КТО́РАЎ Анатоль Пятровіч (24.4.1898, Масква — 30.9.1980),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). Працаваў у Маскве (з 1917) у т-ры імя В.​Ф.​Камісаржэўскай, з 1920 у т-ры Корша, з 1933 у МХАТ. Мастацтву К. былі ўласцівы завершанасць пластычнага малюнка ролі, абаяльнасць, элегантнасць, тонкі гумар. Майстар вострахарактарных роляў. Сярод лепшых работ у МХАТ: Сэм Уэлер («Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса), Джозеф («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), Како («Плады асветы» Л.​Талстога), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.​Кілці), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Суслаў, Мікалай Скарабагатаў («Дачнікі», «Ворагі» М.​Горкага). Здымаўся ў кіно: «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Свята святога Іаргена» (1930), «Беспасажніца» (1937), «Вайна і мір» (1966—67), «Пасол Савецкага Саюза» (1970) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУАНЫШПА́ЕЎ Калібек (25.4.1893, Сарытау Каркалінскага р-на Карагандзінскай вобл., Казахстан — 7.6.1968),

казахскі акцёр; адзін з заснавальнікаў праф. каз. т-ра. Нар. арт. СССР (1959). Творчую дзейнасць пачаў як нар. комік-расказчык. З 1925 у Каз. т-ры драмы імя М.​Аўэзава (Алма-Ата), адзін з яго заснавальнікаў. У сцэнічнай творчасці развіваў нар. традыцыі, ствараў вобразы, адметныя нац. каларытам: Абай («Абай» Аўэзава і Л.​Собалева), Кунанбай («Абай» паводле Аўэзава; Дзярж. прэмія СССР 1952), Балуан («Ахан-Серэ і Актокты» Г.​Мусрэпава) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Баптыста («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра) і інш. Аўтар (сумесна з Ш.​Хусаінавым) п’есы «Шаншарлар» («Вастрасловы», паст. 1948). З 1937 здымаўся ў кіно.

Літ.:

Олидор О. Калибек Куанышпаев. М., 1950.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІС (Osis) Яніс Аўгуставіч (5.7.1895, Рыга — 3.11.1973),

латышскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). Вучыўся ў Петраградскім ун-це. З 1916 удзельнічаў у спектаклях лат. петраградскага Новага т-ра, драм. калектыву латыш. стралковага палка. У 1919—71 у Рабочым т-ры Сав. Латвіі ў Рызе (цяпер Латв. т-р драмы імя А.​Упіта). Творчасці ўласцівы глыбокае раскрыццё псіхалогіі персанажаў, сац. тыпізацыя: Левій, Мінтаўт («Іосіф і яго браты», «Індуліс і Арыя» Я.​Райніса), Гароза («Сын рыбака» В.​Лаціса), Ванаг («Зямля зялёная» А.​Упіта), Цэпліс («Цэпліс» П.​Розіціса), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага). Здымаўся ў кіно: «Вяртанне з перамогай» (1948), «Райніс» (1949), «Да новага берага» (1955), «Сын рыбака» (1957). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВІЧ Сяргей Астапавіч (12.4.1931, г. Капыль Мінскай вобл. —6.10.1981),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1962). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). У 1955—57 акцёр Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. У 1960—73 і 1977—81 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1973—77 нам. міністра культуры Беларусі. Даследаваў дзейнасць Е.​Міровіча, тэатр. спадчыну Я.​Коласа, развіццё тэатр. маст. самадзейнасці Беларусі. Адзін з. аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—2, 1983—85).

Тв.:

Народныя тэатры Беларусі. Мн., 1966;

Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Капыль. Мн., 1974 (разам з Б.​К.​Багдановіч);

Якуб Колас і беларускі тэатр. Мн., 1975;

Еўсцігней Міровіч. 2 выд. Мн., 1978;

Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.). Мн., 1983.

А.​А.​Лабовіч.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАКО́Ў Мікалай Хрысанфавіч (19.5.1811, г. Курск, Расія — 27.11.1876),

рускі акцёр. На сцэне з 1826. У 1833—41 у трупах Харкава, потым у т-рах пераважна Пд Расіі. Адзін з рэфарматараў правінцыяльнай сцэны. З 1872 у Маскве. Шмат выступаў у меладрамах, імкнуўся ўнесці ў іх праўду і дух бунтарства: Бідэрман, Ніна («Смерць і гонар», «Угаліна» М.​Палявога), Кін («Кін, або Шалапуцтва і геній» А.​Дзюма-бацькі) і інш. Прапагандыст рус. класічнага рэпертуару і драматургіі А.​Астроўскага. Сярод роляў: Чацкі, Скалазуб («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Брускоў, Кураслепаў, Нешчасліўцаў («З чужога шалу галава круціцца», «Гарачае сэрца», «Лес» Астроўскага), Прастакоў, Скацінін («Недаростак» Дз.​Фанвізіна), Земляніка («Рэвізор» М.​Гогаля), Вырын, Млынар («Станцыйны даглядчык», «Русалка» А.​Пушкіна) і інш.

Літ.:

Клинчин А. Н.​Х.​Рыбаков. М., 1972.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫША́Р (Richard) П’ер [сапр. Дэфей

(Defays) П’ер Рышар Марыс Шарль Леапольд; н. 16.8.1934, г. Валансьен, Францыя], французскі акцёр, рэжысёр. Выступаў у кабарэ, мюзік-холах. У кіно з 1968. Стварыў вобраз добрага, невязучага, дзівакаватага героя ў фільмах «Высокі бландзін у чорным чаравіку» (1972),

«Вяртанне высокага бландзіна» (1974), «Забаўка» (1977), «Укол парасонам» (1980), «Бацькі» (1984), «Уцекачы» (1986), «Налева ад ліфта» (1988), «Стары шэльма» (1992) і інш. Паставіў камедыі, у якіх іграў гал. ролі: «Рассеяны» (1970), «Я нічога не ведаю, але ўсё раскажу» (1973), «Я сарамлівы, але я лячуся» (1978), «Гэта не я, гэта ён» (1979) і інш. Зняўся ў Грузіі ў фільмах «Тысяча і адзін рэцэпт закаханага кулінара» (1996), «Лета, або 27 згубленых пацалункаў» (2000). У 2001 гастраліраваў на Беларусі.

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РАЎ (сапр. Маркін) Аляксей Максімавіч

(19.8.1904, в. Кірылава Беднадзям’янаўскага р-на Пензенскай вобл., Расія —29.11.1977),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1929). Працаваў акцёрам і рэжысёрам тэатраў Уладзівастока, Масквы, Спаска, Хабараўска, у БДТ-2. У 1947—77 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных і камедыйных роляў. Лепшым работам уласцівы вастрыня пластычнага малюнка, дакладнасць сац. і псіхал. характарыстык, жыццёвая верагоднасць: Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), доктар Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Муратаў («Зыкавы» М.​Горкага), Жавакін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна), Скамарох («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.​Карастылёва), доктар Эмет («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДЗЮКО́Ў Васіль Васілевіч (н. 1.1.1939, г. Эліста, Калмыкія),

бел. артыст аперэты (тэнар). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага ў Маскве (1970). З 1970 у Бел. муз. т-ры. Характарны акцёр, ролі ў яго выкананні набываюць яскравы каларыт, эмацыянальную напоўненасць. Сярод партый нац. рэпертуару: Пранцысь («Паўлінка» Ю.​Семянякі), Цярэшка Калабок, Юрась, Скамарох («Судны час», «Несцерка» Р.​Суруса). Інш. ролі: Рауль, Стэфан, Зупан, Пеніжэк, Чэка, Боні, Напалеон («Фіялка Манмартра», «Марыца», «Сільва», «Баядэра» І.​Кальмана), Зупан, Карнера («Цыганскі барон» І.​Штрауса), Іанель («Цыганскае каханне» Ф.​Легара), Гангстэр («Цалуй мяне, Кэт» К.​Портэра), Дыега, Рамон («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Андрэйка («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Буба, Арыф («Каўказская пляменніца» Р.​Гаджыева), Елпідыфор («Халопка» М.​Стрэльнікава).

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІ́ПАЎ Пётр Паўлавіч (н. 18.1.1920, в. Патаронаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арг. Беларусі (1967). Скончыў акцёрскую студыю пры т-ры імя А.​Пушкіна ў Данбасе (1940). З 1946 працаваў у т-рах СССР. З 1961 у Гродзенскім, у 1968—75 у Гомельскім абл. драм. т-рах. Створаныя ім вобразы вызначаюцца пераканальнасцю, абаяльнасцю і тэмпераментам: у Гродзенскім т-ры — Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Ляскавец («Першы ўрок» К.​Губарэвіча), Чаркун («Варвары» М.​Горкага), Дзяржавін («Сябры і гады» Л.​Зорына); у Гомельскім т-ры — Каравай («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Скарапад («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Чабутыкін («Тры сястры» А.​Чэхава), акадэмік Карэеў («Залатая карэта» Л.​Лявонава) і інш.

Н.​І.​Альпяровіч.

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТА́ЎТЭ (Staudte) Вольфганг Георг (9.10.1906, г. Саарбрукен, Германія — 19.1.1984),

нямецкі кінарэжысёр. З 1926 акцёр т-ра «Фольксбюнэ» ў Берліне. Працаваў у трупах М.​Райнгарта і Э.​Піскатара. З 1931 здымаўся ў кіно, ставіў рэкламныя фільмы. Адзін са стваральнікаў кінастудыі «ДЭФА» (1946). З 1966 праф. кінашколы ў Зах. Берліне. Яго лепшыя фільмы антыфаш. накіраванасці: «Забойцы сярод нас» (1946, у сав. пракаце «Яны не схаваюцца»), «Ратацыя» (1949, у сав. пракаце «Карычневая павуціна»), «Вернападданы» (1951, паводле Г.​Мана), «Ружы для пана пракурора» (1959, за абодва прэміі Міжнар. кінафестываляў у Карлавых Варах), «Кірмаш» (1960), «Мужчынская кампанія» (1964) і інш. У іх спалучэнне жорсткай рэаліст. манеры і элементаў экспрэсіянісцкай стылізацыі, якая падкрэслівае неўладкаванасць чалавечых лёсаў, спустошанасць і разгубленасць людзей, якія перажылі вайну.

т. 17, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)