сусве́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сусвету (у 1 знач.). Сусветная прастора.

2. Які мае адносіны да зямнога шэра; ахоплівае зямны шар, усе народы зямлі. Сусветная вайна. Сусветны рынак. Сусветная цывілізацыя. □ Загрымелі воплескі, пачуліся выгукі: «Няхай жыве сусветная рэвалюцыя!» Гурскі. Тут [у Афрыцы] сканцэнтравана 40 працэнтаў усіх сусветных гідраэнергетычных рэсурсаў. Філімонаў. // Які мае адносіны да розных краін свету. Сусветны кангрэс барацьбітоў за мір. □ На адной з сусветных выставак канца мінулага стагоддзя дэманстраваўся «Дом будучага». «Маладосць». // Які мае значэнне для людзей усяго свету; вядомы ўсяму свету, праслаўлены. Не кожны можа пахваліцца, што слухаў лекцыі і здаваў экзамены па фізіялогіі вучонаму з сусветным імем — Паўлаву. «Беларусь».

•••

Сусветная сістэма сацыялізма гл. сістэма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вы — асабовы займ. 2 асобы мн. л., укр. ви, рус. вы, польск. wy, чэш. vy, славац. vy, славен. vȋ, серб.-харв. ви̑, балг., макед. вие. Агульнаславянскае, ускосным склонавым формам адпавядаюць ст.-прус. wans — він. скл. мн. л. ’вас’, лац. vōs, авест. , ст.-інд. vas — энклітыка він. скл. падв. л., род. скл. мн. л., грэч. ὑμᾶς і інш.; старажытная форма наз. скл. мн. л., якой адпавядаюць ст.-прус. ious, літ., лат. jūs, авест. yužəm, yūš, ст.-інд. yūyám, гоц. jus (і.-е. *i̯ūs) была страчана пад уплывам ускосных склонавых форм (Фасмер, 1, 366; Брукнер, 637; Махэк₂, 704; Младэнаў, 65; Праабражэнскі, 1, 103). Вы ў звароце да адной асобы адз. л. засвоена праз польск. з заходнееўрапейскіх краін, дзе пачало ўжывацца ў такім значэнні ў сярэднія вякі (Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 218).

Вы — прыстаўка, характэрная пераважна для паўночнаславянскіх моў (укр. ви‑, рус. вы‑, польск. wy‑, чэш. vy‑, в-, луж. wu‑), якой у паўднёваславянскіх па значэнню часцей за ўсё адпавядае из‑. Роднасная ст.-в.-ням. ūz (сучасн. ням. aus ’з’), гоц. ūt, ст.-інд. ud ’на, уверх, з’ і інш. Пры калькаванні ў беларускай літар. мове звычайна служыць для перадачы рус. из (< ц.-слав.); параўн. рус. истребоватьбел. вытрабаваць, 124) извергнутьбел. вывергнуць і пад. (Крукоўскі, Уплыў, 124).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́РКБУНД (ням. Werkbund вытворчы саюз),

аб’яднанне архітэктараў, майстроў дэкар. мастацтва і прамыславікоў у шэрагу краін. Ням. веркбунд засн. ў 1907 у Мюнхене з мэтай рэарганізацыі буд-ва і маст. рамёстваў на сучаснай прамысл. аснове. Яго заснавальнікі — Г.​Мутэзіус, Х.К. ван дэ Велдэ; у рабоце бралі ўдзел П.Берэнс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ, Ле Карбюзье і інш. На ўзор ням. веркбунда створаны веркбунды ў Аўстрыі (1910), Швейцарыі (1913) і інш. Ствараючы ўзоры для прамысл. вытв-сці (хатняе начынне, мэбля, тканіны, афармленне аўтамабіляў і г.д.), чл. веркбунда імкнуліся надаць ім зручныя, функцыянальна апраўданыя формы. Буйныя міжнар. выстаўкі спрыялі станаўленню дызайну, паказвалі перавагу архітэктуры еўрап. функцыяналізму. У 1933 веркбунд у Германіі скасаваны фашыстамі, у 1947 адноўлены ў Дзюсельдорфе.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,

рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.​М.​Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.​С.​Пушкін і А.​С.​Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л. бел.) народаў, друкаваліся працы З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага, К.​Ф.​Калайдовіча, М.​П.​Пагодзіна, І.​М.​Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).

С.​А.​Кузняева.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНЫ СТАТУ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дзяржаўны нарматыўны акт, які вызначае задачы вет. службы, асновы арганізацыі вет. мерапрыемстваў. З’яўляецца часткай Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай справе». Зацверджаны ў 1995.

Змяшчае асн. палажэнні па кіраванні вет. справай і арганізацыі вет. абслугоўвання жывёлагадоўлі, рэгламентуе правы і абавязкі службаў і спецыялістаў. У статуце выкладзены вет.-сан. правілы для жывёлагадоўчых фермаў, каранцінныя і інш. абавязковыя меры па ліквідацыі заразных хвароб жывёлы і птушкі, спец. патрабаванні, якія дзейнічаюць пры нарыхтоўках, перагоне, перавозках і забоі жывёлы, і правілы вет.-сан. нагляду за прадуктамі і сыравінай жывёльнага паходжання, меры аховы тэрыторыі рэспублікі ад заносу заразных хвароб жывёлы з замежных краін, парадак імпарту і экспарту жывёлы і прадуктаў жывёлагадоўлі. Гл. таксама Ветэрынарна-санітарны нагляд.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,

навукова-асветная ўстанова ў 1855—65, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасці на тэр. Беларусі і Літвы. Створана па ініцыятыве Я.П.Тышкевіча пры Віленскім музеі старажытнасцей. У склад камісіі ўваходзілі Я.​П.​Тышкевіч (старшыня), М.І.Балінскі (віцэ-старшыня), А.К.Кіркор, І.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.С.Плятар, У.Сыракомля, К.П.Тышкевіч і інш. Збірала матэрыялы па гісторыі краю, вывучала матэр. і духоўную культуру паводле «Праграмы дзеянняў», складзенай Я.​П.​Тышкевічам. Камісія выпускала «Записки Виленской археологической комиссии», краязн. працы, праводзіла абмен навук. інфармацыяй, кнігамі, наладжвала сустрэчы з навук. арг-цыямі Англіі, Даніі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Швецыі і інш. краін. Пасля паўстання 1863—64 паводле загаду ген.-губернатара М.​М.​Мураўёва яна закрыта.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́ЗМ,

ідэйна-паліт. плынь і грамадскі рух прадстаўнікоў грамадства, паліт. сіл розных светапоглядаў і ідэалогій, а таксама палітыка дэмакр. урадаў, накіраваная супраць фашызму. Узнік у Еўропе на пач. 1920-х г., каб процідзейнічаць уплыву фаш. арг-цый і партый на паліт. жыццё і дзярж. ўладу. Значнага размаху дасягнуў з устанаўленнем у 1930-я г. адкрытых фашысцкіх дыктатур у Германіі, Італіі, Іспаніі, актывізацыяй фаш. сіл у шэрагу інш. еўрап. краін. У 2-ю сусв. вайну антыфашызм з’явіўся асновай антыгітлераўскай кааліцыі, вызв. барацьбы народаў свету супраць дзяржаў «восі» (Германія, Італія, Японія). Пасля вайны антыфашызм садзейнічаў пераадоленню рэшткаў фашызму ў грамадскім жыцці, нац. аднаўленню і адраджэнню. Захоўвае значэнне як сродак процідзеяння неафашызму.

В.​І.​Боўш.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЕ́СКІ,

складаны, насычаны арнамент, заснаваны на мудрагелістым перапляценні геам. і стылізаваных раслінных матываў; часам уключае і надпісы. Развіўся ў пластычных мастацтвах арабскіх краін. У эпоху Адраджэння ў Еўропе арабескі наз. любы арнамент, які складаўся з пераплеценых ліній, стужак ці галінак. У бел. мастацтве арабескі захаваліся ў аздобе драўляных царскіх варот Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (16 ст.), у гравіраваным дэкоры шклянога посуду мануфактур Урэчча і Налібакаў (18 ст.), каваных алтарных перагародак (Троіцкі касцёл у Ружанах Пружанскага р-на, 18 ст.), каваных дзвярах бернардзінскага касцёла ў Гродне (17 ст.) і інш. Арабескі былі ўпрыгожаны шпалеры, што аздаблялі сцены гар. палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў 18 ст., дываны Гродзенскай ткацкай мануфактуры.

М.​М.​Яніцкая.

Арабеска.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)