род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, асабліва ў Каліфорніі. На Беларусі культывуюць гадэцыю буйнакветную (Godetia grandiflora) і прывабную (Godetia amoena). Найб. пашыраны сарты: Вайсер Шван, Сібіл Шэрвуд, Метэор.
Аднагадовыя травяністыя апушаныя расліны з галінастым сцяблом выш. 20—40 см. Кветкі простыя або махровыя, лейкападобныя, дыям. 3—5 см, разнастайнай афарбоўкі. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. святлалюбныя і холадаўстойлівыя расліны (выкарыстоўваюцца для рабатак, бардзюраў, пасадак групамі на газонах). Цвітуць з ліп. да восені. Размнажаюцца насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУКО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І ПЯСКО́Ў,
у Мінскім р-не, за 34 км на ПнЗ ад Мінска, каляв. Гайдукоўка; адно з найб. на Беларусі. Разведана ў 1967, распрацоўваецца з 1984. Гліны стужачныя, азёрна-ледавіковыя, сярэднеплейстацэнавага ўзросту, запаўняюць катлавіну на паўн. схіле Мінскага ўзвышша. Разведаныя прамысл. запасы глін 34,8 млн.м³, перспектыўныя 50,1 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 1,5—25,5 м, пяскоў, што залягаюць вышэй і выкарыстоўваюцца як дадатак да глін, 0,6—16,4 м. Ускрыша 0,2—1,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і дрэнажных труб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́ТЫЯ (Galatia),
старажытная дзяржава ў цэнтр. частцы М. Азіі. Уключала землі, якія спачатку былі ў складзе Фрыгіі і Кападокіі. Вылучылася ў выніку ўварвання каля 277 да н.э. кельцкага племя галатаў (адсюль назва). У 183—167 да н.э. ў Пергамскім царстве. У 166—25 да н.э. пад рым. уплывам, але фармальна незалежная. У 25 да н.э. ператворана ў рым. правінцыю з цэнтрам у Анкіры (сучасны г. Анкара), уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым — Візантыі. У 11 ст. заваявана сельджукамі, у 14 туркамі-асманамі. Назва Галатыя ўжывалася да 7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ,
старажытнарускі горад на р. Луква (прыток Днястра) каляс. Крылас Івана-Франкоўскай вобл. Украіны, за 5 км на Пд ад сучаснага горада. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1140. З 1144 цэнтр Галіцкага, з 1199 Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 12 ст. дасягнуў найб. росквіту, меў княжацкія палацы, храмы, развітыя рамяство і гандаль, тут складзены Галіцка-Валынскі летапіс. Пасля зруйнавання ў 1241 татарамі прыйшоў у заняпад. Паводле археал. даследаванняў, узнік у 10 ст. У выніку раскопак выяўлены рэшткі Успенскага сабора 12 ст., наземных і паўзямлянкавых жытлаў і майстэрняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎСК,
тры стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каляв. Галоўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на паўд. ускраіне тарфяніку Крывіна. На 1-й стаянцы выяўлены 2 культ. гарызонты: у ніжнім — крамянёвыя і касцяныя вырабы, абломкі гладкасценных слабаарнаментаваных гаршкоў крывінскага варыянта нарвенскай культуры 2-й пал. 3-га тыс. да н.э.; у верхнім — рэшткі пабудоў з кары і жэрдак, прылады працы з рогу і косці, крамянёвыя вырабы паўночнабеларускай культуры 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. Знаходкі астатніх стаянак адпавядаюць знаходкам з культурных пластоў 1-й стаянкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НА (Garonne),
рака ў Францыі і Іспаніі. Даўж. 647 км, пл.бас. 56 тыс.км². Пачынаецца ў Пірэнеях, цячэ па Гаронскай нізіне. Асн. прытокі: Саў, Жэр, Баіз (з Пірэнеяў), Тарн, Ло, Дардонь (з Цэнтр. Французскага масіву). Упадае ў Біскайскі заліў, утварае (разам з р. Дардонь) эстуарый Жыронда. Вясенне-летняя паводка. Сярэдні расход вады каля 680 м³/с. Суднаходства на 190 км (частка воднай сістэмы, якая злучае Біскайскі заліў з Міжземным м.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Вадасховішча. ГЭС. На Гароне — гарады Тулуза, Ажэн, марскі порт Бардо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,
на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр.Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРЫ́Н,
гармон, які выпрацоўваюць клеткі слізістай абалонкі піларычнай часткі і дна страўніка. Знойдзены ў кішэчніку, а таксама гіпофізе шэрагу жывёл. Па хім. прыродзе — поліпептыд з 17 амінакіслотных астаткаў. Малекулярная маса каля 2200. Існуе ў дэсульфаванай (Г.I) і сульфаванай (Г.II) формах. Удзельнічае ў рэгуляцыі функцый стрававальных органаў, стымулюе сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку, павялічвае сакрэцыю страўнікавага і панкрэатычнага сокаў, жоўцевыдзяленне, змяняе тонус і рухальную актыўнасць страўніка і кішэчніка. Пры павелічэнні ўзроўню салянай к-ты ў страўніку (да pH 3) выдзяленне гастрыну тармозіцца. Атрыманы хім. сінтэзам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЗІ, Гуардзі (Guardi) Франчэска (хрышчаны 5.10.1712, г. Венецыя, Італія — 1.1.1793), італьянскі жывапісец, пейзажыст. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Знаходзячы натхненне ў простых матывах паўсядзённага жыцця горада, яго залітых сонейкам дворыках, каналах, шматлюдных набярэжных, Гвардзі стварыў новы тып пейзажу, адзначанага паэтычнасцю зрокавых уражанняў («Венецыянскі дворык», «Рыо дэі Мендыканці. Венецыя», «Архітэктурная фантазія» і інш.). Яго жывапісная манера вызначаецца віртуознасцю, мігатлівасцю колеравых плям, якія тонка імітуюць рух паветра і святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМІ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ,
велічыня, на якую павышаецца тэмпература ў зямной кары з павелічэннем глыбіні нетраў на кожныя 100 або 1 м. У сярэднім для глыбінь, на якіх магчымы непасрэдныя назіранні, геатэрмічны градыент роўны 3 °C на 100 м. Залежыць ад геал. будовы, цеплаправоднасці горных парод, цыркуляцыі падземных вод, блізкасці ачагоў вулканізму і інш. Пры праходцы Кольскай звышглыбокай свідравіны высветлена, што геатэрмічны градыент павялічваецца ад 1 °Cкаля паверхні да 2,5 °C на глыб. 5 км, а затым змяншаецца да 1,6 °C на глыб. 11 км.