«ФРАНЦ»

(«Franz»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад «За Радзіму» імя А.​Флегантава, 1-й Асіповіцкай, 1-й Мінскай і мясц. насельніцтва ў Асіповіцкім і Бярэзінскім р-нах Магілёўскай, Пухавіцкім і Чэрвеньскім р-нах Мінскай абл. у студз. 1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі вышэйшага нач. СС і ням. паліцыі групы армій «Цэнтр», ахоўных і франтавых часцей вермахта. Карнікі наступалі з Пухавіч, Чэрвеня, Беразіна, Асіповіч. Некалькі дзён партызаны стрымлівалі іх націск. Брыгады, акрамя 1-й Мінскай, разам з мясц. насельніцтвам былі блакіраваны ў Градзянскім лесе, адкуль 8 студз. партыз. група прарыву прарвала блакаду, нанесла праціўніку цяжкія страты, фарсіравала Бярэзіну каля в. Якшыцы Бярэзінскага р-на, вывела больш за 1 тыс. мясц. жыхароў у Клічаўскі і Бярэзінскі лясы. За час аперацыі карнікі загубілі 2025 сав. грамадзян, спалілі некалькі вёсак, сярод якіх пасля вайны не аднавіліся вёскі Бортнае і Макаўе Асіповіцкага р-на, вывезлі на прымусовыя работы ў Германію больш за 1 тыс. чал., захапілі 2,4 тыс. галоў жывёлы, 60 т збожжа і інш.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 608.

В.​С.​Лазебнікаў, У.​С.​Пасэ.

т. 16, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)