КЕ́ЛЬЗЕН ((Kelsen) Ганс) (11.10.1881, Прага — 19.4.1973),
аўстрыйскі юрыст, адзін з заснавальнікаў нарматывізму ў праве. Праф. Венскага (1919—29), Кёльнскага (1930—33), Жэнеўскага (1933—40), Каліфарнійскага (з 1942) ун-таў. Лічыў, што юрыд. навука павінна быць поўнасцю незалежнай ад сац.-паліт. і эканам. абумоўленасці права; яе аб’ектам павінны быць права ў «чыстым» выглядзе, уласна прававая форма, нарматыўныя акты. Яго школу часам называюць «чыстай тэорыяй права».
т. 8, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МПФЕР ((Kaempfer) Энгельберт) (16.9.1651, г. Лемга, Германія — 2.11.1716),
нямецкі ўрач, натураліст, падарожнік па Азіі. Наведаў Паўд. Аравію, в-аў Цэйлон, Індыю, а-вы Суматра і Ява, Індакітай. У 1690 трапіў у Японію (адзін з першых еўрапейцаў) і пражыў там 2 гады. Сабраў звесткі пра гісторыю, прыроду, дзярж. лад краіны, калекцыі, зрабіў шматлікія замалёўкі. Яго твор «Гісторыя Японіі і Сіяма» доўгі час быў гал. крыніцай звестак пра Японію.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛЬ (галанд. kiel) судна, 1) асноўная падоўжная бэлька ў дыяметральнай плоскасці карабля (судна), якая служыць асн. мацаваннем і сувяззю днішчавага набору, забяспечвае яго агульную трываласць. Бывае брусковы (у выглядзе бруса або некалькіх стальных палос), верт., гарыз., тунэльны і інш. 2) Вертыкальная ч. апярэння самалёта, верталёта, дырыжабля, ракеты. Служыць для надання ўстойлівасці і кіроўнасці лятальнаму апарату. К. авіяц. ракеты для зручнасці транспартавання і падвескі можа быць складным.
т. 8, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СЛЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя сілікатныя горныя пароды з вял. колькасцю крэменязёму (64—78%). Лішак яго выдзяляецца ў выглядзе крышт. кварцу (граніт, дыярыт і інш.) або застаецца раствораным у аморфнай асн. масе — вулканічным шкле (абсідыян, смаляны камень і інш.). З К. г. п. звязаны радовішчы волава, вальфраму, золата, поліметалаў і інш. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачныя камяні. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.
т. 8, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАБАЎ (Іван Кузьміч) (1700 або 1701—1747),
рускі архітэктар. У 1718—27 як пенсіянер Пятра I вучыўся ў Бельгіі і Галандыі. У Пецярбургу перабудаваў у духу ранняга рус. барока будынак Адміралцейства, будаваў Партыкулярную верф на Фантанцы (пачата ў 1735, разабрана), магчыма, царкву Панцеляймона (1735—39). Удзельнічаў у складанні першага рус. арх. трактата-кодэкса. З 1741 працаваў у Маскве. Сярод яго вучняў С.І.Чавакінскі, А.П.Какорынаў, Дз.В.Ухтамскі і інш.
т. 8, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Peritricha),
падклас прасцейшых класа інфузорый. Жывуць у прэснай і марской вадзе. Найб. тыповыя прадстаўнікі — сувойкі, зоатамніі (Zootamnium).
Сядзячыя, прымацаваныя да субстрату формы. Большасць каланіяльныя (да некалькіх тысяч). Калоніі 2 тыпаў: са скарачальным і нескарачальным сцяблом. Асн. сцябло калоніі і яго першыя разгалінаванні агульныя для калоніі. Ротавы дыск акружаны радамі раснічак. Кормяцца бактэрыямі, некаторыя — паразіты рыб і земнаводных. Размнажэнне палавое (кан’югацыя) і бясполае (дзяленне).
Э.Р.Самусенка.
т. 8, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭАЦІ́Н,
β-метылгуанідзінавоцатная кіслата. Малекулярная маса 131,14. Раствараецца ў гарачай вадзе, маларастваральны ў спірце. У пазваночных утрымліваецца пераважна ў шкілетных мышцах (найчасцей у выглядзе крэацінфосфарнай кіслаты); невял. яго колькасць ёсць у гладкіх мышцах, нерв. клетках, нырках і печані. У арганізме сінтэзуецца з амінакіслот аргініну і гліцыну. Акумуляцыяй энергіі для мышачнага скарачэння служыць абарачальнае ферментатыўнае ўзаемадзеянне К. з адэназінтрыфосфарнай кіслатой з утварэннем крэацінфосфарнай кіслаты.
С.С.Ермакова.
т. 8, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДАНЁР (франц. cour d’honneur літар. ганаровы двор),
парадны паўраскрыты двор перад будынкам, утвораны асн. будынкам і яго 2 бакавымі крыламі (радзей каланадай). Пашыраны ў еўрап. палацавай архітэктуры 17—1-й пал. 19 ст. На Беларусі найб. вядомы ў палацавых і сядзібных комплексах 18—19 ст. (Ружанскі палацавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс і інш.). Прыём параднай прасторавай кампазіцыі сучаснай архітэктуры.
т. 9, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГУ́НА (італьян. laguna ад лац. lacus возера),
мелкаводная частка акіяна (мора), аддзеленая ад яго барам або касой і злучаная з ім вузкім адным ці некалькімі пралівамі. Ад слабай сувязі з морам або ад поўнага адасаблення Л. маюць большую ці меншую салёнасць і спецыфічныя лагунныя адклады. Трапляюцца на ўзбярэжжах Чорнага, Каспійскага і інш. мораў. Таксама Л. наз. ўчастак мора паміж каралавым рыфам і берагам або ў сярэдзіне атола.
т. 9, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РД,
установа, якая выдае пазыкі пад заклад рухомай маёмасці, рэчаў, што перадаюцца ёй на захоўванне. Вартасць рэчаў ацэньваецца па ўзгадненні бакоў. Уладальніку рэчы выдаецца імянны ламбардны білет (распіска). У выпадку невяртання пазыкі, нявыкупу маёмасці яго ўладальнікам яна перадаецца ва ўласнасць Л. і можа быць прададзена. Часам Л. з’яўляецца надзейным сховішчам маёмасці. Упершыню заснаваны ў 15 ст. ў Францыі ліхвярамі з італьян. правінцыі Ламбардыя (адсюль назва).
т. 9, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)