Ка́чка ’вадаплаўная птушка сямейства качыных з шырокай пляскатай дзюбай і кароткімі шырока расстаўленымі лапкамі’ (ТСБМ, БРС, Касп., Нас. і інш.). У бел. мове гэта слова зафіксавана ў помніках як запазычанне з польск. kaczka на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 144). Як адзначае Слаўскі (2, 14), у польск. мове, як ва ўсіх зах.-слав. мовах (акрамя н.-луж.), не засведчана наогул старая назва качкі *ǫtу. Зах.-слав. *kačьka выводзіцца некаторымі даследчыкамі ад імя *Katerina (Бернекер, 1, 465; Брукнер, 212; Фасмер, 2, 214; Кюнэ, Poln., 61 і інш.). Паводле Слаўскага, там жа, 15, хутчэй трэба думаць аб гукапераймальным паходжанні слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́занка ’бульба (рэзаная, насенная)’ (Мат. Гом.; маст., Сл. ПЗБ, ТС), рэ́зынка ’тс’ (Яўс.), рэ́занка, рэ́занчык ’адзін кавалачак пакрышанай бульбы’ (Вешт.), рэ́занка ’рэзь у жываце’ (Нар. словатв., Нас.), ’хустка без махроў’ (ПСл), ’хустка (паўшарсцяная)’ (Мат. Гом.), різанка, рызанка ’невялікая галаўная хустка’ (Сакал.), рэза́нка, рэза́нчык ’адрэзаны кавалак сала’ (ТС), сюды ж рэзанік ’звараная неабіраная перарэзаная бульбіна’ (Нар. словатв.), рэзанікі ’тс’ (ТС, Шатал.), рэзакі́, рэзанкі́, рэзуны́, рэзу́нкі (Вешт. яшчэ назва палавінкі), рэзаны́ ’тс’ (ТС), рэзьнікі ’тс’ (ваўк., Сл. ПЗБ); рэзанкі ’бульбяны суп’ (ЛА, 4, ПСл), рэзкі ’тс’ (ЖНС), рэзанка, рэзкі́ ’тс’ (ТС). Параўн. славац. rezance ’локшыны’, серб. і харв. реза́нцы ’тс’. Ад рэзаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́згіны ’прыстасаванне насіць сена, салому, зробленае з вяровачнай сеткі, нацягнутай на сагнутыя пруткі, дужкі’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), рэ́дзгіні (З нар. сл., Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ), рэ́звіны (Нас., Юрч., Ян.), рэ́згіні (Сцяшк. МГ), рэ́зьвіны (Бяльк., Нар. сл., Сл. ПЗБ, Янк. Мат.), рэ́зкі (Шатал.), рэ́зьгіны (Касп., Шат., Янк. Мат.), рэ́зіні, рэ́зьбіны, ре́звілі, рэ́звы, рэцькавіны, рэ́ськіны, рэ́цкліны, рэ́цкі (ДАБМ, камет. 826), рэ́згінь (Маш.), разгі́ны (Сл. ПЗБ), рэзгіны ’воз з шырокімі драбінамі для перавозкі сена, саломы’ (Сл. ПЗБ), ’вязанка’ (Яруш. 45). Сюды ж рэ́згіна ’ануча’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). З літ. rêzginės ’тс’ ад rèzgti ’плесці’ (Фасмер, 3, 461; Лаўчутэ, Балтизмы, 22).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саката́ць ’сакатаць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шн., Янк. 3.. Інстр. 2, 3, Зн., дыс.), сокоті́ты ’раўнамерна, хораша пастукваць (пра новы воз)’ (Нар. лекс.). Рус. сокота́ць ’балбатаць (як сарока), гагатаць’, ’кудахтаць’. Звязваюць з слав. *sokъ ’ісцец, выведнік, лазутчык’, рус. са́кать ’перагаворвацца’, балг. са́кам ’патрабую, хачу’ і далей з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’ (Мікуцкі, 70, 365), лат. sacît, saku ’тс’, лац. in‑seque ’абвясці’, ст.-в.-ням. sagên ’гаварыць’, грэч. ένισπου ’скажы’ (Траўтман, 255; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 51; гл. таксама Фасмер, 3, 708, там жа і іншая літ.). Сюды ж со́кот — дэвербатыў ад сакатаць і сакату́ха ’курыца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сачэ́нь ’выраб з кіслага або прэснага цеста ў выглядзе тоўстага бліна без начыння’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Малч., Шн. 3, Нар. сл.), сачэ́нь, сашэ́нь ’тс’ (Сл. ПЗБ), паўн.-усх. сачэ́нь, цацэ́нь, чачэ́нь (Цыхун, Бел.-рус. ізал., 90), сачэ́нь ’буханка хлеба, абкачаная ў муку’ (рас., Шатал.), ст.-бел. сачень ’праснак’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн.-усх., усх. со́чень ’від перапечкі на канапляным алеі’, пск. соче́нь ’перапечка’, смал. саче́нь, сачни́ ’бліны’. Ад сок 1 (гл.), гл. Міклашыч 313; Фасмер, 3, 730. Сумесная беларуска-руская інавацыя з цэнтрам на рускай тэрыторыі; гл. аб гэтым Цыхун, там жа, 90.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сва́шка 1 ‘свацця’ (Нас., ТС), ‘маладая свацця; малодшая свацця на вяселлі’ (Гарэц.), ‘удзельніца вясельнай дружыны з боку маладога’ (віл., З нар. сл.), ‘дружка (жаніха)’ (мін., Сл. ПЗБ; валож., Жыв. сл.), сва́шкі ‘маладыя дзяўчаты, якія ехалі за маладым’ (З нар. сл.). Укр. сва́шка ‘замужняя сястра жаніха’, польск. дыял. swaszka ‘сваха; малая дзяўчына, якая ўдзельнічае ў вяселлі як дружка’, н.-луж. swašk, swaška ‘пасаджоная маці, старэйшая сваячка жаніха і нявесты’, балг. сва́шка ‘сястра нявесткі’. Памяншальнае да сваха, гл. (БЕР, 6, 536; Шустар-Шэўц, 1483–1484).
Сва́шка 2 ‘назва грыба’ (ПСл). Няясна; магчыма да папярэдняга (“беленькая пудо дном, а зверху красная”, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Све́тлы ‘які ярка свеціць’, ‘добра асветлены’, ‘не цёмнага колеру’, ‘чысты, празрысты (аб вадкасці)’ (ТСБМ, Нас.). Укр. сві́тлий, рус. све́тлый, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтьлъ, польск. światły, в.-луж., н.-луж. swětły, чэш. světlý, славац. svetlý, серб.-харв. сви̏јетао, свијѐтла, свијѐтло, славен. svétel, балг. све́тъл, макед. светол. Прасл. *světьlъ, дэрыват ад *světъ (гл.) з суф. ‑ьlъ (Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 595). Інакш Сной₁ (622), які разглядае слова як дзеепрыметнік на ‑l‑ ад прасл. дзеясл. *svěsti, svísti ‘свяціць’, якія потым былі выцеснены новым дзеясловам *světiti (гл. свяціць), што, мабыць, залішне. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1387; БЕР, 6, 543–544; Борысь, 621; Мартынаў, Лекс. взаим., 169.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сенажа́ць ‘травастой; месца, дзе расце трава на сена; луг’, ‘пара касьбы сена’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), санажа́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сено́жаць ‘месца сенакосу, луг’ (ТС), ст.-бел. сеножать ‘тс’ (Скарына). Укр. сіножа́ть ‘луг’, палес. синожа́ть ‘час касьбы’, ‘луг’, рус. старое сеножа́ть ‘луг’, стараж.-рус. (1150 г.) сѣножать ‘тс’, польск. sianożeć ‘тс’, харв. Senožet (тапонім), славен. senožȇt ‘тс’, ст.-слав. сеножѧть ‘лугавіна’ (ESJSt, 13, 805). Прасл. *senožętь ‘касьба сена; сенакос; луг, прызначаны для касьбы’. Паводле Слаўскага (SP, 2, 47), архаічнае складанае слова ад *seno ‘сена’ і žęti ‘жаць’. Гл. таксама Сной₁, 562.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Склеп ‘паглыбленае ў зямлю памяшканне для захоўвання прадуктаў’, ‘падзямелле для дамавін з нябожчыкам’ (ТСБМ, Нас., Шат., Арх. Федар., Касп., Нік. Очерки, Др.-Падб., Бяльк., Байк. і Некр.; ашм., Стан.; Гарэц., Янк., Сцяшк., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), ‘скляпенне над подам печы’ (Шушк., Мат. Гом.), ‘труна’ (Мат.), ‘труна з шасці дошак’ (ТС), склеп, склёп ‘труна з накрыўкай-дашкам’ (стол., петрык., ЛА, 3), склёп ‘падзямелле’ (Растарг.). Запазычанне з польск. sklep (Карскі, Белорусы, 146; Кюнэ, Poln., 96), таксама як і рус. склеп, гл. Фасмер, 3, 641. Ст.-бел. склепъ < ст.-польск. sklep запазычана ў канцы XV ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 98). Параўн. скляпенне (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Славу́ты ‘агульнавядомы; праслаўлены’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж ст.-бел. словутичъ ‘слаўны, славуты (пры звароце да каго-небудзь’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. славу́тний ‘тс’, рус. дыял. слову́тный ‘славуты, шанаваны, багаты’, преслову́тый ‘праслаўлены’, стараж.-рус. словутьнъ, ст.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, польск. sławętny, sławetny (набліжана да sława — Брукнер, 499), каш. słavutny, słavuty, чэш., славац. slovutný. Дэрываты ад *slovǫtъ, першаснага незалежнага дзеепрыметніка цяп. часу ад прасл. *slovǫ, *sluti, гл. слыць (Фасмер, 3, 673; Махэк₂, 557). Паўночнаславянская інавацыя *slovǫtъ, *slovǫtьnъ. Славэ́тны ‘знаны, праслаўлены’ (Ласт.) запазычана з польскай. Гл. яшчэ Басай-Сяткоўскі, Słownik, 320–321 (адмаўляецца чэшскае паходжанне слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)