перыяд года, калі магчымы рост і развіццё (вегетацыя) раслін па метэаралагічных умовах. Працягласць залежыць ад геагр. шыраты, клімату. У тропіках вегетацыйны перыяд доўжыцца ўвесь год, у высокіх шыротах і гарах — ад апошняга веснавога да першага восеньскага замаразку. Адрозніваюць агульны вегетацыйны перыяд для раслін пэўнай мясцовасці, што вызначаецца колькасцю сутак з сярэднімі т-рамі больш за 5 °C, і вегетацыйны перыяд асобных відаў раслін — час, неабходны для поўнага цыкла іх развіцця, які можа быць значна карацейшы за агульны.
У Беларусі пачатак вегетацыйнага перыяду прыпадае на канец 1-й дэкады крас. на ПдЗ, да канца 2-й дэкады гэтага месяца пачынаецца на астатняй тэрыторыі. Сярэдняя працягласць вегетацыйнага перыяду 185—205 дзён (гл. карту). У асобныя гады можа перавышаць сярэдні паказчык на 30—40 дзён. На ўзвышшах, асушаных балотах, у значных паніжэннях рэльефу на 3—6 сутак карацейшы, чым на суседніх раўнінах. Заканчваецца ў канцы 2-й дэкады кастр. на ПнУ, у пачатку ліст. на ПдЗ. Вегетацыйны перыяд — асн. біякліматычны паказчык, якім карыстаюцца пры інтрадукцыі і акліматызацыі раслін, падборы с.-г. культур, правядзенні с.-г. работ і агратэхн. мерапрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
баявыя дзеянні войскаў 3-га Укр. фронту (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам (адм. П.С.Акцябрскі) 26 сак. — 14 крас. з мэтай разгрому 6-йням. і 3-йрум. армій групы армій «А» і вызвалення Адэсы ў Вял.Айч. вайну. Поспеху аперацыі садзейнічалі войскі 2-га Укр. фронту, якія ў канцы сак. фарсіравалі р. Прут і выйшлі на подступы да Ясаў, скаваўшы паўд. групоўку праціўніка. На левым крыле фронту ўдар у напрамку Мікалаева нанеслі 5-я ўдарная і 28-я арміі, 28 сак. горад быў вызвалены. Прарыў абароны на флангах і пагроза акружэння прымусілі праціўніка адыходзіць за р. Днестр. На левым крыле фронту часці 28-й арміі з дапамогай марскога дэсанта авалодалі Ачакавам і пачалі наступленне на Адэсу. 4 крас. 37-я армія і конна-механізаваная група ген. І.А.Пліева авалодалі чыг. вузлом Раздзельная. 9 крас.сав. войскі ўварваліся ў паўн. кварталы Адэсы і начным штурмам да раніцы 10 крас. вызвалілі горад. Войскі 3-га Укр. фронту 12 крас. вызвалілі Ціраспаль, 14 крас. авалодалі плацдармам на зах. беразе р. Днестр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМО́ЎСКІ (Dmowski) Раман Станіслаў (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-йДзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац.к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел.нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі пры артыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каля в. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.К.Новак (да лют. 1920), Я.С.Гернет (да мая 1920), Г.М.Тырышкін (да вер. 1920), М.В.Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.А.Вялічка (да лют. 1920), Я.І.Азолін (да ліп. 1920), К.В.Траянскі (да ліст. 1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15—18 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 15—16 ст. выраблялі гаршковую кафлю з крыжападобным, квадратным або круглым вусцем, пазней — каробчатую тэракотавую і паліваную (паліхромную і размаляваную), пакрытую зялёнай, светла- і цёмна-карычневай палівай. Тэракотавая кафля 16—17 ст. з рэльефнай вонкавай пласцінай без рамкі была паліхромная (пераважалі зялёны, сіні і белы колеры) або з 2-прыступкавай рамкай і раслінным арнаментам на вонкавай пласціне. У сярэдзіне — 3-й чвэрці 17 ст. яна мела рамку па краі вонкавай пласціны, багата аздаблялася раслінным арнаментам, у канцы 17 ст. рамка адсутнічала, аздаблялася барэльефным дывановым арнаментам; з пач. 18 ст. мела вял. памеры, з тоўстай вонкавай пласцінай, упрыгожанай раслінным або геральдычным арнаментам (высокі рэльеф). У кафлі 2-йпал. 18 ст. малюнак на вонкавай пласціне адсутнічаў. Паводле прызначэння М.к. падзялялася на сценную, карнізную (простую, складаную і вуглавую), паясную, каронкі (гарадкі). У аздабленні пашыраны расл., геральдычны, геам., зааморфны, сюжэтны арнаменты. У 2-йпал. 17 ст. мсціслаўскія цаніннікі (найб. вядомы С.Палубес) працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі арх. кафлю.
А.А.Трусаў.
Да арт.Мсціслаўская кафля. Паліваная кафля з геральдычнай выявай. 18 ст.Да арт.Мсціслаўская кераміка. Фрагменты керамічнага посуду сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-САХАЛІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальная аперацыя сав. войск па вызваленні паўд.ч. в-ва Сахалін у час 2-йсусв. вайны 1939—45. Праведзена 11—25.8.1945 войскамі 16-й арміі 2-га Далёкаўсх. фронту ва ўзаемадзеянні з караблямі і часцямі марской пяхоты Паўн.-Ціхаакіянскай флатыліі. У наступленні ўдзельнічалі 56-ы стралк. корпус і інш. злучэнні і часці, да 30 караблёў, суднаў і катэраў, 186 самалётаў. Яп. войскі ў складзе 88-йпях. дывізіі, інш. часцей і рэзервістаў (каля 30 тыс.чал.) займалі доўгачасовыя абарончыя збудаванні, цэнтрам якіх быў Катонскі ўмацаваны раён. У ноч перад наступленнем марская авіяцыя нанесла бомбавыя ўдары па апорных пунктах праціўніка Наступленне пачалося 11 жн. пры падтрымцы 2 авіяц. дывізій. 16 жн. на зах. ўзбярэжжы ў раёне Тора (цяпер Шахцёрск) высадзіўся марскі дэсант. Да 18 жн.сав. войскі авалодалі ўсімі ўмацаванымі пунктамі ў прыгранічнай паласе. 19—25 жн. сумесным ударам з фронту і высадкай дэсантаў у портах Маока (цяпер Холмск), Атамары (цяпер Карсакаў) яп. групоўка войск была ліквідавана (пасля капітуляцыі больш за 18 тыс.чал. трапіла ў палон). Паўд. Сахалін, які з 1905 належаў Японіі (гл.Руска-японская вайна 1904—05), зноў стаў састаўной ч.СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-СІР, Гуўён-Сен-Сір (Gouvion-Saint-Cyr) Ларан (17.7.1764, г. Туль, Францыя — 17.3.1830), французскі ваенны і дзярж. дзеяч, маршал Францыі (1812). З 1792 у рэсп. арміі, ген. (1794). Удзельнік войнаў супраць 1-й (1793—97), 2-й (1798—1801) і 3-й (1805) антыфранц. кааліцый, вайны ў Іспаніі (1808—09). У вайну 1812 камандаваў 6-м (баварскім) корпусам. Пасля Віленскай аперацыі 1812 яго корпус разам з 2-м увайшоў у асобную вайск. групу пад камандаваннем Н.Ш.Удзіно. У час Полацкіх бітваў 1812 паранены С.-С. замяніў цяжкапараненага Удзіно, атрымаў перамогу і прымусіў рускіх адступіць. 18—20 кастр. ён зноў паранены, перадаў камандаванне 2-м і 6-м карпусамі ген. К.Ж.Леграну. З-за нязгоды ген. Врэдэ (камандуючы 6-м корпусам) падпарадкавацца Леграну 24 кастр. баварскае войска было разбіта каля в. Бабынічы. С.-С. зноў прыняў камандаванне і злучыўся 30 кастр. з 9-м корпусам маршала К.Віктора ў раёне Чашнікаў, здаў яму камандаванне і пакінуў армію. У перыяд рэстаўрацыі каралеўскай улады на каралеўскай службе, ваенны (1815 і 1817—19) і марскі (1817) міністр. Аўтар успамінаў (т. 1—4, 1831).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІ ЛЕ́ТАПІС, Увараўскі летапіс,
помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст., адзіны спіс 3-й, скарочанай рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Збярогся ў рукапісе 1-й чвэрці 16 ст. Як сведчаць запісы на палях, што датычаць князёў слуцкіх, бытаваў і, напэўна, узнік у Слуцку (адсюль назва). У адрозненне ад 2-й рэдакцыі Бел.-літ. летапісу 1446 (гл.Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), у якой спачатку змешчана летапісная кампіляцыя з рус. летапісаў, а ў канцы — мясцовыя гіст.-літ. творы, С.л. адкрываецца «Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх», завяршаецца агульнарус. летапісам. Апошні дадаткова скарочаны і змяшчае выбарачныя гіст. запісы пра падзеі 970—1240 (абрываецца на апісанні паходу Батыя на Кіеў і Галіцка-Валынскую Русь). Іншы парадак размяшчэння ў гэтым спісе «Пахвалы Вітаўту» і Смаленскай хронікі. Рукапіс дэфектны, без пачатку і канца, не хапае лістоў у сярэдзіне. Да 1917 зберагаўся ў б-цы графа А.С.Уварава (адсюль другая назва) у Маскве, цяпер — у Гіст. музеі ў Маскве. Асн. арыгінальная частка С.л. ўпершыню апубл. ў 1854 А.М.Паповым, у 1877 выдадзены ў Кёнігсбергу ў перакладзе на ням. мову. Поўнасцю змешчаны ў 17-м і 35-м т. «Поўнага збору рускіх летапісаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ФРАНЦ»
(«Franz»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад «За Радзіму» імя А.Флегантава, 1-й Асіповіцкай, 1-й Мінскай і мясц. насельніцтва ў Асіповіцкім і Бярэзінскім р-нах Магілёўскай, Пухавіцкім і Чэрвеньскім р-нах Мінскай абл. у студз. 1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі вышэйшага нач. СС і ням. паліцыі групы армій «Цэнтр», ахоўных і франтавых часцей вермахта. Карнікі наступалі з Пухавіч, Чэрвеня, Беразіна, Асіповіч. Некалькі дзён партызаны стрымлівалі іх націск. Брыгады, акрамя 1-й Мінскай, разам з мясц. насельніцтвам былі блакіраваны ў Градзянскім лесе, адкуль 8 студз.партыз. група прарыву прарвала блакаду, нанесла праціўніку цяжкія страты, фарсіравала Бярэзіну каля в. Якшыцы Бярэзінскага р-на, вывела больш за 1 тыс.мясц. жыхароў у Клічаўскі і Бярэзінскі лясы. За час аперацыі карнікі загубілі 2025 сав. грамадзян, спалілі некалькі вёсак, сярод якіх пасля вайны не аднавіліся вёскі Бортнае і Макаўе Асіповіцкага р-на, вывезлі на прымусовыя работы ў Германію больш за 1 тыс.чал., захапілі 2,4 тыс. галоў жывёлы, 60 т збожжа і інш.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 608.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬ (Gaulle) Шарль дэ (22.11.1890, г. Ліль, Францыя — 9.11.1970),
французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1940). Скончыў ваен. вучылішча ў Сен-Сіры (1912) і Вышэйшую ваен. школу ў Парыжы (1924). Удзельнік 1-йсусв. вайны. У 1919—21 ваен. саветнік у Польшчы. Выкладаў ваен. гісторыю ў Сен-Сіры (з 1921), служыў у штабе маршала А.Ф.Петэна (з 1925). У 1932 — 36 ген. сакратар Нац. савета абароны. У ваен.-тэарэт. працах «За прафесійную армію» (1934), «Францыя і яе армія» (1938) падкрэсліваў неабходнасць узмацнення абараназдольнасці краіны, хутчэйшай механізацыі франц. арміі, стварэння аператыўна самаст.танк. падраздзяленняў. У пач. 2-йсусв. вайны камандзір танк. Падраздзяленняў 5-йфранц. арміі, потым 4-й бранятанк. дывізіі, нам.ваен. міністра. Перад капітуляцыяй Францыі эмігрыраваў у Лондан. Заснавальнік руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»). З 1943 у Алжыры, сустаршыня (1943) і старшыня (1943—44) Французскага камітэта нацыянальнага вызвалення. У 1944—46 кіраўнік урада (да ліст. 1945 Часовага) Франц. Рэспублікі, у ліст. 1945 — студз. 1946 таксама яе часовы прэзідэнт (да ўстанаўлення парламенцкай Чацвёртай рэспублікі 1946—58). Стваральнік і старшыня (1947—53) паліт. руху «Аб’яднанне франц. народа». Ва ўмовах паліт. крызісу 1958 выбраны прэм’ер-міністрам. У 1958—69 прэзідэнт Францыі. Ініцыіраваў устанаўленне прэзідэнцкай Пятай рэспублікі, спыненне калан. вайны ў Алжыры і наданне яму незалежнасці (1962), заключэнне германа-французскага дагавора 1963, выхад Францыі з ваен. арг-цыі НАТО (1966) і інш. Пайшоў у адстаўку пасля прайгранага рэферэндуму 27.4.1969 аб новым адм.-тэр. падзеле краіны і рэарганізацыі Сената.
Тв.:
Рус.пер. — Военные мемуары. Т. 1—2. М., 1957—60.
Літ.:
Арзаканян М.Ц. Шарль де Голль // Вопр. истории. 1991. № 2—3;