ІНСТЫТУ́Т МАЛЕКУЛЯ́РНАЙ І А́ТАМНАЙ ФІ́ЗІКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1992 у Мінску на базе шэрагу падраздзяленняў Ін-та фізікі імя Б.​І.​Сцяпанава. У ін-це 9 лабараторый, 1 аддзел і 1 група (1998); аспірантура; савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: малекулярная спектраскапія, фізіка плазмы і плазменныя тэхналогіі, метады і апаратура атамна-малекулярнага аналізу і дыягностыкі. Асн. вынікі навук. даследаванняў: выяўлены і вывучаны шэраг якасна новых генерацыйных з’яў, звязаных з праяўленнем у лазерах розных тыпаў анізатрапіі, на аснове чаго развіты і рэалізаваны высокаэфектыўныя ўнутрырэзанатарныя метады кіравання параметрамі генерыраванага выпрамянення; прапанаваны прынцыпы і развіты метады палярызацыйнай лазернай спектраскапіі, якія знайшлі выкарыстанне для вымярэння спектраскапічных канстантаў рэчыва, вызначэння структуры спектральных ліній і вывучэння анізатропных уласцівасцей асяроддзяў. Вывучаны: дынаміка вярчальнага руху электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул у газавай фазе; фізіка ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль з плазмай; фізіка плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на розныя матэрыялы; шматфункцыянальныя структурна-арганізаваныя сістэмы на аснове тэтрапірольных злучэнняў і паказана перспектыўнасць іх фіз.-хім. і біял. дастасаванняў. Ін-т выдае міжнар. час. «Журнал прикладной спектроскопии» (з 1964). У ін-це працавалі акад. АН Беларусі Г.​П.​Гурыновіч, М.А.Ельяшэвіч; працуюць акад. Нац. АН Беларусі М.А.Барысевіч, В.С.Буракоў, А.П.Вайтовіч, чл.-кар. К.М.Салаўёў, В.А.Таўкачоў.

І.​У.​Філатаў.

т. 7, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ХРОМАДЫНА́МІКА,

квантавая калібровачная тэорыя ўзаемадзеяння кваркаў і глюонаў шляхам абмену паміж імі глюонамі; частка стандартнай мадэлі, якая ўключае эл.-магн., слабое і моцнае ўзаемадзеянне («адказвае» за моцнае ўзаемадзеянне паміж кваркамі ў адронах і паміж адронамі). Пры гэтым кваркі маюць 3 колеры, а глюоны — 8.

Узнікла ў пач. 1970-х г. на аснове ўяўленняў аб колеры кваркаў, партоннай мадэлі няпругкіх узаемадзеянняў (гл. Партоны) і апарата неабелевых калібровачных палёў. У адрозненне ад фатонаў глюоны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, адкуль вынікае, што эфектыўная канстанта сувязі на малых адлегласцях імкнецца да нуля (асімптатычная свабода), а на вял. адлегласцях узрастае (магчымасць канфайнменту — запірання кваркаў і глюонаў унутры адронаў і іх адсутнасці ў свабодным стане). Кваркі і выпрамененыя імі глюоны па-за межамі вобласці канфайнменту пераўтвараюцца ў струмені адронаў, што з’яўляецца эксперым. доказам існавання глюонаў. К.х. апісвае шырокі клас працэсаў узаемадзеяння з удзелам адронаў і ядраў пры высокіх і нізкіх энергіях, якія вядуць да такіх з’яў, як, напр., множныя працэсы нараджэння часціц, кварк-глюонная плазма, вял. лакальныя флуктуацыі множнасці.

Літ.:

Бабичев Л.Ф., Кувшинов В.И., Федоров Ф.И. Квантовая хромодинамика в матричном формализме уравнений первого порядка // Докл. АН СССР. 1981. Т. 259, №1;

Индурайн Ф. Квантовая хромодинамика: Пер. с англ. М., 1986.

В.​І.​Куўшынаў.

т. 8, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТАД МАСТА́ЦКІ,

гістарычна абумоўлены спосаб адлюстравання рэчаіснасці ў мастацтве; тып маст. мыслення, сукупнасць прынцыпаў адбору, ідэйна-эстэт. ацэнкі і абагульнення жыццёвых з’яў з пазіцый грамадскіх ідэалаў. Суадносіцца з маст. светапоглядам, кірункам і стылем, з’яўляецца адносна іх больш шырокім сінтэзуючым паняццем. Тэрмін «М.м.» ўзнік у сав. літ. крытыцы 1920 — пач. 1930-х г., але само паняцце пад інш. назвамі распрацоўвалася даўно [тэорыя мімезісу ў ант. паэтыцы, тры адзінствы ў класіцызме, палярызацыя ідэалу і рэальнасці ў рамантызме, маст. тыпізацыя ў рэалізме, прынцып non finite (незакончанасць) у мадэрнізме]. Гісторыі маст. культуры вядомы нарматыўныя і свабодныя М.м.: першыя арыентуюць творчасць на традыц. каноны, узоры, адзінства стылю пры разнастайнасці жанраў (ант. рэалізм, сярэдневяковае царк. мастацтва, класіцызм); другія дапускаюць разнастайнасць стыляў і светапоглядных арыентацый (рэнесансавы і крытычны рэалізм, рамантызм, мадэрнізм). У гіст. развіцці маст. культуры Беларусі выявіліся М.м. і кірункі, вядомыя агульнаеўрап. мастацтву: кананічныя жанры л-ры, жывапісу, архітэктуры сярэдневякоўя, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм у л-ры, класіцызм і барока ў архітэктуры і тэатры, рамантызм і крытычны рэалізм у нац.-адраджэнскай л-ры 19 — пач. 20 ст. У рамках нац. адраджэнскага руху ўзнік спецыфічна беларускі М.м. — адраджанізм (гл. Адраджэнне нацыянальнае), пазней маладнякізм (гл. «Маладняк») і аквітызм (гл. «Узвышша») як нац.-маст. альтэрнатыва сацыяліст. рэалізму.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),

старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬ ((Mill) Джон Сцюарт) (20.5.1806, Лондан — 8.5.1873),

англійскі філосаф, логік, эканаміст, грамадскі дзеяч ліберальна-дэмакр. кірунку. Яго філас., эканам. погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй Дж.​Берклі, Д.​Юма, А.​Конта, Д.​Рыкарда, І.​Бентама. У «Аглядзе філасофіі сэра Вільяма Гамільтона...» (1865) М. з пазіцый фенаменалістычнага пазітывізму рабіў спробу пераадолець «метафізічныя» крайнасці матэрыялізму і ідэалізму шляхам абвяшчэння вопыту чалавека крыніцай ведаў, а іх прадметам — пачуцці. Матэрыя ў М. атаясамлівалася са сталай магчымасцю перажывання пачуццяў; сцвярджалася існаванне рэчаў у працэсе іх успрымання суб’ектам пазнавальнай дзейнасці і даступнасць пазнанню выключна «з’яў», межы якіх яно не ў стане пераадолець. Навук. ўклад М. — індуктывісцкая трактоўка логікі як агульнай метадалогіі навук і распрацоўка метадаў індуктыўнага даследавання прычыннай сувязі. Этычныя погляды М. абапіраліся на утылізатарысцкую этыку Бентама і служылі яе развіццём у кірунку прызнання грамадскай каштоўнасці бескарыслівых імкненняў асобы, неабходнасці ўлічваць разнастайныя інтарэсы, што стрымліваюць эгаізм («Утылітарызм», 1863). У паліт. эканоміі выступаў супраць класічнай эканам. тэорыі А.​Сміта, абгрунтоўваў канцэпцыю вытв. затрат, абараняў тэорыю народанасельніцтва Мальтуса («Падставы палітычнай эканоміі...», т. 1—2, 1848).

Тв.:

Рус. пер. — Обзор философии сэра Вильяма Гамильтона и главных философских вопросов... СПб., 1869;

Основания политической экономии. СПб., 1909;

Система логики силлогистической и индуктивной. 2 изд. М., 1914.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПСІХАЛО́ГІЯ (ад пара... + псіхалогія),

галіна псіхал. даследаванняў, якая вывучае формы пачуццёвасці, што забяспечваюць спосабы прыёму інфармацыі і якую нельга растлумачыць дзейнасцю вядомых органаў пачуццяў, таксама адпаведныя формы ўздзеяння адной жывой істоты на другую, на фіз. аб’екты, інш. нестандартныя здольнасці арганізма. Разам з паняццем «П.» ажываюць таксама паняцці «псіхатроніка», «біяінфармацыя», «біяінтраскапія» і інш. Вылучаюць тыпы форм пачуццёвасці: тэлепатыя — мысленныя зносіны паміж тымі, хто перадае і хто прымае (індуктар і рэцыпіент); яснабачанне — атрыманне ведаў пра аб’ектыўныя падзеі знешняга свету, не заснаванае на рабоце вядомых органаў пачуццяў і меркаваннях розуму; прадбачанне (праскапія) — прыватны выпадак яснабачання, які адносіцца да прадказання будучых падзей; лазашукальніцтва (біяфіз. эфект) — пошук з дапамогай індыкатара (сагнуты металічны дрот, лаза і інш.) падземных вод, руды, пустаты і інш.; парадыягностыка — пастаноўка заснаванага на яснабачанні мед. дыягназу без кантакту з хворым. Гэтыя формы пачуццёвасці часта аб’ядноўваюцца паняццем экстрасенсорнага ўспрымання. Яснабачанне, тэлепатыю і прадказанне адносяць да псі-феномена, а мысленнае ўздзеянне на аб’ект на адлегласці (псіхакінез, тэлекінез) — да псі-капафеномена.

Даследаванні феномена П. вядуцца з канца 19 ст., калі ў Лондане засн. «Таварыства для вывучэння псіхічных з’яў». Яно садзейнічала пазнанню псіхал. заканамернасцей гіпнозу, ідэаматорных актаў, субсенсорнага ўспрымання, фенаменальнай памяці, вылічальных здольнасцей. Многія з існуючых т-ваў і лабараторый аб’ядноўвае Міжнар. парапсіхалагічная асацыяцыя (Нью-Йорк).

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.

Літ.:

Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;

Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Алексеев П.В., Панин А.В. Философия. М., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТА́РЫЙ (ад новалац. planetarium),

апарат для мадэліравання і дэманстрацыі выгляду зорнага неба, узаемнага размяшчэння планет і руху іх вакол Сонца, руху штучных нябесных цел, паказу розных астр. з’яў. Першы мех. П. пабудаваны ў 1712 у Англіі, з 1920-х г. пашыраны аптычныя П. Аснова П. — праекцыйны апарат.

П. устанаўліваюць у цэнтры круглага памяшкання з паўсферычным купалам-экранам (дыяметр самых вял. купалаў 25 м і болей). Відарысы зорак праецыруюцца 2 праектарамі ў выглядзе шароў (адзін для праецыравання Паўн. паўшар’я неба, другі — Паўднёвага). Відарысы інш. нябесных цел, асн. лініі нябеснай сферы, назвы ствараюцца дапаможнымі праектарамі і спец. прыладамі, размешчанымі паміж шарамі. Найб. сучасныя П. вырабляюцца ў Германіі, Японіі, ЗША. П. таксама наз. культ.-асв. ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі з адпаведнымі дэманстрацыямі.

На Беларусі П. дзейнічаюць у Мінску ў парку імя Горкага (для ўсеагульнага карыстання) і пед. ун-це імя М.​Танка (для навуч. мэт).

А.​А.​Шымбалёў.

Схема планетарыя: 1 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі зорнага неба; 2 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі назваў сузор’яў; 3 — праектары Млечнага Шляху; 4 — праекцыйныя механізмы Сонца, Месяца і планет; 5 — праектар зоркі Сірыус; 6 — прылада для дэманстравання сонечных і месяцавых зацьменняў; 7 — праектар нябеснага мерыдыяна; 8 — праектары нябеснага экватара і экліптыкі.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАФІЗІ́ЧНАЯ ПРАБЛЕ́МА,

у шырокім сэнсе — пытанне пра суадносіны псіхічных і фізічных з’яў; у вузкім — пра суадносіны псіхічных і фізіялагічных (нервовых) працэсаў. Думка пра залежнасць псіхікі (душэўных выяўленняў) ад прыроды і цела з’явілася ўжо ў стараж.-грэч. натурфіласофіі. Навук. распрацоўка П.п. пачалася ў філасофіі 17 ст., калі ўсталявалася механіст. карціна свету і псіхічныя з’явы разглядаліся як неаддзельныя ад цела і падпарадкаваныя законам сусвету. Узніклі 2 процілеглыя варыянты вырашэння П.п.: псіхафізічнае ўзаемадзеянне (Р.​Дэкарт) і псіхафізічны паралелізм (Г.​Лейбніц). Паводле Дэкарта, свядомасць з’яўляецца субстанцыяй, якая адрозніваецца ад цела, але, з аднаго боку, залежыць ад яго (пры афектах, адчуваннях і інш.), з другога — уздзейнічае на цела (напр., пры валявым намаганні). Прыхільнікі псіхафіз. паралелізму сцвярджалі, што псіхічныя і фіз. працэсы працякаюць паралельна, без узаемадзеяння (Н.​Мальбранш, Д.​Гартлі). Ідэя псіхафіз. паралелізму набыла папулярнасць у 19 ст. Але вучэнне Ч.​Дарвіна патрабавала разумець псіхіку як актыўны рэгулятар жыццёвых працэсаў. Узніклі новыя канцэпцыі П.п.; атаясамліванне псіхічнага і фізічнага і іх адрозненне толькі па функцыях, «комплексных адчуваннях» (У.​Джэмс, Э.​Мах); сцвярджэнне невырашальнасці П.п. навук. сродкамі (гл. Неапазітывізм). На стыку псіхалогіі і нейрафізіялогіі вылучылася псіхафізіялогія, якая вывучае розныя формы залежнасці псіхічных актаў ад іх фіз. субстрату і ролю гэтых актаў у арг-цыі і рэгуляцыі жыццядзейнасці.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЗНАВА́ННЕ ВО́БРАЗАЎ,

раздзелы кібернетыкі і інфарматыкі. Вывучае і распрацоўвае спосабы, метады і сістэмы (у т. л. на аснове ЭВМ) ідэнтыфікацыі аб’ектаў (з’яў, працэсаў, жывых істот, сітуацый і інш.) або іх класіфікацыі. Працэс Р.в. заснаваны на супастаўленні прыкмет (уласцівасцей) аб’ектаў, што даследуюцца, з прыкметамі (уласцівасцямі) вядомых аб’ектаў (эталонаў, шаблонаў).

Пры рашэнні задач Р.в. выбіраецца правіла (вырашальная функцыя) на аснове істотных сукупнасцей прыкмет (літар, фігур, контураў і інш.), што складаюць вобраз аб’екта, вырашаецца клас, да якога дадзены аб’ект адносіцца. Напр., пры распазнаванні відарысаў прыкметамі могуць быць яркасці элементарных участкаў, на якія раскладзены відарыс. Работы ў галіне Р.в. складаюць аснову для распрацоўкі інфарм. тэхналогій у эканоміцы, прам-сці, ваен. справе, фізіцы, геахіміі, метэаралогіі, біялогіі і медыцыне, тэхніцы і інш.

На Беларусі работы па Р.в. вядуцца з 1960-х г. у Ін-тах тэхн. кібернетыкі, фізікі, матэматыкі, прыкладной фізікі, прыкладной оптыкі, навук.-тэхн. цэнтры «Экамір» Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ту Дж.Т., Гонсалес Р. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978;

Васильев В.И. Распознающие системы: Справ. 2 изд. Киев, 1983;

Тимохин В.И. Применение ЭВМ для решения задач распознавания образов. Л., 1983;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)