МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д «СТРОММАШЫ́НА» Пабудаваны ў 1913 у Магілёве як чыгуна-медналіцейны з-д, з 1922 металаапр.з-д «Адраджэнне», у 1940 з далучэннем аўтарамонтнага з-да — авіяцыйны з-д. Ў Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Куйбышаў (цяпер Самара), цэхі ў асн. разбураны. Адноўлены ў 1946 з сучаснай назвай. У 1964—75 вырабляў пасажырскія ліфты. Прадукцыя (1999): тэхнал. лініі па вырабе керамічнай цэглы, керамзітавага жвіру, азбестацэментавых шыферу і труб, жалезабетонных шпал для магістральных чыгунак, мяккай дахоўкі (руберойд, шклопалатно); абсталяванне для вытв-сці пясчана-цэментавых вырабаў, рамы лесапільныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРУКО́ВІЧ (Яўген Ігнатавіч) (н. 22.8. 1946, в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі металаў. Д-ртэхн.н. (1992), праф. (1994). Засл. вынаходнік Беларусі (1992). Скончыў БПІ (1969). З 1971 у Ін-це тэхналогіі металаў Нац.АН Беларусі (з 1998 дырэктар). Навук. працы па тэорыі ліцейных працэсаў. Устанавіў заканамернасці комплекснага ўплыву розных фактараў на структуру і якасць літых вырабаў, атрыманых ва ўмовах накіраванага зацвердзявання. Распрацаваў прамысл. тэхналогію бесперапыннага ліцця. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Состояние и проблемы процесса непрерывного литья // Литейное производство. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНСКГРАМАДЗЯНПРАЕ́КТ».
Засн. ў 1969 у Мінску на базе майстэрні праектнага ін-та «Белдзяржпраект» як ін-т комплекснага праектавання грамадзянскага буд-ва «Мінскграмадзянпраект». З 1995 адкрытае акц.т-ва «Інстытут «Мінскграмадзянпраект». Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка праектаў мікрараёнаў і жылых кварталаў; комплекснае праектаванне аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння; дызайн-канцэпцыі; інтэр’еры; аказанне інж.-кансалтынгавых паслуг; кансультацыі па стварэнні і ўкараненні сістэм якасці на базе міжнар. стандартаў серыі ISO—9000; натурныя ўзоры маст.вырабаў; інфарм. дзейнасць і інш.
А.М.Быкоўскі.
Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры. Рэканструкцыя.«Мінск — горад-герой».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ КАФЛЯ́НА-ГАНЧА́РНЫЯ ЗАВО́ДЫ.
Дзейнічалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Мелі газавыя і паравыя рухавікі, лакамабіль, паравыя катлы. На з-дзе купца Авербаха (дзейнічаў у 1897—1914) у 1898 працавала 47 чал., выпушчана тэракотавых вырабаў на 2,8 тыс.руб., ганчарных на 25 тыс.руб., кафлі на 22,5 тыс.руб. На з-дзе купца Поляка (дзейнічаў з 1883 як з-д кафлянай пліткі) у 1895 працавала 67 чал., выпушчана кафлі, тэракотавых аздабленняў і вогнетрывалай цэглы на 25,1 тыс.руб.Гл. таксама Мінскі фарфоравы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й НАРО́ДНАГА МАСТА́ЦТВАў Маскве.
Адкрыты ў 1885 як Гандл.прамысл. музей саматужных вырабаў. Пасля шэрагу рэарганізацый з 1947 сучасная назва. У аснове збору — экспанаты саматужнага аддзела Гандл.-прамысл. выстаўкі 1882 у Маскве, прадметы маст. промыслаў канца 19 — пач. 20 ст. (традыц. сялянская разьба і размалёўка па дрэве, метале, камені, косці, жывапіс па пап’е-машэ, нар. адзенне, вышыўка, карункі, набойка, кераміка і інш., асобныя віды гар. і прамысл. мастацтва), калекцыі сучасных маст. промыслаў. З 1910-х г. ажыццяўляе работу па захаванні, развіцці і адраджэнні рас.маст. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМЕ́ЛА,
археалагічная культура эпохі энеаліту (3000—2500 да н.э.) у Цэнтр. Партугаліі. Назва ад аднайменнага найб. даследаванага могільніка (каля Лісабона). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на неўмацаваных паселішчах. З медзі вырабляла пляскатыя сякеры, а таксама тыповыя для П. наканечнікі стрэл з доўгім дзяржаннем і амаль круглым пяром. Керамічны посуд вырабляўся ў мясц. неалітычных традыцыях, сярод каменных вырабаў сустракаюцца амулеты — плоскавыпуклыя і цыліндрычныя чалавечыя фігуркі і паўмесяцы. Нябожчыкаў хавалі ў грабніцах, у бобападобных камерах, куды можна было трапіць праз доўгі калідор ці праз адтуліну ў даху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́СНЕВЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя грыбы, што ўтвараюць характэрныя налёты (плесні) на паверхні арган. субстратаў (харч. прадукты, папера, скура, тэкстыль і інш.). Належаць да розных сістэм. груп: ааміцэты, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, сумчатыя грыбы і інш. Каля 250 відаў. Пашыраны ў глебе, раскладаюць арган. рэшткі і прымаюць удзел у іх мінералізацыі. Выклікаюць хваробы раслін, псаванне прадуктаў, разбурэнне прамысл.вырабаў і матэрыялаў.
Для П.г. характэрны паветраны міцэлій, які добра развіваецца на паверхні і ўнутры субстрату. Споры ўтвараюцца на гіфах. Выкарыстоўваюць П.г. для атрымання ферментаў, арган.к-т, антыбіётыкаў, вітамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВА́Ж (франц. réservage ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) від паглыбленай гравюры на метале спосабам траўлення; разнавіднасць афорта. Узнік у 2-й пал. 19 ст. Малюнак пяром або пэндзлем, нанесены мастаком спец. чарнілам непасрэдна на паверхню металу, пакрываюць кіслотатрывалым грунтам і апускаюць друкарскую форму ў ваду. Пры набрынянні чарніла прыўзнімае часткі грунту, якія лёгка здымаюцца і агаляюць метал для траўлення.
2) Спосаб двухколернай афарбоўкі керамічных вырабаў з выкарыстаннем натуральнага тону самой керамікі: часткі вырабу, не прызначаныя для афарбоўкі, пакрываюць слоем тлушчу ці алею, які выгарае пры абпальванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РНАВАЯ МОЛЬ, зерневая моль(Nemapogon granellus), матылёк сям. сапраўдных молей. Шкоднік зерня, сухафруктаў, кандытарскіх вырабаў і інш. Пашырана паўсюдна; у прыродзе сустракаецца ў гнілой драўніне і дрэвавых грыбах.
Крылы размаху 9—14 мм, пярэднія — серабрыста-шэрыя з цёмнымі плямамі, заднія — вузкія, шэрыя ці бураватыя. Матылькі 1-га пакалення паяўляюцца вясной, адкладваюць яйцы на зерне. Вусень даўж. да 10 мм, жаўтавата-белы, з карычневай ці бурай галавой. Кормяцца зернем, склейваюць яго павуцінай, утвараюць камякі. Зімуюць вусені ў коканах (у шчылінах падлогі і сцен).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́КАЎ (Павел Іванавіч) (н. 16.8.1940, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і камп’ютэрнай графікі. Канд.тэхн.н. (1967), праф. (1996). Скончыў БПІ (1962). З 1966 у Віцебскім тэхнал. ун-це (у 1973—81 прарэктар, з 1978 заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні алгарытмаў і праграмна-матэм. забеспячэння для апрацоўкі інфармацыі аб прасторавых і плоскіх аб’ектах і праектавання колеравых вырашэнняў адна і шматслойных вырабаў ткацкай вытв-сці (дэсінатарскія комплексы). Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Машинная графика. Автокад. Витебск, 1998;
Сборник заданий по машинной графике. Витебск, 2000.