АДЫ́ГІ,

агульная назва шматлікай у мінулым групы роднасных плямёнаў Паўн. Каўказа. У старажытнасці жылі на ПдЗ Паўн. Каўказа і Чарнаморскім узбярэжжы. У ант. і пазнейшых крыніцах вядомы пад зборнымі імёнамі меоты (прыкубанскія плямёны), зіхі, керкеты (прычарнаморскія). У 5—10 ст. існаваў саюз Адыгеі на чале з зіхамі. З часоў манг. нашэсця (13 ст.) за Адыгеяй замацавалася назва чэркесы. У 13—14 ст. частка Адыгеі прасунулася на У у бас. р. Церак і змяшалася з рэшткамі аланаў. На гэтай аснове ўтварылася кабардзінская народнасць. З сучасных народаў Каўказа да Адыгеі адносяцца таксама адыгейцы і чэркесы.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЙРТАН ((Ireton) Генры) (1611, Атэнбара, графства Нотынгемшыр, Англія — 28.11.1651),

дзеяч англійскай рэвалюцыі 17 ст., ідэолаг памяркоўных індэпендэнтаў. Генерал парламенцкай арміі, паплечнік О.Кромвеля. З пач. грамадз. вайны ў 1642 выступіў на баку парламента супраць раялістаў, стаў адным з арганізатараў новай арміі. У 1645 выбраны ў Доўгі парламент. На канферэнцыі ў Патні (1647) гал. апанент левелераў, выступаў за захаванне караля і палаты лордаў, супраць ідэі «народакіравання». У 1648 дзеля захавання ўлады індэпендэнтамі стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суда над Карлам I, падпісаў яму смяротны прыгавор. У 1649 удзельнічаў у Ірландскім паходзе, лорд-правіцель Ірландыі (з 1650).

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С у тэрмадынаміцы,

працэс пераходу сістэмы з аднаго стану ў другі, які магчыма ажыццявіць у адваротным напрамку з паўтарэннем усіх яго прамежкавых станаў. Складаецца з паслядоўнасці станаў раўнавагі, якія вельмі мала розняцца паміж сабою, таму яго наз. квазістатычным, квазіраўнаважным. Крытэрыем абарачальнасці з’яўляюцца паводзіны энтрапіі: яна застаецца пастаяннай у абарачальным працэсе, які працякае ў ізаляванай сістэме значна павольней, чым устанаўліваецца тэрмадынамічная раўнавага ў дадзенай сістэме. Сістэма пры абарачальным працэсе выконвае найб. магчымую работу. Абарачальны працэс ляжыць у аснове тэорыі цеплавых рухавікоў (гл. Карно цыкл). Усе рэальныя працэсы з-за трэння, дыфузіі, выпрамянення і інш. неабарачальныя.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў ДО́МУ САПЕ́ГАЎ»

(«Archiwum domu Sapiehów»),

зборнік дакументаў з радавога архіва Сапегаў у Красічыне (каля Перамышля) за 1575—1606. Выдадзены ў 1892 у Львове. Змешчана 625 лістоў (на польск. мове), з іх 279 належалі канцлеру ВКЛ Л.​Сапегу. Уключаны таксама эпісталярныя помнікі з нясвіжскага архіва Радзівілаў, бібліятэк Варшавы, Кракава, Пецярбурга. Лісты прысвечаны дзярж.-паліт., адм., гасп. і сямейна-бытавым справам. Ёсць звесткі пра адносіны ВКЛ з Маск. дзяржавай, крымскімі татарамі, запарожскімі казакамі, Польшчай, Англіяй, рымскімі папамі, пра Брэсцкую унію 1596, правасл. брацтвы, палемічнае кнігадрукаванне, паўстанне С.​Налівайкі 1595—96 і інш.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕН БЕ́ЛА (Ахмед) (н. 25.12.1916, Магнія, каля г. Тлемсен, Алжыр),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Алжыра. У час 2-й сусв. вайны афіцэр франц. арміі. З 1949 адзін з кіраўнікоў Алжырскай нацыяналіст. партыі. З 1952 чл. Фронту нац. вызвалення Алжыра. У 1956 арыштаваны франц. ўладамі і да 1962 знаходзіўся ў зняволенні. Завочна быў абраны ў кіруючыя органы алж. вызв. руху. У 1962—65 прэм’ер-міністр, у 1963—65 прэзідэнт краіны. Пасля ваен. перавароту ў 1965—80 пад дамашнім арыштам. З 1981 у эміграцыі. У 1990 вярнуўся ў Алжыр і ўзначаліў партыю «Рух за дэмакратыю».

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́САМ ((Grissom) Вірджыл) (3.4.1926, г. Мітчэл, штат Індыяна, ЗША — 27.1.1967),

касманаўт ЗША. Скончыў ун-т у г. Лафеет (штат Індыяна, 1950), Тэхнал. ін-т ВПС (1955), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1956). З 1959 у групе касманаўтаў НАСА. 21.7.1961 здзейсніў субарбітальны палёт на касм. караблі «Меркурый», 23.3.1965 з Дж.Янгам — палёт на касм. караблі «Джэміні-3» (як камандзір), у час якога ўпершыню касм. карабель пераведзены з адной арбіты на другую. Загінуў з Э.Уайтам і Р.​Чафі пры наземных выпрабаваннях першага касм. карабля «Апалон». У космасе правёў 5,14 гадз. 2 залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі». Імем Грысама названы кратэр на Месяцы.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЗО́НАЎ ЗАЛІ́Ў (Hudson Bay),

заліў Паўн. Ледавітага ак., глыбока ўрэзаны з Пн у тэр. Канады. На У Гудзонавым пралівам злучаецца з Атлантычным ак., на Пн — сістэмай канадскіх праліваў з Паўн. Ледавітым ак. Пл. 848 тыс. км². Глыб. да 258 м. На Пд утварае зал. Джэймс. Мае цыкланальны кругаварот цячэнняў. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C, летам (у жн.) ад 3 °C на Пн да 9 °C на Пд. З кастр. да ліп. ўкрыты льдамі. Прылівы паўсутачныя (да 7,9 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, камбала); промысел цюленяў. Гал. парты — Чэрчыл, Порт-Нельсан. Адкрыты Г.Гудзонам.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́РАЎ (Анатоль Яфімавіч) (24.2.1922, г. Гомель — 15.6.1977),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1967), праф. (1968). Скончыў ВПШ гіры ЦК ВКП(б) (1946), Гомельскі пед. ін-т (1947). З 1946 сакратар Гомельскага абкома ЛКСМБ, з 1948 на пед. рабоце ў Аршанскім настаўніцкім, Мінскім пед., Бел. тэатр.-маст. ін-тах, з 1967 у БДУ, з 1972 заг. кафедры гісторыі КПСС Бел. політэхн. ін-та. Асн. працы па гісторыі ЛКСМБ. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970.

Тв.:

Камсамол Беларусі ў барацьбе за сацыялізм (1918—1941 гг.). Мн, 1957;

У баях народжаны: Кароткі нарыс гісторыі камсамола Беларусі. 2 выд. Мн., 1970.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛА́НДЫЯ, Шэлан (Sjaelland),

найбуйнейшы востраў у Балтыйскім м., тэр. Даніі. Пл. больш за 7 тыс. км². Нас. 2,2 млн. чал. (1993). Узгорыстая марэнная раўніна (выш. да 126 м, асобныя ўчасткі на ПдЗ ніжэй узр. м.), з вял. колькасцю азёр (найб. воз. Арэсё). Берагі вострава нізкія, расчлянёныя бухтамі і залівамі. Складзены з вапнякоў і глін, перакрытых ледавіковымі адкладамі. Участкі букавых і дубовых лясоў. Земляробства (кармавыя травы, пшаніца, бульба, цукр. буракі); жывёлагадоўля малочная. Чыг. паромы звязваюць З. з в-вам Фюн і са Швецыяй. На ўсх. узбярэжжы і в-ве Амагер — сталіца Даніі г. Капенгаген.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСКАГА Я.Ф. МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1964 на радзіме Я.Ф.Харскага ў в. Лаша Гродзенскага р-на пры сярэдняй школе. Больш за 1,1 тыс. экспанатаў (1998): дакументы і матэрыялы, звязаныя з жыццёвым і творчым шляхам вучонага. Сярод іх асабістыя рэчы, прадметы хатняга ўжытку, скульпт. партрэты, фотаздымкі, аўтографы. фотакопіі рукапісаў, карты, выданні яго навук. прац, а таксама кнігі з аўтографамі бел. пісьменнікаў і вучоных, мікрафільм аднаго з дакладаў Карскага, дасланы з Пражскай АН, успаміны родных і знаёмых (дачкі Н.​Я.​Баркоўскай-Карскай, унучкі Т.​С.​Карскай, рус. мовазнаўца акад. АН СССР В.​І.​Баркоўскага) і інш.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)