катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.І.Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМАЛІ́СТЫ, эсэры-максімалісты,
палітычная плынь у рас. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) у 1904—12 і 1917—20. Узніклі ў 1904, арганізацыйна аформіліся ў «Саюз сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў» у кастр. 1906 Кіраўнікі Ф.Я.Святлоў, М.І.Сакалоў, М.І.Рыўкін і інш. У 1905—07—2—2,5 тыс., у 1917 каля 3 тыс.чл. Друкаваныя органы — газеты «Вольный дискуссионный листок», «Трудовая республика» і інш. Выступалі за неадкладны сац. пераварот, ажыццяўленне эсэраўскай праграмы-максімум (адсюль назва): сацыялізацыю зямель, фабрык, заводаў. Асн. тактыка — індывід. тэрор і экспрапрыяцыі. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічалі арг-цыі М. у Віцебску, Гомелі, Гродне, Пінску, Слоніме. У 1912 М. часова спынілі дзейнасць, аднавілі яе пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Блакіраваліся з левымі эсэрамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у працы 2—7-га з’ездаў Саветаў і ВЦВК, але выступалі супраць дыктатуры пралетарыяту і Брэсцкага міру 1918. Частка іх удзельнічала ў антыбальшавіцкіх мяцяжах. У 1919 «Саюз» М. раскалоўся: большасць арг-цый выступіла за супрацоўніцтва з бальшавікамі, частка, у т. л. Аршанская арг-цыя, засталася на антыбальшавіцкіх пазіцыях. У маі 1920 арг-цыя М. самаліквідавалася, частка яе членаў уступіла ў РКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАМО́ЛЬНА-КРУПЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
спецыялізаваная галіна прам-сці па перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Адна са старэйшых галін харчовай прамысловасці Беларусі.
Да пач. 20 ст. ў Беларусі пераважалі дробныя прадпрыемствы (вадзяныя млыны і ветракі) з 1—2 рабочымі. Большасць сялян вырабляла муку і крупы ў хатніх умовах з дапамогай жорнаў, ступы і інш. Першы вял. на той час вадзяны шасціпастаўны млын пабудаваны ў 1826 у фальварку Забалоцце Аршанскага пав. (працавала 18 чал., збожжа прывозілі пераважна водным шляхам па Дняпры з Украіны). У 1860 у Беларусі дзейнічалі 1834 мукамольныя прадпрыемствы (вадзяныя, ветраныя, конныя і паравыя млыны), на якіх працавала 2730 рабочых, выраблялася 2956 тыс. пудоў мукі. У 1920—30-я г. прадпрыемствы М.-к.п. рэканструяваны, пабудаваны механізаваныя млыны, у т. л. млынкамбінаты у Гомелі, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слуцку. У 1940 выраблена мукі 873,1 тыс., круп 50,8 тыс.т. У пасляваенны час М.-к.п. развівалася на новай тэхн. аснове, што дало магчымасць пастаўляць яе ў інш. рэспублікі.
У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 1934 прадпрыемствы і вытворчасці М.-к.п. У 1997 выпрацавана мукі 1372,5 тыс., круп 97,3 тыс.т. Вял. млынкамбінаты працуюць у Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Полацку, Калінкавічах, Рэчыцы, Асіповічах, Баранавічах, Лідзе, Пінску, Клімавічах, Слуцку, Брэсце і інш.
П.І.Рогач.
Да арт.Мукамольна-крупяная прамысловасць. Гомельскі млынкамбінат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (НСДПГ; Unabhängige Sozialdemokratische Partei Deutschlands; USPD),
адна з уплывовых паліт. партый левага і левацэнтрысцкага кірунку ў Германіі ў 1917—20. Утварылася 6.4.1917 на базе левага крыла, што адкалолася ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Лідэры — Г.Гаазе, В.Дзітман, Э.Барт, К.Каўцкі і інш. Патрабавала неадкладнага аграмаджання некаторых галін прам-сці, банкаў і буйнога землеўладання, з 1919 і «чыстай» сістэмы саветаў. У партыю да канца снеж. 1918 уваходзіла рэв. група «Спартак» (гл.«Спартака саюз»). У час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 партыя працавала ў рабочых і салдацкіх саветах; Гаазе, Дзітман і Барт 9.11—29.12.1918 уваходзілі ў рэв. ўрад — Савет нар. упаўнаважаных; у 1918—19 урад Баварыі ўзначальваў чл. НСДПГ К.Эйснер (забіты манархістамі). Напачатку НСДПГ выступала супраць выбараў у Нац. сход, але ўдзельнічала ў іх (1919) і выбарах у рэйхстаг (1920). Найб. колькасць членаў — больш за 900 тыс.чал. (1920). Пасля з’езда ў г. Гале (кастр. 1920) партыя раскалолася па пытанні аб яе ўступленні ў Камуніст. Інтэрнацыянал — левая большасць партыі перайшла ў Камуніст. партыю Германіі, меншая ч. ў 1922 далучылася да СДПГ. Невял. яе група на чале з Г.Ледэбурам захоўвала назву НСДПГГ: да 1933.
Літ.:
Ненароков А.П., Павлов Д.Б. Лидеры РСДРП о Чрезвычайном съезде НСДП: Октябрь 1920 г. // Ист. архив. 1999. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РАБКІ, парубцы,
1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. была кутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходны сац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.
3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАБУДО́ВАў СССР у 1985—91,
тэрмін, які ўвайшоў у шырокі ўжытак з сярэдзіны 1980-х г. і абазначаў курс на рэфармаванне сац.-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Пачата па ініцыятыве Ген. сакратара ЦККПСС М.С.Гарбачова і яго бліжэйшых паплечнікаў. Асн. зместам П. абвяшчалася ўмацаванне сацыяліст. ладу праз дэмакратызацыю грамадскага жыцця («дэмакратычны сацыялізм») і радыкальную эканам. рэформу, якія знайшлі адлюстраванне ў матэрыялах студз. і чэрв. (1987) пленумаў ЦККПСС, XIX Усесаюзнай парт. канферэнцыі (чэрв. 1988), XXVII і XXVIII з’ездаў КПСС. У выніку П. разам з пэўнымі зрухамі ў дэмакратызацыі грамадства адбылося абвастрэнне крызісу ў многіх сферах жыцця, узніклі міжнац. канфлікты ў шэрагу рэгіёнаў, КПСС і кіраўніцтва СССР паступова страчвалі кантроль за падзеямі ў саюзных рэспубліках, у т. л. ў Расіі. Да канца 1989 ў асн. распалася сістэма краін сацыяліст. садружнасці, 6.11.1991 распушчана КПСС, да канца 1991 СССР спыніў існаванне. Былыя саюзныя рэспублікі сталі суверэннымі дзяржавамі, у т. л.БССР — Рэспублікай Беларусь; большасць з іх увайшлі ў Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Гл. таксама Камуністычная партыя Савецкага Саюза і Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.
Літ.:
Гарбачоў М.С. Перабудова і новае мысленне для нашай краіны і для ўсяго свету Пер. з рус.Мн., 1988;
Хоскинг Дж. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995. С. 466—510.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАГРУПО́ЎКІ МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ,
хімічныя рэакцыі, у выніку якіх змяняецца ўзаемнае размяшчэнне атамаў у малекуле, пазіцыя і кратнасць кратных сувязей. Большасць П.м. прыводзіць да змянення саставу рэчыва і суправаджаецца вылучэннем ці далучэннем малекул вады, галагенавадародаў і інш. П.м., якія адбываюцца без змены саставу рэчыва, наз.ізамерызацыяй.
Асн. тыпы П.м.: міжмалекулярныя, пры якіх група атамаў або атам, што мігрыруе, поўнасцю аддзяляецца ад адной малекулы і далучаецца да аднаго з атамаў такой жа інш. малекулы; унутрымалекулярныя, пры якіх група (атам) мігрыруе ад аднаго да другога атама ў межах адной малекулы рэчыва. П.м. наз. па рэчывах, што ўдзельнічаюць у іх, або па імю вучонага, які адкрыў рэакцыю, напр., пінакалінавая перагрупоўка — унутрымалекулярнае ператварэнне 1,2-дыолаў (пінаконаў), пераважна трацічных, у кетоны (пінакаліны) пад уздзеяннем кіслот (напр., сернай), якая суправаджаецца міграцыяй аднаго з замяшчальнікаў да суседняга атама вугляроду; перагрупоўка Бекмана — ізамерызацыя аксімаў у аміды кіслот пад уздзеяннем кіслотных агентаў (серная к-та, олеум), адкрыта ням. хімікам Э.О.Бекманам (1886). Многія П.м. выкарыстоўваюць у прамысл. працэсах, напр., перагрупоўку Бекмана — у вытв-сці капрону, бензідзінавую перагрупоўку — для атрымання азафарбавальнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,
удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.В.Ханыкаў, Дз.Дз.Ахшарумаў, М.А.Мамбелі, М.С.Кашкін і інш.Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.
Літ.:
Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНІ́НА,
адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш. Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькі млн.км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАКРЫ́ЛЫЯ (Chiroptera),
атрад млекакормячых, якія прыстасаваліся да працяглага палёту. 2 падатр.: крыланы (Megachiroptera) і лятучыя мышы, або кажаны. Вядомы з эацэну (каля 65 млн.г. назад). Крыланы пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я; каля 200 відаў. Лятучыя мышы пашыраны паўсюдна, акрамя Арктыкі і Антарктыды; больш за 800 відаў. Насяляюць розныя ландшафты, жывуць у пячорах, расколінах скал, дуплах, пабудовах і інш.Большасць відаў утвараюць калоніі (часам да некалькіх млн. асобін). Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Некат. трапічныя віды — носьбіты вірусаў шаленства і інш. небяспечных хвароб. На Беларусі 17 відаў з родаў вячэрніцы, начніцы, вушаны, кажаны, нетапыры і шыракавушкі. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 4 падвіды; у Чырв. кнізе Беларусі — 7 відаў.
Даўж. крыланаў да 42 см, размах крылаў да 1,65 м; даўж. кажаноў да 14 см. Пярэднія канечнасці ператвораны ў скурыстыя крылы, якія, як і ўсё цела, укрыты кароткім аксаміцістым валасяным покрывам. У палёце і пры паляванні арыентуюцца гал. чынам з дапамогай ультрагуку. З органаў пачуццяў найб. развітыя слых і дотык. Крыланы кормяцца пераважна пладамі, лятучыя мышы — насякомаедныя, некат. — рыбаедныя, ёсць крывасмокі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят 1 раз у год. Гл. таксама Вушан, Кажанок.