АВА́ЛЬ (франц. aval),
вэксальнае паручыцельства, зробленае трэцяй асобай (авалістам) у выглядзе спец. гарантыйнага запісу на вонкавым баку вэксаля ці прымацаваным да яго дадатковым лісце (алонжы) або ў выглядзе асобнага дакумента. Можа выдавацца на ўсю суму вэксаля ці яе частку. Учыніўшы аваль, аваліст бярэ на сябе абавязацельства за любую з адказных па вэксалі асоб — вэксалядаўца, акцэптанта, індасанта.
т. 1, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́РЧАНКА (Мікалай Іванавіч) (18.12.1922, в. Майсеенкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 4.7.1960),
Герой Сав. Саюза (1946). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 3-м і 4-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір гарматы ст. сяржант Аверчанка вызначыўся пры фарсіраванні рэк Одэр і Шпрэе ў баях за Берлін 14—27.4.1945.
т. 1, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫКО́Н (ад грэч. orthos прамы + eikōn выява),
перадавальная тэлевізійная трубка з назапашваннем зараду і счытваннем відарыса павольнымі (каэфіцыент другаснай эмісіі < 1) электронамі. Распрацаваны амер. інжынерамі А.Розам і Х.Ямсам (1939). Прыкладна ў 20 разоў больш адчувальны за іканаскоп; характарыстыка «святло—сігнал» лінейная ва ўсім дыяпазоне ўстойлівай работы. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійных перадавальных камерах. Гл. таксама Суперартыкон.
т. 1, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́ТНА,
возера ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнец, за 38 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,23 км², даўж. 1,32 км, найб. шыр. 0,25 км, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,75 км². Схілы катлавіны выш. да 25 м, на Пд — да 10 м. Злучана ручаём з воз. Вял. Таболы.
т. 2, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МНАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (АССР),
у б. СССР нацыянальная дзяржаўная адзінка, якая ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі і ажыццяўляла дзярж. ўладу па-за межамі кампетэнцыі саюзнай рэспублікі на аўт. пачатках (гл. Аўтаномія). У 1990 было 20 АССР, з іх 16 у РСФСР. Пасля распаду СССР аўтаномныя рэспублікі захаваліся ў некаторых краінах СНД (у Азербайджане, Грузіі).
т. 2, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЫ́ЛА Сцёпка, бел. пісьменнік пач. 20 ст. У 1915 у газ. «Наша ніва» апублікаваў апавяданні «Пятрусь» і «Стражнік» (апошняе выд. асобна, Вільня, 1915), у якіх паказаў характэрныя з’явы бел. вясковага побыту. Апавяданні напісаны жывой нар. моваю, персанажы выразна акрэслены (браты Амільян і Міхалка з-за маёмасных адносін становяцца ворагамі).
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.
т. 3, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Утвораны ў 1965. Да 1968 называўся суперфасфатны завод. У 1970 уведзены магутнасці па выпуску складаназмяшаных мін. угнаенняў; у 1974 — пушчаны цэхі 2-й чаргі з-да (грануляванага амафосу, фосфарнай кіслаты і фторыстых солей); у 1978 — цэх тэхн. сульфатанатрыю; у 1980 — новы цэх сернай кіслаты. У 1986 асвоена азотна-кіслародная ўстаноўка. Выпускае больш за 20 відаў прадукцыі.
т. 5, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬ,
бальнеакліматычны курорт у Гомельскай вобл. За 20—26 км ад гарадоў Рэчыца, Светлагорск і Жлобін, у сутоках рэк Бярэзіна і Дняпро. Плошча курортнай зоны каля 25 км², амаль ⅔ яе пад лесам. Асн. лек. фактары — хларыдна-натрыевыя мінер. воды (расолы) з высокім утрыманнем брому і ёду, спрыяльны, умерана-кантынентальны клімат. Лечаць хваробы нерв. сістэмы і інш.
т. 5, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ВІС (ад лац. gravis цяжкі),
1) тон складоў у стараж.-грэч. мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу. Супрацьпастаўляецца акуту.
2) Від націску ў швед. мове, пры якім склад, што ідзе за складам з асноўным націскам, мае слабы пабочны націск; рух тону пры гэтым характарызуецца як сыходна-ўзыходны.
3) Дыякрытычны знак (`), які абазначае ў франц. мове ступень адкрытасці галосных: pére.
т. 5, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФІТЫЗА́ЦЫЯ,
працэс утварэння графіту ў некаторых метал. сплавах (пераважна на аснове жалеза), якія маюць вуглярод у выглядзе няўстойлівых карбідаў. Адбываецца пры павышанай т-ры (напр., пры адпале), пад уплывам якой у метал. аснове сплаву фарміруюцца і растуць часцінкі графіту. Графітызацыя павышае зносаўстойлівасць сплаваў за кошт высокіх змазачных уласцівасцей графіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вырабаў з коўкага чыгуну.
т. 5, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)